Здарылася з Зайкам няшчасце. Бег ён па сцяжынцы, наступіў на востры сучок і параніў лапку. Забралі яго ў лясную бальніцу.
Тыдзень, другі ляжыць Зайка – ніхто з суседзяў не наведвае.
Прыляцела ў лес Варона, закрычала:
– Непр-рыгожа! Непр-рыгожа!..
Сапраўды, непрыгожа. Сабраліся звяры на паляне, каб вырашыць, каму да Зайкі ў бальніцу ісці.
– Жонка ў мяне захварэла, кашляе, – кажа Мядзведзь. – Прасіла, каб малінніку наламаў… Можа, ты яго наведаеш, Ліса? Помніш, летась на дзень нараджэння Зайка табе пуховую пярыну падарыў?
Закруціла Ліса хвастом:
– Нара ў мяне пасля дажджу абвалілася. Трэба рамантаваць. Няхай Воўк збегае. Зайка яму новы кажух аддаў, не пашкадаваў.
Завыў Воўк:
– Дома ваўчаняты сядзяць галодныя. У краму пабягу… Няхай Дзік наведае Зайку. Той заўсёды яго жалудамі частаваў.
– А хіба Зубру ён не дапамагаў сена касіць? – зарохкаў Дзік. – Няхай Зубр і сходзіць у бальніцу. У мяне вунь бульба на полі някопаная.
– У мяне атава някошаная, – апусціў галаву Зубр.
Ад шуму ды крыку прачнулася Чарапаха. Яна тут, на паляне, спала. Пытае:
– Чаго спрачаецеся, паважаныя?
– Зайка лапку параніў, – загаварыў Мядзведзь. – Ужо два тыдні ў бальніцы ляжыць.
– Бедны Зайка! – пашкадавала Чарапаха. – Сумна яму там аднаму.
– Схадзіла б ты да яго, ад мяне прывітанне перадала, – хітра прыжмурылася Ліса.
– Добра, – пагадзілася Чарапаха. – Пайду.
– Скажы, што і я люблю яго, – напомніў Мядзведзь.
– I ад мяне перадай прывітанне, – рохкнуў Дзік.
– I ад мяне, – падняў галаву Зубр.
А Воўк завыў на ўсё горла:
– I ад мяне не забудзься!.. Пацікаўся, як кормяць яго.
– Не хвалюйцеся. Ад усіх перадам прывітанне. Скажу Зайку, што вельмі чулыя і добрыя ў яго суседзі, – прамовіла Чарапаха і, павярнуўшыся, папаўзла паціхеньку ў бальніцу.
Мабыць, і цяпер яшчэ да Зайкі дабіраецца.