Беларуская літаратура 5 клас

Беларуская літаратура

Падарожжа па Краіне літаратуры. Тэматычная, змястоўная разнастайнасць фальклорных і літаратурных твораў. Пазнавальнае, выхаваўчае і эстэтычнае значэнне літаратуры.

I. Роднае слова

(4 гадзіны) 

  • Пятрусь Броўка. «Калі ласка». Родная мова – крыніца натхнення пісьменніка. Эмацыянальнасць выказвання. Мастацкая дасканаласць паэтычных вобразаў, інтанацыйнае багацце верша. Раскрыццё характару беларуса. Заклапочанасць паэта лёсам роднай мовы.
  • Яўгенія Янішчыц. «Мова». Замілаванне аўтара выразнасцю і прыгажосцю беларускага слова. Роздум пра няпросты лёс беларускай мовы на працягу шматгадовай гісторыі народа. Спавядальны характар верша. Эмацыянальная выразнасць паэтычных радкоў. Дасканаласць сродкаў мастацкага выяўлення, адметная роля эпітэтаў у стварэнні мастацкіх вобразаў верша.
  • Анатоль Грачанікаў. «Дрымотна ціснуцца кусты…». Паэтызацыя роднай прыроды ў творы. Выяўленне трывогі, душэўнага ўзрушэння паэта на фоне гарманічнага быцця прыроды. Роля аўтарскага звароту да роднага краю. Своеасаблівасць будовы і адметнасць мовы твора.
  • Уладзімір Караткевіч. «Бацькаўшчына». Гонар за сваю радзіму, захапленне яе краявідамі. Мастацкае адлюстраванне прыроднага наваколля ў вершы. Глыбокі лірызм, шчырасць і непасрэднасць у перадачы пачуццяў паэта. Вобразнасць, эмацыянальная насычанасць мовы.

Мастацтва2. Жывапіс: В. Цвірка. «Мая Радзіма», «Заслаўе»; М. Ісаёнак. «Песня аб маёй зямлі»; І. Пушкоў. «Вясна на Нёмане»; А. Казлоўскі. «Зялёны май»; М. Рагалевіч. «Сімфонія вясны»; В. Бялыніцкі-Біруля. «Лотаць зацвіла»; В. Бяляўскі. «Беларускі краявід» і інш.

______________________________

2 Разгляд твораў рубрыкі «Мастацтва», якія выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу, адбываецца ў першую чаргу з апорай на вядомае і на выбар настаўніка. Дадатковыя гадзіны для знаёмства з такімі творамі вучэбнай праграмай не прадугледжаны.

II. Вусная народная творчасць

(13 гадзін)

Народныя казкі

  • «Разумная дачка». Займальнасць казачнага сюжэта. Выяўленне народнай кемлівасці, дасціпнасці, спрыту і розуму ў вобразе дачкі бедняка. Вобразы мужыка, пана, багацея і яго жонкі. Індывідуалізацыя мовы персанажаў. Дыялог як сродак характарыстыкі пана і дзяўчынкі. Роля фантазіі і выдумкі, характар канфлікту, адметнасці вобразнай сістэмы і стылю бытавой казкі. Гумар у творы.
  • «Залаты птах». Сцвярджэнне высокіх маральных каштоўнасцей: працавітасці, смеласці, дабрыні і спагадлівасці. Супрацьстаянне дабра і зла як пастаянны матыў народнай казкі. Вобраз галоўнага героя. Мастацкая гіпербала як сродак характарыстыкі персанажа.
  • «Музыкі». Характарыстыка казачных герояў – асла, сабакі, ката і пеўня. Сіла адданага, вернага сяброўства ў пераадоленні жыццёвых нягод. Займальнасць казачнага сюжэта. Адметнасць казкі пра жывёл.

Легенды

  • «Нарач». Гісторыя паходжання возера. Еднасць чалавека і прыроды. Фантастычнае і чароўнае ў легендзе аб Найрыце. Паэтызацыя прыгажосці, душэўнай чысціні, вернасці ў каханні. Маральная перавага Найрыты над панам. Лаканічнасць і мастацкая выразнасць мовы.
  • «Пестунь». Мастацкая выразнасць легенды, багацці бытавых і сацыяльных рэалій, даступнасць зместу і лаканізм формы. Спосабы абмалёўкі вобразаў. Павучальны змест твора.
  • Мастацтва. Беларускія легенды, казкі ў творах мастакоў А. Александровіча, А. Навіцкага, Ю. Зайцава, В. Валынца, У. Гладкевіча і інш.; мультфільмы, тэатральныя, тэле- і радыёспектаклі па легендах, казках.

Загадкі

Паэтычнае асэнсаванне свету ў загадках.

Дасціпнасць і мудрасць беларускіх загадак, іх тэматычнае багацце. Роля загадкі ў выхаванні кемлівасці, знаходлівасці. Будова, іншасказальны характар, лаканізм загадак.

Прыказкі

Увасабленне ў прыказках вопыту і мудрасці народа. Разнастайнасць тэматыкі, сцісласць і выразнасць, пераносны сэнс прыказак. Лаканізм, трапнасць і дакладнасць мовы. Прыказкі як своеасаблівыя мастацкія творы.

Прыкметы і Павер’і

Спасціжэнне чалавекам навакольнага свету і ўсведамленне свайго месца ў ім. Функцыі прыкмет і павер’яў, іх скіраванасць на паляпшэнне дабрабыту працоўнага чалавека. Афарыстычнасць, трапнасць народных прыкмет. Блізкасць прыкмет і павер’яў да іншых фальклорных жанраў (загадак, казак, легенд, прыказак).

Тэорыя літаратуры. Народная казка. Віды казак (пра жывёл, чарадзейныя, бытавыя). Легенды, іх асаблівасці. Загадкі. Прыказкі. Прыкметы і павер’і.

III. Літаратурныя казкі і легенды

(9 гадзін)

  • Максім Танк. «Ля вогнішч начлежных» (урывак з паэмы «Нарач»). Мастацкае пераасэнсаванне легенды пра ўтварэнне возера Нарач. Выкарыстанне ў творы фальклорных матываў і сюжэтаў. Паэтызацыя вернасці і кахання. Вобразы Галі і Васіля. Драматызм і напружанасць сюжэта. Сродкі мастацкай выразнасці ў творы.
  • Якуб Колас. «Крыніца». Алегарычны змест і патрыятычны пафас казкі. Характарыстыка крыніцы праз яе адносіны да родных мясцін. Усведамленне гарой сваёй адказнасці перад будучыняй. Аўтар-апавядальнік у творы. Сувязь паэтыкі казкі з вуснай народнай творчасцю.
  • Уладзімір Караткевіч. «Нямоглы бацька». Фальклорная аснова твора. Гуманістычны пафас казкі. Шанаванне мудрасці і вопыту бацькоў, выхаванне ўдзячнасці, павагі, уважлівасці і міласэрнасці да іх. Адносіны аўтара да герояў і падзей.
  • Андрэй Федарэнка. «Падслуханая казка». Аўтарская інтэрпрэтацыя паходжання кветак-маргарытак у розных краінах Еўропы. Індывідуалізацыя казачных персанажаў. Своеасаблівасць будовы і адметнасць мовы літаратурнай казкі.

Тэорыя літаратуры. Літаратурная казка, яе блізкасць да народнай казкі. Легенда ў літаратуры, падабенства да народных легенд і адрозненне ад іх.

IV. Выразнасць мастацкага слова

(8 гадзін)

  • Максім Багдановіч. «Зімой». Паэтычны малюнак зімовага вечара. Непасрэднасць, вастрыня паэтычнага светаўспрымання. Фальклорна-рамантычны каларыт карцін прыроды, іх эмацыянальная выразнасць. Вобразна-выяўленчыя сродкі. Гукавая інструментоўка верша.
  • Анатоль Грачанікаў. «Зоры спяваюць». Паэтызацыя зорнага неба, зачараванасць яго прыгажосцю і гармоніяй. Філасофскі роздум пра бясконцасць сусвету, шчасце яго сузірання і пазнання. Сцісласць і эмацыянальнасць выказвання, выразнасць і пластычнасць мовы.
  • Якуб Колас. «Песня ляснога жаваранка» (урывак з трылогіі «На ростанях»). Майстэрства пісьменніка ў перадачы колеравай і гукавой гамы навакольнага свету. Замілаванасць хараством прыроды і захапленне цудоўнай песняй ляснога жаваранка, перададзеныя праз арыгінальныя эпітэты, метафары, параўнанні. Вобразнасць, выразнасць і пластычнасць мовы.
  • Якуб Колас. «На рэчцы» (урывак з паэмы «Новая зямля»). Паэтызацыя зімовага пейзажу. Выяўленне паўнаты і радасці жыцця праз вобразны і інтанацыйны лад верша. Адухоўленасць карціны прыроды. Мастацкая выразнасць мовы.
  • Уладзімір Караткевіч. «Лісце». Майстэрства аўтара ў стварэнні вобраза восені, тонкасць паэтычнага светаадчування. Паэтычная адухоўленасць з’яў прыроды. Захапленне хараством восені, перададзенае праз шматлікія тропы, напеўны рытм верша.
  • Анатоль Грачанікаў. «Верасень». Суладнасць пачуццяў лірычнага героя верша і прыроды, адчуванне духоўнага адзінства з зямлёй. Эмацыянальная пранікнёнасць, цеплыня, задушэўнасць выказвання, даверлівасць інтанацый.
  • Пятрусь Броўка. «Кропля». Адлюстраванне зменлівасці прыроды падчас навальніцы. Багацце зрокавых малюнкаў. Паэтычны сэнс вобразна-выяўленчых сродкаў і рытмічнай арганізацыі верша.

Тэорыя літаратуры. Сродкі мастацкай выразнасці ў літаратурным творы. Эпітэт, параўнанне.

Мастацтва. Жывапіс: В. Бялыніцкі-Біруля. «Восень», «Лес задрамаў», «Аголеныя бярозкі»; В. Ціханаў. «Восеньскі матыў»; У. Сулкоўскі. «Бервянец. Восень»; А. Бараноўскі. «Восень на Прыпяці»; Ф. Рушчыц. «Зімовая казка»; В. Цвірка. «Беларускі пейзаж» і інш.

V. Літаратурны твор – складанае i непадзельнае мастацкае адзінства

(21 гадзіна)

  • Якуб Колас. «Дарэктар» (урывак з паэмы «Новая зямля»). Паэтычнае асэнсаванне штодзённага жыцця сялянскіх дзяцей. Прырода і дзеці, іх дапытлівасць, назіральнасць. Аўтарскі гумар у паказе паводзін хлопчыкаў. Рытмічны малюнак, вобразна-выяўленчыя сродкі (адмоўныя паралелізмы, эпітэты, параўнанні).
  • Якуб Колас. «У старых дубах». Сяброўства Грышкі і Базыля. Неабдуманы ўчынак Грышкі. Майстэрства пісьменніка ў раскрыцці ўнутранага свету дзяцей. Роля малюнкаў прыроды ў творы.
  • Міхась Лынькоў. «Васількі». Трагедыя Міколкі і яго родных. Аўтарскі боль па загубленым маленстве. Кантраснасць і эмацыянальная сугучнасць карцін прыроды і настрою хлопчыка. Прыёмы абмалёўкі характараў Міколкі і дзеда Нупрэя. Драматызм, напружанасць сюжэта. Роля заключнага эпізоду ў раскрыцці тэмы. Пейзаж у творы. Лірычнасць апавядання.
  • Васіль Зуёнак. «Прыйдзі аднойчы…». Паэтычны зварот загінуўшага бацькі да сына як наказ наступнаму пакаленню. Роля параўнанняў і рытміка-інтанацыйнага ладу верша ў выяўленні мастацкай ідэі. Спалучэнне ў творы глыбокага лірызму з патрыятычным пафасам.
  • Анатоль Кудравец. «Цітаўкі». Маральна-этычныя праблемы ў творы. Узаемаадносіны дзяцей з вартаўніком Агеем. Прыёмы псіхалагічнай абмалёўкі характараў. Уплыў дзеда Агея на маральнае сталенне Кастуся. Сюжэт апавядання.
  • Генрых Далідовіч. «Страта». Рэальна-жыццёвая аснова апавядання. Трагічны лёс Міці Бокуця. Чуласць, міласэрнасць, спачуванне Стасіка ў адносінах да хворага сябра. Майстэрства пісьменніка ў абмалёўцы характараў хлопчыкаў, псіхалагізм у раскрыцці перажыванняў Стасіка. Адметнасць будовы апавядання. Аўтар-апавядальнік у творы.
  • Максім Лужанін. «Добры хлопец Дзік». Рэальная жыццёвая аснова твора. Гісторыя Дзіка. Майстэрства пісьменніка ў стварэнні вобраза сабакі, узаемаадносіны Дзіка з Гаспадаром, іншымі персанажамі аповесці. Сродкі раскрыцця характараў герояў твора. Асоба аўтара-апавядальніка. Адметнасць будовы аповесці.
  • Уладзімір Караткевіч. «Былі ў мяне мядзведзі». Выяўленне духоўнай шчодрасці чалавека ў клопатах аб прыродзе. Гісторыя Бурыка, яе значэнне ў раскрыцці ідэі апавядання. Паяднанасць жыцця людзей з жыццём прыроды. Пластычнасць вобразаў. Асоба аўтара-апавядальніка ў творы.

Тэорыя літаратуры. Тэма, сюжэт мастацкага твора. Эпізод у творы. Літаратурны герой, сродкі яго паказу – перажыванні, учынкі, партрэт, мова, мастацкія дэталі, пейзаж, аўтарская характарыстыка (пачатковыя паняцці).

Мастацтва. Жывапіс: У. Зінкевіч. «Шчасце мірнага дня»; С. Гарачаў. «Дзяцінства»; М. Селяшчук. «А раптам гэта ўзнікне перад табой?»; М. Савіцкі. «Дзеці вайны», «Партызаны. Блакада» і інш.

VI. Прыгоды i падарожжы

(4 гадзіны) 

Міхась Лынькоў. «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў». Прыгодніцкі характар аповесці. Займальнасць сюжэта. Роля гумарыстычных элементаў у выяўленні аўтарскіх адносін да байцоў і іх любімцаў: Мішкі, Жука, Барадатага. Кампазіцыя аповесці.

Рэзерв вучэбнага часу — (1 гадзіна)

Паўтарэнне і падагульненне вывучанага за год

(1 гадзіна)

Усяго: на вывучэнне твораў – 62 гадзіны;

на творчыя работы – 4 гадзіны;

на ўрокі па творах для дадатковага чытання – 4 гадзіны.

Спіс твораў для завучвання на памяць і мастацкага расказвання

  • Пятрусь Броўка. «Калі ласка».
  • Максім Багдановіч. «Зімой».
  • Якуб Колас. «Дарэктар» (з паэмы «Новая зямля») – пачатак (апісанне восені).
  • Міхась Лынькоў «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (пачатак раздзела «Як Мішка трапіў на вайсковую службу» і да слоў: «І пах ад іх ішоў далёка-далёка, праз лес, праз балота, да самае лесавое дарогі»).

Спіс твораў для дадатковага чытання

  • Беларускія народныя казкі.
  • Янка Брыль. «Цюцік».
  • Эдуард Валасевіч. «Дняпроўскі чарадзей».
  • Уладзімір Дубоўка. «Як сінячок да сонца лётаў».
  • Міхась Зарэмба. «Арэхавы Спас».
  • Уладзімір Караткевіч. «Кацёл з каменьчыкамі».
  • Астрыд Ліндгрэн. «Браты Львінае Сэрца».
  • Міхась Лынькоў. «Міколка-паравоз».
  • Георгій Марчук. «Чужое багацце».
  • Алена Масла. «Таямніцы закінутай хаты».
  • Эрых Распэ. «Прыгоды барона Мюнхаўзена».
  • Пятро Сіняўскі. «Зачараваная гаспадарка».
  • Алесь Якімовіч. «Рыжык».
Сказать спасибо
( 26 оценок, среднее 2.54 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений