Букет бэзу

Пераказы і дыктанты

  Зінаіду Паўлаўну я ўспамінаю заўсёды з душэўным болем і далёкім шчымлівым смуткам. Вось і цяпер бачу блакітны ранак далёкага першага верасня, калі мы, вучні невялічкай палескай сямігодкі, тоўпіліся ля ганка школы…
 Потым мы разбегліся па класах. Селі за парты, выцягнулі з сумак сшыткі, кніжкі і чакалі, калі нарэшце зойдзе яна, наша новая настаўніца.
 Зазвінеў званок, і амаль у той жа момант дзверы асцярожна адчыніліся і ў клас увайшла яна, маленькая, шчуплая.
 – Добры дзень, – сказала гучна і весела, падышла да стала, разгарнула журнал, – я буду ў вас класнай кіраўніцай і буду весці матэматыку. А цяпер давайце знаёміцца. Зваць мяне Зінаіда Паўлаўна.
 Яна ўсміхнулася і пачала дрыготкім і вельмі напеўным галаском выклікаць усіх нас па парадку па спісе. I мне – не ведаю чаму – захацелася зрабіць нешта такое, каб сапсаваць усю святочнасць гэтага дня, сапсаваць новай настаўніцы настрой. Я выняў з кішэні шпільку і ткнуў ёю ў бок сябру па парце. Той крыкнуў на ўвесь клас.
 Шчокі ў Зінаіды Паўлаўны запунсавелі, яна паволі паднялася і, уставіўшыся ў мяне блакітнымі вачыма, алоўкам паказала на кут.
 I гэта падліло масла ў агонь.
 Назаўтра я залез у калгасны сад, і вартаўнік прыбег за мною проста ў школу. Класная кіраўніца загадала мне высыпаць на стол грушы і яблыкі. Я не паслухаўся, і зноў, на гэты раз аж два ўрокі, прастаяў за партаю.
 Праз дзень я натварыў яшчэ нейкага глупства. А там і пайшло…
 Ніхто ні дома, ні ў школе не мог зразумець, што са мною сталася. Раней па матэматыцы я меў толькі «выдатна» і «добра», цяпер жа насупраць майго прозвішча ў журнале заскакалі тройкі, двойкі і нават адзінкі.
 Мяне вадзілі ў настаўніцкую, выклікалі да дырэктара. Але нічога не памагала. Варта толькі было ўбачыць у класе Зінаіду Паўлаўну, як мяне так і цягнула зрабіць нейкі выбрык.
 Класная кіраўніца сачыла за мною вельмі пільна, старалася не прапусціць нават маленькай маёй правіннасці. Потым раптам яе нібы хто падмяніў. Што б я ні рабіў – яна не звяртала увагі. I гэта злавала мяне больш за ўсё. Не маючы як адпомсціць настаўніцы, я пачаў жадаць Зінаідзе Паўлаўне якой хваробы.
 Ды класная кіраўніца не хварэла. Яна была ўвішная, дакладная і заўсёды роўна ў дзевяць пераступала парог нашага класа.
 Захварэла Зінаіда Паўлаўна нечакана вясною, перад самымі экзаменамі. I тады я ўспомніў, як некалі жадаў настаўніцы хваробы. Успомніў, і мне здалося, што ва ўсім вінаваты я і толькі я. Гэта я не даваў ёй спакою, гэта я не раз даводзіў яе да слёз. Каб мо я, Зінаіда Паўлаўна не падарвала б здароўя і не хварэла б.
 Са школы я прыходзіў пануры і злосны. Урокі не лезлі ў галаву, і я цэлымі днямі блукаў абы-дзе. Неяк нават трапіў у стары, запушчаны сад. Там, сярод здзічэлых кустоў парэчак і малінніку, я знайшоў кусцік бэзу. I тут я падумаў: як было б добра цяпер падарыць Зінаідзе Паўлаўне букет такога вось роснага ліловага бэзу.
 Адвячоркам я сеў на веласіпед і паехаў у мястэчка. Яно было кіламетраў за пяць ад нашай вёскі. Там, я добра ведаў, у агародчыках цвіў бэз. Я пералез праз высокі дашчаны плот і пад самым акном наламаў цэлае бярэмя бэзу.
 Усю ноч я не спаў, чакаў моманту, каб незаўважна занесці ў хату бэз. Гэты момант надарыўся толькі на досвітку. Я ціхенька адчыніў дзверы і проста на кухні на стол палажыў вялізны росны букет.
 Зінаіда Паўлаўна хутка ачуняла і зноў прыйшла ў школу. I мне здалося, што дабрэйшай і прыгажэйшай за яе настаўніцы не было яшчэ ніколі ў нашай школе.
(563 словы)

Паводле Б. Сачанкі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений