Пачынаўся золкі досвітак. Чацвярым ластавяняткам было холадна і непрыемна сядзець на дроце. Тулячыся адно да аднаго, ледзь не валіліся з дроту. Іх, натапыраных і расхрыстаных, нават вераб’і маглі палічыць за сваіх. Дзіва што бацькі, якія вярнуліся з палёту і ўбачылі сваіх сіратлівых дзяцей, адразу кінуліся да малых і, спяшаючыся, пачалі карміць. Дзеці з такой прагнасцю глыталі кожную мошку і камара, што бацькі на тым часе кідаліся ў новы палёт і неўзабаве зноў вярталіся.
Бацька і маці выбіваліся з сілы. А дзеці ўсё разяўлялі і разяўлялі свае ружовыя ненаядныя раты. Першы змогся бацька. Але, седзячы каля дзяцей, заўважыў, што яны ўжо не так прагна кідаюцца да маці. I калі тая падлятала, забываліся нават разявіць рот. Сонца, якое паднялося над хатай, прыгрэла ластавянят. Яны пачалі весела патузвацца, штурхацца. Раптам лёгка рвануліся ў паветра.
Доўга, з урачыстым, радасным крыкам ляталі ў чыстым блакітным небе ўсё шырэйшымі і шырэйшымі кругамі, аддаляючыся ад хаты.
(151 слова)
Паводле В. Віткі.