Алесь Разанаў — Пчала

Алесь Разанаў

  Пчала нікога не чапае сама, але калі нехта чапае яе альбо той церам, у якім жытлуе яе радзіна, яна не шкадуе жыцця, караючы — і лечачы ад сваволі — крыўдзіцеля, апякаючы яго сваім роспачным пацалункам.
  Пчала — чалядніца працы, і на чале летняга дня, ведучы яго за сабою, яна вылятае ў поле, у луг, у сад, цешачы іх сваім прылётам, тым, што пачаўся дзень і што яна, пчала, пачала паломнічаць.
  Увесь дзень пчала зносіць у вулей, у яго каморы, падпечкі і ночвы, праз яго чалеснікі і атворы, тое, што яна возьме ў поля, у луга, у саду,— узятак, і тое, што яны ёй дадуць,— уздатак, адводзячы адпачынку ноч.
  Пчалу нельга забіваць: яна — пЧАЛа, у ёй захоўваецца чалавечы пачатак, і людзі шануюць яе, як чалавека.
  Пчала мае справу з самымі прыгожымі, з самымі чулымі, з самымі духмянымі стварэннямі — кветкамі, але ў глыбіні яе існавання тоіцца плач.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений