Якуб Колас — На рэчцы зімою

Якуб Колас

Не сядзіцца ў хаце
Хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка,
Цягнуць санкі з дому…

Хочацца Алесю
Выйсці на двор з хаты,
Узяць з сабой сякерку
Ды ў той лес кашлаты,

Стукнуць па дзярвяках
З-за пляча абухам
I глядзець, як сыпне
Снег халодным пухам,

Як стаяць над рэчкай
Хвоі і яліны,
Як ім снег халодны
Нахіліў галіны.

— Мамачка-галубка! —
Просіць ён так міла, —
Можа б ты на рэчку
Пагуляць пусціла?

Я не буду доўга,
Зараз жа вярнуся,
Трошачкі на рэчцы
Ў санках паважуся.

— Ну, ідзі пабегай,
Толькі апраніся
Ды, глядзі, ў палонку,
Сынку, не ўваліся.

Радасць і раздолле
Хлопчыку малому,
I не пазайздросціць
Ён цяпер нікому!

На плячо — сякерку,
Саначкі — у руку,
Хлеба ўзяў кусочак.
— Цюцік! — свіснуў Жуку.

Пад скарынкай лёду
Тут жа, каля хаты,
Працякала рэчка
Скрозь лясныя шаты.

Побач тэй рачулкі
Кучы буралому,
I застыла рэчка
Мёртва, нерухома.

Моцна яе грудзі
Маразамі скуты,
I аковы лёду
Сярод рэчкі ўздуты.

Ціснецца вадзіца,
Не знаходзіць ходу
I не мае сілы
Скінуць глызы лёду.

На рачулцы ў лесе
Меў Алесь забаву.
Ну ж і пацяшаўся
Хлопчык тут на славу!

— Эх ты, лёд-гвалтоўнік!
Што ты вытвараеш?
Ты нашто вадзіцу
Крыўдзіш і ўшчуваеш?

Бедненькай, ёй цёмна,
Цесна пад табою.
Хай жа пагамоніць,
Мілая, са мною!

Дам ёй ход, галубцы,
Каб на свет зірнула!—
I яго сякерка
Спрытна секанула.

Звякае тапорык,
Глуха стук нясецца.
Раптам клуб вадзіцы
З-пада дна ўзаўецца.

Коціць поўзверх лёду,
Іней падымае
Ды такую ж казку,
Байку хлопцу бае!

Слухае хлапчынка
Гэты сказ нязнаны,
Спеў, нікім ад веку
Ў лесе не чуваны.

То яму здаецца
Дудак хор далёкі,
То птушыны ў небе
Голас адзінокі.

На душы так ціха,
Ціха і нейк млосна,
I спявае ў сэрцы
Спеў той сугалосна.

Гэты спеў дзівосны
Чары навявае
I такія казкі
Слаўныя складае!

I ад гэтай песні
Вее дабратою,
Радасцю і шчасцем,
Мілаю вясною.

Ад тэй песні-казкі
Трудна адарвацца,
I ёй струны сэрца
Хочуць адклікацца 

Сказать спасибо
( 6 оценок, среднее 4.5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений