Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Марнуй сябе, не думай аб сабе.
— А? Вы нешта спыталі? Недачуў. У мяне нешта са слыхам. Што вас цікавіць?
Ён моўчкі глядзеў. Прадаўгаваты, смуглявы твар быў нерухомы, нагадваў замерзлую каву ў кубку. Вось толькі пустыя вочы з ледзь бачнай, глыбока схаванай іскаркай выдалі ў ім жывую істоту.
— Але, выбачаюся.— Мне няёмка, і я вінавата хаваю ўсмешку, паспешлівым рухам ніжэй насоўваю шапку.— Задумаўся і падалося, што вы аб нечым запыталіся. Яшчэ раз прабачце.
Паварочваюся спінаю да маўклівага сустрэчнага і наважваюся ісці да аўтобуснага супынку. Праз паўтара тыдня Новы год, збіраюся ў Мурманск. А квітка на самалёт яшчэ няма.
— У вас яго і не будзе. Спазніліся.
— Што?
— Нічога,— ціскануў плячыма незнаёмец.— Проста спазніліся. Новы год яна сустрэне без вас.
— Які Новы год? Вы аб чым?
— Проста так. Дарэмна патраціце час. А яго ж у кожнага з прыгаршчы, а не бярэмя. I яшчэ: абавязкова перарабіце фінал фільма. Не трэба стылізацыі пад народнасць, якую ўтыркнулі. Прымітыўна: «Касцы на гарызонце, а жанчына на бялюткім кужалі ці то на абрусе нараджае новага чалавека, спаленая вёска.
I яшчэ бусел на вершаліне зламанага вяза». Прасцей трэба, таварыш рэжысёр.
Не прыгадаю, дзе мы сустракаліся. Пачакайце, яшчэ ж не было пакуль прагляду стужкі. Адкуль…
— Ці так важна? Сёння слотнае надвор’е, а вераб’і, глядзіце, шчыплюць траву. Ніколі не думаў, што яны, як куры, жыруюцца травою. У вас, здаецца, ёсць семкі, сыпаніце каліва. Няхай пырсне на іх цяплом летняга сонца.
— Вось семкі, пакарміце самі, бо вунь мой аўтобус.
Каму-каму, а мне шэнціць на сустрэчы з хворымі.
У гэтага чалавека запаленае ўяўленне. «Бусел на зламаным вязе…» Што ты разумееш!
— Мо і ваша праўда. Я не прафесіянал — просты глядач. Але на савеце вы будзеце ламаць пальцы з-за касцоў і парадзіхі, ну, а пра буслоў і казаць няма чаго.
— Пачакайце… Я прыпомніў. Вы з Вільні, кінакрытык Ганецкі. Думаў, маю неблагую зрокавую памяць, а яна, няўклюдніца, падвяла. Не крыўдуйце, з кожным можа такое стацца. Давайце па-добраму павітаемся і забудзем непаразуменне. Вам, крытыкам, толькі патрапся на язык, не ўбачыш божага дня.
Непрыемна самому, але мяне быццам прарвала. Словы сыплюцца гарохам.
— Навошта так? Самі хлусіце сабе, а не змаўкаеце. Ніякі я не Ганецкі, тым больш не кінакрытык. А калі вам вельмі хочацца, няхай буду Ганецкім. Аўтобус адышоў, квіткоў на Мурманск няма. Ды, забыў сказаць, надвор’е будзе нялётнае. Не суджана вам сустрэча.
Хто ён такі і што яму трэба! Навошта стаю калом і не магу пайсці? Спраў па гарляк, а я мянчу, як бесклапотны нядоліда.
— Хто я? Чалавек. Але, грошы маеце? Я не супраць выпіць. Тады ўяўленне працуе лепш.
— Хадземце ў «Тэатральнае». Там будзе.
Раптам ён схапіўся абедзвюма рукамі за галаву і так сціснуў скроні, што пабялелі костачкі пальцаў. Зморшчыўшы твар, заплюшчыў вочы. Нейкае імгненне ён стаяў абмёрлы.
— Мне трэба да доктара. Не змаглі б правесці? — ён адарваў рукі ад галавы. Твар, на здзіўленне, з карычняватага стаў чаромхава-бляклы. Паўз вачэй і вуснаў выступілі драбнюткія кроплі поту. Як быццам нехта нябачны абмахнуў яго мокрым венікам.
— Пачакайце. Паспрабую спыніць машыну, вы ж не дойдзеце.
— Не трэба,— перапыніў ён мой намер.— Машына стаіць за вуглом, на платным супынку.
— Але ж я не ўмею…
— Умееце, проста не ведаеце, Што ўмееце.
Навюткі, вішнёвага колеру «жыгулёнак» адзінока стаяў на шырокай пляцоўцы. Куцыя таполі з абрэзаным вясной голлем быццам ахоўвалі машыну ад чужых рук. Уваход на стаянку шчодра пасыпаны бітым шклом, якое здавалася кубінскім цукрам, наадмашку высыпаным на асфальт. Каля буданка-старажоўкі круціўся руды аднавухі сабачка. Ён правёў нас цікаўным позіркам і, ленавата буркнуўшы, лёг пад сцяну.
— Пакіньце засцерагальны рэмень. I вальней адчувайце сябе. Гэта машына, а не жарабец неаб’езджаны. Вось так. Усё правільна робіце, паехалі.
Я ніколі раней не сядзеў за рулём машыны. Але кожны рух, здавалася, адпрацаваны дзесяцігоддзямі. Я адчуваў машыну ўсім целам, як жывую істоту, зросся з ёю. Во цяпер паглядзелі б на мяне сябры-кпліўцы са студыі, які я класовы вадзіла. Языкі папрыкусілі б, не кідаліся б пустымі жартачкамі.
— А вы любіце славу,— незнаёмец спакойна і ледзь бачна ўсміхаўся,— толькі ж яе ўвесь час трэба падкормліваць, а калі замест асобы існуе астральнае смецце, тады як?
Я маўчаў. За гэтыя некалькі хвілін паспелі выехаць за межы горада, мінуць смярдзючы мясакамбінат і параўняцца з ціхмянай і пужлівай вёсачкай, якая ўцякла ад супершашы на тры-чатыры сотні метраў за азярцо.
— Вам трэба да лекара, а ўжо мінулі горад.
— Нічога, мне лепш. I не хвалюйцеся, вы правільна выбралі шлях.
— Дык куды мы едзем?
— Як куды? Здаецца, сказаў. Але няцяжка і паўтарыць. Вельмі хацеў бачыць цябе бацька, тым больш сёння ягоныя ўгодкі.
— Так не жартуюць.
— Якія жарты? I прабач, што перайшоў на «ты». Значна прасцей у размове.
— Вы нешта пераблыталі. Васемнаццаць год, як пахавалі бацьку, ён памёр. Вы разумееце — мой бацька памёр.
— Дзіўны чалавек. Хто сказаў табе, што ён памёр?
— Я бачыў і памятаю сам.
— Бачыць можна шмат чаго, а вось убачыць усё — немагчыма, тым больш зразумець. Не нервуйся і не едзь па сустрэчнай паласе, выраўняй машыну. Жыць яшчэ ж не надакучыла?
Маўчу. Маўчу, як спілаванае дрэва, як палаючая ўчарнелая салома на вясельным вогнішчы ведзьмаў. Усярэдзіне пуста і значна горш, чым у загаджаным калодзежы сярод апусцелай вёскі. У гэтым калодзежным асклізлым зрубе заканчваюць жыццё самагубствам састарэлыя нямоглыя кажаны ды захлынаюцца вужы і гадзюкі. А мне ўсё роўна. Вось толькі не стану піць вады з тухлай копанкі. Я чалавек, а не воран, каб смакавіта заглытваць падлу.
— Не вярзі лухту. Які ж ты чалавек? Чалавек не забывае карані, продкаў. А ты забыў бацьку. Калі апошні раз быў на магілах родзічаў?
— Вас не датычыць. Не лезьце ў душу. Збеглі з вар’ятні, дык сядзіце моўчкі. Нядоўга вас туды вярнуць.
— Інтэлігент. Клапоцішся за грамадскі спакой? Ухвальна. Скінь хуткасць, за ўказальнікам павернеш налева. Не хвалюйся, бацька на цябе не крыўдуе. I гневу я ў ім не бачыў. Вось толькі часта плача маці. Жанчына, зразумела. Дужа была неспакойная, калі ў цябе не паладзілася з жонкай. I яшчэ жалілася, што ніяк не можа ўняцца ў твае сны. Чамусь не пускаеш ты яе, гоніш. А яна была ў цябе лепей, чым у іншых. Ачарсцвела твая душа, хлопча. Кажу табе як старонні назіральнік, пасрэднік.
Машына звярнула на выбоістую прасёлкавую дарогу. Маладзенькая рунь жорстка ўціскалася «жыгулём» у падмерзлую ўжо зямлю. Зеляніна пакорліва клалася пад чорную гуму колаў, і ўжо ніякая сіла не будзе здатна вясною адарваць яе і выпрастаць да сонца. Так ехалі кіламетры з тры. Машына каціла лёгка і пакорліва. Гаворка не вязалася. I толькі калі звярнулі за пукаты пагорак з чэзлай сасонкай на макаўцы, перад вачыма паўстала вялікая брама, якая выпраменьвала мяккае, але яркае святло. Гэтае святло адбірала вочы і прыцягвала да сябе неймавернай сілай, працівіцца якой не было моцы. На хвіліну я выпусціў руль і засланіў вочы рукамі. Але, як на дзіва, машына, быццам запраграмаваная, каціла па зададзенай прамой, ніякага адхілення. I вось тут упершыню з пачатку гэтай няпростай гісторыі мне стала страшна. Адчуў на сабе той самы жах, калі валасы становяцца на дыбкі, а скуру пакрываюць гусіныя пупры. Але гэтае адчуванне жаху доўжылася нейкую долю хвіліны. Адняўшы ад вачэй рукі, я не ўбачыў побач з сабой чалавека, з якім ехаў. Пусты салон. А да ірэальнай брамы заставаліся лічаныя метры. Глыбокі удых, і «жыгулёнак» імчыць у абсалютнай цемры. У жываце нешта скруціла, падпёрла пад грудзі, і я не магу дыхаць, цела пацее, закладае вушы, здаецца, нехта нябачны пляскатымі і халоднымі пальцамі ўціскае вочы, якія во-во выпырснуць праз патыліцу, у вушах гудзе, быццам у тапельца, які праз міг, адзін усплёск пераступіць мяжу жыцця. Няўжо гэта і ёсць смерць? Трэба сашчапіць на грудзях рукі. Вось і…
— Рана, сынок! Табе яшчэ жыць і жыць. Расплюшчы вочы, не бойся. Ну, смялей.
Што гэта? Я сяджу пасярод лугу. Ужо вечарэе. Крыху зябкавата. Няйнакш красавік. Воддаль ад мяне пасецца табунок коней, яшчэ не аб’езджаных. На схудалых крупах выпінаюць маслакі, пад бруднаватай скурай можна пералічыць рэбры. А яшчэ далей каля лазовага куста, які цярэбіцца ветрам, бачу сабаку. Шэрая поўсць звісае касмыллем, з пысы цячэ сліна, хвост падціснуты пад жывот.
Пачакайце, пачакайце! Я ўсё гэта бачыў?! Так! Я гэта бачыў і тут быў. Вось толькі калі? Але чаму я ў лапцях, а на плячы торба?
— Не, нельга дапусціць сабаку да коней. Ён шалёны! Чаму ж ты сядзіш, поскудзь нячэсаная. Бяжы адганяй, махай кіем.— Толькі ўзняцца няма сілы, зямля, быццам багна, усмактала маё цела.
Сабака наблізіўся да табунка. Ласісты жарабец заюшана шчыпле нішчымную і рэдкую траву. Ніякай насцярогі. Кабылы фыркаюць. Сабака абыходзіць збоку жарабца і знянацку слінявай пашчай хапае яго за персі, пераскоквае да кабыл і бязладна шкуматае іх. Застаўся цэлы толькі руды жарэбчык-сёлетак. I тут піхае мяне нехта ў плечы, бягу захлынаючыся, рукі, як у бусла крылы, раскінуты ў бакі, махаю імі, набліжаюся да табунка. Апярэдзіць, не даць заразе крануцца стрыгунка. Сабака перакідваецца на мяне і з усяе моцы хапае за сцягно.
Смешна! Я ведаю, што будзе далей. Усё гэта перажыта мною. Яно доўга спала і вось прачнулася ў падсвядомасці. А ўжо з-за рэчкі, ад вёскі, бягуць людзі. Наперадзе кудлаты стары і яшчэ з дзесятак мужчын. Позна. Сабака схаваўся ў густым хмызняку топкага балота. Распуджаныя коні журавінамі рассыпаны па лузе…
Плача жонка. Я яе не памятаю, толькі ведаю — яна мая жонка. За вёскаю мужчыны выкапалі вялізны роў, а я сяджу ў клеці, дзверы забітыя, у сцяне прарэзана акенца, сюды мне падаюць харч. Чую, як іржуць коні. Іх не ўтрымаць. I дзесятак дзецюкоў на вяроўках выводзяць са стойла першага жарабца. Метраў за дзвесце ад рова пускаюць яго, ён, шалёны, з крывавымі вачыма, перарываючыся, бяжыць у падрыхтаваную пастку. Капыты завісаюць у паветры — і вось трэск касцей. Я гэта чую, седзячы ў клеці, кідаюся на сцены, мне шкада коней. А жонка плача каля акенца, я не бяру гаршчок са стравай. Трэба ж так, ужо выводзяць лысую кабылку. Ні адзін конь не мог так хадзіць трушком, як яна. Лыска, мілая Лыска, і ты распласталася на жаўцяку рова.
Увесь маладзік праседзеў у клеці. Схадком праяснілася ў галаве. Бацька — той стары, які бег паперадзе людскога натоўпу, не падыходзіў да акенца. Я ж адчуваў вялікую віну перад ім. Было горка і крыўдна.
Цяпер ужо не памятаю, у які дзень, здаецца, у суботу, я ляжаў на лаве і драмаў. Прывыкшы да цемры і адзіноты, было прыемна прыслухоўвацца да шорахаў і гукаў за сценамі. I тут пасярод клеці вымаляваўся слупок святла. Спачатку ён згадваў водбліск махнаткі, затым мроістага цяпельца, а яшчэ праз каліўка часу ўбачыў старца. Ён падышоў да мяне і сеў каля галавы, руку паклаў на грудзі, там, дзе б’ецца сэрца.
— Я хачу гаварыць з табою аб вечнасці. Пакуль не перайшоў туды, ты думаеш у межах тыдня, месяца, года, але не больш. Цяпер ты будзеш бачыць поўнае кола жыцця. Не бойся, ты вернешся ў сонечны свет другім зямным жыццём, не помнячы падрабязнасцей свайго папярэдняга вопыту, а можа, і будзеш помніць. Не бойся таго, што завецца смерцю. Яе не існуе. А вечнасць — невымяральная, без пачатку і канца. Чалавек, які ўсведамляе сваё багацце, багацейшы за таго, які вызначае колькасць сваіх грошай, няхай іх шмат ці мала. Захоўвай усведамленне вечнасці. Заўтра, пасля захаду сонца, я сустрэну цябе. А пакуль, раннем, папрасі ў бацькі прабачэння, няхай яго сэрца будзе чыстае да цябе. Абмый сваё цела і чакай мяне. I выкінь думкі аб самагубстве. Каб толькі ведалі, што чакае самазабойцу, то любы з іх і не падумаў бы пра ўмярцвенне плоці, нягледзячы на самыя невыносныя ўмовы зямнога жыцця. Я па цябе прыйду.
I зноўку цемра.
Раніцай прашу жонку, каб пазвала бацьку. Ён доўга не з’яўляецца, не хоча мяне бачыць. Але вось перад акенцам яго твар.
— Тата, даруй.
— Пайшоў ты да гіцалевай маткі!
— Выбачай за зробленае.
— Няхай табе д’яблы выбачаюць!
— Прабач за прынесенае няшчасце.
— Гары ты ясным полымем.
Ад пачутага жонка страціла прытомнасць. З хаты выскачылі незнаёмыя людзі. Яны ратавалі жанчыну, а я быў пракляты.
Пад самы вечар усё ж пашчасціла ўгаварыць радню, і яны выпусцілі мяне, шалёнца, спачатку ў сенцы, а затым увайшоў і ў хату. Нагрэлі ў печы вады, вылілі ў начоўкі, і я абмыў бруднае цела.
Сонца схавалася. Упершыню я быў шчаслівы. Лёгшы на шырокі ўслон паўз кут, я чакаў. Прайшло не больш гадзіны… і тады я памёр…
Паўсюль гнілая морква. Праламаная падлога ў старым разбітым каўчэгу зацягнута павуціннем. Праз пралом урываецца едкі дым, казыча ў носе і робіць мокрымі вочы. Нейкая паненка ў балотнай сукенцы, пашытай з прасціны, сядзіць на хісткім століку і плюецца шалупіннем сланечніку. Вочы яе глядзяць у розныя бакі, і толькі зрэдку, калі каўчэг уздрыгвае, вочы збягаюцца і засяроджана ўтыкаюцца ў пераноссе. Вялізны чорны штамп на грудзях сукенкі гаворыць пра дзяўчыну, што яна з «Минздрава».
— Ха-ха, а сабака ўкусіў прапаршчыка,— ад смеху ў паненкі вывалілася завушніца і, збіўшы павука, пакацілася ў прадонне.
Я і цётка Хая гуляем у карты. Нам доўга ехаць, і мы раскідваем калоду за калодай. 337 разоў я кінуў цётцы Хаі дурня.
— Вай-вай, мне сорамна,— цётка Хая ўтыркае недаедзеную булку між каленяў, дастае з-пад лахманоў яблык.
— Перадай паненцы, няхай згоніць смагу.
Нам доўга, доўга ехаць. А колькі? Не ведаю ні я, ні цётка Хая, ні паненка. Надакучыла гнілая морква, нам яе ўжо не хочацца. Паненка маўчыць. Яна ў дарозе сто сёмы год.
Каўчэг уздрыгвае, рыпіць і праз хвіліну спыняецца.
— Каб вы праваліліся! Зноў рабаваць будуць,— паненачка саскочыла са століка і выварочвае пустыя кішэні.
— Вай! — Цётка Хая хавае за шчаку ручны гадзіннік.
I тут у наша кубло ўрываецца двое тоўстых мужчын. Голыя жываты перацягнуты шырокімі папругамі. У аднаго сівая галава і адсечана правае вуха, другі трымае ў руцэ плецены лазовы кошык.
— Ату! Распранайцеся! — Аднавухі здзірае з цёткі Хаі душагрэйку.
— Вай-вай, а за што? А людзі, а як жа мне…— Цётка Хая выцягвае шчэпцем з-за шчакі гадзіннік і кідае У кошык.— Вай-вай, забірайце ўсё, толькі не нацельнае. Вай, і як жыць?! Гэта ж заканчваецца Элул, апошні месяц 5749 года, а мы голыя? — Цётка Хая ўсцягвае на Цела кучу лахманоў, я прыкрываюся рукамі, а паненка загарнулася прасаленай газетай.
Пагранічнікі пайшлі. Каўчэг зноў здрыгануўся і пацягнуўся далей.
— Ё-ёй, а каб вас дзеці баяліся, каб кароста ў пасху з’ела, як нас вы голымі ў свет пусцілі. Уй, і што далей будзе!
— Сцісніце зубы і маўчыце,— паненка выцягнула з закутка звязаны вузел.— Выбірайце! Да наступнай мяжы пагрэемся.
— Жывём! У нас жа засталіся карты.
Я зноўку цётцы Хаі накідваю дурняў. Паненка глядзіць у акно. А праз праламаную падлогу паддзімае сняжок.
— Ох, і наеўся б я зараз кількі, з дзесятак бляшанак умяў бы, а ты, цётка?
— Ды ідзі ты… Кілька… Я б курачку ці цяляцінкі пасмакавала. I казаў жа мой Мэндаль, каб прыпаслася… Але ж, зладзюгі, усё роўна адабралі б. То лепш ужо хлебцам… Ух, няма жыцця! I як то дабрацца да месца. Вай-вай, як не хацелася мне ехаць за мяжу, паслаў жа,— цётка Хая парылася ў лахманах, выцягнула змяты пачак цыгарэт.— Не ўсё адабралі! Падымім і пагрэемся. Паненачка, зацягнешся? Нашанскія, тамака такіх не будзе, а?
— Угу!
I вось сядзім мы ўтраіх і прыцмокваем ад радасці. Смакацішча!
Ат, ці езуіты гэта зразумеюць? Халера на іх, абы нам добра.
— Уй, да чаго я дадумалася,— цётка Хая аж папярхнулася дымам,— а чаго б нам разам не сесці — цяплей то будзе.
Мы садзімся поплеч. Цяплей, але ж зубы ўсё роўна выстукваюць «барыню». Пад лаўкі вецер нанёс снегу, ногі туды не ўтыркнеш. Мухі і камары з вокнаў абсыпаліся, цяпер добра глядзець — не лезуць у вочы і не засцяць дня. А паненка маўчыць. Смаліць цыгарэту і маўчыць.
— Вай, як была я дзеўкай, то хадзіла ў пякарню, там хлябцы пяклі, як там цёпла, вай-вай-вай! Цяперака б туды мяне. От адагрэлася б!
Цётка Хая пачынае драмаць.
Каторы ўжо дзень сядзім у гэтым загаджаным каўчэгу, а ўсё свеціць сонца.
I куды нас вязуць, і хто нас вязе, і навошта?
Ды гэтага не ведаю ні я, ні цётка Хая, ні паненка. Выгналі нас з дамовак. Шукаем замежжа. У паненкі на другое стагоддзе павярнула, а яна так і не знайшла супынку.
Колькі мне тут зябнуць і сыходзіць потам?
— Кінь яму морквіну, а то не адстане,— паненка вачамі паказала за акно.
Там, знадворку, побач з каўчэгам бяжыць маладжавы стары з выпеставаным тварам, у адгладжаным пінжаку, на якім вісіць сотня медалёў і ордэнаў. Здаецца, залатыя пагоны блішчаць. Але праўда, не разгледзеў я іх. Ён усміхаецца, шамкае ротам і нешта нам крычыць. Толькі ж як тут пачуеш. Ды і цётка Хая пачала падхропваць.
Я, не шкадуючы, кінуў прыгаршчы заледзянелай морквы, і ён, цупнуўшы на месцы, пачаў збіраць яе запазуху.
Прахапілася да дрымоты і цётка Хая.
— Вай, і нашто карміць трутняў! Нас ён голадам марыў, уй, страшна ўспомніць. А вы яму морквы. Яго ніхто і ніколі не запіша ў шчаслівы год. Бач, і за мяжой няўежна. Дамоў бы яго, вуй, што б было. Толькі ж гарэлачнае мора не пераплыве — захлынецца. Няхай бегае, няхай слюнці пускае, а вы морквай не кідайцеся. А то, вуй, футбол развялі.
Не варушыцеся! — паненка задрыжала ўсім целам і выпрастаныя перад сабой рукі скіравала на нас.— Я бачу воблакі, яны свецяцца. Гэта аура. Яна рознакаляровая і ўвесь час мяняецца. Вы думайце, думайце хоць аб чым. Яна змяняе над вашымі галовамі колер і бляск.
Над хлопцам яна заліта ружовым колерам. Ён да некага вельмі шчыра прывязаны. I думкі яго аб кімсьці неадступныя. Гэта ж бязмежная адданасць чалавека чалавеку. Але вось воблака крыху мяняецца. Я бачу, пакуль што ледзь-ледзь цьмяна-карычневую афарбоўку. Так, гэта ўжо самалюбства. Толькі яго самалюбства знешняе. Глыбіня ж у яго ауры — добрая. Ён шчаслівы — некага любіў і любіць. Над галавой у цёткі Хаі воблака з сінявата-шэрым адценнем. Гэта колер страху. Чаго баяцца, цётка? Нянавісць і злоба маюць чорны колер. Цяпер ніхто не зможа схаваць ад мяне сапраўдны стан сваіх адчуванняў і адносін. Я прасвятлела!
Цётка Хая спуджана схапілася рукамі за галаву, прабегла пальцамі па сівеючых валасах і закрыла далонямі твар.
— Навошта было гэта рабіць? Да майго слыху даходзіў спеў птушак, я бачыла вясну. Цяпер я сляпая. Азарэнне было імгненнае. I не знайсці мне цяпер свайго фізічнага цела, яно застанецца і надалей спаць. Мне не вярнуцца, ніколі не вярнуцца.
Усё разбурана, разбітая цэгла замінае ісці, разламаны і абвалены насцілы паміж паверхаў. А мне так хацелася забрацца на апошні, дзе галубы ладкуюць гнёзды і адкуль бачны бераг дзяцінства. Там узрастае на дрэвах каханне, яно квітнее круглы год, і цэлыя клумбы там шчасця. Сто сем гадоў дарэмнага бадзяння…
Паненка бязгучна ссунулася з лаўкі і нырнула ў пралом падлогі.
— Вай! Яна была вар’ятка! Як мы ўцалелі?
— Яна была шчаслівая.
— Ты ад яе заразіўся. Схадзі і памый твар.
— Там зачынена. З маю галаву вісіць замок.
— А яна была, была вар’яткаю!
— Ад яе сыходзіла святло, яе прысутнасць побач рабіла мяне шчаслівым. У ёй бачылася радасць і прыгажосць жыцця. I я грэўся ў промнях яе любячага сэрца.
— Вай, ты не даедзеш да мяжы. Нешта ўсялілася ў цябе. А як мне адной, вуй?
Цётка Хая заплакала, размазваючы па друзлаватым твары слёзы. З верхняй паліцы на паненчын столік зляцеў певень з абмарожаным грэбнем, крутнуўшыся раз-другі, ён падабраў пад сябе ногі — сеў.
— Не плачце. Ніколі не плачце, калі толькі гэтага вам не трэба для аднаўлення страчанай раўнавагі. Памятаеце: «Смейцеся, і ўвесь свет будзе смяяцца з вамі!»
— Ты пакахаў паненку. Вай-вай, гора мне горкае. Я спадзявалася на падтрымку. А ты ўвесь у каханні.
— Я пакахаў яе, але незразумелым каханнем.
— Дык жа кожнае каханне незразумелае. Ты думаеш, што саламандры бачны толькі для няўстрымных паэтаў. Але ж яны таксама рэальныя для саміх сябе і для тых, хто іх бачыць, як гэты певень на століку.
Каўчэг задрыжаў. Ён таргануўся з пяток разоў і трэснуў пасярэдзіне, быццам шалупінне ад яйка, разваліўся. У вочы ўдарыла святлом. Нагрэты сонцам пясок падаваўся мёртвым і некранутым. Певень, апёкшы лапы, успырхнуў і паляцеў да лесу, які шчарбатай пілой чарнеў наперадзе.
— Прыехалі. Во і мяжа. Што рабіць будзем?
— Я паспала б, ды баюся. Вуй, ты малады, і што Ў галаве, аднаму табе вядома.— Цётка Хая сарамліва адвярнулася.
— Памалюю, пакуль спёка зляжа. А там пешкі пойдзем, не сядзець жа. Паспі, цётка Хая, пераскоч у другую палавіну каўчэга і драмані.
— Ыгы, так я і легла. На кіёк і малюй, я глядзець буду. Толькі паненку не трэба, а то злавацца пачну. Навошта яна табе, паглядзець вакол, дык і лепшыя есць… Добра. Ай, як добра! Гэта ўжо ў стылі Вазарэлі робіш. Бачу гульню белага і чорнага, плям і рысак. Проста рамантычныя кантрасты атрымліваюцца. А форма, якая форма! Вуй, выліты Вазарэлі. Ты мастак, хлопец. Вялікі мастак. Цяпер давай знакамітую вазарэлеўскую серыю зебраў накідай.
— Адчапіся, цётка Хая, са сваім Вазарэлі. Прыдумала!
— Так ужо і цётка. А мо я Кайафа, ха-ха. Ты ведаеш, хто ён? Не ведаеш. Я з яго роду. А быў ён абвінавачвальнікам Хрыста.
— Але ж Бог ад адной крыві стварыў увесь род чалавечы для жыцця на ўсёй зямлі.
— Вай, тады ўсё чалавецтва браты і сёстры, калі ад адной мы крыві. I не маем права чыніць адно аднаму шкоды. А тады як з прынцыпам Кайафа, паводле якога можна лёгка знішчаць інакамыслячых быццам дзеля карысці народа? Прынцып гэта: «Лепш няхай загіне адзін чалавек, чым увесь народ».
— Так, так, цётка Хая. Ахвяруючы адным чалавекам, мы ахвяруем народам. Бо адзінкі ў суме складаюць народ. Ні для кога не бачна той мяжы, калі з адзінак, дзесяткаў, соцень і тысяч складваецца народ. Вы ахвяруеце мною, я вамі і… Не, не! Вы з жахлівага, крывавага роду! Народ жа — гэта кожны!
— Звычайная я дачка Майсеева, пагарджаная многімі і зацкаваная. Зігмунд Фрэйд усё ж быў правы, калі даследаваў бесчалавечнае ў чалавеку. Мной трохі пражыта і тое-сёе пабачана. Бесчалавечнае датэрмінавана звярыным у чалавеку. Я ўпэўнена, яно па сваёй прыродзе не вольнае, накіравана супраць волі. Вуй, трагедыя, відаць, у тым, што бесчалавечнае цесна пераплецена з чалавечнасцю. Адно ад другога немагчыма адлучыць. Вот так я табе скажу.
— Сонца пахаладнела, па пяску можна ісці. Будзем пакідаць каўчэг. Вы пойдзеце са мною?
— А дзе ж мне дзецца?
I яны пайшлі, асцярожна перастаўляючы ногі па пяску. Нанесеныя ветрам пагоркі заміналі хадзе. Далёкі лес пакрыху набліжаўся. Толькі з кожным крокам станавілася цяжэй і цяжэй ісці. Пясок з’ядаў ногі. Пакуль што гэтага не заўважалі ні хлопец, ні цётка Хая. Яны пераадолелі яшчэ адзін прыгорак, спусціліся > лагчынку-выемку і аслупянелі. Усё навокал усцілалася людскімі касцямі. Упарадкаваныя груды шкілетаў уздымаліся на добрыя дзесяткі метраў. Высушаныя і выбеленыя сонцам косці былі як рафінаваны цукар. Шмат чарапоў вакол проста панакідана, як футбольных мячыкаў.
Толькі ж лагчына гэта — не лагчына і шкілеты — не шкілеты. Узнялася прад вачыма агромністая гара, на якой палаюць вялізныя тры шасцёркі — 666. Канец свету. Д’яблава месца. Пекла. I ўчулі хлопец з цёткай Хаяй стогн, людскі енк. Зашамацелі касцямі шкілеты, папаўзлі па зямлі, шукаючы кожны сваю галаву-чэрап. А з вакольных дарог адусюль грэшнікі на вазах бітум вязуць, на плячах застылыя кавалкі смалы нясуць. Гара чарненны дым выкідае ў неба.
Цупнулі цётка Хая з хлопцам на калені і на карачках з прыседкамі дабраліся да шчыліны-пралому ў гары. Упаўзлі туды, наважваліся зацішыцца. Толькі ж дзе там.
— Вай, хлопча, паглядзі-тка туды.
I ўбачылі яны пасярод пекла ёмкі слуп, да якога ланцугамі прыкуты Люцыпар. А паўсюль катлы, катлы з душамі, а рэшта іх так, без катлоў, валяецца. Спадыспаду агонь шугае, пячэ, а зверху бітум распалены льецца. На калодзе ж сам д’ябал сядзіць, кіруе шкілетаМ1* Сякуць яны сякерамі бітум і кідаюць без супынку, кідаюць пад катлы.
— Вай, хлопча, бачу Рохлю, шынкарка знаёмая мая. Пры дарюзе жыла ды сялянам напавер гарэлку давала. Вуй, цягнуць яе ў кацёл. А д’яблішча, шкурат, як шчоўкае капытамі. Каб ён угарэў.
— Маўчы, цётка.
— Вай, вай, Рохлечка мая ты, Рохля!
I кінулі распатланую душу жанчыны ў кацёл, туды ж спіхнулі і крамяную маладзічку. Намагаюцца яны выскачыць, толькі ж чэрці бізунамі з валовых лосікаў іх лупцуюць ды назад спіхваюць. А самі нячысцікі рагочуць на ўсе лады.
— Навошта ж я пайшла з табою з каўчэга? А сядзела ж бы я там седма, ліха-бяды не знаючы. Вуй, а як то выбрацца?
— Цётка, у каго грошай кашэль, таго не апранаюць у шынель, а ў каго ні граша, а пустая лапка, таму і надзяваецца чырвоная шапка. Прыгледзься лепш, колькі вайскоўцаў вядуць. I кожны з іх нясе на плячах забітых ім. Вось яна якая, любоў да чалавецтва ўвогуле і кожнага паасобку. А мы з вамі пра нейкага Кайафу. Ды і каўчэг бы не ўратаваў. Ну, а да мяжы мы ўсё ж дабраліся. Але вунь нашу паненку з каўчэга паклалі шкілеты каля д’ябла.
— Вуй, няма ратунку і тут ад яе.
I наляцелі з усіх бакоў на паненку чэрці. Мэнчаць яе, усе косці, жылы і пажылкі сабе грабуць, дзеляць, як скарб. Засталася толькі скура. Узняўся тады д’ябал з калоды, прытупнуў і ўлез у паненчыну скуру. Лінулі нечым вадкім, і ажыла паненка з д’яблам усярэдзіне.
Хлопец не ўгледзеў, як цётка Хая ўхапіла яго за руку і выцягнула са шчыліны-пралому ў гары.
— Бяжым, адсюль, вай-вай. Мо шчэ пашчасціць выжыць. Я бачыла, як паненка-д’ябал зірнула ў наш бок. Яна нюхам учула цябе. Навошта любіць было яе? Вуй! Давай шукаць шлях у вырай. Ён тут дзесь недалёка.
— Але ж дарога туды забаронена. Пакуль чалавек не саграшыў, датуль ён жыў у раі, а пасля грэху Бог аддаў рай птушкам. Навошта, каб дарэмна ён пуставаў?
А мы з табою не птушкі. I як туды патрапіць?
— На небе, каб не блудзіць, ёсць птушыная дарога, ясная і шырокая. Вуй, яна нас выведзе ў выр…
Цётка Хая не паспела дагаварыць. З вяршыні гары, разам з дымам, вылецела паненка-д’ябал, стралой мільганула па небе і завісла над галовамі былых каўчэгаўцаў.
— Ха-ха! А сабака ўкусіў прапаршчыка. Куды вам уцякаць? Шчаслівейшага месца не знойдзеце. Я ж абодвух вас люблю. Вы на мяжы, далей пакутаваць не варта.
Паненка-д’ябал схапіла за гарлякі хлопца і цётку Хаю. Пальцы мёртвым замком сашчыкнуліся на іхніх шыях.
Ага! Усё! Вось і ўсё! I тады я пам…
Не! Што вы, не!
Я ж Сымон. Цяпер іду дамоў. Вунь наша селішча. У свата заседзеўся. Сёння весні Юр’я. Мы і сёрбнулі патроху. Сват і аброць падараваў. А яшчэ зайду да Маскоўкі. Пекная кабетка. Прынесла яе аднекуль да нас. Кажа, з Масковіі. Цяпер і быць ёй Маскоўкай.
Месяц не жыла тут, а да мяне прыгледзелася. Паехаў я па соль раннем. Запрог кабылу, нагроб у мех кабыле аброку, палажыў на воз і памаленьку загуменнем бубню на калёсах. Ітолькі выехаў за вёску, а тут Маскоўка аднекуль шамялях на воз. Трэба ж, лярве, без спадніцы зусім. З налёту і без смеху давай цалаваць мяне. Ну і ўсчалося гэтае дзела. Разлажыліся на возе… Упарыліся, хоць выкручвай. Кажуць, цяперака яна не наймаецца на работу падзённа, шэпча хваравітых ды зёлкамі лякуе. Бач ты здатная. Ох, Сымон ты мой, Сымон, Сыманюшу, перавярнула яна табе сэрца й душу. Ну і няхай. Заганы тут ніякай няма, я ж халасцякую. Вунь ужо і яе хата. Пералезу цераз плот, каб не шукаць зашчапкі. Хісткая, халера. Добра, хоць сабаку не завяла. Ціхенька, крадком і да дзвярэй. Не забылася яна пра мяне? Не, не магла забыцца. Так. А чагосьці ў яе варотцы адчынены на лужок. Забылася прыткнуць дрынам ці паленцам. Я табе ўслужу, Масковачка, прычыню.
Ну і халера. Мая Масковачка прасцірае ручнікі, збірае расу і адкручвае ў дайніцу. Нябожчык Кузьма баіў, што так малако цягнуць да сябе ад тых кароў, якія пройдуць па месцы збору расы. Няўжо ж яна вядзьмарка? Во ўжо ўліп я, што нябачна і макаўя.
А што, калі і мне дзеля жарту пазбіраць расу аброццю?
Падумана — зроблена. Пачаў Сымон цягаць аброць па ўрасянелай траве. Вымаклі скураныя нацяжкі, аж ад месяца блішчаць, вада ледзь не цурком скочваецца. Пастаяў ён з хвіліну, падзівіўся на Маскоўку і асцярожна, наколькі мог пасля выпітай саладухі, пайшоў дахаты. Якое там ужо каханне пасля ўбачанага.
Прытупаў я ціхенька на дворышча, павесіў аброць на сцяну ў сенях, якраз над ступаю, а сам у хату. Узяў з покуці грамнічную свечку, ладны гаршчок ды ў хлеў. Запаліў там свечку, прыкрыў яе гаршком і сяджу, патроху і дрымота бярэ. А калі спытаць: навошта гэта раблю, то і адказаць не ведаў што б.
Толькі ж сяджу. А тут раптам бачу: прачыніліся дзверы ў хлеў і Маскоўка стаіць у месячным праломе. Я хуценька шморг гаршчочак са свечкі — і ўсё вакол бачным стала. А на Маскоўцы ніякага і спуду. Падыходзіць да мяне, усміхаецца. Прысела поплеч на салому і лашчыць маю галаву.
Мне ж брыдка неяк ад яе, але не паказваю выгляду.
— Аддай аброць, Сымонка,— просіць яна і так ласкава і мякка, хоць у вуха кладзі.
— Навошта яна табе, ды і якую аброць,— так кажу, быццам нічога не ведаю.
— Не жульнічай, Сымонка. Тую аддай, што над ступаю ў сенцах.
I праз ласкі пачала Маскоўка шлыкатаць мяне, ды так мудра і ўвішна, аж дых захапляе. Крутнуўся я праз сілу, ускочыў і гаманю ёй: «Згінь, ведзьма, з нашага селішча, пакуль людзём не сказаў, хто ты ёсць».
Усхапілася і яна. Злоба, бачу, буяе ў ёй, але хуценька ўтаймавалася.
— Эх, Сымонка, я ж цябе так кахала, так любіла, а ты… Ды нічога! Пайду я ад вас, пайду, не гневайся. Толькі ж на памяць дазволь завязаць табе хустачку.
Выцягнула Маскоўка аднекуль хустачку і, пакуль я думаў ды разважаў, завязала мне на шыю. А сама зарагатала і знікла. Быццам і не было яе ніколі.
Глянуў я на сябе, аж і рукі, і ногі, і ўсё цела абрастаюць воўчай шэрсцю. Замест рук і ног утварыліся ваўчыныя лапы. Я катануўся промельгам на вуліцу, завыў ад гора і роспачы ды з такой сілаю, аж самога жах працяў. Што ж, стаў я ваўкалак ваўкалакам праз клятую Маскоўку.
Загароддзем, ціхімі месцамі кінуўся з вёскі. Бягу каля магільніку, раптам бачу, як адна магіла расчынілася, вылез з яе нябожчык і скіроўваецца да суседняй вёскі. Ну і я слядком за ім, ад кусціка да кусціка, ценявымі мясцінамі, каб месячык мяне не высвеціў і не выдаў. Дайшлі мы так да вёскі, а там, каля сярэдняй хаты, дружба вясельная гуляе. Я ж не спускаю вачэй з нябожчыка, цікую за ім. А ён цішком падышоў да парога хаты, зняў з сябе пояс ды і паклаў уздоўж ганка. I тут я ўгледзеў Маскоўку. Цягне яна ўсё вяселле на вуліцу скакаць, каб быццам не ўпарыцца. А сама, погань пошасная, нябожчыку падміргвае. Пераскочыла Маскоўка першая парог — нічагусенькі з ёю не сталася. Следам жа і жаніх з нявестаю, і дружбакі іхнія праз парог пайшлі. I як толькі пераступалі пакладзены нябожчыкам пояс, адразу ж станавіліся ваўкалакамі-ваўкамі. Во яно як, думаю сабе. Тут я промельгам круць і назад, на могілкі. Напэўна ж вернецца нябожчык да свайго месца, дай я лягу ў яго труну. Улез у магілу, лёг у труну і чакаю.
I спачыць, падумаць не паспеў, як прыходзіць нябожчык.
— Ты навошта забраўся на маё месца? — пытаецца.
— А так мне захацелася.
— Вылазь хутчэй з магілы, бо мне прыйшоў час класціся на сваё месца,— не просіць, а загадвае нябожчык.
Ну, а я пашчу ашчэрыў і гыркаю на яго.
— Навошта,— кажу,— вяселле ў ваўкалакаў ператварыў і кім табе прыходзіцца Маскоўка?
— Гэта мая справа,— так ён адказвае.
— Гуляй тады па свету беламу, а я пасплю. Куды мне, ваўкалаку, спяшацца? Буду тут ляжаць, пакуль не адкрыеш тайну, як зноў ператварыцца ў чалавека.
Круціўся-муціўся нябожчык, а тут адна хвіліна да прызначанага часу засталася. Трэба класціся ў труну, інакш не ведаць яму спакою стагоддзямі.
I тады нябожчык сказаў:
— Адгрызі ад маёй труны трэску, запалі яе досвіткам у вогнішчы, якія пакідаюць пастухі конскіх табуноў, і запаленай трэскай абкуры кожнага ваўкалака, сябе ж самога — апошняга, і стане зноў кожны з вас чалавекам.
— Пра Маскоўку ты нічога не сказаў.
— Якая яна Маскоўка? Яна Мара, русалчына дачка, згубніца людская. Ты пры выпадку паглядзі на яе, калі будзе ісці каля вады. Паглядзі на яе супраць вады. I ўбачыш усю наскрозь. Выслабані маё месца.
Адгрыз я трэску і выскачыў на волю. Нябожчык толькі лёг на месца, як магіла зачынілася.
I пайшоў я да вёскі. Яшчэ здалёк убачыў каля вясельнай хаты ваўчыную зграю. Круцяцца яны, выюць, дзяруць лапамі зямлю. Вакол жа госці з вяселля плачуць. Што мне было рабіць? Пабег я на луг, знайшоў не патухлае яшчэ вогнішча, прыпаліў трэску. А тут і ясная зара-зараніца на небе выплыла. Вярнуўся я ў вёску, падбег да ваўкалакаў і пачаў па чарзе іх абкурваць. Толькі абыду колцам ваўкалака, сціскаючы дымную трэску ў зубах, як ён ужо не ваўкалак, а чалавек. Апошні застаўся. I яго аббягаю, ды, як на тую бяду, дагарэла трэска. Застаўся чалавек з ваўчыным хвастом, з непатрэбнай аздобай, на мяне ж зусім не хапіла нябожчыкавага ратунку. Гаруй ці не, а жыць трэба. Схаваўся ў лесе. I спазнаў бяду непераказану. Дужа ж кепска з ядою было — адно сырое мяса, а і тое, жыццём рызыкуючы, здабываць мусіў. Крадочкам падпаўзаеш у статак, задушыш адну авечку ці гавяду — а яна не смачная; задушыш другую, трэцюю — а яны ўсе роўныя. Вярэціць нутро ад сырака. А адзін раз дык і на свой падворак ваўкоў прывёў. Пачалі хапаць парасят, ваўкі большых і лепшых хапаюць, а я дык што меншае і горшае — што ні кажыце, а сваё, шкада.
А найбольш за ўсё шукаў я Маскоўку. Толькі ж знікла яна з селішча, у хаце гадзюкі-гадаўкі пасяліліся.
Ды і яшчэ адна бяда сцерагла штоночачкі. Спаць-то я клаўся разам з ваўкамі, але з таго боку, каб ветрам не несла ад мяне на ваўкоў. Інакш учуюць пах нетыповы, не ваўчыны, а мой, чалавечы-ваўкалачы. I…
Толькі ж неяк адным днём стаміўся, што і насцярогу згубіў, лёг супраць ветру. Прачнуўся, аж трашчыць мая скура, ірвуць ваўчыдлы яе ікламі. I няма ўжо ніякай сілы, каб выратавала мяне.
Узвыў я так, што абсыпаліся з неба зоры, а месяц скаціўся ў багну. Патухла апошняя іскарка ў маіх вачах, узяла верх над усім цемра, ды такая густая і ліпучая, з якой не вырвацца і не выйсці…
I тады я памёр…
…Зноў стукаюць у дзверы. Настойліва ломяцца. I хто б падказаў, калі ўсё скончыцца. Я стаміўся. Няма сілы влядзець у гэтыя твары, слухаць сотні разоў сказаныя словы. Давячыся, піць прынесеную бурду і рабіць выгляд, што шчаслівы і ўсё падабаецца. Самотна і нудна штодня хадзіць па адной і той сцежцы. Я ўжо навучыўся сярод тысяч слядоў на дарозе знаходзіць свае і, не баючыся, станавіцца на крохкі вымерзлы лёд.
— Пачакайце, зараз адчыню. Іду, іду.
Навошта прыбіраў у кватэры?
— Ну ты і спіш. Паўгадзіны шкрабемся.
— Праходзьце.
Акрамя Ірыны і Пятра, усіх астатніх бачу ўпершыню. Поўная валізка партвейну, з кішэняў дастаюць гарэлку. У мяне не кватэра, а прытон. А я? Цьфу ты, чыстаплюйчык блышыны. Лезь у лядоўню і стаў, што ёсць, на стол. Цяжка прыняць толькі першую стограмоўку, а далей усё проста і прыемна, як пасля доўгага ўстрымання памець жанчыну ці папісаць на сцяну найгалоўнейшага ў горадзе дома.
— Знаёмцеся, гэта Сікорскі, гаспадар хаты,— Пятро паляпвае мяне па плечы. Калі яму хочацца, няхай прыкідваецца лепшым сябрам.
— Я Танечка.
— Валька.
— Ігар.
— Міхась.
— А я Сікорскі.
— Пачнём чарніліць,— Пятро звычна расстаўляе пітво і закуску на стале.
Танечка, угледзеўшы піяніна, бамкнула па клавішах і нізкім голасам зацягнула:
— Ох, раз, яшчэ раз, яшчэ многа-многа раз.
Лепей сорак раз па разу, чым ні разу
Сорак раз…
…Чаму? Не ведаю. Але сотню разоў у маіх вачах і памяці пракручваецца адзін і той жа эпізод. Ад яго ніяк нельга пазбавіцца. I цяпер вось, за сталом, я бачу на сцяне тое, перажытае. Так, я яго перажыў. Восеньская блакада. Балота. Шэсць узброеных мужыкоў і дзевяць жанчын. Дзесяты я — немаўля. Мне тры месяцы ад нараджэння. Слотнае паветра, дробная імжа. З усіх бакоў абкладваюць наш ашалелы гурт ворагі. У грудзях маёй маці няма ні кроплі малака. Яны пустыя. Я галодны, кугакаю, знямоглы, патрабую ў знямоглай маці ежы. I яна ўжо не хавае грудзей. Вісяць яны паверх кашулі, крыху прыкрытыя мокрымі поламі пінжака. Сасмягла цмокаю пустыя саскі. Толькі ж як мне супакоіцца? Ірвецца пісклявы пратэст з майго горла. Я супраць голаду, на які аддала мяне маці, супраць знерваваных і стомленых людзей, супраць ворагаў, якія палююць на нас, супраць цэлага жорсткага свету. Сіла маёй нязгоды ў голасе, ледзь чутным голасе. Але мой рот увесь час прыкрывае рукой маці. Толькі ж я ўсё роўна люблю яе, хоць закрадваецца і злоба.
— Заткні ты яму глотку,— шэрыя вочы худога мужчыны халодна блішчаць.
Маці прыціскае маю галаву да пляча. У мяне перахапляе дых ад змоклай кашулі, ад багністага паху вады. Змаўкаю. Крыху маўчу. Я ненавіджу ўсіх гэтых зацкаваных, запалоханых людзей, якія ратуюцца ад ворагаў, ратуюцца самі і ратуюць мяне. Толькі ж сёння ў іх вачах не бачна спагады, не чутна добрых слоў. Яны спачатку крадком, а пасля смялей і смялей глядзяць на мяне з варожасцю. Гэта адчуваю не толькі я, але і маці. Соўгае, соўгае яна пустыя саскі ў мой рот, я змагаюся.
— Праз твайго вырадка ўсіх нас пакосяць,— так кажа худы мужчына, ён начальнік ашалелага гурту.
Бабы ў згодзе хітаюць галовамі. А ў маці вар’яцеюць вочы. Яна так прыціскае мяне да сябе, быццам хоча упіхнуць зноў у чэрава. Ворагі шчыльней і шчыльней абкладаюць нас у балоце. Страляюць па маім голасе, і выратавання, здаецца, не будзе ўжо ні для кога.
— Значыць, так,— худы тыцкае ў мяне пальцам,— Ці засунеш яго пад корч, ці разам з ім пакінеш нас.
Усе з палёгкай уздыхаюць. Сказана тое, аб чым кожны думаў. Рашэнне прынята.
— Канстанцін, Божым імем прашу, не прымай такі грэх на душу.— Гэта словы ціхай старой жанчыны, маёй заступніцы.
— I ты можаш застацца з імі.
Старая прымоўкла.
Маці згорбілася, не пярэчыць. Яна каменная, таму не мае слоў. А ўсе глядзяць на яе, быццам любуюцца маладосцю.
— Вырашай. Няма калі думаць.
Маці бясслоўна адышлася ад гурту. Усе з надзеяй глядзяць ёй у спіну.
«Бойся мухі-веснавухі і дзеўкі-векавухі…» Не магу я сціхнуць. Не хачу маўчаць. Хваравіты алешнік і застаялая балотная вада. У навальніцу вецер вывернуў ёмкую яліну. Яна ляжыць і не першы год чэзне ў непраходнай багне. Маці стаіць каля яе. Цвінькаюць кулі па вяршалінах дрэў, бомкаюць у парыжэлай траве. Усім целам я адчуваю, як б’ецца сэрца ў грудзях маці. А худы і стомлены начальнік павёў ужо далей змучаных акружэнцаў.
I тут адным адчайным рухам маці саўганула маё цела-камяк пад выварацень. Крык абарваўся, як песня жаўранка. Лопнулі адна, другая, трэцяя бурбалкі…
I мяне зноў не стала.
* * *
— Дзе яго знайшлі?
— У каналізацыйным калодзежы, недалёка ад паліклінікі.
— Колькі прыкладна часу прабыў ён там?
— Гадзін сем, дзевяць… не больш паўсутак.
Капітан міліцыі паспешліва запісваў у нататнік.
Маладзенькая медычка разглядвала пафарбаваныя пазногці на руках. Чысты белы пакойчык, наскрозь прапахлы лекамі і ванітавата-саладжавай чалавечынай, асвятляецца настольнай лямпай.
— Ці будзе жыць?
— Не ведаю! У аперацыйнай ён.
— Пры ім былі хоць нейкія пасведчанні асобы, прафсаюзная кніжка, ну, дакуменцікі?
— Нічога не знойдзена. Можаце паглядзець ягоныя рэчы і вопратку ў сястры-кастэлянкі.
* * *
— Робім адкрыты масаж сэрца,— хірург працягнуў тонкую руку да асістэнта.
Цемра. Пустата. Бясконцасць. Адзінота.
Чырвоны мячык з жоўтай паласой змяншаецца і змяншаецца. Нарэшце становіцца ледзь бачнай кропкай і знікае зусім.