Бабуля Паша

Пераказы і дыктанты

  Ігар летам цэлы месяц адпачываў у бабулі Ганны ў вёсцы. Вярнуўшыся адтуль, ён увесь вечар расказваў тату, што цікавага ён бачыў там. А найбольш уражанняў засталося ў хлопчыка ад калгаснага вечара, на якім выступаў былы воін Брэсцкай крэпасці.
 – Так ён расказваў, – гаварыў Ігар, – што многія плакалі. Сам хударлявы такі, у акулярах, з чорным кіёчкам. А скроні ў яго сівыя. Пра крэпасць многа расказваў. Як біліся там нашы салдаты. Ад агню скручвалася жалеза, плавілася цэгла, развальваліся ад страшэнных выбухаў камяні, а людзі трымаліся і ваявалі з фашыстамі. Амаль месяц біліся. Ні ежы ў іх не было, ні вады, а яны ўсё ж трымаліся. Фашысты з гарматамі нападалі, з танкамі ды самалётамі, нават з агнямётамі. А нашы ўсё адно біліся.
 Пакуль тата мыўся і пераапранаўся пасля работы, Ігар усё расказваў і расказваў пра пачутае ў калгасным клубе, у вёсцы, дзе жыве бабуля Ганна.
 А вечарам Ігар усё гэта расказваў другой сваёй бабулі, Пашы, якая жыве на суседняй вуліцы, у невялікім дамку. I як у ягады хадзіў, і як гусей пасвіў на поплаве, і пра вечар у калгасным клубе не забыўся.
 Пасля таго як Ігар закончыў свой расказ, бабуля Паша прапанавала ўнуку з’ездзіць разам у Брэст, у Брэсцкую крэпасць.
 I вось яны паехалі туды. У Брэсце па вялікім мосце Ігар, бабуля Паша і тата перайшлі чыгунку, а затым селі ў аўтобус і паехалі ў крэпасць.
 Яшчэ здалёк, ля галоўнага ўвахода з высечанай у таўшчэзным бетоне пяціканцовай зоркай, убачыў Ігар шматметровы штык і салдата, што схіліўся долу. I быццам не з каменю ён, а жывы, з тых далёкіх дзён вайны.
 Раптам аднекуль пачуліся гукі матораў цяжкіх бамбавозаў, свіст і выбухі бомбаў, стрэлы. Голас дыктара аб’явіў, што фашысты напалі на нашу зямлю…
 Страшна стала Ігару. Страшна, хоць і разумее ён, што ўсё гэта толькі па радыё. У горле перасохла, па спіне халадок папоўз. А бабуля чамусьці моцна-моцна сціснула руку ўнучка, а потым схапіла яго, прыгарнула да сябе і заплакала.
 Яны прайшлі ля помніка непераможанаму салдату, ля помніка «Смага», пабывалі ля высознага штыка. А ля Вечнага агню і мемарыяла паклалі жывыя кветкі.
 Яны доўга хадзілі па крэпасці, і бабуля ўсё расказвала пра мужных абаронцаў, пра дамы, дзе жылі сем’і камандзіраў, пра казематы, у якіх гэтыя сем’і хаваліся ў час абароны крэпасці. Не проста хаваліся, а перавязвалі параненых, даглядалі дзядей камандзіраў, набівалі патронамі стужкі і дыскі, а часам, калі ворагі прарываліся ў крэпасць, станавіліся побач з параненымі і адбівалі атакі фашыстаў.
 Камандзірскія сем’і змагаліся разам з абаронцамі крэпасці. Змагаліся, пакуль не атрымалі загад пакінуць цытадэль.
 Бабуля расказвала цікава і паказвала, дзе што было, нібы сама была экскурсаводам. I да іх падыходзілі і падыходзілі людзі: усім хацелася паслухаць яе расказ. Нейкая група цалкам далучылася да іх разам са сваім экскурсаводам, якая таксама ўважліва слухала бабулю.
 Раптам высокі, з густой сівізной мужчына праціснуўся наперад і пакланіўся:
 – Добры дзень, Паша! Не пазнаеш? А я цябе адразу пазнаў. Памятаеш, Паша, як ты мяне перавязвала вунь у тым каземаце? Як страляла з маёй вінтоўкі па фашыстах? Я тады ўвесь скалечаны быў, а ты, відаць, не думала, што жывы буду. Паша, а дзе твой сын? Добра памятаю: у цябе тады зусім маленькі сын быў. Ты яго ля мяне пакідала, калі брала вінтоўку і станавілася да байніцы. Ён жывы?
 Бабуля выцерла ражком хусткі вочы і паказала на Ігарава тату.
 Бабулі Пашы і пажылому чалавеку пачалі дарыць кветкі, іх фатаграфавалі, а нейкая маладая дзяўчына моцна-моцна абняла і расцалавала бабулю. А потым сама расплакалася.
 Пазней ужо, калі яны пакідалі крэпасць, Ігар сказаў бабулі, што на наступнае лета яны зноў сюды прыедуць, усім класам прыедуць, і бабулю абавязкова возьмуць з сабою.
(586 слоў)

Паводле Д. Слаўковіча.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений