Даўным-даўно, калі на нашай зямлі яшчэ не было цэркваў, славяне пакланяліся розным язычніцкім багам. Але бога зімы і холаду Зюзю ведалі толькі на беларускіх землях. Яго імя паходзіла ад слова «зюзець» – гэта значыць мерзнуць.
Лічылася, што зіма прыязджае на зямлю на пярэстых кабылах або на ваўках. Тут яна пачынае сваю сцюдзёную справу: скоўвае зямлю, будуе на рэчках ледзяныя масты, дабіраецца ажно да неба, дзе ад холаду дрыжаць нават зорачкі.
Па-рознаму ўяўлялі людзі Зюзю. Але ўсе сыходзіліся на тым, што гэта стары тоўсты дзед нізкага росту. У яго белыя валасы і доўгая барада. Паназірайце калі-небудзь, як мяккія сняжынкі кружацца ў бясконцым танцы. Гэта Зюзя ціха плыве над зямлёй. Здаецца, нябачны дзед сваёй пушыстай барадой замятае сцежкі-дарожкі, атуляе снегам дрэвы, насыпае высокія гурбы.
Апрануты Зюзя ў доўгае белае футра. Блукае ён па свеце з вялізнай жалезнай булавою ў руцэ. Калі нехта раззлуе яго, так стукне булавою ў пень, што несціханы гул да неба даляціць, а пень на дробныя трэсачкі рассыплецца. Тады і пачынаюцца лютыя маразы.
Асабліва любіць Зюзя з усёй сілы ўдарыць у сцены хаты. Бярвенне тады пачынае трэскацца з такім гукам, быццам нехта страляе.
На рэках і азёрах, на багністых балотах будуе Зюзя масты. Каб праверыць іх надзейнасць, ходзіць пасля па лёдзе, стукае па ім булавою. Стогне тоўсты лёд, але вытрымлівае.
Цэлай зграяй рассыпаюцца па зямлі Зюзевы служкі: завея, мяцеліца ды завіруха. Дзікім завываннем пужаюць яны малых. А вецер дзьме так, што здаецца, быццам гэта чэрці скуголяць.
Любімым месцам Зюзі з’яўляецца лес. Утульна яму тут, бо паветра ў лесе марознае і здаровае, ёсць з кім забаўляцца. Зайчыкі гуляюць з Зюзем у хованкі, вавёркі казкі расказваюць.
Кажуць, што ў вёсцы Зюзя з’яўляецца толькі дзеля таго, каб папярэдзіць сялян пра суровую зіму. Значыць, шануе бог холаду добрых людзей. Каб павесяліць іх, упрыгожвае дрэвы іскрыстым інеем. Калі вецер варушыць галінкі, яркія блёсткі плаваюць у паветры, ззяюць на сонцы каштоўнымі крышталікамі.
Калі ж Зюзя на кагосьці раззлуецца, то можа адмарозіць палец, нос, выстудзіць хату. Каб не злаваць бога холаду, людзі стараліся яго задобрыць. Асабліва любіў Зюзя куццю. Цёмнымі каляднымі начамі прыходзіў ён у вёску, зазіраў праз шыбы ў хаты, шукаў на сталах сваю любімую страву. Яму і дагэтуль пакідаюць на стале трошкі куцці, кажучы пры гэтым: «Зюзя на дварэ – куцця на стале». Часам кідаюць першую лыжку каляднай кашы за акно і клічуць служку Зюзі: «Хадзі, мароз, куццю есці!» Падсілкаваўшыся, у падзяку за шчодрасць Зюзя пакідае на аконным шкле прыгожыя ўзоры, вымалёўвае зімовыя кветкі.
На Грамніцы, калі бог Ярыла выпускае на волю цяпло, Зюзя пралівае першую слязу, якая дробнымі кропелькамі асядае на аконным шкле. Людзі сочаць: калі на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол наесца травіцы.
Нашы землі прыйшліся Зюзю даспадобы. Ён нават вырашыў пасяліцца на іх і выбраў прыгожы куточак, змайстраваў сабе рэзідэнцыю. Знаходзіцца яна каля вёскі Пруднікі, што ў Пастаўскім раёне. Тут і жыве наш Зюзя Паазерскі.
(466 слоў)
Паводле А. Бутэвіча.