Забыўшыся на страх і недавер,
Прырода давярае чалавеку.
Ю. Свірка.
Адчыніліся дзверы, і ў хату ўбегла Юлька. У мокрым ад ранішняй расы прыполе яна трымала бусляня. Вочы дзяўчынкі былі поўныя таямніцы і радасці. Маці здзівілася:
– Дзе ты яго знайшла?
– Бегла праз двор дзеда Нупрэя і ў траве ўбачыла, – радасна адказала Юлька.
Дзяўчынка апусцілася на падлогу і пачала разглядаць бусляня. Хоць было яно добра аперанае, але не магло яшчэ стаяць на цыбатых нагах, падала то на адзін, то на другі бок. Юлька пасмяялася з такой нязграбнасці і пачала суцяшаць бусляня:
– Ну чаго ты, Буся?
Малая сядзела на падлозе, гладзіла мокрыя птушыныя пёры, чырвоныя, нібы азяблыя, ногі і радавалася: такога ў яе жыцці яшчэ не было! Некалі, праўда, дзядзька Арсен даў патрымаць дзікае качаня, аднойчы злавіла на гарышчы галубку, а вось каб бусел! Юлька прытуліла цёплую птушыную галаву да шчакі і заплюшчыла вочы.
Апоўдні, пачуўшы пра навіну, у хату зайшоў дзед Нупрэй. Моўчкі кіўнуў галавою, прысеў на лаву і стаў расказваць пра тое, што буслы могуць скінуць з гнязда птушанят, калі чакаецца сухмень.
Юлька прапанавала падсадзіць бусляня ў буслянку. Аднак дзед Нупрэй папярэдзіў, што дарослыя птушкі могуць яго задзяўбаць. Стары параіў самім выхадзіць бусляня, карміць яго бульбай, рыбай.
Задаволеная Юлька адгарадзіла для бусляняці куточак і выбегла на вуліцу. Хутка ўся вёска ведала пра Юльчыну радасць. Калі вярнулася з поля маці, то ўбачыла поўную хату дзяцей. Пасярод кухні стаяла міска з рыбай, а Буся, абсохлы і папрыгажэлы, цікаўна паглядаў на малых.
Праз тыдзень Буся зусім прызвычаіўся да новага жыцця, пасябраваў не толькі з Юлькай, але і з катом Мікітам. I дзяўчынка ўсё часцей выводзіла бусляня за веснічкі. Яны звычайна ішлі спачатку на прычал, дзе ў рыбацкіх лодках можна было знайсці якую-небудзь спажыву. Мікіта бег за імі і ад радасці вуркатаў. З прычала яны накіроўваліся на выган і там гулялі. Буся няўклюдна бегаў за Юлькаю, смешна памагаючы сабе крыламі.
Аднойчы ён не разлічыў, разбегся мацней, чым звычайна, і, на здзіўленне Юльцы, праляцеў ажно да самага ўзлеска. Калі да яго падбегла Юлька, Буся ўпершыню паглядзеў на яе з яўнай перавагай.
А той дзень Юлька ніяк не магла забыць. Яны ледзь не з раніцы бавілі час на выгане. Буся хадзіў па траве і збіраў цвыркуноў, а Юлька рвала шчаўе. Раптам яна пачула вясёлы бусліны клёкат. Падумала спачатку, што гэта Буся, але, азірнуўшыся, убачыла: высока ў небе кружылі Нупрэевы буслы, а бусліха стаяла ў гняздзе і клекатала на ўсю ваколіцу.
Буся пакінуў свой клопат і таксама паглядзеў у неба. А потым не вытрымаў, неяк таропка разбегся і нечакана падняўся на крыло. Зрабіў над выганам круг і ўзяў кірунак да Нупрэевай хаты. Юлька бачыла, як ён там, у небе, далучыўся да сваіх, згубіўся ў тым гурце, і праз хвіліну ўжо не разабраць было, каторы з іх Буся.
Юлька да самага вечара прасядзела на выгане, чакаючы, што Буся вернецца. Але ён не вярнуўся. I Юльцы было радасна і тужліва.
(461 слова)
Паводле Я. Пархуты.