Анатоль Грачанікаў — Апошні круг

Анатоль Грачанікаў

I. П. Мележу

Цяжка чарадзе без важакоў…
На Палессі
Пасярод балота
Развітальны танец
Журавоў
У вячэрні час
Перад адлётам.

Зор далёкіх
Чуючы харал,
Скачуць птушкі
Пад напеў ласкавы.
Не трывожаць
Гэты рытуал
Ні звяры самотныя,
Ні травы.

Зводдаль
Знерухомелы важак,
Прыгадаўшы,
Дзе ж сябры былыя,
Дзюбу ўскінуў.
Назірае, як
Скачуць ваяўніча
Маладыя.

Хай паскачуць
Сярод спелых траў.
Месца хопіць
Кожнаму на ўзлессі.
Хай спазнаюць,
Што і ён спазнаў
У халодных высях
Паднябесся.

Гэта не вясельны
Весні хмель,
Гэта развітальны
Танец горкі…
Жураўлісе
Чысціць журавель
Зорамі абвеяныя
Пёркі.

Ён яшчэ
Узніме ўвысь
Касяк.
Покліч кіне
На лугі і пожні.
I не скажа чарадзе
Важак,
Што ў жыцці ён робіць
Круг апошні…

1980

Крыніца: Грачанікаў А. Верасень: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1984. – 142 с.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений