Белы шпіц

Пераказы і дыктанты

  Стаяла зіма сорак трэцяга года. Пасля невялікай адлігі ўдарыў мароз, і гарадскія руіны, друз укрыла калючая белая шэрань. У ясным сінім небе жоўтым кругам свяціла халоднае сонца, пазіраючы ў правалы вокнаў і дзвярэй, што зеўралі ў закураных ацалелых сценах.
 Горад быў падобны на растрэсены мурашнік, у якім цудам засталося жыццё, і, як мурашкі, снавалі цяпер людзі па выбеленых снегам і шэранню вуліцах, кожны са сваім клопатам, кожны са сваёй бядою.
 А клопат быў цяпер ва ўсіх найбольш адзін – дзе ўзяць кавалак хлеба, жменю круп альбо некалькі бульбін, каб пад’есці, каб накарміць дзяцей, у каго яны былі, каб пражыць хоць сённяшні дзень, бо пра заўтрашні вельмі не думалі, ці будзе ён, той, заўтрашні, ці дажывуць.
 Цэнтр горада, сэрца яго цяпер базар, сюды збіраюцца хто прадаваць, а хто купляць. Белы шпіц бегаў тут з самай раніцы. На шыі ў яго быў скураны ашыйнік, значыцца, сабака меў гаспадара, але дзе ён цяпер, гаспадар, куды знік? Гэта, мусіць, і трывожыла сабаку, мусіць, яго і шукаў белы шпіц, ды не знаходзіў.
 Ён бегаў між людзей, часам садзіўся, задзіраў галаву, нібы хочучы зазірнуць людзям у твары, часам ціхенька павіскваў, але ніхто не звяртаў на яго ўвагі. Тады сабака зноў пачынаў бегаць, зноў нюхаць снег і чужыя ногі.
 Нарэшце стаміўся ці страціў веру ў свой занятак. Выбег з густога натоўпу, што без ладу хадзіў і штурхаўся, сеў на купку сена, выкінутую некім на снег каля доўгага драўлянага стала, паклаў перад сабою лапы. Дома прывык, мусіць, садзіцца на падасланае, вось і цяпер знайшоў сена, не лёг абы-дзе.
 У гэты час да стала, каля якога сядзеў сабака, падкацілася тачка, і тоўстая кабета, закручаная ў некалькі хустак, зняла з тачкі вялікую каструлю, як і кабеціна галава, закручаную хусткамі. Яна вынялаз кішэні паліто пагнуты відэлец і закрычала гучным голасам, бразгаючы відэльцам аб каструлю:
 – Дранікі, дранікі, гарачыя дранікі!
 Бразнула каструля. Сабака падняўся, навастрыўся. Ён бачыў, як відэлец напароў некалькі аладак, як пацягнулася да гэтых аладак рука, як заварушыліся сківіцы, жуючы, як падымаўся ўгору і тут жа спускаўся кадык на шыі чалавека, калі той каўтаў смачны пахучы камяк.
 У сабакі з языка закапала сліна. Ён сам не заўважыў, як падышоў да чалавека, як завіляў хвастом, як пачаў павіскваць, просячы пачастунку. Ён глядзеў чалавеку ў вочы, але чалавек адводзіў ад яго позірк, ніяк не хацеў сустрэцца вачыма з сабакам, ён еў, спяшаўся, і скора яго рукі апусцелі.
 Сабака, нібы прысаромлены, вільнуў хвастом і адышоў убок. Яшчэ з хвіліну пастаяў, вярнуўся на сваё месца, да купкі сена, лёг на яе, паклаўшы галаву на пярэднія лапы.
 I раптам сабака нібы прачнуўся. Завурчаў, натапырыўся, яго лагодныя дагэтуль вочы загарэліся злосцю, ашчэрылася зяпа, паказаўшы вострыя калючыя белыя зубы.
 Паўз яго, у шэра-зялёным шынялі і сінім шаліку, накручаным зверху на пілотку, засунуўшы рукі ў рукавы шыняля і згорбіўшыся, прасунуўся немец. Ці пах немца раздражніў сабаку, напомніўшы нешта прыкрае, ці не спадабаўся яму шалік на немцавай галаве, але шпіц ускочыў на ногі і моцна забрахаў.
 Немец скасіў на яго рудое вока ў белых вейках і толькі шморгнуў доўгім сінім носам, відаць, не спалохаў яго белы маленькі сабачка, не ўбачыў сабе немец у ім небяспекі.
 А шпіц нібыта азвярэў, кідаўся да немца, адчайна брахаў, яго вочы наліліся крывёю і шчэрыліся, шчэрыліся маленькія белыя іклы. Шпіц кінуўся на немцавы боты, гатовы ўпіцца ў іх зубамі, гатовы разадраць, знішчыць гэтага чужога, які выклікаў такую злосць і агіду.
 Немец выйшаў за вароты базару, знік, а сабака яшчэ доўга стаяў і брахаў яму ўслед, брахаў з усёй сабачай злосцю, да хрыпаты, да адчаю. А калі крыху супакоіўся, пачуў за сабою незнаёмы голас:
 – Цюцька, цюцька, на…
 I пляснуўся на снег перад ім кавалак цёплай пахучай аладкі. I той жа голас яшчэ сказаў:
 – Які разумны сабака…
(600 слоў)

Паводле Л. Арабей.

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 3.33 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений