Байка — гэта эпічны жанр, які мае падзейны сюжэт, Складаецца з апісальнай, сцвярджальнай і маральнай частак. Звычайна з’яўляецца алегарычным творам. Тэрмін "алегорыя" ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае іначай гавару, іншасказанне. Яна выкарыстоўваецца з мэтай увасобіць агульнае паняцце ў канкрэтных прадметах, рэчах, жывых істотах: злосць, драпежніцтва ўвасабляе воўк, ліслівасць і хітрасць — ліса, невуцтва — баран, моц і сілу — дуб і гэтак далей.
Байкапісцы, папярэднікі Кандрата Крапівы: старажытнагрэчаскі байкапісец Эзоп, старажытнарымскі Федра, французскі байкапісец XVII ст. Лафантэн, рускія байкапісцы I. Крылоў (апавяданне пра пэўную займальную падзею, якое завяршаецца аўтарскай мараллю, алегарычнасць вобразаў, афарыстычнасць аўтарскай думкі, выкарыстанне фразеалогіі, сатыра, іронія — усё гэта збліжае байкі Кандрата Крапівы з творамі Крылова), А. Кантэмір, А. Сумарокаў, І. Дзмітрыеў.
У байцы "Дыпламаваны баран" выказана галоўная думка аб тым, што не патрэбна выносіць напаказ сваю абмежаванасць, ганарлівасць, дурасць, бо яны наносяць адчувальную шкоду грамадству.
Характарыстыка герояў байкі:
Баран — абмежаваны, упарты, але ганарысты. Дурасць Барана раскрыта праз яго канкрэтныя паводзіны, адносіны да сябе і іншых, праз ацэнку збоку. праз спрэчку паміж ім і іншымі героямі. Ён лічыць сябе разумным, але гэты "разумнік" не пазнае сваіх варот, б’ецца лбом аб сцяну, ганарыцца "метай", нібы дыпломам. Што гэта за дыплом, Баран — ні "бэ", ні "мя".
Кошка — разумная і дасціпная, якая не хавае сваіх поглядаў і адкрыта выказвае іх. Гэта персанаж традыцыйны, статычны. Яна — выразнік народнай маралі і аўтарскіх думак. Кошка справядліва падкрэелівае:
Каб ты быў разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.
Твор напісаны ў 1926 годзе, але ўспрымаецца надзённа і ў наш час.
У байцы "Махальнік Іваноў" (1928) Кандрат Крапіва асвятляе маральна-бытавую праблему, скіраваную супраць падхалімства. Сюжэт байкі даволі просты: ідзе вучэбная стральба, салдат Іваноў пастаўлены махальнікам, гэта значыць прыстаўлены да мішэняў, каб паказваць пападанне куль. I раптоўна з’явіўся Шэф (ваенкам), каб паглядзець, як страляе часць. Начальнікі былі задаволены вынікамі стральбы сваіх падначаленых. Шэф, які калісьці "таксама нюхаў порах", вырашыў успомніць сваю маладосць і таксама пастраляць. Стрэліў пяць разоў — і міма мішэні: кулі то "пад носам землю" ўзрывалі, то з воем адляталі ўбок. Шэф захваляваўся, але махальнік даў знаць, што ўсё добра. Тады Шэф вырашыў паўтарыць, толькі ўзяў халастыя патроны.
Дык што ж вы думалі? — ніводнай не прамазаў.
Як далажыў махальнік Іваноў:
"У цэнтру самую ўсе пяць загналі зноў".
Стараючыся выслужыцца перад начальствам, дагадзіць яму, махальнік Іваноў рассмяшыў усю часць і выклікаў іранічную заўвагу ваенкама: "Ты, — кажа, — Іваноў, сапраўдны падхалім".
Махальнік Іваноў выслужваецца, бо так заведзена, бо ўжо склаўся такі стыль у яго жыцці. Так выпадак на вучэбным стрэльбішчы ператварыўся ў прыпавесць пра брыдкае падхалімства, што не ведае межаў:
У падхалімаў так вядзецца век-вяком:
Ці б’е начальства ў цэль, ці шле "за малаком",
Ды знойдуцца заўсёды Івановы,
Што памахаць яму гатовы.
Каб прыблізіць сітуацыю да сапраўднай, аўтар ужывае прастамоўныя словы і выразы (шасць, нюхаў порах, чорт вас пабяры), а таксама прафесіяналізмы ("зайгралі пападзі", гарыць чырвоны флаг, прылёгшы на упор, / і стрэльбу да пляча прыпёр, як далажыў, стралкі — на лінію і г. д.). Дыялог у байцы дапамагае зрабіць выказванне кароткім, свабодным ад нарматыўнасці, інтанацыйна больш выразным, з выкарыстаннем мімікі і жэстаў.
Пісьменнік гнеўна выкрывае падхалімаў і падхалімства, звяртае ўвагу на агіднасць гэтай з’явы ва ўмовах, калі нараджаюцца малыя і вялікія культы асобы і становіцца правілам выслужвацца перад імі. Крапіва, высмеяўшы аднаго падхаліма, паказвае, што ў падхалімстве вінаваты не толькі асобныя людзі, але і грамадства ў цэлым.
Байка "Махальнік Іваноў" падобна да прыпавесці (апавядання з павучальным вывадам) пра тое, што можна, а чаго нельга рабіць, пра сумленне і падхалімства. Яна цікавая тым, што пазбаўлена алегорыі, у ёй дзейнічае герой-угоднік, такі тып людзей, якім няма патрэбы хавацца за маскамі, пераўвасабляцца ў вобразы жывёл ці раслін.
Крапіва выкарыстоўвае выразы, якія сталі афарызмамі: нюхаў порах, чорт вас пабяры, вядзецца век-вяком, ці вока вернае, ці цвёрдая рука.