Пачні з Гамера, ці пачні з Сакрата:
паэтаў – безліч, філязофаў – цьма.
А хто нячутых зыкаў струны кратаў?
Няўжо такіх шчэ не было й няма?
Былі – іх слова ў свеце не прапала
і не лягло ў згібенні на таку.
I несмяротны будучы Купала
Гамеру цісне – бачу я – руку.
Музыкі вечнага не змоўкне лера.
Хто йдзе ў вякі – той не памрэ зусім.
Вітае двух – Сакрата і Гамера
разважны й спеўны будучы Максім.
А дзе-ж нашчадкаў дружная кагорта,
і як "у перашкодах дух расце"?.. *
Пражытае даўно кійком падпёрта,
а новае пляцецца у хвасце.
Як мала толькі быць адным паэтам,
каб з мудрасцяй вялікшай падружыць.
Як цяжка, цяжка ў збітым, перапетым
пад атамнай насупленасцяй жыць!
Хто шлях з цяжкой стагнацыі пакажа?
Хто думку ўздыме вышай устакрат?
Калі-ж яшчэ нясказанае скажа
цяпершчыны Гамер або Сакрат?
26. 9. 1946
«У перашкодах дух расце» – словы Уладзіміра Дубоўкі. (аўт.)