Чытаць поўны варыянт п’есы Алеся Петрашкевіча "Напісанае застаецца"
З культурных дзеячаў Беларусі найбольш асвоены драматургіяй вобраз Францыска Скарыны, першадрукара, асветніка, навукоўца, пісьменніка. Беларуская драматургічная Скарыніяна пачынаецца творам Міхайлы Грамыкі "Скарынін сын з Полацка". Да гэтага вобразу звярталіся Язэп Дыла ("Падуанскі студэнт", п’еса не завершана), Міхась Клімковіч (драматычная паэма-трылогія "Георгій Скарына"), Мікола Арочка (драматычная паэма-"фрэска" "Судны дзень Скарыны"), маладыя драматургі-сааўтары Міраслаў Адамчык і Максім Клімковіч (Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія", 1997) ды іншыя драматургі.
У Скарыніяне значнае месца займае драматургічная дылогія Алеся Петрашкевіча "Напісанае застаецца" і "Прарок для Айчыны".
Як і ў п’есе "Гора і слава" ("Русь Кіеўская")", аўтар знаходзіць магчымым адыходзіць ад вывераных дакументальна фактаў і дапускае ў значнай ступені мастацкі вымысел. Апроч Францыска Скарыны — цэнтральнага персанажа п’есы "Напісанае застаецца", Алесь Петрашкевіч уводзіць у твор у якасці дзеючых асоб Міколу Гусоўскага, Пятра Мсціслаўца, Томаса Мюнцэра, Марціна Лютэра, Максіма Грэка, Мікалая Каперніка.
У нас няма дакументальных пацверджанняў таму, што Скарына быў знаёмы з усімі пералічанымі асобамі, мог размаўляць з імі. У рэальным жыцці такія знакамітыя для свайго часу людзі з розных краін наўрад ці маглі б сабрацца разам. Але драматург робіць мастацкае дапушчэнне — у межах мастацкай, тэатральнай умоўнасці.
Гісторыя, як сцвярджаюць, не мае ўмоўнага ладу. Але гістарычная літаратура, мастацкая проза або драматургія такі лад мае! "А што калі б?" — ставіць пытанне аўтар. І спрабуе на яго адказаць.
Волаты еўрапейскага Рэнесансу жылі ў эпоху Адраджэння. Іх, аддзеленых прасторай і межамі, аб’ядноўваў час і дух Адраджэння, яго паветра, у якім адчуваліся павевы новага, набліжэнне перамен. І яны самі былі творцамі гэтых перамен.
Выбар дзеючых асоб адпавядаў адной з задач твора: увасобіць на сцэне велічную постаць Скарыны, падкрэсліць з дапамогай драматургічных сродкаў значнасць пачынанняў гэтага вялікага дзеяча.
У свой час беларускія навукоўцы, гісторыкі, культуролагі вызначаць тыпалагічныя рысы рэнесанснага дзеяча: энцыклапедызм ведаў, валоданне некалькімі мовамі, схільнасць да вандровак, гуманізм, вальнадумства, патрыятызм. Высветліцца, што Скарына паводле сваёй рознабаковай адоранасці нічым не саступае такім дзеячам еўрапейскага Рэнесансу, як Бакача, Дантэ, Рабле, Мікеланджала, Леанарда да Вінчы.
Асоба беларускага першадрукара, пісьменніка, перакладчыка, мастака-графіка, навукоўца з бліскучай еўрапейскай адукацыяй, натуральна глядзіцца ў сузор’і выдатных дзеячаў Рэнесансу. Аўтар падкрэсліў гэтую сувязь з дапамогай драматургічнай умоўнасці.
Спрэчкі, дыялогі, якія вядзе герой як з антаганістамі, так і з аднадумцамі, дазваляюць убачыць у Скарыне мысліцеля-гуманіста новага кшталту — хрысціяніна паводле веры і маралі, але перакананага ў тым, што і ў зямным жыцці можа быць дасягнута гармонія існавання, калі кожны чалавек, ад просталюдзіна да караля, будзе кіравацца Боскімі запаветамі.
Мы бачым Скарыну і як прадстаўніка свайго народа ў Еўропе, выхадца "з слаўнага места Полацка", надзеленага такімі характэрнымі для беларусаў рысамі, як павага да чалавечай годнасці, незалежна ад веры і нацыянальнасці, велікадушнасць, міласэрнасць, разважлівасць.
П’еса "Напісанае застаецца" — у многім твор палемічны, з прыкметамі "п’есы-дыскусіі". Скарына не проста паказваецца ў атачэнні славутых сучаснікаў — ён абмяркоўвае з імі актуальныя навуковыя, рэлігійныя, свецкія пытанні свайго часу. Трэба сказаць, што аўтар аддае перавагу свайму персанажу, калі ён палемізуе з заснавальнікам Рэфармацыі Марцінам Лютэрам (звесткі пра сустрэчу Скарыны і Лютэра ў Вітэнбергу маюць дакументальныя пацвярджэнні). Вобраз Лютэра падаецца ў крыху зніжаным плане і гэта не зусім адпавядае гістарычнай аб’ектыўнасці. Усё ж пратэстантызм, Рэфармацыя адыгралі значную ролю і ў станаўленні беларускай культуры, актывізавалі творчую чыннасць такіх славутых паслядоўнікаў Скарыны, як Васіль Цяпінскі і Сымон Будны.
Больш пераканаўчай выглядае палеміка Скарыны з суддзёй-інквізітарам, дзе даводзіцца важкасць здзейсненага Скарынам, асабліва пераклад "Бібліі" на старажытнабеларускую мову, напісанне прадмоў і пасляслоўяў да яе.
Галоўная каштоўнасць п’есы ў тым, што асоба Скарыны паўстае ў ёй у кантэксце яго культурных здабыткаў, з падключэннем дакументальнага літаратурнага матэрыялу, на фоне ўсяго агульнаеўрапейскага Рэнесансу. Аўтар зрабіў нямала, каб перадаць сэнс скарынаўскіх выказванняў жывой драматургічнай мовай, пабудаваць менавіта дыялог, а не дэкламацыю.
Істотна ажыўляецца, робіцца дынамічным дзеянне ў сцэнах, дзе ўдзельнічаюць дасціпна выпісаныя вобразы Юрыя Адверніка, Ката, Іоахіма. Часам інтрыга набывае рысы авантурнасці: Скарыну пагражае смяротная небяспека, служкі інквізіцыі строяць супраць яго падкопы… На баку Скарыны верны сябар, зямляк і мецэнат Юрый Адвернік.
Драматургу ўдалося займальна і псіхалагічна пераканаўча пераказаць адмысловы эпізод з біяграфіі Скарыны. Ён бярэ шлюб з удавой Адверніка Маргарытай. Гэты ўчынак не азначаў знявагі сябра; наадварот, шлюб адбыўся, пераконвае аўтар, згодна з воляй і блаславеннем самога Юрыя Адверніка.