Пытанні нацыянальнай культуры, мовы і літаратуры, самога вызваленчага руху захаплялі Коласа не ў меншай меры, чым іншых пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. У яго ў адпаведнасці з эпічным талентам гэтыя пытанні рэдка ставіліся ў адкрытай публіцыстычнай форме: наперадзе была праўда жыцця, у глыбіні якога і жыло імкненне да нацыянальнай саматоеснасці. Вершы, апавяданні, казкі, паэмы, аповесці, раман Коласа пранізаны нацыянальнай праблематыкай і не могуць быць зразуметы і ацэнены належным чынам без яе ўліку. Пры гэтым пісьменнік заўсёды помніў пра рэальныя ўмовы ажыццяўлення нацыянальнай праграмы, маючы на ўвазе не толькі прыхільнікаў беларушчыны, але і яе непрыяцеляў. Менавіта гэтымі настроямі поўняцца многія яго творы. Вось пачатак казкі «Жывая вада» (1907):
«Даўно-даўно, не за нашу памяць было гэта.
Шчаслівы то быў куточак белага свету.
Вольна жылося людзям у той краіне. Ніхто іх не гнаў, ніхто іх не крыўдзіў, нікому яны не належалі».
У гэтых радках узнаўляецца рэальная гісторыя беларусаў таго перыяду, калі яны жылі асобна, у сваёй дзяржаве, а абавязковаю моваю для ўсіх была беларуская – ад селяніна да шляхціча, ад воіна да вялікага князя. Менавіта гэтыя гістарычныя ўспаміны, якія з часам пачалі гучаць як казка, надавалі сілу беларускаму руху, выклікаючы, адпаведна, варожасць чарнасоценцаў. Менавіта ворагі беларушчыны засыпалі «ўраджайны грунт» пяском забыцця, гарою хлусні загароджвалі шлях Жывой Вадзе нацыянальнага жыцця. Алегорыя была досыць празрыстая: «Нейкая цёмная сіла пазайздросціла шчасцю людзей». А гэта таксама гістарычная рэальнасць: «Многа працавалі людзі, многа пралівалі поту, а праца іх прападала».
З’явы, якія расцягнуліся на цэлыя стагоддзі, у казцы спрасоўваюцца ў адзін абагульнены вобраз-малюнак: і заняпад некалі шчаслівага кутка, і бясконцае змаганне з «цёмнай сілай», і вялікая колькасць ахвяр, і «жудасны крык» драпежных птушак, якія спявалі мясцовым людзям «вечны спакой». Нарэшце здарылася непазбежнае: «Людзі празвалі сваю старонку Мёртвым Полем». Так, у іншасказальнай форме аўтар выкладаў гісторыю народа. Аднак гісторыя гэта мела свой працяг у часе – працягвалася і казка: Жывая Вада, нацыянальны дух не згінулі ў нетрах зямлі, нарэшце выйшлі на паверхню, «і ажыло Мёртвае Поле».
Ідэйны сэнс коласаўскіх алегорый вельмі выразны. Перад намі знаёмыя рэаліі, персанажы казак, баек, за якімі традыцыя замацавала пэўныя пачуцці і ўяўленні. 3 кожнай казкай сказанае аўтарам удакладнялася, выяўляючы сваю рэвалюцыйна-дэмакратычную завостранасць. У гэтым сэнсе зразумелая сімволіка, напрыклад, казкі «У балоце». Балота – даўні вобраз Беларусі. Але гэта і вобраз усяго, што стрымлівае жывы рух думкі. Менавіта ў такім «балоце» і загразла непаваротлівая дзяржаўна-бюракратычная махіна самадзяржаўнай Расіі, «панская брычка». Народ, які сабраўся вакол, гатовы дапамагчы пану выбавіцца з палону гразі, але «пан» не звык лічыць халопаў за людзей і, замест таго, каб папрасіць парады, пачаў лаяцца. Народ моўчкі разыходзіцца з месца здарэння, а «брычка і паны ўсё глыбей у гразь лезуць». Так яно і было на самай справе: «вярхі» не жадалі ўлічыць новую сітуацыю ў свеце, пайшлі на яе абвастрэнне, а ў выніку гісторыя паляцела пад адхон, пачалася сусветная вайна, адна і другая рэвалюцыі, разгарэлася варажнеча, пралілася людская кроў.
У казцы «Адзінокае дрэва» (1912) свой іншасказальны змест, які выходзіць за межы сацыяльна-палітычных перыпетый часу. Даецца адказ: што рабіць чалавеку, якому здрадзілі сябры, як таму дрэву, што церпіць ад буяна-Ветру і ад крыўдлівага Ручайка: «Трэба пусціць глыбей карані ў зямлю». Інакш кажучы, дрэва беларускай ідэі павінна мацаваць сваю каранёвую сістэму, паглыбляцца ў гісторыю. А ў казцы «На чужым грунце» (1913) ставяцца пытанні ўзаемаадносін народаў-суседзяў, асобных нацыянальных культур. Выразныя паралелі ўзнікаюць са знаёмства з Калівам Жыта, якое ўзрасло «між чужынцаў», а гэта «мяцёлка», «званец», «усялякая трава-драбяза». Сіратлівае Каліва кепска адчувала сябе ў такім суседстве: яго зневажалі, абражалі, усяляк падкрэслівалі сваю перавагу. Аднак надышоў момант, калі спатрэбілася дапамога Каліва: пачалася спёка, і трэба было, каб на засуху паскардзіўся сонцу самы няшчасны. Каліва маўчала: «Цяжкая доля, знявага аднялі ў яго дар слова». Гістарычная немата народа, з аднаго боку, не дае магчымасці сцвердзіцца Каліву Жыта, а з другога – стварае пустату, «чорную дзірку» ў прасторы, якую няма чым запоўніць. «Кажуць жа, – заўважае Колас у казцы «Камень» (1913), – моцны, як камень, і маўклівы, як камень». Усім навокал здавалася, што камень маўклівы, бо ведае нешта важнае. Але вось ён рассыпаўся, і ўсе здзівіліся, не ведаючы, што на гэта сказаць.
Складаныя адносіны «свайго» і «чужога» разглядаюцца ў казцы «Хмарка» (1913), але ўжо з іншага боку. Сэнс твора выказаны ў эпіграфе, узятым з верша Янкі Купалы: «Не шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі». У вобразе Хмаркі, што бесклапотна плавае «ў безгранічных разлогах свету», ёсць свае літаратурныя папярэднікі, пачынаючы з верша М. Лермантава «Тучи» і верша Францішака Багушэвіча «Хмаркі». У казцы «Хмарка» тая ж Хмарка плыве ў такой вышыні, што не заўважае ні трывогі селяніна, які чакае дажджу, ні яго самога. У яе няма Радзімы: «Уласнае шчасце бязроднай Хмаркі (яна не памятала роду) не давала ёй мажлівасці прымеціць чужое гора». Вольная натура гоніць яе ў чужы край. Нарэшце Хмарка чуе праўду пра сябе і свае блуканні па свеце: «Там, гаворыш, – шчасце? А што ж, па-твойму, няшчасце? Там палі выплакалі апошнія слёзы, каб даць табе жыццё, шчаслівая Хмарка! I цяпер там нават расы не бывае. Але не для таго назначаліся слёзы, каб радзіць цябе на свет для бадзяння па чужых краях…». Матыў, добра знаёмы беларусам яшчэ з часоў Францішка Багушэвіча: «Гдзе радзіліся, гдзе ж вы, хмарачкі, Гдзе «тутэйшымі» называліся! Леціцё ўсё, так, як ярачкі… Хоць бы трошкі гдзе затрымаліся! Зямлі родненысай, знаць, няма у вас, ні вугольчыка, ні прытулачку…». Якуб Колас зазначае: «I нідзе на свеце не было ёй супакою. I вярнулася яна зноў у той край, адкуль і выйшла». Тут яна пралілася шчодрым дажджом на зямлю, якая даўно прагла вільгаці. Мараль казкі выказваецца Старым Дубам, увасабленнем мудрасці, які звяртаецца да Бусла: «От навука для тваіх дзяцей. Моцна ж накажы ты ім, дружа, каб не лёталі дарэмна па свеце, не бадзяліся: у сваім кутку работы досыць для кожнага». Ва ўмовах, калі многія беларусы эмігрыравалі ў пошуках шчасця-долі і, адпаведна, узнікла пагроза для цэлай нацыі, Коласава папярэджанне было надзвычай надзённым і своечасовым.
Літаратурныя казкі Колас пісаў усё жыццё – у 1955 г., незадоўга да смерці ён стварыў апошнія – «Як птушкі дуб ратавалі», «Адзінокі курган», «Страказа», «Цвіркун». Казачны жанр быў прыдатны, каб выказацца па шырокаму колу надзённых пытанняў, якія цяжка было адкрыта абмяркоўваць як пры самадзяржаўі, так і пры бальшавіках. Гэты жанр адпавядае асаблівасцям народнага характару, акалічнасцям жыцця беларусаў, якія звыкліся за стагоддзі да «эзопавай мовы» іншасказанняў, алегорый, замоўчванняў і г. д. Многія казкі, напісаныя ў савецкі час, прысвячаліся юбілеям Купалы («Ноч, калі папараць цвіце», 1925), Цішкі Гартнага («Над прасторамі зямлі», 1928). Колас у гэтым выпадку падводзіў вынікі пройдзенага народам яго літаратурнага шляху.
У Коласа быў шырокі погляд на многія з’явы сучаснасці: адны з іх ён свядома паэтызаваў, уздымаючы да сімвала, а другія рашуча асуджаў. Ён разумеў, што рэвалюцыя адкрывае новыя прасторы («Даль», 1917), але адначасова абуджае нездаровыя страсці і нізкія інстынкты («Вадаспад», 1921). Жанр казкі дазваляў адкрытую пропаведзь у даступнай народу форме: аб маральнай перавазе калектыву над індывідуалізмам («Супраць вады», 1917), аб неабходнасці суладнага жыцця чалавека і прыроды («Стары лес», 1917), аб выхаванні ў чалавеку байцоўскіх якасцей («Гусі», 1921). Справа выхавання была актуальнай ва ўсе перыяды, і слова аўтарытэтнага пісьменніка, глыбокага мысліцеля шмат значыла. У гэтых казках выяўлены думкі Коласа аб прызначэнні мастака слова, аб яго сувязі з роднай глебай, сваёй нівай, аб вяртанні доўгу.