Апякунка Беларусі

Пераказы і дыктанты

  У гісторыі кожнага народа ёсць імёны, якія складаюць яму вечны гонар і славу. Гэта тыя людзі, якія сваё жыццё і дзейнасць прысвяцілі роднай Айчыне, сваім землякам. Гэтыя імёны выступаюць духоўным скарбам нацыі. У беларусаў гэта Ефрасіння Полацкая – кананізаваная святая. Яе свецкае імя – Прадслава. Нарадзілася яна ў старажытным Полацку каля 1104 года ў сям’і малодшага сына Усяслава Чарадзея. Яе маці была дачкой кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха. Сваякамі Прадславы былі высокія князі з Кіева, Турава. У дзяцінстве яе выхаваннем займаліся высокаадукаваныя духоўныя асобы. Яны далі маладой князёўне найлепшую тагачасную адукацыю.
 Прадслава была вельмі разумнай і прыгожай. Калі ёй споўнілася ўсяго дванаццаць гадоў, да яе сталі засылаць багатых сватоў. Бацькі вырашылі аддаць дзяўчыну замуж. Аднак у сэрцы Прадславы жыло вялікае, шчырае жаданне служыць людзям. Яна адмовілася ад шлюбу і пайшла ў манастыр. Яе бацькам нічога не заставалася, як змірыцца з выбарам любімай дачкі. Пасля абраду пастрыжэння ў манашкі Прадславу назвалі Ефрасінняй. Яна пасялілася ў келлі Сафійскага сабора. У манастыры дзяўчына шчыра малілася, старанна перапісвала кнігі. Прыбытак ад продажу кніг аддавала ўсім тым, хто быў у вялікай нястачы.
 Ефрасіння заснавала славуты жаночы манастыр, які стаў вядомым цэнтрам духоўнай культуры і асветы. Сцены храма былі распісаны ўнікальнымі фрэскамі, што ўвабралі багатыя народныя традыцыі. I сёння яны з’яўляюцца шэдэўрам сапраўднага жывапісу.
 Чаму Ефрасіння шмат увагі надавала храмам? Справа ў тым, што для Ефрасінні і яе сучаснікаў храмы былі вобразамі і мадэлямі сусвету. У іх увасабляліся ідэалы высокага хараства і гармоніі. Невыпадкова князёўна была і фундатаркай будаўніцтва Спасаўскага сабора. Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, Ефрасіння Полацкая стала першай мецэнаткай.
 Ефрасіння заказала ў майстра Лазара Богшы крыж, які быў зроблены з залатых пласцінак, упрыгожаных дарагімі, каштоўнымі камянямі. Гэты крыж стаў славутым помнікам старажытнага беларускага пісьменства. На яго бакавых пласцінках быў змешчаны запавет нябеснай апякункі.
 Аўтарытэт Ефрасінні быў вельмі высокі. З яе парадамі, просьбамі, наказамі лічыліся полацкія князі і веча.
 Ефрасіння вырашыла здзейсніць паломніцтва ў Святую зямлю. Яна адправілася ў Іерусалім. Яе ганарова прымалі на Святой зямлі. Вестка пра яе высокую духоўную дзейнасць разнеслася далёка за межы Полацкага княства. Аднак пасля доўгага цяжкога падарожжа Ефрасіння захварэла і праз 24 дні памерла. Яе пахавалі недалёка ад Іерусаліма, у манастыры. Праваслаўныя манахі вывезлі пазней раку з мошчамі Ефрасінні і перапахавалі ў Кіеўскім манастыры. Там мошчы святой знаходзіліся каля сямісот гадоў.
 Жыхары Полаччыны не раз хадайнічалі аб пераносе мошчаў нябеснай заступніцы ў Полацк. Імператар Мікалай II даў згоду на перанос святыні ў родныя мясціны. У пачатку дваццатага стагоддзя мошчы святой перавезены ў Полацкі манастыр, дзе захоўваюцца і зараз. Ім ідуць і ідуць пакланіцца вернікі. Яны просяць заступніцтва і шчасця.
 Ефрасіння Полацкая стала першай жанчынай, прылічанай да святых. Яна прызнана нябеснай апякункай Беларусі. Праз шмат гадоў беларусы ўспамінаюць сваю славутую зямлячку з вялікай павагай. Зробленае Ефрасінняй Полацкай шануецца ў народзе як неацэнны духоўны скарб.
(453 словы)

Паводле А. Аляксеева.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений