Майстры сваёй справы здаўна нараджаліся і жылі на Палессі. I не толькі выдатныя паляўнічыя, рыбакі, паляводы, агароднікі, садаводы, пчаляры, цесляры, стэльмахі, печнікі, кавалі, шаўцы, бондары, ганчары, млынары, але і разьбяры па дрэве, музыкі, ткачы, вышывальшчыцы, танцоры, спевакі, мастакі, дойліды. I пра гэта сведчыць тая вялікая духоўная спадчына, што пакінулі яны, нашы продкі, нам, сваім наступнікам. I яна, гэта духоўная спадчына, ва ўсім і ўсюды: у пабудове і аздабленні жылля, у парках і цэрквах, у адзенні і абутку. А колькі сапраўдных дыяментаў, шэдэўраў самай высокай пробы ў танцах і песнях, у казках і легендах, у прыказках і прымаўках, загадках! Ды і ў самім афармленні свят, ва ўменні правесці кожнае з іх па-свойму, па-асабліваму! Колькі пошукаў, які тонкі, дасканалы густ!
Больш-менш запісана і вывучана вусная народная творчасць: песні і казкі, легенды і паданні, прыказкі і прымаўкі, загадкі і замовы, пажаданні і іншае. Але душа народа не толькі ў іх. Душа народа і ў музыцы, і ў тых збудаваннях, якія, паколькі былі драўляныя, мала захаваліся, пагарэлі і пабурыліся, загінулі. Яна жыве і ў адзенні, у аздабленні жылля, поля і дарог. Ды і калі размова зайшла пра вусную народную творчасць, дык варта сказаць, што народныя крыніцы бруяцца, б’юць з глыбінь і сёння, нараджаючы і новыя песні, і новыя казкі, і новыя легенды, а тым больш прыказкі, прымаўкі, загадкі і жарты. А колькі чаго яшчэ не запісана, не вывучана! I яно, на жаль, адыходзіць, беззваротна гіне. Яшчэ не так даўно людзі збіраліся і на вячоркі, і на попрадкі, і на спеўкі, збіраліся і проста так на лавачцы ці на прызбе пасядзець, пагаманіць. I вясну гукалі, і русалку праводзілі, і на арэлях гушкаліся на ўзлессі, скакалі праз агонь і калядавалі. Цяпер многага з таго ўжо няма. Сядзяць сабе ціхенька па вечарах дома кожны ля свайго тэлевізара, хто дрэмле, хто глядзіць, слухае, што паказваюць, перадаюць з Масквы, Мінска ці з Гомеля.
А бывала ж, калі пойдзеш на вячоркі або на іншае якое-небудзь зборышча, чаго толькі там не ўбачыш, не пачуеш! Адна імправізацыя змяняецца другою, песні танцамі, танцы гульнямі, гульні жартамі, жарты казкамі, казкі легендамі! I які прастор кожнаму быў праявіць сябе! Аднаму ў танцах, другому ў песнях, трэцяму ў жартах, чацвёртаму ў казках ці ў легендах!
Мастацкая самадзейнасць, што прыйшла на змену імправізацыі, на жаль, не можа замяніць той непасрэднасці і шчырасці, што была раней, калі збіраліся людзі на пагулянкі. Ды і чамусьці дзіўная практыка бытуе апошнім часам сярод асобных кіраўнікоў мастацкай самадзейнасці: не тутэйшыя танцаваць танцы і спяваць песні, а браць для выканання тыя, якіх тут зроду не было. Пераважаюць у рэпертуары многіх мясцовых калектываў зусім не мясцовыя песні і танцы. Аднак перш чым захапляцца чужым, патрэбна спачатку даведацца пра сваё, роднае. Ды і аснова любой мастацкай самадзейнасці павінна быць усё ж свая, мясцовая.
(450 слоў)
Паводле Б. Сачанкі.