Дажынкі

Пераказы і дыктанты

  Віктарава звяно першым не толькі ў сябе, але ва ўсім раёне скончыла жніво і выйшла з найбольшым намалотам. У іхнім калгасе стала добрай традыцыяй святкаваць дажынкі. Праводзілі гэтае свята ў першую нядзелю пасля завяршэння жніва.
 Святкаванне дажынак вырашылі праводзіць на плошчы перад Палацам культуры.
 Апоўдні стаў збірацца народ. Іграў аркестр, то тут, то там у два-тры галасы ўзнікала песня і абрывалася, чуўся смех, стаяў бязладны гоман. Віктаравы хлопцы мітусіліся ў натоўпе ў вясёлым настроі, жартавалі, падпявалі дзяўчатам.
 Раптам абарвалася музыка, заціх гоман. Віктар убачыў, як з калгаснай канторы выйшаў старшыня Барыс Андрэевіч Чармакоў са старэйшынамі калгаса, сярод якіх быў і яго бацька. У ветэранаў вайны і працы ўсе грудзі ў ордэнах і медалях. Побач са старшынёй ішла, пабліскваючы сваімі ўзнагародамі, старая, сівавалосая Зарына Васільеўна Качуба. Яна несла каравай на вечку ад хлебнай дзяжы, засцеленым вышываным ручніком. Не так даўно Зарына Васільеўна, пяюха і весялуха ў свой час на ўсё сяло, была звеннявой па лёну. Але яе разам з усім звяном паступова адціснула ўбок тэхніка. Механізатары цяпер машынамі сеюць і полюць, цярэбяць і рассцілаюць, падымаюць і адвозяць на льнокамбінат. Увішная Васільеўна, як завуць яе ўсе ў вёсцы, са строю не выйшла. Яна, інспектар па якасці, часта цярэбіць калгаснікаў і тых жа механізатараў за нядбайную работу.
 Барыс Андрэевіч аб’явіў пачатак урачыстасці і зачытаў спіс перадавікоў жніва, запрасіў іх на сцэну. Першым у спісе быў Віктар.
 Пад туш аркестра перадавікі занялі свае месцы, пад туш аркестра дзяўчаты паднеслі ім вянкі з каласоў і кветак і павесілі на грудзі.
 Барыс Андрэевіч не любіў доўгіх прамоў на ўрачыстасцях. Ён ведаў, што людзі хочуць павесяліцца, паглядзець самадзейнасць, а моладзь – патанцаваць. У кароткай прамове ён павіншаваў камбайнераў і ўсіх, хто памагаў збіраць новы хлеб, павіншаваў калгаснікаў з добрым ураджаем.
 Віктар, які так насцярожана чакаў прамовы Чармакова, амаль не чуў, што той казаў. Думаючы, можа, што яму прыйдзецца прымаць каравай, ён напружана шукаў словы, якія скажа ў падзяку. А словы тыя неяк губляліся, ішлі нягладка.
 Ён не чуў, як Барыс Андрэевіч прапанаваў Зарыне Васільеўне паднесці каравай перадавому звяну камбайнераў. Убачыў толькі, як ад стала да іх з караваем ішла старая Зарына. Як стала перад Віктарам і высока ўзняла каравай. Віктар устаў. Усталі ўсе хлопцы.
 Старая весела, з ласкавай усмешкай сказала віншаванні і пажаданні, папрасіла ад імя ўсіх калгаснікаў прыняць у падзяку найдаражэйшы за ўсё на свеце дар і працягнула каравай Віктару.
 Падобны цырыманіял Віктар бачыў не раз і ведаў, што яму рабіць. Ён пацалаваў каравай, пацалаваў рукі Зарыны Васільеўны і прыняў дар. А далей – трэба сказаць словы ўдзячнасці, даць нейкія абяцанні. Але слоў такіх у яго не знаходзілася.
 Нават тыя, якія ён толькі што перабіраў у памяці, выскачылі з галавы.
 Ён стаяў, разгублены, зніякавелы, не ведаючы, што рабіць. Нарэшце ўзняў каравай на руках і прамовіў:
 – Вось ён, наш хлеб…
 Што змог бы сказаць яшчэ, ён і сам не ведаў. Яго шчасліва перапынілі бурныя воплескі прысутных і звонкія дзіцячыя галасы:
 – Хлеб, хлеб! Наш новы хлеб!
 Толькі цяпер Віктар убачыў з боку эстрады купку дзяцей, дзяўчынак і хлопчыкаў. Сёння яны сабраліся выступаць у самадзейнасці. Віктара адразу ахапіла асвятленне. Вось яны, яго памочнікі, яго вучні і паслядоўнікі. Ён павярнуўся, падышоў да дзяцей і перадаў ім свой дар. Дзесяткі дзіцячых рук пацягнуліся да каравая. Зноў выбухнулі дружныя цёплыя воплескі. Віктару ад іх стала радасна і лёгка. Гэта было яшчэ не ўсведамленне, а хутчэй інтуіцыя, адчуванне, якое абавязкова складзецца ў разуменне свайго абавязку перад гэтымі светлагаловымі дзецьмі, перад блізкімі яму людзьмі, перад роднай зямлёй.
(509 слоў)

Паводле І. Дуброўскага.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 2 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений