Андрэй Мрый — Камандзір

Андрэй Мрый

Увага! Поўны змест

  — Ого! Цяпер я сцішыўся, цяперака я ўходаваўся! Што я цяпер? Самы ціхі чалавек у вакрузе. Жонка, дзеці, жыву, як расліна! Асеў на зямлю ды цягну яе, як цяля карову. А калісьці я быў герой. Чаго вы смяецеся? Што?.. Ці быў я на вайне? На якой? На нашай быў! З 18-га году, а было мне тады 22 гады, як лёду…
 Падарожны памаўчаў, падкінуў у вагонь трусу, не спяшаючыся скруціў сабачую ножку, запыхкаў моцнай махрой і пачаў нам расказваць.
 — Я і цяперака калі што будзе, дык першым у пекла пападу. Мяне, бачыце, камандзірам зрабілі.
 Начлежнікі зарагаталі. Брудная сялянская кашуля, абмазаная каланіцай світка, смаркаецца саматужным спосабам… Камандзір!..
 — А як гэта выйшла? Пераказаць, дык не дасцё веры! Было гэта тады, як немцы захапілі наша мястэчка. Сталі яны мне папярок глоткі!
 Не магу на іх глядзець, не хачу пад імі, храпаідаламі, быць. Узяў ды драла ад іх.
 Еду сабе ў Бабруйск. I там нямецкія капіталісты імперыялізм разводзядь. Я яшчэ далей пасунуўся, а яны ўслед па пятах, ну, проста некуды дзецца.
 Прыязджаю я ў Клінцы. Што ты скажаш? I тут яны. А са мной ехаў яшчэ адзін пісталет, звалі яго, як і мяне. Віннік. Толькі мяне Хвёдар па празванню, а яго Мартын. Цяпер няма яго на свеце. Загінуў у завірусе і костачак не пакінуў. Добры быў хлапец, хоць і браценнікам мне прыводзіўся.
 Распыталі мы пра нашых. Кажуць нам, што гвардзейцы тут недалёка стаяць, а дальш немцы ўжо не пойдуць.
 — Пачакай! — кажа мне Мартын. — У мяне канбенацыя!
 — Якая? — пытаю.
 — Хадзем, запішамся ў гвардзейцы!
 — Што ты ачмурэў? Мы ж не ведаем, што ёсць стрэльба! На смех, ці што, йсці?
 А мы з ім да гэтага часу грузавікі цягалі, з вінтоўкай ні бэ ні мэ не ўмелі.
 — Нічога, — кажа Мартын, — за спыт не б’юць у хрыбет. Людзі ім патрэбны.
 Пайшлі мы шукаць нашых. Бачым — вёска. Зайшлі ў адну хату. Праўда, гвардзейцы сядзяць, а лахматыя, мурзатыя, як мядзведзі. Сядзяць у чырвоных шараварах ды гуляюць сабе ў лісцікі. На нас і вокам не міргануць. Сваю справу робяць. А каля сцяны стрэльбы стаяць.
 Мартын мой як звар’яцеў. Цап за стрэльбу ды давай яе мацаць, давай яе круціць, кулупаць, давай яе ляскаць, што і як.
 Гвардзейцы ўшчупусіліся. Хто такі? Адкуль? А, нямецкія прысцябаі?! За мурмалку нас — і пацягнулі пад расстрэл…
 Ну, можа, не пад расстрэл, а так… пажартаваць.
 Я бачу, што справа, канешне, дрэнь. Давай кавярацца, гарадзіць што папала. Аўтарытэтна заяўляю, што магу быць камандзірам дывізіі, а мяне пад расстрэл пхаюць. Насмяшыў іх. Тут і Мартын пасмялеў, і ён свае словы торкае. Рагочуць гвардзейцы, а тады раптам кажуць: «Ты будзеш камандзірам 3-й роты». Гэта на мяне так. «А ты, — кажуць на браценніка, — будзеш камандзірам пешай разведкі».
 Так і прайзвялі нас у чыны. А мы, ведаеце, ні бэ ні мэ! Hі ойча наш, ні Багародзіцу. Толькі, праўда, лаянкаю добра крылі. 6 месяцаў былі мы ліпавымі камандзірамі. Спачатку дужа смяяліся з мяне. Я і сам канстаціраваў. Які я камандзір? Не ведаў нават, як і стрэльбу трымаць, а пра каманды ці маршы і не пытай! А хоць і смяяліся, ды прызвычаіліся да мяне. Ды чаго было смяяцца? Чалавек за іх рабочую справу ідзе. Пачалі некаторыя з іх троху падвучваць мяне, падраўноўваць. Так з грахом папалам трымаюся ды баюся, каб за шкірку не выштурхнулі.
 А тут, на табе, чэхаславакі! Мяне фурць на тэй фронт, з усёй маёй басатэрыяй. I Мартына таксама. Еду, а сам думаю сабе, як я там буду ваяваць, як буду камандаваць. Гэта ж не жарты! Усунуць гарматы, кулямёты, што я буду рабіць? Не сплю ночы, як еду ў цялятніку. Усё думаю: правалю рэвалюцыю!
 — Праваліў, ай не?
 — Не праваліў! Страляем па чым папала! Якая там каманда! Айдзе ўсе, там і я! Вочы ў мяне зіркія, як у арла! Пабачу, як крадуцца белыя, ды камандую па-свойму: «Ото-то! Ото-то! Вунь, вунь! Лупцуй яго! Клей яму ў… Вунь яшчэ паўзуць! Перанось туды агонь!» — А сам авангардам лезу на ражон.
 Адным словам, не быў  трышкай! Вясёла было хлопцам са мной.
 Аднойчы абадралі мы нейкага пана. Паадбіралі ў яго ўсё чысценька, што трэба, што й н трэба! Наша часць сабрала 12 грамафонаў. А тут белыя насядаюць. Мы паставілі грамафоны на калёсы, закруцілі іх ды у атаку. Во смеху было! Белыя аж аслупянелі, як мы з грамафонамі тарарахалі. Далі дзёру яны. Усё я быў завадатай. Мартын так і дражніў мяне «грамафоншчык».
 А яшчэ скажу вам, я з ліпавага камандзіра выйшаў на чырвонага ахвіцэра. Можа, мяне трэба было тады ліквідаваць. Нарабіў я бясчынства, ой-ёй-ёй! Цэлы кодэкс парушыў, пад касцёл шмат каго падвёў. Толькі і пашкадавалі мяне за мае маладыя леці ды паслалі падвучыцца.
 Падарожны азірнуў усіх, хто сядзеў каля агню, як быццам хацеў пераканацца, ці ўважліва яго слухаюць, і потым, гледзячы на вогнішча, загаварыў:
 — Стаялі пад Кунгуром, біліся некалькі дзён, а як перайшлі яго, дык і далі нам два дні падправіцца. Адна беспартыйная баба, гадоў так пад 70 будзе, перадала нам на вуха, што тут недалёка ёсць маёнтак генерала Уварава. А стаіць ён у пушчы-драмушчы. I там можна таго-гэтага здабыць. Ну, першым чынам узяліся мы правесці там каналізацыю, бо ў нас коні ўсе былі ануліраваны, дык мы задумалі забраць генеральскіх коней.
 Што ж? Смела ідзём туды. Валім проста на стайні, а без ніякага дакладу. Баявым — нейкі прыстаўны самасуй не дае нам праходу. Кажа: «Ідзеце да генерала, а я тут ні пры чым!» Мы на яго як цыкнулі: «Што ты, лупі тваю прасвятую, чужога дабра сцеражэш! Стражнік знайшоўся!» У хрыбет яго. Той перакуліўся ды драпа ад нас.
 Толькі пачалі брацца за коней, а генерал толькі гэтага і чакаў. Свіснуў у сурчок, а выскачылі немаведама адкуль сабакі і давай нас рэзаць, давай нас шкамардзіць. Аж пер’е ляціць з нас. Мы адбівацца. Толькі дзе там?! За самыя кволыя месцы хапаюць…
 А было гэта перад вечарам. Сам генерал выйшаў на ганак, смяецца, а ўсмешка яго проста як у вакулы імперыялізму. Што нам рабіць? Хоць круць-верць, хоць верць-круць, дык больна выходзіць.
 Крычу я не сваім гол асам: «Душу табе распятушу, калі не ўсцішыш сваіх ваўкарэзаў». А ён злосна смяецца ды крычыць нам, як з трубы трубіць: «Вы мне свабодна можаце не ўказваць, хамуйлы! Чаго вы тут? Вон адгэтуль! Гэта мае дабро!»
 Узарвала мяне гэта панская працадура. Стрэліў я ў генерала. Не папаў! Схаваўся ён у дом, прытаіўся каля вакна ды з рэвальвэртам падсцерагае. Бачым мы: справа зноў дрэнь! Зноў у нас кампотны настрой! А сабакі на мэтлахі разносяць нас, без дзяцей пакідаюць… Давай мы іх чысціць ды патроны на злыдняў траціць. Як-ніяк разагналі, а каторых перабілі. А трох з нас моцна паскублі — у шпіталі адлежваліся.
 Узяліся мы за генерала. Уварваліся ў яго логава. Пан дрыжыць, як у трасцы, чуе, злодзей, што не здабраваць яму.
 Абкруцілі мы рукі яму… Як цяпер, бачу я генерала гэтага. I пагоны, і ўсё на ім было. Як відаць, не паспеў збегчы. Тлусны быў, як кабан, твар чырвоны, вочы маленькія, злючыя, калючыя, як у восвы, ды яшчэ тры падбародавічы.
 Заляпіў я пану поўху, аж зашчочына пачырванела. А пасля троху аддыхаўся і сказаў яму слова моцнае:
 — Слухай, ты, анцімонія чэхаславацкая, — так гаварыў я, — слухай, ты, гадава яйцо! Мы нічога не зрабілі б табе, мы абышліся б канкрэтна і далікатна, каб ты не захацеў згубіць рэвалюцыянераў. А ты ваўкарэзаў нагнаў на нас, пачаў нас сабатажнічаць. Кружануў яго яшчэ разы тры лаянкаю. Душа з мяне парастоўпам выходзіла ад злобы. У канцы крычу яму: «Досыць вам, паночкі! Наёрзаліся вы на нас, наёрзаемся і мы на вас. Сухапутныя чэрві вы! Раздавім мы вас без жальбы».
 Схапіў я генерала за карак ды штомоцы грук яга аб зямлю.
 Тут раптам уваходзіць генералава дачка. Браткі мае! Што тут зрабілася са мною! Пацямнела ўваччу. Такой красы я не бачыў. Уся ў белым, як малінка, а вочы, вочы ярыя-ярыя, бліскучыя! З пагардай пазірае на нас. У мяне і язык адсох.
 Кажу ёй: «Мы не хацелі вам зла рабіць, а ваш генерал-айцец неблагародную структуру замысліў, і мы не можам гэтага так кінуць. Генерал ваш адкажа перад рэвалюцыяй і намі. Не памрэ ён еваёй скорай смерцю».
 Паненка ўся задыхаецца. «Вы бандзісты, — крычыць. — Што вам тут трэба? Чаго вы ўварваліся ў наш дом?» Тупае на нас нагамі.
 А я, як камандзір, галантарэйна кажу ёй: «Дом ваш цяпер ужо наш, і ўсё ваша будзе наша». Давай ёй палітграмату чытаць. Але яна не слухае, а сваё буржуйскае трубіць. За кожным словам джала торкае ды зачапляе нас за жывое. Вядома, змяіны выпаўзак, дык і джыгае.
 Гляджу я на яе ды любуюся. Вочы гараць і цягнуць да сябе, як смерць ці прадонне. Думаў я скалатушыць генерала, ды дачка прыйшлася ў панараў.
 Загадваю сваім хлопцам: «Засадзеце генерала ў каморку якую ды на замок зачынеце, каб не выдраўся, а заўтра мы будзем судзіць яго судом рэвалюцыі і смерці». Пасля маё войска размясцілася па пакоях, дзе два, дзе тры чалавекі. А пакояў шмат было.
 А сам я пайшоў з генеральскай дачкой аглядаць усё. Што ж? Яна, сцяўшы зубы, паказвае мне ўсё, тлумачыць, што, як і айдзе пакладзена. Мяне і сон не ўсіляе. Гляджу на яе ды дзіўлюся яе маладосці ды зграбнасці. Павяла яна мяне яшчэ ў сад. Праўда, я з рэвальвэртам іду: а можа, пастка якая на мяне нарыхтавана. Не! Ходзім мы па сцежачках. А па траве шмат было іванавых чарвячкоў. Яна ўсё пазірае на агоньчыкі ды нешта думае. На мяне не глядзіць. А я ўсё роўна як у агні. Чую, як кроў булькае, гарачым комам падхлынае да сэрца. Усё цела напружваецца. Але стрымліваюся і вяду палітычную разгавору. Пачынае і яна гаварыць. Пытае мяне, дзе я жыву, у якім месцы і ці вялікае пратэжэ ад майго дому.
 А ўсе словы свае пераводзіць на тое, каб мы з бацькам яе нічога не зрабілі. Я ёй заяўляю: «Калі вы так просіце, дык можна зрабіць зніжэнне: даць 3 ці 4 гады смерці ў турме, а нічога не прысудзіць нельга».
 Яна бача, што я падаўся, ды яшчэ просіць, а вочы так прыхільна, з абяцанкай пазіраюць на мяне. У мяне сэрца так і ёкае, тыхае, як матор.
 — Пайка яго, што вы так кажаце. Каб не вы, прапаў бы бацька ваш. — Бяру паненку за руку ды кажу: — Толькі ведайце, што кожны па сваіх мыслях схапвае, і вы павінны гэта памятаць.
 А яна перабівае разгавору, каб я не дагаварыўся, ды кажа: «Хадзем у дом — будзем гарбату піць». Што ж? Мне і не хочацца, але ідзём.
 Заходзім у яе пакой. Чалядка прыносіць гарбату. Усё так чыста, прыгожа, шклянку дае на бліскучай падносе.
 Выпілі мы чай. Я заводжу зноў палітычную разгавору. Скуль і словы ў мяне бяруцца. Пытаю: «Ці няма ў вас Ямелю Золю прачытаць? Я вельмі люблю прастуджваць сябе літаратурай». Яна ўсміхаецца: «Не! Ямелі Золі такога не чула. А што вы чыталі яго?» А я, братцы, яй-богу, нічога не чытаў, ніякіх літаратур. Пачырванеў троху, ну не дужа.
 Гаворым мы з ёй такім чынам. Страшэнна мне хочацца любезнасці гаварыць ёй ды гладзіць яе, пісклёнка. Такая была прыгожая ды ўбраная! Пад канец нейкая шайтанская сіла ўссела на мяне. Нічога не зраблю з сабой — душа стала хацімая.
 А было позна ўжо. Людзі паўспаліся. Самы сон. Цішыня вакол.
 Я і падсунуўся да яе. Паненка ні божа мой, крычаць хоча, адбіваецца, як замахнецца белай ручкай — усё у месяц мне пападае. Валтузіўся я, валтузіўся з ёю. Бачу— незмага па-добраму ўзяць. Падмануў яе ды нахрапам дабіўея свайго. Зусім знямог, аж запышку нагнаў. Нічога не ведаю, дзе я і што са мной. Усё цела томнае, і жывот томны. Ляжу як нежывы.
 А паненка плача, раве, як ваўчыха. Раптам трах — разарвала на сабе сарочку ды кідаецца на мне, кусаецца, статуямі швыргае ў мяне. Я супакойваю: «Што ты сшыманела, дзевачка? Нашто ты сарочку пашкуматала? Людзі смяяцца будуць! Шустра ты, паненка! Хочаш з печы зваліцца і сядзелкі не пабіць». Так па-мужыцку і кажу ёй. «На тое рэвалюцыя, кажу. Не толька мы пакутуем, а і вы, паночкі, жыццю будзеце не рады. Не будзь сярдунняй — пераходзь да нас. Будзем жыць з табой, а не, дык усё роўна будзеш праз наш кій скакаць».
 Паненка здзіка зарагатала, вочы загарэліся. «Ніколі гэтага не будзе! Зняславіў ты мяне, і я адпомшчу. Не будзеш ты жыць, хамуйла!» Хоць і лае мяне, а шкада мне паненкі. Супакойваю яе: «Дос табе! Ці ты яшчэ не нарвалася? Падумаеш, вялікую шкоду зрабіў я табе! Усё пройдзе, а мы застанемся. Зробленага не вернеш. Прырода такая мая. Сам не ведаю, як праштрапіўся. Мужчына я, а ты такая прыгожая». Зноў пачаў з ёю гурды-мурды.
 Яна маўчыць, толькі слёзы ціха коцяцца. Можа, усё і абышлося б. Але тут і выйшла катастрофа. Генерал выдраўся з каморкі, нехта выпусціў яго. Ляціць проста да нас. Як убачыў ён усё ды ў чым дачка яго — страшэнна з’ёрчыўся, пагнула ўсяго, што жудасна глядзець. А тады схамянуўся, выхапіў рэвальверт ды бац у мяне. У руку мне загрэў. А я і забыўся, куды дзеў свой рэвальверт, як падаў за паненкай. Баба каму галаву не скруціць? Адчай на мяне найшоў. Кінуўся я да пана, бац яго галавой у пуза, а рукой за аружжа, ды лоўка адабраў. Пан уссеў на мяне, перакурдыкнуў мяне. Здаровы быў, як кабан. Падкорчыў мяне пад сябе ды ўсё ляп ды ляп па ўсёй абліччы, содзіць, як капусту. А сам пыша, як жарэбны воўк.
 Тут і дачушка падскочыла, б’е мяне пантофляй па твары, па пузе ды па чым прыйдзецца. Збіваюць мяне на катлеты. Кампотны ў мяне настрой. Ніякай дынамікі ў мяне. Рэвальверт не аддаю, а ўзвесці сабачку няма магі. Але як-та напружыў усю моц ды стрэліў. Пана ў нагу чыркануў. Той на момант адскочыў, а я яшчэ раз — прамазаў. Тут шчасце маё, што хлопцы пачулі страляніну, ды двое з іх мяне ратаваць.
 Схапілі мы генерала, звязалі яго вяроўкамі, а дачка ўцякла, схапіўшы мой рэвальверт. Дзе яна яго знайшла — не ведаю.
 Як звязалі пана, добра я насмяяўся з яго. Прыплюснуў адно вока ды кажу яму: «Што? Не па носу прыйшлося, як мужык тваёй дачкой пакарыстаўся? Толькі я не хацеў гэтага. Яна сама. (Кажу так, каб больш раззлаваць яго.) Прырода, пане, нічога не зробіш. Ты сам прычынны ў гэтым». Так кажу яму. Пан аж сінее ад злабы. Даю яму яшчэ фігуру савецкую пад нос, абы толькі насаліць.
 Руку мне перавязалі. Ные праклятая — косць, як відаць, зачапіў.
 Абкружылі мы ўвесь дом, давай парадак наводзіць. А дачка яго залезла ў пакойчык з вакешкам на калідор ды страляе ў нас адтуль — нельга прыступіцца. Як звар’яцела. Двох з нашых, што першымі пасунуліся, паклала на месцы. А патронаў пры маім аружжы было штук 40. Ну, бачу, справа дрэнь. Узяў я гранатку 7-хунтовую ды бэнц у вакешка. Там ад яе мокра зрабілася.
 Праўда, як забіў я яе, усё ўсярэдзіне ў мяне захаладзела, як быццам адарвалася што. Такая яна была прыгожая, маладая.
 Прыходжу да генерала. Ляжыць скручаны па руках, па нагах ды плюецца крывёю. Кажу: «Дачка твая ануліравана! Цяпер твая чарга. Павядзём цябе ў падзямельны аддзел». Хлопцы як крымзанулі пана, з таго й дух вон. Як у песні пяецца: «Труп яго свежы зарылі ў тую злавешчую ноч». Ну толькі гэта было, як развіднела. Сонца выкатвалася.
 Пачалі мы дапытвацца, хто выпусціў пана, адкуль у яго аружжа. Дабіліся, што прыслужнікі былі ў прычыне, асабліва тая вастраносая, што нам гарбату падносіла. Узялі мы яе на рэмус. Пыталі ў яе, дзе яна ў тэй час была, ну а яна адказала:  «Гэта душэўная тайнасць мая». Ну, мы і яе не пашкадавалі. Ды яшчэ двох-трох пакрыўдзілі. Адным словам, нарабілі мы бясчынстваў. Канешне, хто ў гэтым вінен? Камандзір! Пераканаліся, што камандзір без усякага крэда і толькі падрываю аўтарытэт рабочай і сялянскай арміі. Скінулі мяне з камандзірства, засадзілі ў турму, судзілі мяне. Суд, пабачыўшы мае маладыя леці, дараваў мне, вярнуў у часць. А там накіравалі мяне на курсы, дзе я зразумеў, які я гад быў і што няправільна разумеў усё. Цяпер мяне ўжо не паддзенеш.
 Дык вось як было са мною. А вам здаецца, што я ціхі чалавек?
 Агонь патухаў. У недалёкай вёсцы пачуліся пеўні. Ніхто не адказаў Віньку на яго запытанне.

1927
 

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений