Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Рабілі заўсёды так: пад вечар, калі сонца садзілася за лес, а з лагчыны пачыналі напаўзаць халодныя цені, хто-небудзь адзін ішоў у будку да старога Агея. Будка стаяла пасярод саду, і з травяністай дарогі, па якой мала хадзілі і яшчэ менш ездзілі, яе можна было ўбачыць, толькі добра прыгледзеўшыся. Ды і будкі той была адна назва — два ўчарнелыя ад дажджоў саламяныя маты, звязаныя ўгары кручанай ракітай і састаўленыя так, што былі адначасова і сценамі, і дахам. Ад ветру, асабліва восеньскага, сцены затулялі слаба, але дождж даставаў там не ўсякі.
У будку ішлі быццам з якой патрэбай, а на самай справе — "загаварваць" дзеда. Трэба было прыдумаць нешта такое, што магло б "завесці" старога вартаўніка. Галоўнае, каб ён не адыходзіўся далёка ад будкі і каб пры ім быў Бобік — заўсёдны яго памочнік, караткахвостае звяглівае стварэнне з чорна-белай галавой.
Часцей за ўсё ў будку даводзілася ісці Кастусю. У яго не тое што была дружба з дзедам, але яму дзед давяраў больш, чым Мішку і Валіку. Можа, гэта было таму, што дзедава хата і іхні яшчэ без сенечак1 дом стаялі насупраць — абапал нешырокай, як праціснуцца машыне, вулачкі, і дзед часта, асабліва зімовымі вечарамі, бываў у іх. А можа, таму, што Кастусь быў самым цярплівым і ўважлівым дзедавым слухачом.
Відаць, у кожнага чалавека пад старасць набіраецца шмат цікавага і важнага і прыходзіць вострая неабходнасць расказаць аб усім гэтым каму-небудзь. Каму расказваць, часам бывае не так ужо і важна.
У старога Агея такая патрэба была. Калі на яго "находзіла", ён мог гаварыць цэлымі гадзінамі, быў бы толькі слухач.
Дзеду было за семдзесят. Ён добра памятаў яшчэ першую, "царскую" вайну, з якой прывёз Георгіеўскі крыж, потым "гражданскую", якую, калі верыць яго словам, ён прайшоў у сядле з галошам на адной назе і з лапцем на другой. У калектывізацыю кулакі спалілі яго новую хату і застрэлілі сабаку. Суседзі меркавалі, што сабаку наўрад ці збіраўся хто зводзіць, і загінуў ён праз свой язык. Гэта вайна зачапіла старога мацней: не вярнуўся з фронту сын, а жонку — добрую, рухавую Параску — расстралялі немцы дома. Нехта з "добрых" людзей падаткнуў2, што стары ў партызанскім атрадзе.
У апошні час, асабліва калі цямнела і добра пацягвала вільгаццю, у старога, як нанятая, пачынала ныць спіна: даваў знаць застарэлы рэўматызм. Цягучы боль перадаваўся ў рукі і ногі, быццам выварочваў косці, і, каб не слухаць яго, трэба была якая — небудзь пільная3 работа ці жывы чалавек, з якім можна было б перакінуцца словам, седзячы ля траскучага цяпла.
Восень была ў познім разгары, і людзі спяшаліся ўхапіць з поля ўсё, што можна было, і рэдка хто, калі часам здаралася ісці ў сяло лугам, заварочваў у сад.
Часцей за ўсіх прыбягаў на агонь Кастусь. Ён грэў над цяплом рукі, глядзеў у дзедаў рот з выкрышанымі жоўтымі зубамі, частка якіх хавалася за белымі, абвіслымі вусамі, грыз яблыкі і моцна рагатаў з кожнага, зусім нясмешнага дзедавага слова. Рагатаў, пакуль з-пад кузні не даносіўся прарэзлівы свіст. Кузня стаяла ў канцы сяла, і свіст часам паўтараўся некалькі разоў, быццам нехта ўдваіх перасвістваўся між сабой. Тады Кастусь раптам успамінаў, што даўно пара бегчы дамоў, што, мусіць, з поля прыехаў бацька і чакае яго…
Стары заставаўся з Бобікам. Той сядзеў насупраць дзеда і, адмахваючыся ад камароў, адчайна круціў галавой. Пры гэтым правае вуха яго, перакушанае іхняй — Кастусёвай — свіннёй, яшчэ калі ён быў слабым шчанюком, матлялася, як ануча на ветры.
Кастусь бег да кузні, дзе, ведаў, чакаюць яго Валік і Мішка. Калі яны свісталі, значыць, набег удаўся, значыць, пазухі і кішэні ў іх набіты яблыкамі. Яны аж рыпяць, калі труцца адзін аб адзін…
Валік сустрэў Кастуся пасля паўдня ля магазіна, дзе таўкліся, чакаючы, калі прывязуць хлеб, хлапчукі. За плячыма ў яго быў вялікі мокры кош з наліплымі на дно і дужку водарасцямі, асакой, шматкамі раскі. Чорная вада сцякала з каша і мачыла штаны — там, дзе яны, закасаныя вышэй каленяў, яшчэ не былі мокрыя. Усе ногі яго былі ў драпінах і гразі. Ён, відаць, і не спрабаваў іх абмываць. У левай руцэ, накручаная пляцёнкай на палец, маталася торбачка з падмочаным сподам. У ёй было нешта мяккае.
— Уюноў лавіў, — усміхаючыся ўсім ротам, паведаміў ён Кастусю. — На сажалках. Няма ні чорта, бачыш. Усяго штук дзесяць дастаў. Пакуль я прыйшоў, дык Яўмен Мікіцкі абнюхаў усе кусты. З паўпуда пацёг дамоў.
— А мяне не пусцілі. Свіней пасвіў, — уздыхнуў Кастусь.
— I добра. Усё роўна нічога б не налавіў, толькі б гразі набраўся.
Валік адвёў Кастуся пад ліпы, дзе нікога не было, і, шморгнуўшы аблупленым носам, ціха прагаварыў:
— Сёння зробім налёт на Агея. Цітоў налатошым4. Я знарок прайшоў два разы лугам, паўз канаву. Іх на вуглавой — аж голле трашчыць. Вялікія — во! Чырвоныя! — Пры апошніх словах зеленаватыя Валікавы вочы сталі круглыя і вялікія — па яблыку. — А, чаго ты маўчыш? Ты пойдзеш загаворваць яго, а я і Мішка падпаўзём ад канавы. Табе і быць там доўга не трэба будзе.
— Я не пайду сёння, — панура адказаў Кастусь. У яго ўсё яшчэ не прайшоў жаль, што яго не пусцілі на ўюноў.
— Чаму?
— Чаму, чаму? Дзед, мусіць, здагадваецца, хто трасе яблыкі. Пасля таго як абабралі апорт, ён цэлага паўдня сядзеў у нас. Гаварыў з татам, а пазіраў на мяне.
— Да каго ж яму ісці, як не да вас. Вы ж суседзі. І трэба ж яму на некага глядзець. А заўтра ці паслязаўтра цітаўкі5 пазнімаюць – і не пакаштуеш.
— А калі тата дачуецца?
— Адкуль? Што – я яму скажу? Ці Мішка? Толькі трэба да кіно паспець.
— Што, кіно прывезлі?
— А ты не ведаеш? "Тры мушкецёры". Я аб’яву расклейваў. Пеця гаварыў – во гэта карціна! Ведаеш, як там б’юцца! Р-раз – і ляжыць! Р-раз – і яшчэ адзін гатоў. Прасіў, каб яблыкаў прынеслі. Можа, бясплатна пусціць.
— Пусціць… Яму Маруся як пусціць…
— А што, ён ужо адзін можа круціць. Не век жа яму быць матарыстам.
— А калі пачынаецца?
— У дзевяць. Дык ідзём?
— Ладна. Толькі гэта апошні раз…
У канцы пасёлка паказваліся каровы, калі Кастусь, схапіўшы скібку хлеба, выскачыў з хаты на вуліцу.
— Нікуды не забягай. Прыедзе бацька – вячэраць будзем! – крыкнула, несучы з гарода бацвінне, маці.
— Я зараз, — адказаў ён і залапатаў нагамі насустрач статку.
Каровы шарахнуліся назад, але там ішоў пастух Лёкса і шлегануў іх пугай, і тады яны, таўхаючы бакамі адна другую, кінуліся паўз плот.
— Куды прэшся? Не бачыш, што каровы ідуць! — пачырванеўшы ўвесь, зароў на Кастуся Лёкса і нават замахаўся пугаўём, але не ўдарыў.
— Я… на поле… — пачаў маніць Кастусь, але ўбачыў, што Лёкса не слухае яго, а падганяе кароў, пабег далей. Але настрой яго, такі вясёлы і радасны перад гэтым, быў ужо сапсаваны. Параўняўшыся з кузняй, на дзвярах якой вісеў замок, ён перайшоў на роўны крок. А чым бліжэй дарога пераходзіла да саду, пераступаў нагамі ўсе цішэй і цішэй. Яму ўжо зусім не хацелася сустракацца з дзедам Агеем. Нават цітаўкі, вялікія, чырвоныя цітаўкі, такія сачаныя і жаданыя днём, цяпер здаваліся зусім нясмачнымі і непатрэбнымі. Але ж, у лузе, ужо, мусіць,ляжаць Валік і Мішка. "Цітоў налатошым, — перадражніў Кастусь у думках Валіка. – Слова добра сказаць не можа. Усё "дастаў", "абнюхаў", "налаташыў"… І за што яго празвалі Царом? Цар, Каціныя вочы…"
Думаючы так, ён усе ж падыходзіў да саду.
Сонца зайшло, але было яшчэ зусім светла, а на тым месцы, дзе яно села, ружова палымнела цёплае зарыва. Зусім не верылася, што неўзабаве і вялікія хаты пасёлка, і гэтыя дрэвы, і ўся зямля схаваюцца ў мяккай чорнай цемры. Будуць ціха шапацець лісты ў гары і між імі, быццам шапаценні, цьмяна блішчэць белыя плямы – яблыкі.
Ля будкі гарэў агонь. Жоўтае полымя яго — маленькае і ледзь прыкметнае — трапяталася, як лёгкая рызіна6 а ветры. Дзед Агей у новых, але ўжо з выбеленымі расой насамі ботах стаяў пад рабінай і ламаў аб калена таўсты яловы лапнік. Ладная горка яго ўзвышалася ля будкі, шчацінілася пажоўклай ігліцай. Дзед, відаць, добра ўгрэўся. На старанна паголеных шчоках яго — заўтра нядзеля! — свяцілася кволая ружовасць, а абвіслыя вусы, якія наўрад ці чапалі калі нажніцы, хавалі добрую ўсмешку. Ён нагнуўся па новую лапку, і Кастусь убачыў, што за яго спіной, на абрэзаным сучку рабіны, як заўсёды, вісіць аднастволка. Нясмелыя жоўтыя зайчыкі ад агню скакалі па адпаліраванай да люстранога бляску ложы.6 Навошта яму гэта ружжо? За ўвесь час, як тут старажуе, дзед з яго ніколі ні па кім не стрэліў. Трошкі воддаль ад агню сядзеў Бобік. Ён спачатку памкнуўся забрахаць, але пазнаў Кастуся і завіляў матузом хваста. Падняцца, аднак, паленаваўся.
Кастусь нерашуча спыніўся перад цяплом.
— Давай, бярыся за працу. Неча гультая корчыць, — весела кіўнуў дзед на лапнік.
Кастусю адразу стала лягчэй — і таму, што дзед даў работу і, значыць, мала ўвагі будзе ўдзяляць яму, і што ён сказаў сваё звычайнае і мяккае "неча". I Кастусь накінуўся на лапнік.
А дзед слімачыў палец, з якога сачылася кроў.
— Бач, чыркануў вастраўём — і да крыві, — апраўдваўся ён. — Старая скура, а парвалася.
Ён пастаяў колькі часу, трымаючы перад сабой руку, пачакаў, ці выступіць яшчэ кроў, і калі не дачакаўся, пацягнуў з кучы новы сук і храснуў аб калена.
— Ты што, паглядзець, ці жывы яшчэ дзед Агей, а? — раптам павярнуў твар да Кастуся, і Кастусь улавіў у шэрых вачах яго вясёлую хітрасць.
— Н-не, я з поля… ад таты. Ён на Гараўшчыне… Сёння конча сеяць.
— Конча? Гэта добра… Паспяшаць трэба. Ды малаціць, пакуль Ілля8 пагоду не папсаваў… — разважліва пачаў ён. — Ну, ну… Хто так ломіць? Смялей. Рыўком трэба. Раз — і гатова. — Гэта пра сук, які Кастусь ніяк не мог асіліць. Сук гнуўся, балюча ўпіваўся ў калена, а ламацца не хацеў.
— А-а-а, няўмека! Дай сюды! — Дзед выхапіў сук у Кастуся, пераламаў і кінуў у кучу. I ўжо лагадней, памяркоўна: — Добра, хопіць. Усё роўна ўсю ноч смаліць не будзеш, а для вечара — досыць… Вячэраць будзем. А пакуль вазьмі яблыкаў — там, у саломе…
Кастусь прыгнуў галаву і ступіў у будку. Толькі цяпер, зірнуўшы з будкі, убачыў, што на дварэ сцямнела. Чарната падступала знізу. Яна зраўняла гурбякі, зусім схавала карэнні, а ствалы зрабіла тоўстымі і невыразнымі. Толькі шырокія кроны яблынь, як шапкі, ясна выдзяляліся на чыстым фоне неба. Там, дзе зайшло сонца, ужо расцягнулася, як доўгае пяро, сіняе воблака. Услед за ім, таксама аднекуль знізу, вырастала другое — яшчэ даўжэйшае і цямнейшае.
У будцы страшэнна пахла ўлежанымі яблыкамі, і ў Кастуся зрабілася кісла ў роце ад гэтага вострага паху.
— У нас сёння кіно будзе, — шарачы рукамі па саломе, паведаміў ён дзеду.
— Кіно… Некалі і я бегаў на яго… Ужо трыццаць год было, а бег, рот раззявіўшы… Дзіва паглядзець. Як гэта жывыя людзі па сцяне ходзяць.
Дзед ускінуў некалькі лапак на агонь, і полымя з дымам і іскрамі шуганула ўгору і асвяціла ўсё ў будцы: салому, на якой дзед спаў ноччу, дзве скамечаныя пасцілкі, крысо старога парванага кажуха.
У самым кутку Кастусь знайшоў яблыкі. Гэта былі "ціты" — вялікія, чырвона-малінавыя. Яны, відаць, даўно ляжалі, бо былі халодныя і мяккія. Кастусь ведаў: націсні на каторы — палец улезе. Усадзіў зубы ў адзін з іх, другі узяў у руку. "Мусіць, з той яблыні, пра якую гаварыў Валік", — падумаў ён, але гэта думка чамусьці не спалохала яго.
— Ну як, можна есці? — спытаў дзед, не падымаючы вачэй ад складанчыка, якім счышчаў кару з лазовага дубчыка. Другі дубчык, акораны і завостраны, ляжаў ля яго ног.
— Ыгы, — поўным ротам адказаў Кастусь.
— А зараз мы павячэраем па-мужчынску. Ты не вячэраў яшчэ?
— Не паспеў, баяўся ў кіно спазніцца.
— Ну, кіно так рана не стануць круціць. Яшчэ даяркі кароў не падаілі.
Кастусь падышоў да рабіны, пагладзіў ложа7 аднастволкі. Трапяткія зайчыкі пераскочылі на руку, асвяцілі яе. За рабінай, прыгнуўшы да зямлі цяжкое голле, стаялі яблыні. Цяпер, калі зусім сцямнела, здавалася, што раслі яны вельмі густа. Недзе за імі, у рагу, расла і тая цітаўка. Кастусь прыслухаўся. Там было ціха.
— Ну, чаго ты там топчашся? Ідзі да цяпла, — падаў голас дзед. — Колькі паеў я гэтага сала, а такога, як еў у сорак трэцім, не даводзілася. — Ён ужо дастаў, мусіць, з будкі, палатняную торбачку, развязаў яе і выняў скрутак у прасаленай газеце. Разгарнуў газету. Там быў ладны — на паўдалоні — кавалак сала. Дзед адрэзаў два тонкія скрылікі, потым пакапаўся ў торбачцы і дастаў акраец хлеба.
"Наш", — з раптоўнай цеплынёй падумаў Кастусь, глянуўшы на акраец. Хлеб пёкся на кляновым лісці. Лісты ададралі, але на тым месцы застаўся след, як ад растапыранай гусінай лапкі. Нават вострыя тонкія пражылкі засталіся. Гэта ж ён, Кастусь, збіраў у лесе шорхкія9, вялікія лісты, а маці засцілала імі под10 печы.
— Бяры ражон… — Дзед працягнуў Кастусю дубчык і скрыль сала. — Ражон з сырой галіны лепш, чым з сухой. Сырая сама не гарыць, а сала ў той час паспявае. Хлеб вазьмі.
Кастусь узяў ражон, усторкнуў на яго сала і ўткнуў у полымя. Дзед сваё ўжо трымаў над агнём, пакручваў ражон у пальцах. I вось там, у агні, нешта запішчэла, засквірчэла, засіпела… Сала пацямнела і пачало слязіцца…
— Хватай барзджэй, ды на хлеб, а то ўцячэ ўсё! — закрычаў дзед на Кастуся, убачыўшы, што ў таго ўвесь тук11 з сала збягае ў агонь. — Во гэтак, гэтак… — I сам прыціснуў свой скрылёк на хлеб. — Дык я ж гавару, ніколі я смачней нічога не еў…
Ён ужо адкусіў ад хлеба, ад скрыліка, старанна і доўга, напружваючы сківіцы, жуе. Дзед сядзіць збоку ад Кастуся, і таму добра відаць адна яго шчака. Кастусь глядзіць на яе і заўважае недалёка ад вуха волас, даўгі волас. Як толькі дзед пачынае напружваць сківіцы — волас варушыцца і ўстае, як жывы. Гэта вельмі смешна, і Кастусь смяецца, а потым гаворыць пра волас дзеду.
— Няўжо, — здзіўляецца той і мацае шчаку. — Не ўгледзеў… Так стараўся, думаў, што ўсё добра, хоць у сваты едзь, ажно вунь яно як. Канфуз выйшаў…
Ён яшчэ доўга мацае шчаку, потым махае рукой, борзда ўстае і трусіць да будкі. Адтуль вяртаецца, трымаючы ў пальцах цыбуліну з зялёным пер’ем.
— Чуць не забыўся… З цыбуляй гэта не тое, што смачна… З цыбуляй — гэта здароўе. Еш цыбулю — і здароў будзеш.
У яго добрая прывычка, у дзеда Агея. Ён умее адначасова гаварыць і рабіць. Язык гаворыць, а рукі робяць. Вось яны адрэзалі карэньчыкі ў цыбуліне, адшчыкнулі пер’е, аблупілі галоўку, разрэзалі яе ўдоўж на некалькі долек.
— Ты школьнік, малы яшчэ, не разумееш… А я ўжо стары, ведаю… Хадзіў неяк у Дулебы. Дык доктар Загорскі — разумнік вялікі, а кажа: нельга вострага есці. Малако трэба, масла, садавіну. Алкаголь — барані божа! А тут: барані не барані… Ну, малако можна… А як без сала?.. Што гэта за работа, без сала?..
Ён зноў суе ў полымя ражончык, і адтуль зноў чуецца трэск: узрываюцца, падаючы на вуголле, шарыкі туку. Зноў смачна пахне паленым, да слёз шчыпле ў носе цыбуля…
— Ну, куды ты лезеш? Згарыш, дурань. — Дзед замахваецца на Бобіка, які падлез так блізка да агню, што да ўсіх пахаў прымяшаўся пах паленай шэрсці. — На во, лаві. — Дзед кідае кавалак хлеба ўгору, далей ад агню.
Бобік на ляту ловіць хлеб, прагна, не жуючы, глытае, ледзь не давіцца, доўга аблізваецца і зноў падступае да цяпла, нецярпліва ўпіваецца вялікімі, чырвонымі ад агню вачыма то на Кастусёвы, то на дзедавы рукі.
— Сем сутак акружэння… Сем сутак баёў. Страляніна то заціхае, то распаляецца. I мы ляжым у балоце, — спрабуе весці далей свой расказ дзед. Кастусь тым часам падкідвае некалькі лапак у агонь. — А на дварэ не тое што холад, золасць12 страшная. Да касцей пранізвае…
Перарваў расказ Бобік: забрахаў залівіста і працяжна — туды, за рабіну.
— На, еш, — Кастусь кінуў сабаку скарынку. Бобік праглынуў яе, пастаяў, навастрыўшы вушы, і раптам кінуўся ў цемру.
— Чаго б гэта ён? — павярнуў галаву дзед. — Паглядзі, можа, ідзе хто?
Кастусь прыгнуўся да зямлі.
— Не, нікога не відаць.
А голас Бобіка чуўся ўжо ў самым рагу. Вось ён адчайна заякатаў, і ўслед за яго скавытаннем пачуўся глухі ўдар у зямлю, потым затарахцелі дробныя. Мусіць, нехта скочыў з яблыні і ўслед за ім пасыпаліся яблыкі.
— Э-э-э, дык вунь яно што!.. Ах вы, зладзеі! — прарэзліва закрычаў дзед. Ён кінуў на траву ражон і хлеб, сарваў з сука ружжо і, гарлапанячы на ўвесь сад, пабег.
Кастусь нейкі час нерухома стаяў ля агню. Што рабіць? Бегчы ўслед за дзедам ці заставацца ля будкі? Ён ускінуў на агонь ламачча і падаўся на сабачы голас.
Не дабегшы да рога саду, Кастусь зачапіўся за нейкі корч і расцягнуўся на ўвесь рост, балюча выцяўшы калена. Устаў, доўга цёр пабітае месца, потым паплёўся назад.
Сабака брахаў ужо недзе за пасёлкам. Відаць, хлопцы паспелі рвануць аж туды.
Не даходзячы метраў трыццаць да будкі, Кастусь убачыў дзеда. Той ішоў, сагнуўшыся, трымаючы абедзвюма рукамі падол кашулі. Убачыўшы Кастуся, жаласна і вінавата ўсміхнуўся:
— Яблычкаў сабраў… Буду частаваць цяпер…
— А дзе… ружжо?..
— А-а-а, ружжо? Там… стаіць… ідзі прынясі. — Дзед кіўнуў галавой назад, адкуль ішоў.
Ружжо Кастусь знайшоў адразу. Яно стаяла ля ствала цітаўкі. Іхняй цітаўкі. На зямлі бялелася абабітае лісце, цямнеў вялікі адарваны сук…
Калі Кастусь вярнуўся да будкі, дзед ляжаў ля агню на саломе, падбіўшы пад галаву кажух. Твар яго быў зусім белы. Дыхаў ён часта.
— Вам нядобра? Можа, доктара паклікаць?..
— Не, не трэба. Пройдзе… Гэта не першы раз. У баку нешта коле… I дыхаць не дае… Але яно пройдзе… Трэба толькі супакоіцца. А ты паспяшай — кіно пачынаецца.
Дзед гаварыў праўду. З пасёлка даносілася лапатанне рухавіка.
Кастусь падкінуў у агонь галля. Полымя рванулася ўгору, азарыла дзедаву галаву, будку. I Кастусю здалося, што дзед неяк дзіўна ўсміхаецца.
— Я скажу тату, што вам нядобра… Ен на матацыкле скочыць, прывязе доктара…
— I не думай… Мне ўжо лепей… Бачыш, я ўжо і сеў. — I дзед сапраўды сеў, апіраючыся слабымі рукамі аб зямлю. — Яно пройдзе. А ты ідзі. Вазьмі яблыкаў і ідзі.
— Я не хачу, дзядуля…
Кастусь адступіўся ад агню і ўбачыў Бобіка. Увесь мокры з галавы да ног, ён паспеў падабраць хлеб і цяпер аблізваў дзедаў ражон.
— У-у, гад! — замахнуўся на яго нагой Кастусь, але сабака з віскам паспеў адскочыць убок.
— Дык я пайшоў, дзядуля.
— Ідзі здароў, — адказаў дзед, і ў яго голасе Кастусю зноў пачулася тая ж усмешка.
Калі Кастусь падыходзіў да сяла, з-за кузні вынырнулі дзве постаці. Першым быў Валік.
— Ну, што? — насцярожана прашаптаў ён.
— А пайшлі вы! — у роспачы закрычаў Кастусь.
— Ціха, чаго ты крычыш? Пачуе хто-небудзь. Нікога не пазнаў?
— Пазнаў, і цябе, Цар, і Мішу. Усіх пазнаў… — Злосць на сябе і на хлопцаў сціснула яму горла, і ён заплакаў.
Потым пад ліпамі, куды яго завялі, ён сказаў, хліпаючы носам:
— Нікога ён не пазнаў.
— Дык чаго ты плачаш? Гэта ж добра.
— Добра?.. Ты ведаеш, ён хворы… Зусім хворы…
Кастусь не чуў, як Валік паклаў яму ў кішэню дзве вялікія мяккія цітаўкі — з тых, што не паспелі пагубляць, уцякаючы, не заўважыў, як яны абодва — і Валік, і Мішка — зніклі. Перад вачыма ў яго стаяў дзед Агей і яго незразумелая ўсмешка. Чаго ён усміхаўся?..
У кіно ў гэты вечар Кастусь не пайшоў.
1. Сенечкі (сенцы) — трохсценная прыбудова да хаты з боку дзвярэй.
2. Падаткнуць — тут: зрабіць данос, выдаць (тайну).
3. Пільны — тут: неадкладны, вельмі патрэбны.
4. Латашыць — рваць без разбору, псуючы і спусташаючы.
5. Цітаўкі — гатунак яблыкаў (буйныя кісла-салодкія плады).
6. Рызіна (рыззё) — падранае, зношанае адзенне; тут: старая ануча.
7. Ложа — драўляная частка ружжа, да якой прымацаваны ствол.
8. Ілля — старажытнае народнае свята дажджоў і навальніц.
9. Шорхкі — сухі, шурпаты, агрубелы.
10. Под — ніжняя паверхня ў печы.
11. Тук — растоплены тлушч.
12. Золасць (золь) — сырое, пранізліва халоднае надвор’е.
Адказы на пытанні:
1. Лёс старога вартаўніка складваўся нялёгка:
"Дзеду было за семдзесят. Ён добра памятаў яшчэ першую, "царскую" вайну, з якой прывёз Георгіеўскі крыж, потым "гражданскую", якую, калі верыць яго словам, ён прайшоў у сядле з галошам на адной назе і з лапцем на другой. У калектывізацыю кулакі спалілі яго новую хату і застрэлілі сабаку. Суседзі меркавалі, што сабаку наўрад ці збіраўся хто зводзіць, і загінуў ён праз свой язык. Гэта вайна зачапіла старога мацней: не вярнуўся з фронту сын, а жонку – добрую, рухавую Параску – расстралялі немцы дома. Нехта з "добрых" людзей падаткнуў, што стары ў партызанскім атрадзе."
2. Кастусь наведваўся да дзеда, каб адцягнуць увагу яго і сабакі, пакуль сябрукі кралі цітаўкі ў садзе. Дзед заўсёды сустракаў хлопчыка прыветна, частаваў, расказваў пра сваё жыццё. Ён здагадваўся, што хлопчык прыходзіць не проста так, але дазваляў падманваць сябе, магчыма, ад адзіноцтва.
3. Валік прапанаваў Кастусю зноў наведацца да дзеда, каб за крадзеныя яблыкі трапіць у кіно. Але той не вельмі хацеў ісці, бо здагадваўся, што дзед раскусіў іх кампанію. Аднак жаданне трапіць на фільм бясплатна перамагло.
4. Да дзеда Кастусь прыйшоў з упэўненасцю, што гэта ў апошні раз, быў насцярожаны, але не адчуваў асаблівага страху.
5. Дзед Агей сустрэў хлопчыка з хітрай усмешкай, але быў гасцінны, пачаў частаваць смажаным салам, расказаў пра тое, якім смачным здавалася сала яму ў 43-м годзе падчас вайны. Расказваў ён, як у балоце хаваліся ад немцаў.
Акрамя гэтага дзед пачаставаў яго цітаўкамі, быццам намякаў, што можна было б проста прыйсці і папрасіць яблыкі, а не красці. Хлопцу было няёмка, але ён прымаў гасціннасць дзеда.
6. Характар Кастуся мяняецца з ходам сюжэта. Напачатку ён ходзіць да дзеда і робіць выгляд, што яму цікава яго слухаць, у той час, калі яго сябры крадуць яблыкі, пасля ён баіцца, што дзед здагадваецца, чаму прыходзіць да яго Кастусь, ён не хоча, каб той расказаў яго бацьку. А ў апошні вечар Кастусь сумняваецца, ці жадае ён рабіць тое, што прапануюць яму хлопцы, тым больш, што дзед яму падабаецца, ён добры і не сквапны, наадварот заўсёды частуе хлопчыка яблыкамі. У фінале твора, калі ён бачыць нямоглага дзядулю, яго погляды карэнным чынам мяняюцца, яму становіцца сорамна, ён перажывае за дзядулю, яму прыкра і сумна. Можна зрабіць вывад, што ніколі больш хлопец не будзе такім чынам паступаць.
7. Пасля развітання з вартаўнікоў Кастусь адчуваў роспач, злосць на хлопцаў, жаласць да дзеда (ён гаворыць Валіку, што дзед зусім хворы). А хлопцы хвалююцца і насцярожаны, бо баяцца, што іх пазнаў дзед. Бачачы роспач сябра,яны ціхенька паклалі яблыкі ў кішэні Кастуся і зніклі. Наўрад ці хлопцы да канца зразумелі сябра, але ім таксама было сорамна. Бо яблыню яны абадралі вельмі нядобра – сарвалі лісце, зламалі галіны.
8. Кастусь не пайшоў у кіно, таму што з самага пачатку твора ён збіраўся туды за крадзеныя яблыкі, але пасля таго, што здарылася ўвечары, яму было сорамна. Шкада дзеда, прыкра за свае паводзіны. Магчыма ён зразумеў, што дзед Агей здагадваецца пра яго, але нічога не кажа і не выкрывае яго падманлівыя паводзіны.
Незразумелая ўсмешка дзеда магла азначаць, што пад ёй Агей хавае свой боль, магчыма, ён жадае паказаць, што ўсё добра і ён не пакрыўджаны на хлопца за падман, хоць і пра ўсё здагадаўся. Бо бачыў, што Кастусь добры і жаласлівы хлопчык, у якога ўсё ж ёсць сумленне.