Ваверчанё

Пераказы і дыктанты

  Аднойчы вясной да мяне зайшоў ляснік. Ён трымаў шапку, у якой нешта варушылася.
 – Ваверчанят прынёс, – сказаў ён, – сіротамі засталіся. Маці ястраб схапіў.
 Ваверчанятам не было і месяца. Рыжанькія, з чорнымі бусінкамі вачэй, яны поўзалі па стале, пры гэтым смешна пішчалі. Я ўзяў адно ваверчанё сабе. Піць малако з місачкі яно адмовілася. Прыйшлося паіць з піпеткі. Цікава было глядзець, як ваверчанё абхапіла лапкамі піпетку і прыцмоквала. Калі наелася, згарнулася ў клубочак і заснула. Для жылля звярку я выкарыстаў скрынку, у якой звычайна прадаюць абутак.
 Расло ваверчанё не па днях, а па гадзінах. Стала самастойна піць малако з міскі. Кожны дзень здзіўляла сваімі паводзінамі. Яго жыццёвая прастора ўжо не абмяжоўвалася толькі скрынкай. Ваверчанё падарожнічала па ўсім пакоі і на ўсіх прадметах пакідала сляды вострых кіпцюроў. Але ж ці можна было крыўдзіцца на яго?
 Асабліва любіла ваверчанё знаёміцца з усім, што было ў маіх кішэнях. Калі я вяртаўся з работы, заўсёды прыносіў яму то кавалачак цукру, то леташні жолуд, то яшчэ што-небудзь смачнае. Ваверчанё садзілася на плячо і ні на што не звяртала ўвагі. Жалуды яму не вельмі падабаліся. Яно старанна хавала іх за каўнер майго касцюма. Астаткі гасцінца можна было знайсці пад падушкай або пад коўдрай. Больш за ўсё любіла ваверчанё ласку. Гладзіш яго і прыгаворваеш: «Ваверчанё, харошае». Яно ціха ляжыць і ўважліва глядзіць на цябе. А то раптам, як кацянё, пачне гуляць з рукой. Схаваецца за падушку, потым раптоўна выскачыць, стараецца ўхапіцца за руку і зноў схавацца. Або ўскочыць на чалавека і пачне бегаць, нібы па ствале дрэва.
 I вось наступіла вясна. Аднойчы, калі я адчыніў фортку, ваверчанё прашмыгнула ў сад. Спахапіўся я праз паўтары гадзіны. Шукаў дома, у садзе, але дарэмна. Ваверчанё знікла. У двары ў нас стаяла вялікая таполя. Вяршыня яе была зламана бурай. Буслы змайстравалі там гняздо, а на галінах і ў дуплах было многа гнёздаў. Ужо днём на гэтай таполі я і знайшоў ваверчанё. Спачатку я ўбачыў, як хваляваліся і неспакойна крычалі раздражнёныя птушкі. Яны, відавочна, ад кагосьці абаранялі свае гнёзды. Там, на суку, сядзела спалоханае ваверчанё. Яно прыціснулася да дрэва. Калі я дастаў яго, ваверчанё прынікла да маіх грудзей і дрыжала ўсім цельцам.
 Прыйшло лета. Усё цяжэй станавілася ўтрымаць вавёрку ў кватэры. Таму я часта ў клетцы выносіў звярка ў сад. Аднойчы раніцай убачыў побач другую вавёрку. Я адчыніў клетку. Ужо праз паўгадзіны шчаслівыя вавёркі ганяліся адна за другой па дрэвах у садзе. А потым яны зніклі.
 Прайшло больш за год. Стаяў лістапад. Наступілі першыя замаразкі. Аднойчы дзеці заўважылі на дрэве вавёрку, якая злосна цокала на птушак. Затым яна спусцілася, дазволіла ўзяць сябе на рукі. Узрадаваныя дзеці пасадзілі яе ў клетку, паклалі туды хлеба, цукру, жалудоў. Вавёрка спакойна ела. А праз дзень яна ўцякла. Можа, гэта былая мая выхаванка ўспомніла пра свайго гаспадара. А можа, гэта была другая вавёрка. Хто яго ведае.
(457 слоў)

Паводле А. Курскова.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений