Перад Сцяпанам ляжала ў мармуры, бетоне і камені вёска Хатынь. Раптам Сцяпан пачуў стук. Мужчыну здалося, што гэта быў стук яго сэрца. Трывожна і гулка раздаўся ён на ўскрайку лесу. Пасля штуршок паўтарыўся тут, на грудку. Жалобна і цвёрда раздаўся такі стук у яго над галавой. Толькі зараз Сцяпан убачыў званы, якія былі ўманціраваны ў коміны.
Білі хатынскія званы. Звон вісеў над лесам. Ад яго, здавалася, разварушвала снег пад нагамі. У гэтым перазвоне Сцяпану чуліся галасы людзей. Так жанчыны раніцай пераклікаюцца паміж сабой каля калодзежа, у двары і на вуліцы, выпраўляючыся на працу.
Узрушаны, Сцяпан увайшоў у аўтобус. Ад’язджаючы, з сумам глядзеў на пакінутую ззаду вёску. Вось ужо схаваліся мармуровыя коміны печаў, з якіх ніколі не ўзнімецца роўненькай стужкай дым.
Сцяпан аддаляўся ад Хатыні, але на сэрцы было адчуванне, што вёска жыла, толькі ён нікога не застаў дома.
(140 слоў)
Паводле У. Навумовіча.