Авяр’ян Дзеружынскі — Азбука птушак

Авяр’ян Дзеружынскі

Вось вам азбука
I птушак,
Любых змалку
Весялушак.

 
Арол

Арол
Адолеў
Буры сілу,
Ляцеў Асілак
Быстракрылы.

Акінуў позіркам
Прасторы,
Агледзеў
Лес наўкольны,
Горы.

I на гняздо,
На дуб высокі
Цар птушак
Прыляцеў Здалёку.

Бусел

Бусел,
Буська,
Бацянок,
Белы-белы
Кафтанок.
Басаногі ён,
Без ботаў,
Ходзіць,
Бродзіць
Па балотах.

Жабкі
Бусліка
Баяцца:
У чарот
Бягуць хавацца.

Варона

Вараняці
Птушку-матку
Кліча, кліча
ў сваю хатку.
Вечарэе,
Вецер зябкі,
Птах галодны,
Зябнуць лапкі.

А варона ўсё
Вароніць –
Дзіцяняці
Не пакорміць.
Вечарам,
Нарэшце,
Матка
Успомніла
Пра варанятка…

Накарміла,
Спаць паклала,
Калыханку
Варкавала.

Гуска

– Дзе была ты,
Гуска?
– На балоце
Грузкім,
Там хадзіла я,
Гуляла,
Траўку
Гэткую шчыпала,
Нашую,
Гусіную,
З мяккай
Сэрцавінаю.

Драч

Горла
Драў
На лузе
Драч:
Драчанят няма,
Хоць плач…

Драчанятак
Драч чакаў,
Доўга-доўга
Іх гукаў.

Драчаняткі,
Як пачулі,
I прыбеглі
Да татулі.

Елавік-крыжадзюб

Шышку крыжадзюб
Дзяўбаў,
Зерні
Елкі
Даставаў.

Зерні
Елавік
Дастаў
Сваёй моцнай
Дзюбкай,
Ежу
Дзеткам раздаваў:
– Ешце,
Крыжадзюбкі!..

Журавель

Журавель,
Жураўка,
Жораў
Мае ціхі,
Добры нораў.
На балотах
Жураўліных
Ён збірае
Журавіны…

У трубу –
Жаленку –
Трубіць,
Танцаваць
Жураўка любіць.
Жураўліха
З ім ласкава,
Скача
Жыва,
Скача
Жвава.

Заранка

Яшчэ свеціць
Зорка,
Зараніца
Ранкам,
А пяе ўжо
Звонка
Ранняя
Заранка.

I чуваць
Выразна
Срэбны
Звон-званок,
Быццам
Звоняць
Нівы,
Травы,
Гай-лясок.

Івалга

Ілі-цілі,
Ілі-цілі, –
Івалга
Пяе над рэчкай.
Лес шуміць
Лісцём вясновым
I ўкрывае
Ім гняздзечка.

Каня

Каня
Канькае,
Кігіча:
– Кігі,
Кігі,–
Дожджык
Кліча,–
Кігі,
Кігі,–
Хоча піць…

Над азёрамі ляціць,
Ловіць
Кропелькі-дажджынкі,
Як празрыстыя расінкі.
I ўсё
Кружыць,
I ўсё
Кружыць,
Канькае,
Кігіча,
Тужыць.

Ластаўка

Золак
Ледзь-ледзь
Дрэў вяршыні
Кранае,
Ластаўка –
Ласкаўка
Лугам
Лятае.
Ранкам
I днём
Напявае,
Шчабеча
I заціхае
Ў хацінцы
Пад вечар.

Мухалоўка

Мухалоўка
Мух лавіла,
Мохам,
Мурагом
Хадзіла,
Трохі
Прытамілася,
Хвілю
Прыпынілася…

Села,
Пасядзела,
Хутка паляцела
У ціхі гай,
Дзе траўка,
Мяккая
Мураўка,
Многа-многа
Мушак
I сябровак-птушак.

Нырок-свірок

На возеры
Нырок
Нырае,
Нічога ён
Не заўважае.
Наважыўся
На бераг плыць,
А тут як тут
Ліса бяжыць…

Нырок-свірок
Перапужаўся,
Нырнуў –
I ў хвалях ён
Схаваўся.

Ох, прыгожы качар!

Агар,
Агар –
Тундровы птах,
Ох, і прыгожы
Качар ён!
Між купін,
Ля ракі ў кустах
Расце,
Гадуецца здавён.

Парушыць цішу
Звер –
Спалох,
Трывожны, часты
Сэрца ўдар,
Самотны крык:
– Ог, ог,
Ох, ох!.. –
У мох хаваецца
Агар.

Пугач

Пустальгу
Пугач
Пужаў,
Пускаў ёй
Пыл у вочы.

Ён
Птушцы
Толькі
Пагражаў,
Сам нішчыў
Мышак ноччу.

Рабчык

Золак ззяў,
Было ранютка.
Рабчык бег
Па лесе хутка, –
Захварэла
Рабка –
Рабак-дзетак
Матка.

Рабчык
Дзятліка спаткаў,
Пра бяду сваю сказаў:
Доктар,
Рабцы
Рады дай.
Не бядуй,
Мой родны, знай,
Вазьмі лекі –
Ёсць якраз –
Рабка вылечыцца ўраз.

Салоўка

Свішча
Салоўка
Майскаю ночкай,
Ранкам і днём
Спявае,
Слых
Салаўіхі
У веснім садочку
Песціць,
Суцешна ласкае.

Турухтан

Турухтан – кулік
Такуе,
Як палянку
Аблюбуе,
Тут і ладзіць
Такавішча,
Ток –
Вясновае ігрышча.

Турухтан –
Туп, Туп, –
Тупоча,
Запрасіць
На танцы хоча
Прыгажуню
Турухтанку,
Што выходзіць
На палянку.

Удод

Удод
Убор
Расквеціў свой
У колер белы,
У ружовы,
Угледзеў раз,
Упадабаў
На ўсё жыццё
Лясок сасновы.

Яго жытло тут,
У дупле,
Магутнай
Стогадовай хвоі,
Укрыцца можна
Заўсягды
I жыць паціху,
У спакоі.
 

Фіфі

– Фіфі,
Фіфі,
Фіфі, –
Ля рэчкі
Пеў птах
Бялява-шэры, –
Я ў весні час
Тут звіў гняздзечка,
Не трэба
Лепш кватэры.

Хрустан

Хрустан –
Харошы
Сем’янін,
Жыць добра
Самцы-птушцы з ім.

Сам ён
Хатку
Хутка робіць
Сам ён
Хрустанят выводзіць.

Цецярук

Цецярук
Цецярука
Цешыць
Сябра-дзівака:
– Я цябе
З тваёй
Цяцерай
Запрашаю
На вячэру.

Вечар
Цёмны
Ноч прыводзіць,
Цецярук жа
Не прыходзіць,
Не заве
На вячэру
I ні сябра,
Ні цяцеру.

Чомга

Чуйная
Чомга
Чула
Подых вясны,
З выраю
Прыляцела
У край свой
Азёрны, лясны.

З пругкіх
Чаротаў
Чомга
Домік-гняздо спляла,
Ён, нібы
Човен,
гайдаўся,
Возерам
Птушка плыла.

Шыпун-лебедзь

Шыпун
Плыве,
Шыпун
Шыпіць,
Рака
Шырокая
Шуміць.

Плывуць
За лебедзем
Крылатым
Яго малыя
Шыпуняты.

Эму

Эму – страус
Эх, вялізны,
Эх, і быстры,
Як алень,
Прабягае
Многа-многа
Кіламетраў
Кожны дзень.

Эму ведаюць
I дзеці –
Пісьманосец
Добры ён,
Эму
У вёсках афрыканскіх
Свой,
Любімы паштальён.

Юрок

Юрок вясною
Гаманлівы,
Рухавы,
Спрытны і
Юрлівы.

– Юць,
Юць,
Юць,
Юць!.. –
Чуваць з сасонкі
Яго вясёлы
Голас звонкі.

Ястраб

Сонечны дзень
Ясны-ясны,
Робіць кругі
У небе
Ястраб.

Яркае сонца
Палае,
Ястраб
Здабычы шукае…
Мерае
Неба абшары,
Кружыць,
Знікае пад хмары.

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 2.67 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений