Губаты

Пераказы і дыктанты

  Прайшло некалькі тыдняў.
 Ласяня падрасло, падужэла, пачула, што ў яго залячылася рана – спачатку зацягнулася цвёрдаю, тоўстаю, бураю ад крыві нарасцю, а пасля гэта нарасць пачала сушэць, свярбець і адлушчвацца ды абвісаць.
 У падпаветцы – на ахапку сена – яно спала ноччу, а днём гуляла па двары, пазнаёмілася з усімі яго насельнікамі. Палюбіла шчыра гаспадара, мірна ўжылася з крышку страгаватаю гаспадыняю, падружылася з таварыскім сабакам, са свавольнікам-цялём, амаль равеснікам, з якім гойсала па двары; з катом, з курамі – драбнатой – яму было нецікава… З вялікай – амаль з ласіху – каровай адразу ж ніякага сяброўства не выйшла…
 Найбольш ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі – з хлопчыкам і дзяўчынкаю. З імі яно і дурэла, бегала па двары, брала з іхніх рук смачны хлеб, салодкія цукеркі і пернікі, ад іх яно атрымала смешную, нават дураслівую мянушку – Губаты.
 Прыдумаў гэта хлопчык. Усё дзівіўся, што ў ласяняці такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, а пасля і выдумаў: «Губаты!»
 Спачатку называлі так дзеці, а пасля пачалі гэтак падклікаць і сталыя.
 У адзін з апошніх летніх дзён, у яшчэ раннюю, сівую ад туману раніцу, да якой яго рана стала цвёрдай, зарубцавалася, хоць так і не зарасла шэрсцю, чамусьці прынёс яму вядро з пойлам не босы, яшчэ заспаны хлопчык, а сам гаспадар.
 – Ну што, Губаты? Стаў ты ўжо дужы, здаровенькі, то ідзі ў свой дом і жыві, дзе ўсе твае сваякі жывуць… Ідзі да свайго, а пра нас забудзь…
 Ляснік замахаў рукамі – і Губаты, зусім не спалохаўшыся, а дурасліва і як дражнячыся, падскочыў, брыкнуў заднімі нагамі і гайсануў далей, імгненна п’янеючы ад вялікай прасторы, бегу, душой адчуваючы, як яму ўсяго гэтага дасюль не хапала.
 За выганам пачаўся адразу малады лес, які знаёма пахнуў зеленню, смалой, расою, – і ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, і ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк і памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але і ахмяляла зусім…
 … Ап’яненне воляй прайшло, і ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц…
 I тут ён пачуў, што яго жаласна кліча хлопчык: «Губаты, дзе ты, Губаты?» Ён зразумеў, што далёка адбегся, пакінуў сваіх сяброў. Падумаў так і затрусіў назад.
 – Губаты, Губаты! – радасна закрычаў хлопчык і хутка-хутка пабег насустрач.
 – Ты маніў нам… – папракнуў хлопчык бацьку, калі той паволі падышоў сюды. – Губаты не ўцёк сам, а ты яго выпусціў. Як выпусціў бусла, зайчыкаў, дзікіх парасят… Але Губатага мы не адпусцім, ён будзе жыць у нас… Я яго буду карміць…
 – I я буду… – паўтарыла за ім дзяўчынка, гэтаксама з папрокам пазіраючы на маўклівага, як вінаватага, бацьку сваімі вялікімі вачамі, поўнымі слёз…
 – Добра вы робіце, дзеці, і нядобра… – нарэшце азваўся ён. – Хораша і люба, што гледзіце так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер і павінен жыць у лесе. Там яго дом… Пасцель, яда, воля…. Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаць людзі… Гора бывае, бяда… Я ж ведаю…
(486 слоў)

Паводле Г. Далідовіча.

Сказать спасибо
( 5 оценок, среднее 2.8 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений