Вільня. Час нямецкай акупацыі. Малады супрацоўнік беларускай газеты гібее ў голадзе і холадзе з жонкай і маленькім сынам. Столькі найцікавейшых задум трывожаць яго творчую натуру! Апошнім часам яго апанавала задума напісаць сур’ёзную драму, нешта такое магутнае, грымотнае, як «удар молата па жалезным лісце», у якой збіраўся закрануць усе важныя праблемы беларускага жыцця. Праца напачатку ішла выдатна: з’ява за з’явай занатоўваецца на паперы, а рука ледзь паспявае за натоўпам думак, якія нараджаюцца ў галаве. Але ж проза жыцця, цяжкасці побыту абяскрыльваюць палёт творчай фантазіі маладога пісьменніка. Днём яму трэба бегаць, каб зарабіць нейкую капейчыну на пражыццё, а ноччу жонка не дазваляе паліць апошнюю свечку, якая можа спатрэбіцца, каб асвятліць пакой ды перапавіць і пакарміць дзіця. Нарастае напружанне ў адносінах паміж мужам і жонкай. Жонка ніяк не можа зразумець, чаму Васіль так аддана трымаецца беларускай справы, якая не прыносіць ніякіх матэрыяльных даброт. А таго ў сваю чаргу крыўдзіць абыякавасць Ядзькі да святых яго захапленняў. У час адной з гарачых спрэчак імпульсіўны Васіль спальвае сваю драму. Амаль завершаную. Жыццё ж дадае яму яшчэ выпрабаванняў: памірае дзіця. Са скрухай і сорамам адзначае Васіль, што недастаткова моцна любіў свайго сына. Зараз рукі ў яго развязаны, таму можна пакінуць стылую Вільню, каб адправіцца праз лінію фронту ў Мінск, дзе «кіпіць жыццё, развіваецца шырокая беларуская работа».
Галоўны герой п’есы Францішка Аляхновіча «Няскончаная драма» Васіль, звяртаючыся да сына, казаў: «Як вырасцеш, будзеш мо смяяцца з бацькоўскіх твораў, яны пакажуцца табе наіўнымі ды слабымі, але, сынок, выбачай, мы людзі маленькія, мы толькі першыя ластаўкі нашага расцвету, мы як той гной, на якім закрасуецца з часам багатае жыта».
П’еса «Няскончаная драма» заснаваная на аўтабіяграфічным матэрыяле, яна шмат чаго дае для разумення той няпростай атмасферы, у якой праходзіла станаўленне беларускай драматургіі. Разам з тым п’еса пралівае святло і на асобу Францішак Аляхновіч, на яго жыццёвыя і творчыя прынцыпы.