Звярніце ўвагу! Поўны змест.
(Зімовая згадка)
Брату Лёню
Была пара зіхатлівых сонечных дзён, высокага неба і да слёз іскрыстага снегу ў палях. У такія дні здавалася цёмна ў хаце, калі ўвойдзеш з двара, і хацелася зноў выйсці пад гэтае шчодрае сонца, пяшчотнае неба, якое трывожыць душу кволым прадчуваннем вясны, што так няскора і далёка, бо толькі пачатак лютага, бо яшчэ будзе бясконца гусці густы, ліхі вецер, будзе нізкае каламутнае неба і мяцеліцы, мяцеліцы ў страшным сваёй пустэчаю полі, а там няўтульна і адзінока адчуваеш сябе, і страшна ад магільнай цішыні, якая тоіць у сабе незразумелую глухую трывогу чалавека, калі ён адзінокі, калі зрушылася шчаслівая душэўная раўнавага; і нават як угледзіш такі прыветны і цёплы агеньчык ускрайняй вясковай хаты з абмеценымі снегавым пылам вокнамі і сценамі, усё роўна не заспакоішся, нават у прыветным хатнім цяпле. Усё будзеш як сярод поля, усё не будзе спасу ад трывожных думак…
Але пакуль што было светла, добра і шчасліва – гэтак, як бывае рэдка, бо колькі б ні прайшло часу, раптам сярод неспакою ўспомніцца гэты момант, і ты здзівішся – ці і праўда было такое свята? I нібы прысядзеш у цёмнай хаце ля адчыненых дзверцаў печкі, ад полымя ў якой хістаюцца на падлозе і сценах чырвоныя водсветы, і не ўтрымаешся, каб не працягнуць насустрач цяплу рукі.
Пашанцавала і мне на некалькі дзён такога свята чысціні і паўнаты душы.
I ў адзін з гэтых дзён з вуліцы, парыпваючы сыпкім марозным снегам, – я, здаецца, усёю сваёй істотаю адчуваў, як рыпіць снег, – да акна падышоў мой дзядзька, стукнуў у шыбіну, усміхнуўся чырвоным ад марозу тварам, кіўнуў галавою, і я зразумеў па руху вуснаў:
– Пойдзеш?
Ён шчасліва ўсміхнуўся майму адказу і паспешна затупаў па вуліцы, у бітых валёнках, у ватніх штанах і шапцы з хромавым, ужо парэпаным чорным верхам, вушы якой завязаны на патыліцы, з сахаром на плячы.
I пакуль я апрануўся, дастаў з-за шафы стрэльбу і выбег на двор, ён ужо ішоў па вуліцы, трымаючы на сырамятным павадку вялікага, з чорнаю спіною і паджарымі бакамі ганчака, які нецярпліва павіскваў ад прадчування свежага, такога пахучага і дурманячага звярынага следу.
– Успеем да вечара падняць што?
– Павінны. Я аднаго прыгледзеў, з поля сёння зайшоў у хвойнік. Завернем, глянем.
– А як вы з работы?
– Накідаў паследнія сані гною. Павезлі хлопцы. Душа мая чуе, што сёння так не будзем!..
Ужо крыху прахалодней у полі, чым удзень, і ледзь прыкметна гусцее блакіт неба, і не так балюча слепіць вочы снег, але ён яшчэ не такі, як вечарам, калі схаваецца за небакраем напружана-чырвонае сонца і там, дзе яно зайшло, вісіць вузкая марозна-шэрая палоска, а над ёй спачатку чырвань, а потым светлая празрыстасць, якая будзе доўга-доўга, нават пасля таго, як патухнуць вясковыя вокны і высвеціць ваўсю лупаты месяц.
У лесе гэтак жа ціха, як і ў полі, толькі зрэдку цінькне сініца, і здаецца, чуваць, як з галінак, на якіх скача неспакойная птушка, сыплецца лёгенькі снегавы пыл. Настыла, струнка выцягнуты сосны, нібыта ўслухоўваюцца і ўглядаюцца ў высокае неба, – насцярожаныя нечаканаю сонечнаю ласкаю, баяцца падману; калі падзьме вецер, заківаюць вяршалінамі, зашумяць – ведалі мы такую долю! – і будуць варушыць шырокімі плячыма, абтрасаць ліпкі цяжкі снег, пакуль не знясіляцца, не скорацца прыгнутыя снегам галіны; і будуць нявесела стаяць сосны, засмучаныя і ціхія, і ўжо потым, як прыгрэе сапраўднае веснавое сонца, саслізне па ігліцы снег, паволі выпрастаюцца галіны і будуць слухаць, як цяжка і пыхка падае долу снег – нібы па ўсім лесе пойдуць затоеныя ўздыхі палёгкі.
Сабака, які адразу ж прапаў у лесе, коратка, як ад удару, віскнуў зусім побач – ці не з-пад самага носа грабянуў снег шырокімі «лапцямі» заяц, ужо даўно насцярожаны? – і пайшоў горача і часта яхкаць, і далёка, з канца ў канец па лесе загуло раскацістае рэха, і па вузенькай сцежцы, пад узгорак, насустрач нам замільгаў цёплы, спуджаны камячок, поўны жыцця, у якім і сонца, і свежы марозны снег, і такія смачныя тонкія дубцы яблынь у вясковых садах, а на аселіцы, на былым калгасным агародзе, у кучках замеценага снегам націння, замёрзлы лісток бурачніку ці нават і забыты людзьмі бурачок! I столькі жадання, сілы, спрыту, каб вырвацца, уцячы ад гэтага злоснага, страшнага голасу і доўга яшчэ шчасліва імчаць пералескам, полем, прысесці, паслухаць, як калоціцца сэрца! Але нешта моцнае, цяжкае ўдарыла насустрач…
I ўжо нязвыкла лежачы на баку, бачыў ён, як бег да яго чалавек, адчуў, як моцна ўзяўся за пярэднія лапы, яшчэ таргануўся ўсім целам, каб вырвацца, і цяжка павіс уніз доўгімі, нядаўна яшчэ такімі лёгкімі і быстрымі нагамі. Паволі выкаціліся і кругла застылі жоўтыя, як арэхі, вочы… Яму ўжо было ўсё роўна, што чалавек накінуў пятлю на пярэднія лапы, закруціў другую і прыцягнуў іх да шыі, закінуў за плечы паслухмяна мяккае, выцягнутае цела, і па доўгім жалабку вуха выцекла і ярка капнула на снег кропелька крыві.
– Гатоў! Ты бачыў, які харашун! Ах, Туз, маладзец, Туз!
Сабака абыякава паглядзеў на гаспадара і спакойна, незадаволена пайшоў уперад, – яму нецікава і непатрэбна было гэта мяккае, падатлівае і мёртвае цела звярка, яму трэба было задыхацца ад лютасці, імчаць па гарачым потным следзе, разблытваць петлі, адшукваць «скідкі», каб гнаць, гнаць, гнаць!..
– Ну, то мо пройдзем туды, у малады лес? Яшчэ ж да вечара!.. Стой! Бі!
Цецерукі залопалі крыллем адзін за адным уздоўж квартальнай прасекі – з распушчанымі хвастамі, цяжкія і чорныя, як патэльні. I добра, што ні аднаму з іх не ляжаць на снезе, раскінуўшы чорныя з белымі акенцамі крылы, не глядзець здзіўленымі застылымі вачыма з-пад аксамітна-крывавых серпікаў брывей!
I зноў гучна азваўся сабака, і дзядзька трушком пабег наперад па прасецы са стрэльбаю напагатове, прытуліўся да сасёнкі і напружана ўглядаўся то ў адзін, то ў другі бок па сцежцы – а раптам выскачыць шарак на шчыльны, утаптаны нагамі снег, каб «скінуцца» за ядлоўцавы куст і заблытаць сляды. О, як ён любіць такія штукі! Адкуль жа ведаць, што гэтыя хады даўно разгаданы!.. I ўсё, такое патаемнае і хітрае, бачыцца, як на далоні, і здаецца смешным і наіўным, усё роўна што дзіцячыя хаткі з пяску, якія змые лёгкая, пакуль што далёкая хваля вялікага і ўпэўненага ў сабе мора.
Усё бліжэй, бліжэй голас ганчака, зусім побач, нябачны ў ельнічку, праходзіць звярок, а за ім і сабака, і ўжо кружаць далёка, яшчэ больш разагрэтыя і зацятыя, і цяжка разагнуцца – зацяклі ногі, баліць спіна І анямелі, памерзлі рукі.
Хочацца закурыць.
Звечарэла. Неба тугое і цёмнае, і на вяршыні маладое елачкі вяліка, зялёна свеціцца ранняя адзінокая зорка; паветра па-веснавому марознае, якое хочацца ўдыхаць на поўныя грудзі: у ім няўлоўны водар і чуць прыадталага ля дрэвавых ствалоў снегу, і хвоі, і бярозавага вецця; самыя вяршыні бяроз яшчэ асветлены сонцам, і белая кара мякка, пяшчотна ружовіцца, а снег, такі бела-калючы ўдзень, адсвечвае тугою, глыбокаю сінечаю неба.
На вузкай лясной сцежцы цёмна і зацята-глуха, і ад гэтае глухаты неяк не па сабе сярод кашлатых ялін, пад сагнутымі, як аркі, над сцежкаю бярозкамі, за якія чапляюцца ствалы стрэльбы; і недзе ў душы варушыцца патаемнае жаданне вярнуцца назад, на прасеку, ісці шпарка, каб пахрумствала пад нагамі, паціхеньку пасвістваць…
– Ай-яй-яй! Ту-у-з! Ту-у-з!
Звонка разнёсся па лесе дзядзькаў голас. Ён стаіць, прыслухоўваецца, аглядаецца на шоргат крокаў.
– А, гэта ты! Добра, што падышоў: пойдзем напрасткі на Горацкую дарогу. Чорт яго дазавецца! У поле пайшоў – не дажджэшся. От здуравалі, што не выбеглі на другую дарогу! Быў бы заяц наш!
Дзядзька зноў услухоўваецца ў ледзь чутны адгалосак гону, удыхае на поўныя грудзі. Яму радасна ад марознасці, свежасці, ён усміхаецца і зноў звонка гукае:
– Ай-яй-яй! – і стаіць, слухае, як звонка і молада блудзіць па лесе яго голас, знімае з пляча стрэльбу і страляе ўгару.
– Пайшлі. Захоча – дагоніць! Але ж пакуль не здаволіцца – не кіне. Ногі толькі парэжа: на ноч цалік узяўся. Такая зараза!
Дзядзька ідзе наперадзе, няўклюдна і, здаецца, няспешна.
Узышоў месяц, і ад маладога, пасаджанага радамі хвойніку на бледным снезе – цёмныя цені.
На дарозе, па адзін бок якой поле, а з другога лес, ціха і пустэльна, толькі недзе далёка пафырквае конь і парыпваюць гужы, шкляна адсвечваюць слізкія сляды палазоў на дарозе. Ва ўсю свеціць месяц, зоркі яркія і па-веснавому буйныя; поле пад месяцам не такое прасторнае, і, як удзень, ніжэйшым здаецца неба і бліжэйшым небакрай. Снег не слепіць вочы, а свеціцца адзінокімі крупінкамі, у месячным сумным святле ў полі кожны снежны ўзгорачак бачыцца здаля, няўлоўна, мякка адценены…
У вёсцы цішыня, і толькі ярка і спакойна высвечваюць вокны.
– Ну, то дабранач, нябожа!
Дзядзька яшчэ пастаяў, прыслухаўся да ночы, нібы хацеў пачуць аднекуль з-за лесу голас ганчака, потым пайшоў, і было чуваць, як парыпваў далёка на вуліцы снег у яго пад нагамі, потым грукнулі дзверы – і зноў стала ціха.
…I калі засыналася, бачылася сонечнае поле, адзінокая ранняя зорка і ружовы водсвет заходзячага сонца на бярозавых ствалах. Апошнім адчуваннем быў глухі шум – па бляшаным даху саслізнуў долу падмёрзлы ноччу снег, што быў па-веснавому крыху растаў за дзень.
1969