Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Хлопчык ніяк не мог зразумець, чаго ад яго хочуць.
Што ён, урэшце, такое зрабіў? Вазу крыштальную разбіў? Ці новую мэблю цвіком падрапаў?.. Падумаеш, у абед скарыначкай хлеба запусціў у Рубіка – сабачку, якога падарыў яму тата. Ды і зрабіў гэта не са злосці. А так, каб не сумна было абедаць. Рубік збег з пакоя ў кухню, а ён – раз! – і кінуў. Вось і ўсё. І болей нічога.
Толькі дзядуля з бабуляй чамусьці адразу перасталі есці, а потым дзядуля ціха сказаў:
– Прасі прабачэння…
Хлопчык незадаволена надзьмуўся, але вылез з-за стала, падышоў да дзядулі з бабуляй і, гледзячы ў падлогу, прамармытаў:
– Даруйце… Я болей не буду…
– Не-не, – паспяшаўся спыніць хлопчыка дзядуля. – Не ў нас, а ў яго прасі прабачэння…
Хлопчык падышоў да Рубіка, які зашыўся ў кут каля дзвярэй і вінаватымі вачыма сачыў за ўсім, што адбывалася на кухні.
– Даруй мне, Рубік… Я болей не буду…
Але дзядуля зноў яго перапыніў:
– Не-не… Ты і зараз, мусіць, не зразумеў. У хлеба прасі прабачэння… У хлеба…
І вось гэтага хлопчык ніяк не мог зразумець. Можа, ён недачуў? Ці, можа, дзядуля агаварыўся?
А дзядуля быццам здагадаўся пра яго думкі, яшчэ раз пацвердзіў свае словы:
– Так-так, у хлеба… Падымі і прасі прабачэння…
Як можна прасіць прабачэння ў хлеба? Ён жа – нежывы! Не дыхае і не размаўляе. Не смяецца і не плача… Гэта ў людзей можна прасіць прабачэння. Ну, няхай нават у жывёл, у птушак – яны таксама жывыя. А ў хлеба?.. Ён кожны дзень бачыць, як кідаюць хлеб у скрынкі для смецця, проста на зямлю, у гразь… І ніхто не просіць прабачэння. А калі так робяць, значыць, хлеб – дробязь. Усё адно як той камень ці пясок… Адным словам – мёртвая рэч! А тут – прасі прабачэння…
Хлопчык падняў скарыначку і заплакаў: ён не ведаў, за што павінен прасіць прабачэння ў хлеба.
А хто вінаваты?