Барыс Сачанка — Карчоўнік

Барыс Сачанка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Напачатку была казка. Казка пра тое, як чалавек прадаў чорту душу і з дапамогай нячыстай сілы нажыў вялікія багацці, займеў усё, чаго прагнуў, хацеў, і калі, здавалася, сама б жыць і радавацца… Словам, прыйшоў чорт і пачаў патрабаваць аддаць тое, што чалавек яму прадаў — душу… Казка была доўгая, яе расказваў Петрыку ў адзін з шарых асенніх вечароў, седзячы на печы, дзед Максім…
  Дзеда забілі немцы. Ён памкнуўся быў ратаваць сабаку, Рэкса, па якім, уваліўшыся ў двор, пусцілі чаргу з аўтамата чужынцы, калі той з брэхам адчайна кінуўся на іх, хочучы няйнакш стрымаць, не пусціць. Кулі прашылі дзеду грудзі, перабілі ногі, і ён, не ўстояўшы на ганку, упаў, зваліўся проста тварам у снег…
  Сабаку, упрогшыся ў саматужкі, маці завезла ў той жа дзень некуды ў лес і закапала. А дзед, нейкі аж занадта суровы, з нежывымі, ашклелымі вачыма і складзенымі на грудзях касцістымі, жылістымі рукамі, нерухома ляжаў на лаве яшчэ вечар і ноч, пакуль не змайстравалі яму са свежых габляваных дошак дамавіны, не палажылі яго туды і не павезлі на могілкі. Там, на пагорку, пад старою карыстаю сасною, дзеда пахавалі, паставіўшы на яго магіле высокі дубовы крыж…
  У хаце і на двары адразу ж пацішэла. Не гаўкаў, не званіў ланцугом, сюды-туды бегаючы, гойсаючы, Рэкс, не кашляў, не гаварыў сам з сабою, седзячы на печы ці сноўдаючыся па хаце, дзед. Ды і маці неяк пазмрачнела, сцялася — не смяялася, не спявала, як, бывала, раней. Рабіла ўсё, нават размаўляла, ціхенька, быццам хворая. І плакала, плакала — шкада ёй было і дзеда, свайго бацькі, і сабакі Рэкса. Прывыклі ж, без іх сям’я была няпоўная. А тут, як на тое, яшчэ завея ўсчалася, да такая, што свету божага не стала відаць. У коміне быццам чэрці пасяліліся — выла, гуло, гігікала, свістала, падкідала ўюшку. Ды і на двары, за хатаю, ведзьмы баль спраўлялі — ліха ведае што рабілася — віхурыла, несла снегам, мяло, засыпала сцежкі-дарожкі. Выйсці па патрэбе за хлеў і то не заўсёды ўдавалася. З ног збівала, холадам да самых касцей працінала, ледзяніла. Давялося ўнесці ў хату ражку…
  І так сумна, нецікава жылося аж да самай вясны, пакуль сонца не пачало зазіраць у вокны, снег не растаў…
  З прыходам вясны, цяпла зачасцілі ў вёску немцы. Прыедуць, згоняць людзей да сельсавета — ён называўся ўжо воласцю, аддадуць розныя распараджэнні, загады — і паедуць. А калі распараджэнні і загады пачалі не выконвацца, парушацца, немцы не на жарт раззлаваліся — узяліся палохаць, страшыць людзей, а потым і страляць, вешаць. І людзі, каб не трапіць пад кулі ці на вісельню, не чакалі больш дома немцаў, не сядзелі ў хатах, а як толькі чулі, што едуць ворагі, уцякалі хто куды, шыліся ў балоты, альсы, лясы — яны, на шчасце, акружалі вёску з усіх бакоў. І не выходзілі ўжо адтуль, не вылазілі, пакуль не ад’язджалі чужынцы. А ўжо тады, часцей за ўсё пад вечар, як цямнела, змяркалася, кіраваліся, краліся да сваіх хат…
  Неяк, уцякаючы ад немцаў, Петрык адстаў ад людзей і нават ад маці. Балота, лазняк яму перашкодзілі. Убіўся быў у такую гушчэчу, заглуш, што не пралезці. Паспрабаваў крычаць, але тут жа спахапіўся, апомніўся: немцы ж могуць пачуць… Сяк-так выбраўся на сухое, на лес… Але… Нікога з аднавяскоўцаў там ужо не было, нават след прастыў. Заплакаў у роспачы…
  Маці вучыла яго: калі здарыцца нешта падобнае — адстанеш ці адзін астанешся, каб не губляўся, шыўся ў лазняк, у балоты. І Петрык, успомніўшы матчын наказ, не пайшоў на лес шукаць людзей, а вярнуўся назад, у лазняк, у балота. І не астаўся там з краю, а пашыўся ў выгары. Вада там была халодная, аж ногі зводзіла. Ды і глыбока, да самых пахаў, шыі, месцамі даходзіла. Пагрэбаўшыся між карчоў і купін і змарыўшыся,   Петрык, як толькі ўбачыў паваленую, вывернутую з карэннем старадрэвіну, дабраўся да яе і залёг.
  «Далей не папаўзу, — вырашыў. — Схаваюся за камель. Ці за карані, голле».
  Так і зрабіў. Але… Што гэта? Раптам зачаўкала багна, заплюхала вада — пачуліся няйнакш чыесьці крокі. Падняў галаву. І… убачыў нечакана для сябе немца — ён, наставіўшы перад сабою аўтамат, у касцы, накінутай на плечы плямістай плашч-палатцы, цыбаў асцярожна па вадзе проста на яго, Петрыка. У страху і як бы нейкім здранцвенні пашыўся бліжэй да вываратня. І там, у зарасніках травы і малінніку, стаіўся, прыпаў усім сваім целам да камля.
  Немец ішоў і ішоў, набліжаўся і набліжаўся да яго, Петрыка. Крок, яшчэ крок… Вось ён спыніўся, пастаяў, паглядзеў, ці няма нідзе нікога, і зноў — цыб, цыб…
  Аж потам халодным абдало Петрыка. «Што рабіць?» Кінуцца ўцякаць адсюль? Але куды? Дый немец убачыць жа, паласне з аўтамата. Як па Рэксу. Як па дзеду… І ля вываратня быць, чакаць, калі немец падыдзе зусім блізка, убачыць… Таксама ж…
  Немец не збочваў — цыбаў і цыбаў, набліжаўся і набліжаўся. Ужо ён, Петрык, бачыў яго доўгі кручкаваты нос, вялікі губаты рот…
І тут раптам адбылося неверагоднае, цуд нейкі, дый годзе. З-пад вываратня выпаўзла нешта жывое. Рыжае, вёрткае, рухавае. З востранькай, як у мышкі, пыскай, жвавымі хітрымі вочкамі, загнутымі касцістымі рожкамі, вілястым куртатым хвосцікам… І худое-худое.
  — Не бойся мяне, хлопчык, — сказала, шапнула яно ціхенька, лагодненька. — Я — Карчоўнік. Інакш — чорцік, што жыве ў карчах. Хі-хі, хе-хе… — засмяялася яно.
  Успомніў Петрык — расказваў яму пра такіх калісьці дзед Максім.
  — Што табе трэба ад мяне? — насцярожыўся Петрык, халадзеючы ад жаху — мала таго што немец цыбае, ідзе проста на яго, дык яшчэ і нячысцік гэты, Карчоўнік, аб’явіўся.
  — Душа твая, — сказаў гэтак жа ціхенька, лагодненька нячысцік. І губы свае — сінія, тонкія — аблізаў.
  — Купіць яе хочаш? — паглядзеў проста ў вочы чорту Петрык.
  — Ага, — пакруціў куртатым хвосцікам чорт.
  — Не ўдасца, — рашуча хітнуў галавою Петрык і перавёў вочы на немца, які раптам зноў спыніўся, застыў, быццам пачуўшы галасы, няйнакш прыслухаўся.
  — Не ўдасца, кажаш? Хі-хі, хе-хе, — захіхікаў, засмяяўся дробна, нядобра нячысцік. — І купляць не давядзецца, дарма забяру…
  — Як гэта — дарма? — здзівіўся Петрык, бо ведаў, чуў ад дзеда: чэрці проста так, дарма, душу не бяруць, а купляюць.
  — Хі-хі, хе-хе, — хіхікаў нячысцік. — Вельмі проста. Вось немец цябе зараз згледзіць і стрэліць. І я… Хі-хі, хе-хе… Забяру тваю душу. Так, дарма. Яна ж, твая душа, немцу, можа, не трэба…
  Немец зноў пайшоў, пацыбаў. І быў ужо зусім-зусім блізка. Нават дыханне яго — цяжкае, стоенае, насцярожанае — чуў Петрык. І быццам бачыў яго, Петрыка. Ва ўсякім выпадку так здалося Петрыку, калі ён падняў галаву, паглядзеў на немца.
  — Ну дык як? — шаптаў, не адставаў нячысцік. — Жыць астанешся… Я праганю немца, не заб’е ён цябе… Маці знойдзеш. Вернешся дадому, у вёску. Канца вайны дачакаешся… У школу пойдзеш… Станеш вядомым чалавекам. Будзеш жыць так, што зайздросціць табе будуць…
  — А далей? — скрозь зубы працадзіў Петрык.
  — Далей… Паміраюць усе. І ты памрэш. А тады… Табе ўсё адно, дзе душы тваёй быць.
  — А табе?
  — Мне? О, чым болей у мяне душ, тым я багацейшы. Немец зноў спыніўся, яшчэ раз, цяпер пільней, уважлівей паглядзеў на выварацень. І націснуў на спуск — аўтамат рыгнуў агнём, кулі ўдарылі ў сухадрэвіну, з вываратня пасыпаўся сухі пясок, мох.
  — Ну дык як, згода? — зашаптаў, быццам і сам спалохаўшыся стрэлаў, нячысцік. — Руку, руку давай… А то… Крыкну — і бясплатна душу тваю забяру. Чарга з аўтамата — і ты… Мёртвы, хі-хі, хе-хе…
  І працягнуў сваю… Не, не, не руку, а лапу. З маленькімі чорнымі кіпцюрыкамі на пальцах, халодную, ліпкую… Нават не працягнуў, а як бы ўсунуў, улажыў Петрыку ў руку. І ён, не ўсведамляючы, што робіць — а можа, ад страху, немец жа зусім блізка стаяў! — сціснуў яе.
  — Ну вось, даўно б так… А то… Хі-хі, хе-хе, — засмяяўся, захіхікаў зноў дробненька, але, адчувалася, здаволена нячысцік. — Глядзі цяпер, як немца я праганяць буду, цябе ратаваць…
  І шустра скокнуў з-пад вываратня, бултыхнуўся ў ваду перад самым немцам, абдаўшы таго з ног да галавы пырскамі. Ад нечаканасці, жаху немец закрычаў, дзіка і па-вар’яцку прарэзліва, зноў пусціў з аўтамата чаргу.
  Закрычаў, загалёкаў, але ўжо дзесьці зусім у іншым баку, у лазняку, і нячысцік.
  Немец, відаць, не зусім цямячы, што здарылася, пастаяў яшчэ хвіліну-другую, выцер рукой вочы, твар і, павярнуўшыся, пацыбаў, як не пабег раптам назад, на лес, дзе было суха, чуліся галасы іншых немцаў.
  А Петрык так і астаўся ляжаць ля вывернутай старадрэвіны.
  «Ці не здалося ўсё гэта мне? — падумаў. — Немец… Нячысцік… Казак ад дзеда наслухаўся. Вось і ўявілася…»
  Вечара, змяркання дачакаўся. А тады — дадому, у вёску, падаўся.

  Маці, убачыўшы сына — жывога, здаровага, — схапіла яго на рукі, пачала цалаваць.
  — А як жа гэта ты, сыночак, адстаў ад мяне? — плакала, галасіла яна. — І дзе, дзе ты быў, дзе хаваўся? Немцы ж па лесе хадзілі, людзей шукалі. І каго знаходзілі — забівалі, цесакамі рэзалі…
  Петрык слухаў маці і не ведаў: расказваць ёй пра немца і нячысціка Карчоўніка ці… Лепш змоўчаць, ні ў чым не прызнавацца…
  «Калі даведаецца, што нячысціку душу прадаў… Расстроіцца… А то і не паверыць, кпіць, смяяцца пачне… Скажа — якія цяпер чэрці…»
  І не расказаў, не прызнаваўся, што адбылося там, у выгарах, калі хаваўся за старадрэвінай і проста на яго ішоў, цыбаў з аўтаматам у руках немец…

  Ці то і праўда нячысцік — Карчоўнік — ва ўсім памагаў Петрыку, ці то сам ён урадзіўся такі шчаслівы — «у сарочцы», — аднак пасля той падзеі ў выгарах жыццё яго пайшло лёгка, без якіх бы там ні было непрыемнасцей і ўскладненняў. Немцы не прыязджалі больш у іхнюю вёску страляць і вешаць людзей, бо ў вёсцы спыніўся на пастой вялікі партызанскі атрад, Знайшоўся і Петрыкаў бацька — ён, як выявілася, быў камісарам гэтага партызанскага атрада. І ў перапынках між паходамі, баямі, калі вяртаўся дадому, у сваю хату, падкідваў высока, аж пад самую столь, Петрыка, казаў:
  — Ну і сынок, ну і малайчына ж расце ў мяне! Вось немцаў прагонім, як мы з табой зажывём тады!
  Немцаў праганялі доўга. Было, што партызаны іх білі, было, што і яны партызан. Цэлы могільнік вырас на ўскраі сасонніку — там хавалі забітых у баях, а таксама тых, хто паміраў ад ран. Некалькі разоў спрабавалі немцы нападаць на вёску, хацелі вынішчыць партызан. Абстрэльвалі з самалётаў, з гармат. Аднак партызаны ўмела абараняліся. Нават пераходзілі ў наступленне. І ў рэшце рэшт прагналі немцаў — прыйшло доўгачаканае вызваленне.
  Петрыкавага бацьку на фронт не ўзялі. Але не пакінулі і ў вёсцы — перавялі ў горад: там ён узначаліў спярша райком, потым вялікі завод. Пераехалі ў горад да бацькі і Петрык з мамаю. Пасяліліся ў камяніцы, хоць і ў маленькай, але ўтульнай кватэры.
  Петрык пайшоў у школу. Ісам здзіўляўся, як лёгка яму давалася вучоба. Варта было паслухаць на ўроку настаўніка — і ў кніжку не трэба заглядваць, усё чысценька, да слова запамінаў. Навучыўся чытаць, пісаць, лічыць. Ды так, што ніхто з ім не мог ні ў чым зраўняцца. Сем класаў скончыў на пяцёркі. Ды і астатнія класы — восьмы, дзевяты, дзесяты — таксама на «выдатна».
  — Гэта талент, незвычайны з яго вырасце чалавек, — казалі настаўнікі пра Петрыка бацькам. — Што ні даручыш, за што ні возьмецца — зробіць!
  І праўда, не толькі галава была светлая ў Петрыка, але і залатыя рукі. Ён мог адрамантаваць прас і радыёпрыёмнік, гадзіннік і веласіпед, матацыкл. Іграў на баяне, на піяніна, на гітары. Умеў — і даволі прыгожа — спяваць. Быў чэмпіёнам школы і горада па плаванні, бегу на сто, дзвесце і пяцьсот метраў. Вышэй за яго ніхто не скакаў, лепей за яго ніхто не гуляў у футбол, валейбол і тэніс. Словам, усюды і ва ўсім ён паспяваў, паказваў спрыт, дамагаўся поспехаў.
  Настаўнікі ставілі яго ў прыклад, многія яму зайздросцілі. Вядома, сярэднюю школу ён закончыў на залаты медаль. Куды ехаць вучыцца далей, Петрык (яго цяпер звалі ўжо Пятром, а сёй-той і Пятром Пятровічам) ведаў, бо даўно абраў сабе прафесію — захацеў стаць матэматыкам. Прываблівалі яго лічбы, у іх ён бачыў схаваны таямнічы сэнс. Складваць іх, дзяліць, множыць — гэта быў любімы яго занятак. Больш таго — ён, будучы яшчэ вучнем, знаходзіў у дзяленні, множанні, складанні, адыманні такія заканамернасці, якіх да яго ніхто не знаходзіў. А калі, можа, і знаходзіў, дык пра гэта ён, Пятро, не ведаў, не чуў. Рашыць самую складаную матэматычную задачу яму не было ніякай цяжкасці — рашаў, лускаў, раскусваў, як семкі, арэшкі, проста на хаду.
  Ва ўніверсітэце, куды паступіў, яго з першага курса захапіла вышэйшая матэматыка. Ужо на другім курсе ён напісаў працу, якую надрукавалі ў студэнцкім навуковым зборніку. Гэты зборнік нейкім чынам трапіў за мяжу, і адтуль пачалі на яго імя прыходзіць лісты — пісалі вучоныя, выказвалі захапленне працай маладога свайго калегі. На трэцім курсе студэнта матэматычнага факультэта Пятра Пятровіча Каравая ўжо ведалі ў многіх краінах. А на пятым курсе разам з дыпломам аб заканчэнні ўніверсітэта ён атрымаў пасведчанне аб прысваенні яму навуковай ступені кандыдата матэматычных навук. Патрабавалася два гады, каб Пятро Пятровіч Каравай стаў доктарам, а потым праз вельмі кароткі час і членам-карэспандэнтам, акадэмікам.
  Само сабой, і асабістае жыццё складвалася ў Пятра Каравая як найлепей. Яшчэ ў школе ён закахаўся ў дзяўчыну, Ліну. У Ліны, праўда, быў ухажор, яна сябравала з ім з маленства. Але Пятру варта было пабыць з Лінай некалькі гадзін, і яна забылася на сябра маленства — закахалася, як кажуць, па самыя вушы ў Пятра.
  — Як убачу цябе, — прызналася аднойчы Ліна, — на ўсё забываю. Ты, і толькі ты ў маіх вачах, у маіх думках. Быццам заваражыў чым… Гіпноз, нейкая няйнакш магічная сіла ў цябе…
  Гэтую магічную сілу ці гіпноз адчуваў у сабе і сам Пятро. Варта было яму чагосьці захацець — і яно з’яўлялася. Упершыню ён адчуў гэта яшчэ ў школе. Неяк Косця Верамейчык, з якім Пятро сядзеў за адной партай, прынёс у школу пенал каляровых алоўкаў. Ды не абы-якіх, а замежных, прывезеных бацькам з Нямеччыны. Алоўкі былі як алоўкі, а вось пенал… Нейкі быццам касцяны. І як, як размаляваны! Цэлая карціна — і высокі дом са светлымі вокнамі, і бабкі, што за столікам вяжуць карункі, і дзеці гуляюць у мяч… А якія там намаляваны звяры, птушкі, рыбы!..
  Захацелася, вельмі захацелася мець такі пенал Пятру. І, уяўляеце, скупеча Косця падарыў яго яму.
  — А як жа ты? — здзіўлена глядзеў на Косцю Пятро.
  — Бацька не адзін, а два такія прывёз… І калі табе падабаецца, бяры…
  Далей — болей. Дарылі яму ці ўзнагароджвалі за выдатную вучобу, спартыўныя поспехі, іншыя рэчы, якія яму падабаліся, якія ён хацеў мець. Нават здаралася: сёе-тое і знаходзіў — на вуліцы, у траве. Ці бацька, маці яму куплялі. І заўсёды якраз тое, што ён у кагосьці бачыў і чаго так прагнуў, хацеў.
  Пра тое, што гэта сюрпрызы Карчоўніка, той яму спрыяе, дапамагае, — не думалася. Пра Карчоўніка Пятро і зусім забыў. Ці мала што магло прыблюзніцца яму, малому, ад страху, калі ляжаў за старадрэвінай, хаваўся ад немцаў? Дык і верыць? Ну, падалося тады… Але ж чэрці, нячысцік… Казкі гэта, выдумка, прычым адсталых людзей, такіх, якім і быў дзед Максім. Пражыў увесь свой век у вёсцы, нідзе, нават у горадзе, ні разу не быў, не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. А фантазія… Фантазія ў яго, мабыць, была. Вось і выдумаў. Ды і не сам ён мог пра чарцей і нячысцікаў выдумаць, а перадалося ад бацькоў, дзядоў. А ён паспяшаўся ўнуку ўсё, што сам ведаў, перадаць… Прызнайся, скажы цяпер каму-небудзь у горадзе пра чарцей ці нячысцікаў — засмяюць жа. І правільна. Няма нідзе ніякіх чарцей. Ёсць тое, што мы бачым, адчуваем. Усё ж астатняе… Выдумка, плод фантазіі, галавы…
  Кажуць, чалавек хутка да ўсяго прывыкае. Асабліва да добрага. І Пятро прывык. Ды так, што і як жыць па-іншаму не ўяўляў. Дзіўным нават здавалася — як гэта чаго-небудзь хацець і не мець? Сутыкнуўся з гэтым ён яшчэ ў школе, калі Лінін ухажор — таксама дзесяцікласнік, толькі з паралельнага класа, неяк падышоў да яго, Пятра, і быццам папрасіў:
  — Не збівай з тропу Ліну… Табе што?.. А я яе… З маленства, можна сказаць, ведаю…
  — Дык і што? — не зразумеў, здзівіўся Пятро.
  — Але ж ты зачмурыў ёй галаву…
  — Зачмуры ты…
  — Яна ж адна… З двума… Не можа яна…
  Вось тады і задумаўся Пятро. Ну рэчы, няхай… Яны могуць быць аднолькавыя. Як пеналы тыя ж з алоўкамі, што прывёз з Нямеччыны бацька Косці Верамейчыка. І кожны, каму што падабаецца, можа набыць сабе, купіць. А як быць з дзяўчынаю, калі яна падабаецца і табе і некаму яшчэ?.. Ды… Не аддаваць жа Ліну таму, каму яна таксама падабаецца. І Пятро не аддаў. Наадварот, яшчэ больш зблізіўся з ёй. А на трэцім курсе ўніверсітэта і зусім жаніўся, узяў яе сабе ў жонкі. І добра зрабіў, не памыліўся. Пра такую жонку, як Ліна, толькі марыць можна. Усё, усё ў ёй Пятру падабалася, ні ў чым ён не бачыў, не знаходзіў заганы. А галоўнае, слухмяная яна, нават у дробязях не пярэчыла мужу, выконвала ўсе яго жаданні. І казаць нічога не трэба было. Варта падняць вочы, паглядзець — яна ўміг здагадвалася, што трэба.
  — Хвіліначку, зараз, — казала яна, і тое, што яму хацелася, тут жа з’яўлялася.
  І прыгажуня, якая прыгажуня! Валасы светлыя, ільняныя, вочы — блакітныя, вусны — поўныя, сакаўныя, што вішні. І сама зграбненькая, станістая, нічога нідзе лішняга няма. Думаў, калі народзіць дзіця, — зменіцца, распаўнее. Аж не. Быццам і не раджала — асталася такой жа, як і да родаў была. Ані не змянілася. Ні знешне, ні ў характары. І дзіцё — маленькая кволенькая Наташка — нічога, здаецца, у сям’ю не прынесла іншага, акрамя радасці. Асабліва жонцы — нудзілася ж яна адна дома, без працы седзячы. Бо ён, Пятро, заняты ўсё быў, вечна са сваімі лічбамі ды формуламі важдаўся. А яна, Ліна, іншы раз рабіць не ведала што. А цяпер, з нараджэннем Наташкі, у Ліны свой клопат ды і занятак быў — то хадзіць, гаварыць Наташку вучыла, то ў дзіцячы сад, у школу вадзіла. Ды і ўрокі ж разам рыхтавалі, яду гатавалі, у хаце прыбіралі.
  Калі ён, Пятро, дадому вяртаўся, усё, што б ні рабілі, кідалі, да яго беглі.
  — Во, і татка наш прыйшоў, — радаваліся яны і памагалі яму і разуцца, і распрануцца. Потым вялі на кухню, кармілі. І расказвалі, расказвалі ўсё, што ўдзень у іх было, чым займаліся, куды хадзілі, якія адзнакі ў школе атрымалі. Зноў жа нічога ніякага не было такога, што б засмуціла ці з-за чаго б ён перажываў. Рабілі Ліна і Наташка тое, што яго радавала. Нават адзнакі са школы прыносілі толькі выдатныя.
  — Зусім вы мяне разбэсцілі, — казаў, смяяўся іншы раз Пятро. — Поспехі, кругом адны поспехі… І ў мяне і ў вас…
  — Так яно і павінна быць, — падтаквала мужу жонка, Ліна. — Хто дбае, той і мае.
  — Яно быццам, — згаджаўся з жонкаю Пятро. — І ўсё ж… Не ва ўсіх усё так гладка, як у нас.
  — Бо не ўсе такія, як мы, — усміхалася Ліна. — І ты ў нас малайчына, і Наташка во. Ды і я ж…
  Ліна пачынала весела, бесклапотна смяяцца. Смяяўся і ён, Пятро.
  Ад радасці, што ўсё ў іхняй сям’і ідзе на лад, ва ўсім ёсць толк, згода, поўнае разуменне…

  І не заўважылі, як Наташка вырасла. Школу скончыла, ва ўніверсітэт паступіла. Не на матэматыку, вядома, хоць матэматыка і ёй давалася лёгка.   З усіх навук і прафесій выбрала яна прыродазнаўства.
  — Чалавецтва дасягнула ва ўсім небывалых поспехаў, — казала, пераконвала Наташка бацьку. — І поспехі якраз найбольшыя ў тэхніцы, фізіцы.   Атам вунь рашчапілі, прыручылі. І ў будучым чалавецтва будзе імкнуцца абараніць усё жывое ў прыродзе, не даць, каб яно загінула. Гэта ў першую чаргу датычыць расліннага, жывёльнага і птушынага свету, вады, зямлі, паветра… Сёння мы не ўяўляем яшчэ, што чакае нас у будучым.   Асабліва ў сувязі з адкрыццём энергіі атама… Таму ўся ўвага чалавецтва павінна быць накіравана зараз на захаванне таго, што створана прыродай і яшчэ не забруджана, не знішчана. І прыродазнаўчыя навукі вельмі ж перспектыўныя…
  Пятро думаў над словамі дачкі. І згаджаўся з ёю. Сам жа быў вучоны і сёе-тое ведаў. І выбар дачкі ўхваляў.
  — У разумных бацькоў — дзеці разумныя, — казаў ён.
  Сярэднюю школу Наташка скончыла з залатым медалём, таму ніяіх складанасцей пры паступленні ва ўніверсітэт у яе яе ўзнікла. Ніякіх складанасцей не ўзнікла ў яе і потым, калі вучылася. Наадварот, ужо з першага курса яе заўважылі выкладчыкі, бо вылучалася яна сур’ёзнасцю, кампетэнтнасцю. Першыя навуковыя працы, што напісала Наташка, на студэнцкім конкурсе атрымалі прэміі і былі адзначаны дыпломамі…
  Мела Наташка поспех і ў хлопцаў. Ад іх проста адбою не было, хадзілі за ёй цугам. Але яна выбрала сабе таго, хто ёй найбольш падабаўся, — вясковага хлопца, свайго аднакурсніка Язэпа. Язэп быў родам з Палесся, недзе з тых мясцін, што і Пятро. Бацькі ў яго былі звычайныя калгаснікі.   Ды і сам ён знешне нагадваў калгасніка — быў сціплы, сарамяжлівы, нават гаварыць па-гарадскому добра не ўмеў і ўсё ж, як ні дзіўна, спадабаўся Наташцы. Не цярпела яна вышкаленасці, ведала, за знешнім лоскам часта хаваецца пустата. А ў Язэпа нешта было такое, чаго ні ў кога не было. Да таго ж ён пісаў вершы, быў па натуры паэт, рамантык…
  І ў сваім выбары, як хутка пераканаліся бацькі, Наташка не памылілася. У Язэпа гэтак жа, як і ў Пятра Пятровіча, былі залатыя рукі. Ён хутка навучыўся вадзіць машыну, рамантаваць усё, што прыходзіла ў нягоднасць. Рослы, плячысты, з густым чорным чубам, ён рабіў уражанне на кожнага, з кім сустракаўся, хто яго бачыў. Вершы, што ён пісаў і даволі актыўна друкаваў, хваліла прэса. Так што з часам з яго мог вырасці і паэт.
  — А Наташка разбіраецца ў людзях, — казаў, круцячы галавою, іншы раз жонцы Пятро Пятровіч. — Ведала, каго выбіраць, за каго выходзіць замуж.
  А калі Наташка зацяжарала, а потым і нарадзіла ўнучка, Славіка, — бацькі і зусім былі на сёмым небе ад радасці.
  — Ну і малайцы ж, ну і малайцы ж! — усклікалі яны, хвалілі і дачку і зяця.
  Неяк сталася так, што чым далей жыў Пятро, чым рабіўся больш і больш вядомы, тым усё менш і менш бываў дома. Мала што праца адрывала, розныя сходы, пасяджэнні, дык забіралі нямала часу і грамадская работа, абавязкі, даручэнні, што так і сыпаліся адусюль. А паездкі? Іх было столькі, што хоць наймай каго, хоць разарвіся. То ў Маскву, то ў Ленінград, то ў Кіеў трэба, то ў іншыя гарады. Запрашалі на сустрэчы, канферэнцыі, «круглыя сталы» і розныя замежныя навуковыя ўстановы. Першы раз, калі паехаў у Балгарыю, было нават цікава. Хоць, здаецца, і не так далёка гэтая краіна ад Беларусі, і славяне там жывуць, аднак паглядзець было на што. І Шыпка, і старадаўнія манастыры і цэрквы, ды і прырода была зусім іншая — горы, укрытыя зелянінаю, вялізныя абсягі вінаграднікаў, сады… І людзі там надта ж дабрадушныя, ветлівыя, ласкавыя, асабліва калі даведваліся, што госці — з Савецкага Саюза. А ўжо калі аднойчы спусціліся ў «механу», дзе можна было і выпіць, і закусіць, і паслухаць старадаўнюю музыку, — і зусім быў развесяліўся Пятро…
  За Балгарыяй была Амерыка. Адзін пералёт і то заняў амаль паўсутак. Прызямліліся ў Ню-Ёрку, у аэрапорце Кенэдзі. Сустрэлі яго і яшчэ двух вучоных, што разам з ім прыляцелі з Савецкага Саюза, амерыканскія калегі. І некалькі дзён быў Пятро быццам сам не свой — усё тут было інакшае, не такое, як на радзіме. Уражвалі архітэктура, дарогі, дысплеі, наогул дасягненні навукі і тэхнікі. Уражвала і багацце — чаго толькі не прадавалася ў крамах! І ўсё ў адмысловай прывабнай упакоўцы, на любы густ і за любыя грошы! Праўда, як хутка пераканаўся Пятро, багацце такое ў крамах таму, відаць, і сабралася, што не кожны мог усё, што хоча, купіць. Многія людзі ледзь-ледзь зводзяць канцы з канцамі. А ёсць і такія — і іх шмат, што і зусім галадаюць, — сноўдаюцца, як цені, па парках, скверах. Гэта — бяздомнікі… Дзіўна, але калі яны, савецкія вучоныя, сустракаючыся са сваімі амерыканскімі калегамі, пыталі, як гэта такое можна, каб, маючы такія багацці, людзі галадалі, тыя махалі рукамі, ат, маўляў, кожны жыве паводле сваіх грошай і так, як хоча… Усіх, маўляў, не пашкадуеш, усіх не навучыш, як жыць. Няхай кожны думае і дбае сам пра сябе…
  За Амерыкай быў Парыж, потым Берлін, Варшава… З кожнай замежнай камандзіроўкі Пятро, як правіла, прывозіў сувеніры. І так удала іх выбіраў, купляў, што ўсе, хто бываў з ім, здзіўляліся. У спадарожнікаў заўсёды грошай не хапала, а ў яго яны заставаліся, іншы раз мяняў на свае, каб не мець на мяжы ніякіх непрыемнасцей. Калі што-небудзь падабалася яму, хацелася купіць, заўсёды выйсце знаходзілася — то, даведаўшыся, адкуль пакупнік, збаўлялі цану, то знаходзіўся ганарар за працу, якую ў гэтай краіне выдалі ці збіраліся выдаваць. Сам сабе аж не верыў, як шанцуе яму нават у замежных камандзіроўках. Не паспееш падумаць, як тую ці іншую рэч знайсці і купіць, а яна, як кажуць, ужо ў чамадане, дамоў едзе. Дарэчы, з пакупкамі прыкладна тое самае і дома, на радзіме, было. Як толькі нешта трэба, дык яно і з’яўлялася. То сам выпадкова купіць, то жонка дадому ці дачка, Наташка, прынясе. Таму ў кватэры Пятра Пятровіча ўсё было даведзена да ладу, падагнана па апошнім, як кажуць, піску моды. Па апошнім піску моды апраналіся і Наташка, і ён сам, і жонка, Ліна. Нават Язэп, зяць, і то з таго дня, як пачаў жыць у іх, апранаўся, бы дэндзі… Само сабой, вядома, была ў Пятра Пятровіча машына, свая, уласная, і службовая, была непадалёку ад горада драўляная двухпавярховая дача… Пры дачы былі гарод і сад, дзе чаго толькі ні расло! Справа ў тым, што Наташка выношвала ў галаве цэлую тэорыю, як чалавецтва з часам загубіць само сябе, забруджваючы, атручваючы паступова наваколле — паветра, ваду, яду… Таму на дачы іншых угнаенняў, акрамя арганікі, не прымянялі. Каб дагледзець па-належнаму сад і гарод, давялося наняць жанчыну з суседняй з дачай вёскі і садоўніка. Ды і сам Пятро, яго жонка Ліна, Наташка, а потым і Язэп не цураліся зямлі — таксама і з рыдлёўкай, і з капаніцай, і з граблямі завіхаліся. Была яшчэ адна слабасць у Пятра Пятровіча — з кожнай паездкі ён прывозіў нешта для свайго гарода ці саду — то дрэва, якое не расло ў Беларусі, то расліну нейкую, кветку. І рэдка што не прыжывалася ў яго. Таму не толькі чужым людзям, але і самім, самому было цікава пахадзіць па гародзе і садзе, паглядзець, як што і дзе расце. Ды і пакаштаваць на смак гародніну, садавіну, пачаставаць гасцей тым, чаго тыя яшчэ не бачылі, не елі… А гасцей у Пятра Пятровіча бывала нямала. І сваіх, мінскіх, калег па сумеснай працы і проста знаёмых, ды і тых, што прыязджалі з усяго, можна сказаць, свету. Сам Пятро Пятровіч ездзіў, і да яго таксама ездзілі… І рэдка хто, пабываўшы ў Пятра Пятровіча, пакідаў яго дачу ці дом, каб не здзівіцца, не пахваліць гаспадара і гаспадыню за гасціннасць, дабрыню. Бо што-што, а прыняць, пачаставаць гасцей Пятро Пятровіч умеў і любіў. Стол у яго сервіраваўся, як у самых шыкоўных рэстаранах. Былі там і ікорка, чорная і чырвоная, і сяўружка, асятрынка, і бялужын бок, і засмажанае проста ў вясковай печы парася, і… Ды лепш не пералічаць! І напоі былі і свае, і заморскія, прычым заўсёды самых лепшых гатункаў і ў дастатковай колькасці. Зноў жа — праблемы, якія існуюць у многіх — што-небудзь адмысловае купіць, дастаць, — у Пятра Пятровіча не існавала. Куплялася, даставалася ўсё неяк само сабой, лёгка, быццам нават выпадкова. І якраз тое, што трэба было ў тых ці іншых абставінах, умовах…
  Пятру Пятровічу, ды і ўсёй яго сям’і, зайздросцілі. «Пад шчаслівай зоркай ён няйнакш нарадзіўся», — казалі некаторыя. Былі і такія, што розныя пісьмы, ананімкі на яго пісалі, патрабавалі стварыць камісію, разабрацца, хто наогул ён такі, гэты Пятро Пятровіч. Камісіі ствараліся, правяралі ўсё, што можна праверыць. Аднак… Знайсці такое, каб у нечым можна было западозрыць ці абвінаваціць Пятра Пятровіча, ніхто нічога не мог. Наадварот, чалавек жыў сумленна, паводле сваіх заробкаў, нідзе нічога не парушаў. Хоць да ўзнагароды чарговай яго прадстаўляй…
І прадстаўлялі. Праўда, не правяральшчыкі, а ўжо іншыя, хто таксама бываў у Пятра Пятровіча, ведаў яго. І слава Пятра Пятровіча расла ўсё больш і больш. Яго партрэты мільгалі ў газетах і часопісах з розных выпадкаў — то ён прэміі атрымліваў, то яму прысвойваліся чарговыя ганаровыя званні, то друкаваліся яго інтэрв’ю, артыкулы…
  З выгляду Пятро Пятровіч таксама мала мяняўся — быў па-спартыўнаму падцягнуты, рухавы — зусім малады. Рэдка хто мог не памыліцца, сказаць, колькі яму год. Звычайна давалі яму на дзесяць — пятнаццаць гадоў менш, чым было на самай справе. Пятро Пятровіч ніколі ні на што не хварэў. Нават калі бывалі эпідэміі грыпу, то яны яго абміналі, абыходзілі. Здаралася, хварэў увесь інстытут, уся акадэмія, горад увесь, а Пятро Пятровіч — хоць бы што.
  — Як гэта вам так удаецца? — пыталі ў яго.
  — А я… Часначок кожны дзень на ноч ем, жую… — прызнаваўся ён.
  Спрабавалі есці, жаваць на ноч «часначок» іншыя. Аднак… Усё адно хварэлі.
  — Значыцца, часначок у вас не той, — жартаваў, смяяўся Пятро Пятровіч, калі гаварылі яму, што парада яго не памагае, усё адно не абмінае, хапае грып.
  Жыццярадасны, вясёлы, па натуры аптыміст, Пятро Пятровіч любіў пасмяяцца, пажартаваць. Ды і чаму б не! Справы яго ішлі выдатна, усё, што яму хацелася, ён меў, ні ў чым не адчуваў патрэбы. Лад і парадак на працы, лад і парадак у сям’і. Адкрыцці, што зрабіў ён у матэматыцы, надалі яго імені вядомасць і папулярнасць. Іх, гэтыя адкрыцці, заўважылі, ацанілі. Што яшчэ трэба, чаго хацець? Ёсць здароўе, ёсць дзе жыць, ёсць хлеб і да хлеба. Жыві ды радуйся.
  І Пятро Пятровіч жыў, радаваўся…
  Неяк уночы Пятро Пятровіч прахапіўся ад страшнага, адчайдушнага крыку. Крычаў Славік. І крычаў так, што аж валасы ўсталі дыбка ў Пятра Пятровіча.
  Як ляжаў у пасцелі — у піжаме, босы, — так і кінуўся, пабег у пакой да Славіка.
  Там, у пакоі, былі ўжо Наташка, Язэп, Ліна. Не запальваючы святла, усе стаялі ля дзіцячай пасцелі, чулі, як крычаў Славік, і, разгубіўшыся, не ведалі, што рабіць.
  — То ён у сне, мабыць, крычыць, — сказаў Пятро Пятровіч. — Збудзіце яго!
  Наташка схілілася над Славікам, пачала яго тузаць, нешта ласкавае шаптаць, гаварыць — будзіць.
  Славік прачнуўся, расплюшчыў вочкі. І… здзівіўся, убачыўшы ля сваёй пасцелі маці, бацьку, бабу, дзеда…
  — Што з табою, Славік? — лашчылася шчакою да яго шчакі маці, Наташка.
  Славік цяжка дыхаў, калаціўся ад страху, ніяк не мог апамятацца.
  — У цябе баліць што-небудзь?
  — Не, — круціў галавою Славік.
  — Прыснілася што?
  — Чорцік… — прашаптаў Славік. — Ён сябе Карчоўнікам назваў… Сказаў, што па дзядулеву душу прыйшоў…
  Слухаючы Славіка, ніхто не звярнуў асаблівай увагі на дзеда — Пятра Пятровіча. А той раптам як стаяў, так і асунуўся, рухнуў на падлогу.
  — Вады, дайце вады! — закрычала на ўсю кватэру Ліна.
  Язэп з усіх ног кінуўся на кухню, прынёс шклянку вады. Але Пятро Пятровіч не раскрываў зубоў, шклянка білася аб іх, трымцела.
  — «Хуткую дапамогу», доктара паклічце! — камандавала Ліна.
  Язэп пабег да тэлефона, выклікаў «хуткую дапамогу».
  «Хуткая дапамога» прыехала надзіва хутка. Можа, здагадаліся, ведалі, хто выклікае. Цэлая брыгада людзей у белых халатах мо з гадзіну важдалася ля Пятра Пятровіча — слухалі біццё сэрца, мералі ціск, лічылі пульс, спрабавалі гаварыць з хворым. Аднак ён не падаваў асаблівых надзей. Хіба што дыхаў, скрыпеў зубамі ды хроп…
  Узваліўшы Пятра Пятровіча на насілкі, дактары вынеслі яго з кватэры, пагрузілі ў машыну, павезлі ў бальніцу. З імі, не хочучы пакідаць мужа аднаго, паехала і Ліна…

  Змаганне за жыццё Пятра Пятровіча вялося некалькі сутак. Ён то расплюшчваў вочы, быццам прыходзячы ў свядомасць, то зноў пагружаўся ў цемру. Іншы раз махаў рукамі, варушыў губамі, спрабаваў нешта вымавіць, сказаць. Неяк ён нават прашаптаў: «Няхай лепш немец мяне заб’е… А душу… Не прадам, не аддам!..»
  Ліна, якая не адыходзіла ад хворага ні на хвіліну, заплакала.
  — Ён трызніць… Трэба ж, каб так падзейнічаў на яго Славікаў сон…
  Але не, не сон падзейнічаў на Пятра Пятровіча. Падзейнічалі тыя словы, што сказаў Славік пра чорта, Карчоўніка. Успомніў, у адзін міг успомніў, быццам маланка апаліла Пятра Пятровіча, калі пачуў, што саснілася, прыблюзнілася Славіку, — як наяве ўбачыў тыя, залітыя вадою, выгары, дзе некалі, адстаўшы ад вяскоўцаў і маці, хаваўся ад карнікаў, немца, што ішоў, набліжаўся, старадрэвіну і таго чорта — Карчоўніка, што вылез з-пад вываратня, пачаў прасіць прадаць душу… Толькі цяпер, гэты раз, чорт ужо не ўгаворваў яго прадаць душу, а патрабаваў аддаць. Калі ж ён, Пятро Пятровіч, пачаў супраціўляцца, не згаджацца, Карчоўнік, смеючыся, быццам радуючыся, што нарэшце дачакаўся свайго, накінуўся на яго, пачаў зубамі, лапамі раздзіраць грудзі, імкнучыся дастаць сэрца. Ён, Пятро Пятровіч, абараняўся як мог — біў чорта рукамі, спрабаваў схапіць за горла, задушыць. Але чорт быў вёрткі, выкручваўся. І зноў, зноў, счакаўшы некаторы час, накідваўся, нападаў. І гігікаў, смяяўся, кпіў:
  — А што ж ты хацеў? Прадаць душу і — не аддаць? Э-э не, брат! Плаці! За ўсё, усё плаці, што я рабіў! І дзякуй, дзякуй скажы — жыў ты, як рэдка хто, усяго хапала, ні ў чым не меў патрэбы… І хочаш, каб гэта было дарма? Не-е, не-е!
  Чорт мяняў сваё аблічча, з маленькага, худзенькага, кволенькага рабіўся раптам быццам арангутанг — з амаль метровымі лапішчамі, вострымі зубамі — ікламі, шалёнымі, злымі вачыма. І калі, гырчучы, пырскаючы слінаю, кідаўся, наступаў на Пятра Пятровіча, у чорта падымалася, уставала дыбка на галаве і на хібе шэрсць.
  Пятро Пятровіч ніколі не пасаваў перад цяжкасцямі, не здаваўся, не адступаў. Жыццё прывучыла яго да поспехаў, перамог. І адступаць, пасаваць перад нейкім чортам, здацца… Не-е! Ён сціскаў кулакі, напружваў усе свае сілы і кідаўся на свайго ворага, браў загрудкі, трос, калаціў, а то і, злаўчыўшыся, хапаў за шыю, душыў…
  Але сілы былі няроўныя. Чорт хутчэй пацяшаўся з Пятра Пятровіча, чым абараняўся. Бо быў ён не толькі вёрткі, мяняў аблічча, але і хітры. Ён то даваў сябе пабіць, то раптам знікаў, дзе і дзяваўся, быццам раствараўся ў паветры, то зноў гігікаў, ашчэрваў зубы-іклы, смяяўся, рагатаў… І Пятро Пятровіч, урэшце, зразумеў, што яму не саўладаць з чортам, што рана ці позна той яго пераможа. І здаўся — закрычаў у адчаі:
  — Ну бяры, бяры маю душу, толькі не муч, не муч мяне больш!
  І ў тую ж хвіліну адкінуў галаву, заціх…

  Пахавалі Пятра Пятровіча Каравая на трэці дзень. А ўжо на чацвёрты згарэла яго дача і разам з ёю — гараж, машына. Не перанёсшы гора, што так нечакана, раптоўна звалілася на сям’ю, злегла ў бальніцу, а потым неўзабаве памерла і Ліна. А там і пайшлі адно за адным іншыя непрыемнасці, няшчасці — выявілася, што адкрыцці, якія рабіў у матэматыцы Пятро Пятровіч, не былі адкрыццямі, іх да яго зрабілі іншыя вучоныя, але пра гэта мала хто ведаў, ды пры жыцці Пятра Пятровіча і баяліся гаварыць. Як вучоны Пятро Пятровіч Каравай быў развенчаны, і слава як лёгка прыйшла да яго, гэтак жа лёгка і пайшла. Наташка трапіла разам з мужам і Славікам у аўтамабільную катастрофу, ды так, што ніхто з іх не астаўся жывы — усе як адзін загінулі… Словам, ад сям’і, якой зайздросцілі, асталіся толькі ўспаміны…
  І вінаваты ва ўсім… Было б, вядома, наіўна, нават смешна сцвярджаць, што чорт, хоць, аднак, і яго, рагатага, хвастатага, з рахунку таксама не заўсёды, мусіць, трэба скідваць, а тым больш забываць, што ён ёсць, часта блытаецца пад нагамі, а то і шкодзіць, не дае зрабіць так, як мяркуеш, хочаш…

1986

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений