У кожнага народа ёсць святыні, якімі мацней за жыццё даражылі мудрыя прашчуры і якія, нібыта нязгасныя паходні, асвятляюць шляхі іх нашчадкам.
Для беларускага народа такой святыняй з’яўляецца крыж Еўфрасінні Полацкай.
Еўфрасіння Полацкая – святая апякунка і першаасветніца нашага народа. Усё сваё жыццё яна прысвяціла служэнню Богу і людзям: перапісвала старадаўнія рукапісы і казанні, вучыла грамаце дзяцей, лячыла хворых. А яшчэ будавала божыя храмы. Адзін з іх – Спаса-Еўфрасіннеўская царква – і па сённяшні дзень стаіць у Полацку.
Па заказу Еўфрасінні полацкі майстар-залатар Лазар Богша зрабіў надзвычай прыгожы шасціканцовы крыж. Паданне сведчыць, што крыж свяціўся ў самай непрагляднай цемені, хворым вяртаў здароўе, знявераным і знясіленым – надзею на лепшае жыццё.
У час другой сусветнай вайны крыж кудысьці знік. I дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца народная святыня. Але абавязкова наступіць дзень, калі крыж Еўфрасінні Полацкай вернецца на Беларусь і зноў будзе мацаваць нашу веру ў будучыню, асвятляць нам шлях да людскасці і хараства.
(150 слоў)
Паводле У. Ягоўдзіка.