Анатоль Кудравец — Авохці мне!

Анатоль Кудравец

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 – Ну як, добра?
 Выхавацельніца малодшай групы дзіцячага сада Ліля Іванаўна стаяла перад люстэркам, сціснуўшы рукой каўнер паліто. Адступіла на крок назад, каб бачыць сябе ўсю, павярнулася туды-сюды. Белы з заечага футра каўнерык шчыльна аблягаў шыю, хаваючы глыбокую маршчыну на ёй – не надта радасную адзнаку не дзявочых ужо сарака гадоў. Твар у гэтым пушыстым гняздзечку выдаваў маладзейшым і свежым.
 – Ну як, добра? – спытала зноў і паглядзела на малую чатырох гадоў, што, склаўшы ручкі, як гэта могуць старыя бабкі, «усё ўсыпаўшы ў печ», пазірала на выхавацельніцу вялікімі, круглымі, як гузікі, карымі вачанятамі. Малая заківала галоўкай, паказваючы, што ёй падабаецца Ліля Іванаўна ў гэтым даўгім – да пят – бардовым паліто-халаце. На каўняры тырчалі хвосцікі белых нітак. Ліля Іванаўна ўзяла нажніцы, абрэзала іх.
 – Ну, дзе яе чэрці носяць? Няўжо яна думае, што я кожны раз буду вадзіць яе дзіцянё дамоў? – сказала без злосці.
 Дзяўчынка на гэта нічога не адказала.
 Ліля Іванаўна надзела на галаву маленькую рыжую шапачку, абшытую па беражку ўсё тым жа белым зайцам, перахапіла талію белым поясам з чырвонымі кутасамі на канцах, прыклеіла вусы-мяцёлкі, шырокую бараду і павярнулася да Лялі. Тая аж роцік разявіла. Перад ёй стаяў Дзед Мароз і пазіраў на яе строгімі вачыма. Лялі стала страшна, і яна зморшчыла маленькі носік-кнопку і вось-вось гатова была заплакаць.
 – Ну, не плач, не плач, – засмяяўся вясёлым голасам Дзед Мароз, падхапіў Лялю на рукі, падняў бліжэй да барады, і Ляля зноў убачыла, што гэта ніякі не Дзед Мароз, а ўсё тая ж добрая Ліля Іванаўна. I Ляля засмяялася ад радасці, што яе страхі скончыліся, бо яна ведала, што з Ліляй Іванаўнай яна нічога не баіцца. Ліля Іванаўна прыціснула яе да сябе, і не паспела Ляля апамятацца, як ужо зноў стаяла на падлозе, і перад ёй не было ніякага Дзеда Мароза, а была ўсё тая ж Ліля Іванаўна – без вусоў, без барады, без даўгога дзедамарозаўскага паліто, высокая, стройная, хоць і трошкі паўнаватая, – і ад яе так добра, як ад мамы, пахла духамі.
 Выйшлі на двор, і на іх адразу паляцелі лёгкія сняжынкі, шлакатліва затрымцелі на шчоках.
 Лялін дом быў недалёка ад садзіка, і прыйшлі яны скора. Ляля адразу пазнала свае дзверы. Яны былі абабіты зялёным, а на зялёным было шмат бліскучых кнопачак, і ўсе гэтыя кнопачкі былі звязаны між сабой беленькімі ніткамі, і здавалася, што дзверы парэзаны на зялёныя ромбікі. Ляля сама націснула на кнопку званка. Тата Лёша зрабіў так, каб кнопка званка была нізка і каб Ляля сама магла націснуць на яе. I дзверы абіваў ён сам, і зрабіў так прыгожа, каб Ляля не заблудзілася.
 Дзверы адчыніла мама Тамара. Толькі была яна злосная, нават не павіталася з Ліляй Іванаўнай. Моўчкі прапусціла Лялю і Лілю Іванаўну ў калідор, моўчкі пачала здзяваць з Лялі цёплую куртачку з капюшонам, пакінуўшы Лілю Іванаўну ля парога.
 – Мамка, у нас Дзед Мароз! – зацерабіла яе за спадніцу Ляля. – У нас Дзед Мароз!
 – Адстань, які Дзед Мароз? – адмахнулася маці, атрасаючы Ляліну куртачку ад снегу.
 – Во Дзед Мароз, – Ляля паказала рукой на Лілю Іванаўну.
 – Гэта Дзед Мароз? – усміхнулася Тамара, зірнуўшы на Лілю Іванаўну.
 – Ты па дзіця думаеш прыходзіць? – спытала Ліля Іванаўна. Ёй не спадабалася, як яе сустрэлі, і яна хацела, каб гаспадыня гэта ведала.
 – Прабач, Лілечка. Усё з-за гэтага і гарыць. Я сяджу спакойная на рабоце, ведаю – свякруха дома. А яна, аказваецца, матанула да дачушкі. Тыя надумаліся сустракаць Новы год недзе на дачы, у лесе, дык з дзецьмі няма каму набыць. Мы таксама збіраліся ісці ў оперны, заказалі столік. I Ляля… – Тамарын голас аж ляшчаў у кватэры.
 – Чаго ты крычыш? Я не глухая. I наогул, – паморшчылася Ліля Іванаўна.
 – Крычу, бо хачу, каб і той чуў, – Тамара кіўнула галавой на дзверы залы.
 – Захацела і паехала, – спачатку пачуўся голас, а потым з залы выйшаў і сам Тамарын муж Алёша – высокі чарнявы мужчына. Ён усміхнуўся Лілі Іванаўне, развёў рукамі. – Ты б запрасіла чалавека распрануцца, а то дзержыш у парозе, – дадаў ён мякка.
 – Раздзенься, Лілечка, – спахапілася і гаспадыня, але зноў ускінула рукамі. – Не, хай бы сказала загадзя, а то цішком, падпольна…
 – Яна табе парабчанка ці абавязана чым? – зазлаваў Алёша.
 – Яна не парабчанка, дык ты – парабак. I будзеш сядзець сам з дзіцем, а я пайду.
 – Ідзі… Мы з Лялькай знойдзем што рабіць. Праўда, Лялька?
 Лялька радасна заківала галоўкай.
 – Дзе любоў на грані тапара, трэцяму нечага рабіць, – Ліля Іванаўна павярнулася да дзвярэй, але спынілася.
 – Ты і праўда хочаш сысці сёння з дому?
 – I хачу, і сыду.
 – Тады… пайшлі са мной. Мне трэба памочнік. Бацькі папрасілі, каб я пахадзіла з мяшком, пабыла Дзедам Марозам. Я згадзілася, а мой Іванка, памочнік мой, захварэў. Дык ты будзеш ім, будзем разам шукаць Снягурку. Канечне, калі Алёша адпусціць.
 – Адпушчу… Не адпусціш – яна ж усё роўна жыцця не дасць.
 – Гэта будзе здорава! – загарэлася Тамара. – Толькі што мне рабіць?
 – Нічога. Адзецца трэба пад Іванку, і каб цёпла было. Здаецца, у цябе кажушок быў. Ёсць? Давай сюды.
 Тамара прынесла белы кажушок, у якім фарсіла яшчэ тады, калі кажухі не былі дэфіцытнай модай.
 – Значыць, кажух ёсць, папружку Алёша дасць. Цяпер шапка. Можна во гэту чырвоненькую, вязаную. Прычоска… Распушыць трохі валасы… Яны ў цябе светлыя, гэта добра. I твар кругленькі, маладзенькі, як у хлопчыка. Вочкі сумныя, ты шукаеш сваю Снягурку, ты сумуеш па ёй, каханне паліць тваю душу. Ага, вось так, добра. Ногі… ногі… А боцікаў у цябе няма? Ёсць? Давай сюды, пераабувайся. Ну, чаго ты стаіш? – гэта ўжо Алёшу. – Дапамагай бабе абувацца. Смялей, быццам першы раз бярэшся за жончыну нагу. Во так. Цудоўна. Павярніся. Яшчэ раз. Іванка, чысты Іванка! Дык што, Алёша, адпускаеш сваю кабету?
 – Толькі пад вашу адказнасць, Ліля Іванаўна. Вы ж ведаеце, ад яе можна ўсяго чакаць…
 – Усё будзе добра. Ну, я пабегла дамоў. Трэба ж самой прычапурыцца ды зрабіць што-небудзь. Значыць, Томачка, сустракаемся без пятнаццаці дванаццаць у садзіку. – Ліля Іванаўна выслізнула ў калідор.
 На дварэ церушыўся асцярожны сняжок – такі, якога заўсёды чакаюць пад Новы год. Усё кругом чыстае, улагодненае, гатовае да прыходу свята. Над трохпавярховым гандлёвым цэнтрам, што вялізным, прасвечаным з сярэдзіны ледзяным кубам з надбудоўкай-цюбецейкай узвышаўся на пагорку, гарэлі чырвона-зялёныя неонавыя літары, і ўсё кругом здавалася неспакойным, чырвона-зялёным, – і снег, і дах будынка, і дарожкі. У магазін і з магазіна беглі людзі, і чырвона-зялёнае святло загадкавымі ценямі адбівалася на іх тварах.
 У Лілі Іванаўны было хораша на душы, хацелася спяваць нешта ціхае, сумнае. Недзе ў глыбіні сэрца закіпалі слёзы, але Ліля Іванаўна не баялася іх. Гэта былі слёзы па няўдалым яе жыцці, яна звыклася з імі і ўмела не даваць ім волі. I таму пачала думаць пра тое, што яшчэ не зрабіла сёння і што трэба зрабіць.
 З гэтым яна зайшла ў ліфт, паднялася на свой дзевяты, самы верхні ў іхнім доме паверх, выйшла з ліфта і аж скаланулася ад таго, што ўбачыла. Зверху, з-за ліфта, дзе пачыналася крутая металічная лесвіца на дах, цёк, пераліваючыся з прыступкі на прыступку, тонкі струмень, збіраўся ля ўваходу ў ліфт, ледзь не ля яе ног, у лужыну. Струмень быў жывы, і лужына большала на вачах. Ліля Іванаўна ўзбегла наверх: ёй здалося, што там нехта стаіць. Так яно і было. Завярнуўшыся ў куток, стаяў невысокага росту мужчына ў шэрым паліто і новай трусінай шапцы і, як пі ў чым не бывала, рабіў тое, што прынята рабіць у іншым месцы і каб ніхто не бачыў… Ён нават не пачуў, калі падышла Ліля Іванаўна.
 Гэта быў малады мужчына гадоў пад трыццаць пяць, яна яго ніколі раней не бачыла. Ён павярнуў галаву да Лілі Іванаўны, п’янаватыя вочы яго заміргалі, галава пайшла ў плечы.
 – Юра! – крыкнула Ліля Іванаўна на ўсю пляцоўку. – Юра!
 Адчыніліся дзверы, і з кватэры паказаўся сын. Убачыў маці ўгары, здзівіўся:
 – Што ты там робіш?
 – Нічога. Знайшла работніка, ён паможа прыбраць наш дом к Новаму году. Вазьмі вядро вады, анучу і нясі сюды. Бягом,
 Мужчына рвануўся быў уніз, але Ліля Іванаўна ўчапілася ў яго рукаў, як каршун.
 – Ну, куды ж вы, не трэба так спяшацца… Давайце зробім усё па-добраму, – загаварыла яна да яго ласкава, як да дзіцяці, і яму нічога не засталося, як пакорліва чакаць. – Давайце ўсё па-людску, а то ў нас і міліцыя недалёка, дзе яна толькі ходзіць, ніколі не бачыць, што ўвесь пад’езд за… во такія маладыя чарнільшчыкі…
 Сын прынёс вядро з вадой і анучу і паставіў на падлогу, з гідлівасцю зірнуўшы на мужчыну і на лужыну, з якой ішоў востры смурод.
 – Ну, давайце, – ужо загадала Ліля Іванаўна, і мужчына ўзяў анучу ў рукі так, як быў, у паліто, але Ліля Іванаўна спыніла яго: – Ну што вы, хто ж так робіць, вы ж паліто вымачыце. Здзеньце яго, павесьце сюды, – яна паказала на металічную рэйку, што ішла паўз акно. Яшчэ некалькі хвілін назад п’яныя вочы чалавека набылі яснасць думкі, ён баяўся ўзняць іх угору, на Лілю Іванаўну, і рабіў усё тое, што яна прасіла. Здзеў паліто, перакінуў цераз металічную рэйку, узяў анучу, сунуў у ваду, але заміналі рукавы пінжака, ён здзеў і пінжак, ускінуў наверх на паліто, закасаў рукавы чыстай блакітнай кашулі – белыя, інтэлігентныя рукі яго дрыжалі. Ён памачыў анучу ў вядры, сказаў злосна:
 – Вы не глядзіце на мяне, ідзіце.
 – Ага, я пайду прынясу парашку, а то смярдзець будзе, – ахвотна пагадзілася Ліля Іванаўна, спусцілася ў сваю кватэру, узяла пачак парашку. Вярнулася, пасыпаючы парашком мутны след.
 Верхняя пляцоўка ўжо была вымыта.
 Ліля Іванаўна глядзела, як ён працаваў, час ад часу падказвала, што трэба рабіць:
 – Не трэба столькі вады, навошта вы столькі бахнулі? Анучу спачатку трэба выкруціць, а потым выціраць, а то вы болей размазваеце ўсё гэта сваё, чым выціраеце.
 Ён паслухмяна рабіў тое, што яна загадвала. Скончыў работу, зірнуў на Лілю Іванаўну: адпускае яна яго ці не. Ліля Іванаўна спусцілася ніжэй:
 – Тут, на восьмым паверсе, таксама засталіся сляды.
 – Я першы раз гэтак… – ціха сказаў мужчына, а сам пакорліва ішоў услед за ёй на восьмы паверх, паставіў вядро, стаў замываць чорна-бурыя застарэлыя пацёкі.
 Ліля Іванаўна глядзела на прыгожую, з кучаравымі русымі валасамі галаву, на белыя, далікатныя рукі, відаць, такой работы, якую яны рабілі цяпер, яны ніколі не ведалі, і адчувала, як у грудзях закіпае нешта такое страшна-сумнае, бязвыхаднае, хоць завый на ўвесь голас, і каб не даць волі гэтаму невядома адкуль нахлынуўшаму жалю, павярнулася і пайшла наверх, да сябе, толькі сказала:
 – Божа мой… Хіба ж можна такі здзек учыняць над сабой…
 – Ты заўсёды знойдзеш сабе работу, – сустрэў яе сын. Ён пачапляў на ёлачку цацкі, павесіў лямпачкі і цяпер правяраў, ці гараць яны.
 Ліля Іванаўна нічога не сказала сыну, зайшла ў ванную і доўга мыла рукі з мылам.
 Раздаўся званок у дзверы, яна адчыніла: на парозе стаяў мужчына з вядром і анучай.
 – На сёмым таксама мыць? – спытаў ён, зірнуўшы на яе вачыма пабітага сабакі.
 – Хопіць, – сказала яна і ўзяла вядро. Ён павярнуўся, каб ісці, але яна спыніла яго: – Зайдзіце хоць рукі памыйце.
 Правяла ў ванную, дала мыла, ручнік, сама выйшла на кухню. Запаліла газ, паставіла ваду, пачала абіраць бульбу.
 Мужчына выйшаў з ваннай, але ісці з кватэры не спяшаўся, яна адчула: чакае яе, і выглянула ў калідор. Ён стаяў, апусціўшы рукі, зірнуў на яе, яна зноў убачыла, якія ў яго прыгожыя блакітныя вочы, сказаў:
 – Прабачце. – Сказаў і стаяў, быццам нечага чакаў.
 – Ідзіце, – з цяжкасцю сказала Ліля Іванаўна і вярнулася на кухню. Праз нейкую хвіліну адтуль пачуўся яе ціхі голас. Сын ведаў, у маці вельмі пагана на душы. Калі ёй было цяжка, яна заўсёды пачынала спяваць вось такім ціхім тоненькім голасам. Як маленькае дзіця, што доўга і няўцешна плакала, змарылася, знясілела. Сам плач прынёс разрадку, супакаенне, і дзіця вось-вось павінна заснуць, і голас – тая музыка, калыханка, што з’яўляецца прамой звязкай паміж явай і сном. У такія хвіліны сын маўчаў, стараўся не назаляць ёй, разумеючы, што тут не трэба ўмешвацца.
 I цяпер ён праверыў увесь ланцужок лямпачак, знайшоў перагарэлую, замяніў яе – і гірлянда ўспыхнула зялёна-чырвона-белымі агеньчыкамі-зорачкамі. Ён абвіў ёю ёлачку некалькі разоў, выключыў люстру, і пакой адразу стаў па-навагодняму святочны і таямнічы.
 Якраз у гэты час і заглянула ў пакой маці.
 – О-о-ой, як прыгожа! – пахваліла яна, але ў голасе яе быў усё той жа сум і жаль. – Дык дзе вы сустракаеце? – спытала ў сына, дастаючы з шафы белы абрус і засцілаючы ім стол.
 – Спачатку ў школе, там у нас ёлка, музыка, потым ідзём да Сашкі, а потым, можа, прыйдзем да нас… – Апошняе ён сказаў так, быццам загадзя чакаў, што маці будзе пярэчыць. Але яна не сказала нічога, толькі спытала: – I колькі вас усяго будзе?
 – У школе ўвесь клас, у Сашкі – чалавек шэсць, можа, яны і да нас прыйдуць.
 – Няхай прыходзяць, – сказала маці. – Яда будзе гатова: што на стале, што ў халадзільніку. Толькі надта не шуміце, каб не было скандалу. – Ліля Іванаўна кіўнула за сцяну. У гэтай невялічкай двухпакаёвай кватэры жыло дзве сям’і: Ліля Іванаўна з сынам займала адзін пакой, другі – другая сям’я, маўклівая і панурая жанчына гадоў трыццаці з двума дзецьмі – хлапцом і дзяўчынкай. I хоць Ліля Іванаўна характар мела спакойны і ўжыўчывы, жыць з суседкай на адной кухні было вельмі цяжка.
 – Дзе ж ты бачыла, каб на Новы год было ціха, – засмяяўся сын, і яна ведала, што калі ён прыйдзе сюды з хлопцамі, то магнітафон будзе крычаць на ўсю глотку, і ўсе яны будуць тупацець і весяліцца так, як захочуць, і ніхто нічога не зробіць. Але ўсё роўна паўтарыла:
 – Глядзі, Юра, не шуміце. Віна, калі захочаце, па чарачцы можаце выпіць, а гарэлку не чапайце.
 – Яшчэ што выдумала… Гарэлку, – хмыкнуў сын.
 Ліля Іванаўна зрабіла выгляд, што не заўважыла грубасці ў сынавым голасе. Яна цяпер часта рабіла так. Бачыла, што сын не толькі знешне ўсё болей і болей робіцца падобны на свайго бацьку. Хацелася думаць, што гэта пераходнае, што ўсё настроіцца, будзе так, як павінна быць. Што верх возьме розум, а не натура, бо натура ў бацечкі была неўтаймаваная, дзікая. I розум, а з ім і раскайванне прыходзілі да яго позна, і прыходзілі ненадоўга – да чарговай палучкі ці да чарговай сустрэчы з сябрамі, калі ён зноў даваў сабе волю,
 А як яна яго кахала! Хіба ж не кахаючы паляцела за ім на край свету – дзе той Урал, а яшчэ ж за Уралам. Аб адзін дзень сабралася, паскідала ў чамадан усё сваё дзявочае багацце, як Дзед Мароз падарункі ў мех, і паехала. А як жа: высокі, чарнявы, і танцор, і песеннік, і яна любіла і спяваць, і танцаваць. I ён сустрэў яе ў аэрапорце, прывёз на кватэру: маленечкі пакойчык у трохпакаёвай кватэры, які выдзеліў ім рабочы электрастанцыі – яго харошы знаёмы. Добры чалавек, кампанейскі, і жонка такая ж, абое маладыя, самі з двума дзецьмі, а не пабаяліся чужых людзей. Часта збіраліся разам вечарамі – адной дружнай сям’ёй. I ўсё было добра, пакуль яна не загрубела, пакуль не пайшла ў дэкрэт. Хоць і раней намякала ёй Маруся, яе маладая гаспадыня: «Глядзі, Ліля, уецца ля яго Наташа. Глядзі!»
 А што глядзець. Адзін раз спецыяльна пайшла ў цырульню, не столькі, каб зрабіць завіўку, колькі каб паглядзець на гэтую Наташу. Убачыла нейкае маленькае аблезлае дзеўчанё з нахабнымі вачыма і супакоілася. Ведала, што сама ні ў чым не ўступіць ёй, адчула сябе вышэй за яе, смялей, а болей за ўсё не хацелася ставіць сябе побач з ёй. Супакоіцца – не супакоілася, а рашыла пакінуць усё на само жыццё ды на самога Толю: няўжо ён сляпы, няўжо не бачыць. Не сляпы – разбярэцца.
 Не ўсё ведала яна тады. Не ведала, што да таго, як прыехала яна, Наташа і Толя фактычна жылі як муж з жонкай, то сварыліся, то мірыліся, хоць мірыла заўсёды гарэлка. I што яна стала між імі ў адзін з чарговых канфліктаў, калі Толя, раззлаваўшыся, крыкнуў: «Вось еду дамоў у водпуск і прывязу жонку!» – «Прывязі, прывязі, пабачым, што з гэтага выйдзе», – сказала на гэта Наташа.
 Ён зрабіў так, як гразіўся. Праўда, ён сказаў Лілі, што яна не першая ў яго, што да яе былі ў яго дзяўчаты, але ўсё гэта было «не тое», каб яна ведала і верыла яму. I яна паверыла, стараючыся не думаць пра тое, што стаяла за гэтымі абыякава кінутымі словамі «ты ў мяне не першая» і што гэта такое «гэта ўсё было не тое».
 Яна насіла ўжо апошнія тыдні, хадзіла, бы тая качка, цяжка перавальваючыся з нагі на нагу. Сваркі былі і раней, але цяпер яны сталі кожны дзень і з кожным днём набывалі незразумелую зацятасць і жорсткасць. Блізіўся час родаў, яна разумела, што ёй патрэбен спакой, і старалася, як толькі магла, каб знайсці нейкую раўнавагу, каб усё было добра, каб усё скончылася добра.
 Ён дзве ночы не начаваў дома, і яна вечарам сабралася выйсці на вуліцу, на свежае паветра. Гэта яна так суцяшала сябе, так гаварыла сама сабе і гаспадыні, а папраўдзе выйшла пашукаць яго. Гаспадыня сказала, што бачыла яго ля закусачнай. «Толькі ты доўга не гуляй, – папярэдзіла яе гаспадыня. – На вуліцы вельмі моцны мароз».
 Мароз і праўда быў вялікі, градусаў сорак пяць, яна толькі хаўкнула ротам і спынілася, затуляючыся каўняром, аддыхваючыся, баючыся ўздыхнуць на поўныя грудзі. Кругом быў снег, і ў паветры сіціліся дробненькія сняжынкі-іголачкі, даставалі да твару, студзілі яго. Яна асцярожна ішла, баючыся пакаўзнуцца, снег востра рыпеў пад нагамі.
 Яна ўжо прывыкла да марозу, прызвычаілася дыхаць праз каўнер, і мароз ужо не здаваўся такім вострым і даўкім. Яна супакоілася, заварожаная гэтай глухой цішынёй. Здавалася, што ўвесь горад знаходзіцца пад вялізным шкляным каўпаком, з якога сеецца і сеецца дробны снежны пыл. Святло ад ліхтароў вырастала конусамі ўгору, пералівалася ўсімі колерамі і разыходзілася канцэнтрычнымі кругамі. Яна палюбавалася на гэта дзіва, дома яна такога ніколі не бачыла, і павярнулася, каб ісці назад, а было гэта якраз каля невысокага аднапавярховага доміка кінатэатра.
 Якраз скончыўся сеанс, людзі пасыпалі на вуліцу, выдыхаючы пару, і яна ўбачыла іх – Наташу і Толю. Яны выйшлі ўдваіх, ён трымаў яе пад руку, Наташа нешта гаварыла яму і смяялася, а ён ківаў галавой. Яны прайшлі, не заўважыўшы яе, і ёй трэба было прамаўчаць, не абзывацца, але яна не вытрымала, назвала: «Толя». Усё, што адбылося далей, яна ўспамінала як нейкі страшны кашмарны сон.
 Яны павярнуліся разам абое, быццам чакалі яе голасу, і пайшлі на яе абое, гэтак жа, як выйшлі з кіно, – пад ручку, а яна стаяла ля драўлянага слупа і чакала іх, з цяжкасцю разумеючы, на якім яна свеце. Быццам гэта ішоў да яе не яе муж і яна не была яго жонкай, быццам яна замахнулася на нешта чужое. У галаве пачало звінець, звон нарастаў і нарастаў, пакуль яны набліжаліся да яе, і перастаў, як толькі яны падышлі і загаварыў Толя.
 Што ён загаварыў, яна хутчэй здагадалася па тым, як шавяліліся яго губы, бо голасу яго не чула, хоць ведала, што ён павінен быў быць, раз шавяліліся губы і з рота ішла марозная пара. Потым да яе дайшоў і голас.
 – Ну, чаго ты ходзіш, чаго стаіш? Ідзі дамоў, – сказаў ён.
 – А ты? – спытала яна.
 – Я таксама прыйду, – сказаў ён. Ён сказаў гэта ціхім, мяккім голасам, голас быў не п’яны, і яна павярнулася і пайшла. Яна адышла метраў з дзесяць, як яе дагнала Наташа: «Ну, што, дачакалася свайго? Едзь туды, адкуль прыехала. Я табе яго не аддам».
 Ліля пайшла, не стала яе слухаць. Ёй было ўжо ўсё роўна, што яна і як гаварыла.
 У той вечар ён яе пабіў. На стале стаяла астылая вячэра – скаварада з халоднай смажанай бульбай, накрытая талеркай, парэзаны селядзец з цыбуляй, нарэзанае скрылікамі сала – яго вячэра. Яна сядзела на ложку, тупа слухаючы самую сябе. Ён зайшоў у пакой, не распрануўся, зірнуў на стол, падступіў да ложка, на якім сядзела яна, і ўдарыў яе.
 Здаецца, ён нават не размахваўся, але ўдарыў моцна, шчака гарэла яшчэ некалькі дзён пасля, хаця фізічнага болю ні тады, ні пасля яна не адчула. Проста сядзела па ложку, потым хістанулася ўбок, як ад ветру, і – выпрамілася. Ён ударыў яшчэ раз. Яна зноў села так, як сядзела, здзіўлена пазіраючы на яго. Ён ударыў трэці раз, павярнуўся і пайшоў.
 Наступны раз яна ўбачыла яго ў бальніцы, калі ён прыйшоў забіраць яе з дзіцем. Яна яшчэ тры месяцы пажыла ў пасёлку, пакуль трохі акрэпла дзіця, і вясновым днём, калі ён быў на працы, сабралася і паехала назад, дамоў. I вось ужо сын які – дзесяцікласнік. Усе гэтыя гады яна маліла бога, каб ён не быў падобны да бацькі. А ён чым болей рос, тым болей збіраў усё яго: і валасы, і паходку, і голас… Гэта ўсё няхай, толькі б не быў такі жорсткі, такі халодны…

 Тамара чакала яе каля садзіка. Невысокая, у кажушку, у лёгкіх боціках і чорнай шапцы-вушанцы, яна сапраўды выдавала на хлапчука.
 – Адабрала ў Алёшы шапку. Знойдзе сабе, калі захоча куды выйсці, – растлумачыла яна Лілі Іванаўне.
 На пераапрананне ў касцюм Дзеда Мароза пайшло некалькі хвілін, і вось яны ўжо на вуліцы: Дзед Мароз з вялікім кійком у руцэ, за плячыма – белы мех з падарункамі, побач з Дзедам Марозам маленькі Іванка з сумнай загадкавай усмешкай. Да дванаццаці заставалася яшчэ хвілін з дзесяць, на дварэ ўжо амаль не было людзей, горад нібы вымер. Прабеглі хлопец з дзяўчынай: спяшаліся паспець на першы навагодні тост. Свяціліся вокны дамоў, сыпаў і сыпаў снег, загараючыся рознакаляровымі агнямі ля аплеценай гірляндамі ёлкі, што стаяла каля магазіна.
 Яны ішлі паўз доўгі, выгнуты дугой пяціпавярховы дом.
 – Тамара, пастой. Бачыш вось гэту люстру? – Ліля Іванаўна кіўнула на крыштальную люстру, яна добра была відаць праз акно, насупраць якога яны стаялі. У люстры гарэлі ўсе лямпачкі, святло пералівалася, драбілася ў маленькіх крышталёвых ромбіках. У пакоі было светла, урачыста.
 – Бачу… Вельмі прыгожая…
 – I мне падабаецца. Я такую павешу ў зале. – I, нібы адказваючы па недаўменны позірк Тамары, дадала: – Я яшчэ летась яе купіла. Ляжыць у скрынцы пад ложкам, чакае майго свята. – Ліля Іванаўна ціхенька засмяялася. – А ў Юраў пакойчык павешу во такую, – Ліля Іванаўна павяла Тамару да другога пад’езда, паказала на акно трэцяга паверха. Там спакойным белым святлом свяціла круглая матавая люстра, распісаная мудроным залатым арнаментам.
 – Можа, і гэта ў цябе ўжо ёсць? – спытала Тамара.
 – Ёсць, – адказала зусім сур’ёзна Ліля Іванаўна. – Калі б ты ведала, як я чакаю гэтай хаты, як я чакаю!
 – Ну, цяпер жа ўжо скора, – сказала Тамара, і выйшла гэта ў яе вельмі ласкава, і Ліля Іванаўна з удзячнасцю зірнула на сяброўку.
 – Абяцаюць недзе пасля Новага года. Дом гатовы, засталося невялікае што – падмазаць, падчысціць, падключыць… Дык чаго ж мы стаімо, Іванка, – раптам сказала адразу пагрубеўшым, блізкім да мужчынскага голасам Ліля Іванаўна. – Пара, пара. – Яна ўскінула мяшок на плячо, распраміла плечы, правяла рукавіцай па белых вусах, па барадзе, і быццам ужо не было нядаўняй выхавацельніцы, і не было жаночага суму ў вачах і голасе, а стаяў сам Дзед Мароз – вясёлы, усмешлівы, прытупнуў нагой, скалануў галавой, і яны пайшлі па рыпучым снезе – Дзед Мароз і бедны Іванка, які шукае сваю Снягурку.

 Націснулі на чорную кнопку званка, дзверы адразу адчыніліся, быццам іх за дзвярыма чакалі.
 – О, паглядзіце, хто да нас прыйшоў! – радасна закрычаў вусаты мужчына, паварочваючыся ў пакой, да накрытага стала, за якім сярод дарослых – мужчыны і жанчыны гадоў шасцідзесяці і другой пары гадоў па трыццаць – сядзелі і двое дзяцей: дзяўчынка гадоў сямі і хлопчык гадоў пяці. Відаць, застолле было з усіх трох кален адной сям’і. Твары дзяцей засвяціліся несхаванай цікаўнасцю, радасным чаканнем – што ж будзе далей?
 Дзед Мароз смела і шырока ступіў у кватэру, гопнуў мяшок на падлогу, падаў магутны голас:
 – Я Дзед Мароз, падарункі прынёс! Валерку – машынку, Зіначцы – дзяўчынку. – Ён палез у свой бяздонны мех, дастаў адтуль маленькую завадную машынку хлопчыку і вялікую, як дзіця, ляльку.
 Дзеці – заўсёды дзеці. Яны затанцавалі, закрычалі, па падлозе затарахцела сваім маленькім механізмам машынка, у голас якой уплятаўся плач лялькі: «Ма-ма, ма-ма». Дарослыя пацягнулі Дзеда Мароза і Іванку да стала, і хоць тыя адчайна ўпіраліся, але ў руках у іх, як і ў гаспадароў, шыпелі фужэры з шампанскім, і ім нічога не заставалася, як падняць іх і выпіць.
 – Мы з Іванкам зайшлі ўсяго на хвілінку, – расказваў Дзед Мароз, і ўсе ўважліва слухалі яго, быццам верылі яго словам. – Мы шукаем Снягурку, Іванкаву Снягурку. Яна, бедная, згубілася, баімся, што сумуе недзе адна… Вы ўжо не затрымлівайце нас.
 Іх не затрымлівалі, толькі паспачувалі іхняй бядзе.
 Не было Снягуркі і яшчэ ў адной кватэры, і ў другой, і ў трэцяй, але там былі дзеці – пестуны Лілі Іванаўны, і мяшок Дзеда Мароза рабіўся худзейшы і лягчэйшы…
 Перайшлі ў суседні дом. Тут жыў чатырохгадовы Славік, і Дзед Мароз уручыў яму падарунак – светлавы пісталет. Той пісталет узяў, але адразу адклаў убок, пільна ўзіраючыся ў Дзеда Мароза. Дзед Мароз адчуў сябе неспакойна. Трэба было ўцякаць, але не адпускалі гаспадары. Славік тым часам абышоў Дзеда Мароза кругом, агледзеў яго ўсяго – вусы, бараду, футра… Вочы яго спыніліся на ботах.
 – Гэта не Дзед Мароз! – сказаў ён са слязьмі.
 Яго кінуліся суцяшаць:
 – Што ты, Славік, гэта Дзед Мароз! Ён табе і пісталет прынёс…
 Але Славік не хацеў нікога слухаць.
 – Не хачу пісталета… Гэта не Дзед Мароз, гэта цёця Ліля. Я пазнаў яе. Гэта яе боты!..
 Апошнія словы Ліля Іванаўна і Тамара чулі ўжо на лесвічнай пляцоўцы, збягаючы ўніз. Ліля Іванаўна доўга не магла супакоіцца.
 – Ну вось і дагуляліся. А мне ж з ім трэба будзе і паслязаўтра, і пазней… Не хацела ісці ў гэтыя Дзяды Марозы, дык загадчыца ўгаварыла. А цяпер перажывай! Ён жа перастане мне верыць. Канечне, перастане… Хіба што боты памяняць…
 Яны не заўважылі, што пазванілі не ў тую кватэру, а калі зразумелі гэта, было позна. Тут гуляла вясёлая маладзёжная кампанія, і іх не выпусцілі. З шумам, гоманам, быццам толькі іх і чакалі і толькі іх не хапала для поўнага вяселля, адразу пацягнулі за стол, налілі фужэры. Як не ўпіраліся Ліля Іванаўна і Тамара, давялося выпіць. У Тамарыным фужэры была гарэлка, і яна выпіла ўсё да дна, пакуль разабралася, што да чаго. Уключылі магнітафон, і Тамара скінула гарачы Іванкаў кажух і пайшла танцаваць, і так ёй гэта спадабалася, што Лілі Іванаўне каштавала немалых клопатаў прымусіць яе адзецца і пайсці на вуліцу.
 Мяшок у Дзеда Мароза пахудзеў зусім, на самым дне ляжалі дзве каробкі цукерак, перавязаныя чырвонымі стужачкамі: Ліля Іванаўна купіла іх сама і ўзяла з сабой – можа, і згадзяцца. Няма страшней, калі Дзед Мароз заходзіць у хату, дзе ёсць малыя, а падарункаў няма. Дзед Мароз – заўсёды Дзед Мароз, ён самы вясёлы, самы багаты, ён усясільны. У яго ёсць чароўны кіёк, варта стукнуць ім аб зямлю, і будзе тое, што ён пажадае.
 Можна было ісці дамоў, і Ліля Іванаўна павярнула ў той бок, але Тамара папрасіла зайсці яшчэ ў адзін дом, зусім недалёка, на суседняй вуліцы.
 – Пайшлі, Лілечка. Мы толькі павіншуем і пойдзем дамоў, – настойвала Тамара.
 – Зойдзем дык зойдзем.
 На званок доўга ніхто не выходзіў, хаця за дзвярыма чуліся музыка, галасы. Нарэшце дзверы адчыніў высокі мужчына з хваравіта-белым тварам і светлымі, зачасанымі ўгару валасамі. Ён стаяў, не выпускаючы з рук дзвярэй, пазіраючы на гасцей маленькімі, глыбока схаванымі вочкамі.
 – З Новым годам! Дабра і ўроду, шчасця і прыходу ў хату! – бадзёра, як песню, як да самых дарагіх суседзяў заспяваў Дзед Мароз, ступаючы да гаспадара.
 – А мы Дзеда Мароза не заказвалі, – непрыветна адказаў той, холадна пазіраючы на няпрошаных гасцей.
 – Дзед Мароз сам выбірае, куды яму ісці, – не разгубіўся Дзед Мароз, хоць яму не спадабаліся і гэтыя маленькія вочкі гаспадара, і яго насцярожанасць. – Мы з Іванкам шукаем Снягурку, ці не вы хаваеце яе?
 – Дзед Мароз сам выбірае, куды ісці. I мы шукаем Снягурку, – паўтарыў ломкім, дзявоча-юначым голасам Іванка, пільна пазіраючы на гаспадара.
 – Які Дзед Мароз, які Іванка, якая Снягурка, – зазлаваў гаспадар, але Дзед Мароз рашуча націснуў на яго плячом, і таму нічога не заставалася, як пастараніцца, прапусціць гасцей у кватэру. Насустрач ім ішла жанчына – невысокая, поўная, усмешлівая.
 – Праходзьце, праходзьце, – загаварыла яна напеўным голасам. – Ігар, хіба ж так можна? Сюды, сюды праходзьце, да стала.
 Па мяккай, з дарагога замежнага гарнітура канапе сядзелі дзяўчынка гадоў пяці і старэнькая бабулька, сухенькая, але такая ж невялічкая, як і гаспадыня, з такімі ж прыветнымі вачыма. Яны глядзелі па каляровым тэлевізары навагодні «Агеньчык» і цяпер павярнулі галовы да гасцей. Дзед Мароз дастаў з мяшка каробку цукерак, падаў дзяўчынцы, нагаварыўшы кучу прыемных слоў – і расці, і цвісці, слухаць маму і тату і старэнькую бабулю, не дурэць і не хварэць… яшчэ многа чаго, і ўсе слухалі яго, нібы заварожаныя. Нават гаспадар нібы падабрэў, наліў чаркі, паднёс гасцям.
 Праводзілі іх гаспадар і гаспадыня. Гаспадар палез у пінжак, што вісеў на вешалцы, прыгаворваючы:
 – Дык колькі мы павінны?.. Колькі?
 – Дзед Мароз грошай не бярэ! – адказалі Дзед Мароз і Іванка, і нешта, не то здзіўленне, не то нямое пытанне, зарадзілася і застыла ў вачах гаспадара.
 Ужо на вуліцы Тамара радасна прагаварыла:
 – Ты бачыла, Ліля? Я з ім чокнулася, і ён выпіў. Яй-богу, выпіў!
 – I ты гэтаму радуешся? Гаспадыня маладзец, а ён…
 – Што гаспадыня… Ён выпіў са мной, – Тамара засмяялася.
 «П’яная баба, што з яе возьмеш», – падумала Ліля Іванаўна.
 Яшчэ нядаўна ціхія вуліцы жылі людскімі галасамі, смехам, гоманам. Каля кінатэатра «Вільнюс» барукалася ў снезе «куча-рагоча», і Дзеда Мароза з Іванкам ледзь не ўцягнулі ў гэты жывы крыклівы клубок, які качаўся, пішчаў, крычаў, рагатаў здаровым маладым вяселлем. Далей на плошчы ярка свяцілася ёлка, укруга яе вадзілі карагод, танцавалі. Ваўсю наярваў на гармоніку польку кульгавы невялічкі чалавечак, віхрыўся снег, узбіты быстрымі нагамі. Нейкая вясёлая маладзіца падчапіла пад руку Дзеда Мароза, пацягнула ў круг:
 – Давай, Дзед Мароз, не лянуйся, растрасі каўбы!
 Дзед Мароз тупнуў нагой, адкінуў свой мех і кій, крутануўся і пайшоў вярцець маладзіцу ў імклівай польцы. Тамару таксама падхапіў нейкі мужык, і яна расшпіліла свой кажушок, каб было вальней.
 – Дзеўкі, пагрэць Дзеда Мароза! Чарку яму! – крыкнула маладзіца, як толькі скончылася полька, і да іх адразу ж падбегла дзяўчына з пляшкай і шклянкай, і Дзед Мароз не паспеў апамятацца, як у адной руцэ яго была чарка з гарэлкай, у другой – бутэрброд з каўбасой.
 – Давай-давай, не думай! – насядала маладзіца. – Выпівай, ты мне спадабаўся.
 Дзед Мароз выпіў, крактануў, правёў рукой па грудзях:
 – Як Хрыстос босымі ножкамі па душы прайшоў!
 – Во, гэта па-мужчынску. Ану, наліце і мне, я хачу з ім выпіць! – не сунімалася маладзіца.
 Ёй налілі, яна выпіла, але ўбачыла, што Дзед Мароз шукае свой мяшок і кій, запрацівілася:
 – Куды ты? Заставайся з намі. Я цябе ўпадабала…
 – Чаго ты прыстала, – умяшалася дзяўчына, тая, што дзяліла гарэлку. – Гэта ж не мужчына, а баба.
 – Баба? Не можа быць! А мы зараз праверым! – З гэтымі словамі маладзіца схапіла Дзеда Мароза, прыціснула да сябе і палезла пад кажух да Дзеда Мароза. Але і Дзед Мароз не стаяў спакойна, вёртка крутануўся, вылузнуўшыся з абдымкаў кабеты, даючы зразумець, што ён – асоба сур’ёзная і не дазволіць нейкай там лёгкасці…
 – Мужык, мужык! – радасна закрычала маладзіца. – Яй-богу, мужык!
 Гарманіст расцягнуў мяхі гармоніка, і Дзед Мароз тупнуў нагой, тупнуў другой і пайшоў вырабляць такое, чаго і нельга было зрабіць на гэтым растаптаным снезе. Маладзіца не адставала, падступала да яго, наступала.
 – Не, ты скажы праўду, ты мужык ці баба? Калі мужык, пайшлі з намі. Вунь нашы вокны, там і дагуляем Новы год.
 – Не, не магу, – Дзед Мароз кіўнуў галавой на мех і кій, што ляжалі пад ёлкай. – На службе.
 Гарманіст наярваў «барыню», і Дзед Мароз сыпаў чачотку, узнімаючы снежны пыл. Хацелася расшпіліць сваю апратку, каб дыхалася вальней, але трэба было заставацца тым, кім стаў, і Дзед Мароз толькі паслабіў шалік на шыі, узмахнуў рукамі і пайшоў з прыпеўкай:

 

Авохці мне,
Нехта спаў на мне:
Андарак не так,
I ў руцэ пятак.

 Гарманіст ускінуў плечуком, падступаючы бліжэй, ірвануў гармонік смялей, шырэй. А Дзед Мароз ішоў далей, вытвараючы нагамі нешта прыгожа-мудрагелістае, спыніўся, каб перадыхнуць, набраць паветра ў грудзі, выйшаў на новы круг, даў другую прыпеўку:

 

Ах, любоў, любоў,
Дзе жа ты падзелася?
У сабакі пад хвастом
У трубачку звярцелася…

 I пайшоў далей, высока несучы галаву і ўсміхаючыся.
 – Давай, давай яшчэ! – падахвочвала Дзеда Мароза маладзіца, але той раптам схапіў свой мяшок і кіёк, падхапіў пад ручку Іванку – і ходу па вуліцы.
 Трохі адсапліся, перайшлі на спакойны крок.
 – А ён нават і не пазнаў мяне. Я з ім чокнулася, а ён не пазнаў, – з горыччу прагаварыла Тамара. Яна была зусім не п’яная, і вочы яе глядзелі сумна.
 – Хто «ён»?
 – Як хто? Ігар. Няўжо ты не разумееш? Ігар… Маё першае няўцешнае каханне.
 – Ну, дзеўка, калі б я ведала, куды ідзём, ніколі б не пайшла.
 – Ён зусім не змяніўся: такі ж высокі, стройны.
 – Высокі, стройны… Ён жа баіцца на людзей глядзець. Вочкі, як свярдзёлачкі, нібы пытаюцца: што вам трэба?
 – Ён заўсёды ўсяго баяўся. Во смеху было б, каб ён пазнаў… А, было б смеху?
 – Добры смех…
 – Смех… Не хочацца ісці дамоў… А, Ліля?! Давай зойдзем куды-небудзь яшчэ, а?
 – Не дуры, дзеўка. Там цябе Алёша зачакаўся…
 Яны ішлі, слізгаючыся ў мяккім снезе, вялікі мажны Дзед Мароз і маленькі Іванка, і калі б хто чуў іх гаворку збоку, мог бы падумаць, што ідуць дамоў бацька і капрызлівы сын.
 – Не хачу. Мне надаела. Усё надаела. I дом, і… – плакалася Тамара.
 – Што табе яшчэ трэба? У цябе добры муж, спакойная свякроў, дачка. Усё ёсць у хаце… – суцяшала яе Ліля Іванаўна, хоць сама верыла і не верыла сваім словам. Верыла, бо і праўда, у Тамары было ўсё гэта. Ёй ніколі не трэба было думаць, дзе перахапіць дзесятку-другую перад авансам, ці калі трэба купіць боты, ці яшчэ што. Алёша зарабляў добра, і ў свякрухі была добрая пенсія. Ды і Тамара мела больш сотні. На адной зарплаце, як у яе самой, надта не разгонішся, не накупляеш. Глядзі, як стачыць канцы з канцамі. I сам Алёша быў далікатны, уступчывы. Ён любіў Тамару, і Тамара гэта адчувала і, можа, таму ўзяла сабе волі болей, чым трэба было б. Але ведала Ліля Іванаўна і другое: калі згублена нешта ў душы, тады ўсё гэта – і хата, і дываны, і машына – нішто. Калі няма спакою ў душы – душа шукае нечага, мітусіцца. Ліля Іванаўна ведала і тое, што мітусенне мітусеннем, а калі дзіцяці няма чаго есці ці няма чаго надзець – тады галава будзе занята іншым. I таму яна старалася ўтрымаць Тамару ад таго неабдуманага кроку, пра які потым можна горка пашкадаваць. Яна думала: «Канечне, ты можаш гаварыць так, ты можаш капрызіць, а што б ты рабіла на маім месцы, застаўшыся адна з дзіцем у чужым халодным краі без грошай, без працы, без нічога». Але думала яна гэта без жалю да самой сябе, без зайздрасці да Тамары, бо ўсё гэта было столькі разоў перажыта і перадумана, і было гэта так даўно, што цяпер успаміналася, як сон, і толькі сон.
 – Ну, вось мы і прыйшлі, – сказала яна, націскаючы на кнопку званка ля знаёмых, абабітых зялёным дзвярэй. I Тамара не ўпарцілася, яна нават выпрасталася, паправіла прычоску, рэмень на кажушку і, як толькі расчыніліся дзверы – адчыніў іх сам Алёша, – кінулася яму на шыю:
 – Алёшачка, з Новым годам!
 Той сустрэў яе, як малое дзіця, якое нашкодзіла і цяпер просіць прабачэння, пачаў атрасаць снег з шапкі, вінавата кіўнуў галавой Лілі Іванаўне, і яна з палёгкай павярнулася, пачала спускацца ўніз. Яна адчувала вялікую стомленасць, ёй хацелася хутчэй дамоў, у пасцель.
 Дом сустрэў яе дзікай, уключанай на ўсю сілу барабаннай музыкай. Магнітафон стаяў на стале сярод талерак. Тут стаяла ўсё, што яна нагатавала і што было ў халадзільніку, у духоўцы. Калі б усё было з’едзена, яна нічога б не сказала. Папоркаліся ва ўсіх талерках, як парасяты, – і халоднае, і заліўное, і вінегрэт, і курыца… I тут жа брудныя талеркі, нажы, відэльцы, абы-як, абы-дзе…
 Калі б хацеў страшней паздзекавацца з яе самой, з яе працы, яе старання зрабіць, каб было не горш як у людзей, нічога лепшага зрабіць нельга было. У давяршэнне да ўсяго на стале, побач з магнітафонам, стаялі дзве пустыя пляшкі – адна ад гарэлкі, другая ад віна. Ліля Іванаўна адчыніла халадзільнік: яе пляшкі. Разам з Юрам у пакоі быў Валодзя – здаровы бугай пад два метры з пустымі вачыма. Летась скончыў дзесяць класаў, на працу нікуды не пайшоў. «Усё роўна скора ў армію ісці», – сказаў ён неяк Лілі Іванаўне, калі тая пачала ўшчуваць яго. Не такі таварыш трэба быў яе сыну, яна гэта добра ведала і старалася адвадзіць Валодзю ад іх кватэры. Старалася, але не змагла.
 – Сынок, што гэта? – толькі і змагла яна сказаць, кіўнуўшы на стол. Валодзя стаяў у кутку ля парога, яна старалася не заўважаць яго.
 – Новы год! – п’яным голасам адказаў сын.
 Яна павярнулася да Валодзі:
 – Што ты з ім зрабіў?
 – Ён сам ужо мужчына, – адказаў Валодзя пасміхаючыся.
 – Мужчына? Вон з маёй хаты, і каб нагі тваёй больш тут не было! – закрычала Ліля Іванаўна, схапіла яго за руку і павалакла да дзвярэй. Ён і не ўпіраўся. Яна падштурхнула яго на выхад, і ён пакорліва пайшоў, потым спыніўся, азірнуўся на Юру. I той раптам узвіўся, падскочыў да маці.
 – Не чапай яго! Ён прыйшоў да мяне, не да цябе!
 Ліля Іванаўна паглядзела на сына і заплакала.
 Яна плакала і не чула, як хлопцы апраналіся, як забралі магнітафон і пайшлі. Пачула толькі, як грукнулі дзверы, села на ложак, бяздумна пазіраючы на стол. Потым устала, зняла з сябе футра Дзеда Мароза, пераабулася, падвязала фартух і пачала прыбіраць пасуду. Перанесла па кухню талеркі, паслала на стол чысты абрус, паставіла пасярод вазачку з трыма чырвонымі гваздзікамі, іх падараваў ёй сёння бацька адной з яе дзяўчынак – сарамлівы, далікатны чалавек. Праз нейкі час з кухні разам з бульканнем вады пачуўся яе ціхі голас. Яна спявала. Цяжка было разабраць словы, чутна была толькі мелодыя – спакойная, сумная, як калыханка. Вада перастала цячы: Ліля Іванаўна пачала выціраць посуд і складваць у шафку, што вісела на сцяне.
 Званок у дзверы яна пачула адразу і адразу пайшла адчыняць. Гэта быў учарашні знаёмы – той, каго яна прымусіла мыць лесвічную пляцоўку. Ён быў не п’яны, у руцэ – загорнутая ў белую паперу пляшка шампанскага. Ліля Іванаўна, здаецца, зусім не здзівілася, убачыўшы яго.
 – Жонка прагнала?
 – Не, я сам… Я прыйшоў…
 – Нічога не гаварыце, – перабіла яна яго стомленым голасам. – Заходзьце. – Правяла ў пакой. – Распранайцеся, я зараз.
 Узяла ў яго паліто, шапку, павесіла на вешалку, падала крэсла, прынесла дзве талерачкі, нажы, відэльцы, непачатую міску халоднага, нарэзала каўбасы, яшчэ тое-сёе. На некалькі хвілін знікла ў ваннай і зайшла ў пакой у цёмна-бардовым шарсцяным гарнітуры, з тонкім вітым залатым ланцужком на высокай шыі. Ён ляжаў якраз там, дзе праходзіла маршчына, і яе цяпер амаль не было відаць. Госць сядзеў, прыткнуўшыся на краёчак крэсла.
 – Ну, што ж вы седзіцё як не мужчына? Адкрывайце шампанскае, ды будзем весяліцца, – сказала яна, надаючы свайму голасу вясёласць і лёгкасць, падбіваючы мужчыну на смеласць.
 – Ага, я зараз, – паспешліва адказаў госць, вінавата зірнуўшы на Лілю Іванаўну, і ўзяў у дрыготкія рукі цяжкую пляшку.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений