Якуб Колас — Ясныя дні восені

Якуб Колас

  Сярод гнілой восені выдаюцца часам ясныя, светлыя дні. Ціха ўсюды. Вецер не скалыхне ні адзін лісцік, ні адну травінку. Ласкавае неба пазірае на зямлю; нідзе ні хмурынкі. Ясна і хораша, усё роўна як вярнулася лета. Падарыла восень людзям яшчэ некалькі ясных, светлых і цёплых дзён.
 Хоць усюды і ціха, цёпла і ясна, але ўжо не вее тым жыццём, якое відаць вясною. Куды ні кінь вокам, на ўсім бачыш след восені. Хмурны хваёвы лес чуць заслаўся сінім дымком туману… А бярозы, асіны і дубы чырванеюць здалёк сваім лісцем і напамінаюць сабою аб восені. На ўсім ляжыць сіняваты слой смугі не то дыму, не то туману.
 А прыслухаешся – такая цішыня навокал!.. Толькі часам закрычаць у небе дзікія гусі, ключом пранясуцца жураўлі і схаваюцца ў сініх хвалях далёкага яснага неба. Крык іх заціхае памалку і замрэ, расплывецца ў цішыні асенняга дня.
 Плаўна носіцца ў паветры белая павуціна, сцелецца па зямлі, чапляецца за кусты і сухую траву. Прайшло цёплае лета. Апошнія вы, ясныя дзянькі восені!..

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 4 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений