То ялінкі, то сасонкі
падпіраюць небакрай…
Прыгажэйшае старонкі
не знайсці, як ні шукай.
Скачуць сонейка асколкі
пасля дожджыку ў вадзе.
Весялейшае вясёлкі
не пабачыш анідзе.
Пахне збожжа свежым хлебам.
Сыпле золата жніво.
Жаўрукі звіняць пад небам –
славяць свету хараство.
На бярозе – белы бусел.
Пад бярозаю – ручай.
А завецца Беларуссю
непаўторны родны край.