Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Даўно тое было, так даўно, што самыя старыя дзяды ад сваіх дзядоў гэтай гісторыі не чулі. Быў час, калі пайшоў вялізным войскам на землі славянскія француз. А чаго яго ліха пагнала, на якую трасцу – дык просты французскі люд мо і цяпер не адкажа толкам.
Рушыў вораг на Маскву, а там, дзе нагой сваёй ступіў, пасеяў гора ды голад.
Пабралі сяляне вілы ды косы, пайшлі ў партызаны. А вораг лютуе. Усунецца на двор да селяніна, ажно пакуль апошнюю курыцу не забярэ, не супакоіцца. А найболей авёс адбіраў для сваіх коней. Прачулі партызаны ад сваіх дазорных, што сабралі французы ў вялізнай адрыне шмат пудоў аўса. Няведама, колькі вёрстаў праскакалі, падпаўзлі да той адрыны з аўсом. Толькі высунулі галовы, а французы як стрэляць з мноства пішчаляў. Пахаваліся партызаны ды хутчэй назад, у лес.
Сядзяць, думаюць, як той авёс у ворага адбіць. Два дні думалі. Коні тым часам зусім паслаблі. Выгнаць іх на пашу партызаны не рызыкуюць: яшчэ вораг угледзіць, а ў лесе вядома колькі тае травы, як у селяніна радасці ў галодную вясну. Сядзяць, мазгуюць.
Вызваўся памагчы Несцерка. Прачуў ён ад людзей, што галоўны афіцэр варты, якая адрыну з аўсом ахоўвала, надта ж рыбу любіць. Налавіў у лясным возеры Несцерка лінькоў, кінуў у кошык на траву і панёс да французаў. Доўга не таргаваўся, аддаў, лічы, за грош. Аж здзівіўся французскі афіцэр:
– Мерсі за такі далікатэс.
– Калі ўсё з’ясі, дык на тваё мерсі магу яшчэ прынесці. У нас такіх лінькоў нават каты не ядуць, – адказаў Несцерка.
– Як! – не паверыў француз.
– З далонь не рыба, па локаць не рыбіна, а на руку – гэта ў нас яда, – кажа Несцерка.
– І дзе ж такая рыба водзіцца? – разбірае цікаўнасць афіцэра.
– Ды вунь у тым возеры за вёскай, – паказвае рукой Несцерка.
– Ты жартуеш, быдла. Каб у той канаўцы ды рыба вадзілася? Мае грэнадзёры і вудамі спрабавалі, і сетку кідалі. Нічога там няма.
– О, пан афіцэр, лінька ні вудай, ні сеткай не возьмеш. На дне ляжыць, у зямлю шыецца. Узяць яго можна толькі так, як дзед мяне вучыў.
– А як цябе дзед вучыў? – карціць даведацца афіцэру.
– Бараною, – адказаў Несцерка і нават брывом не павёў.
– Як бараною! Рыбу? – у афіцэра перахапіла дух.
– Звычайна. Запрагаю ў барану каня і ў ваду, – сказаў так Несцерка і паціху рушыў да возера.
Праз некаторы час пабеглі вясковыя дзеці, панеслі навіну.
– Паглядзіце, як Несцерка рыбу ловіць!
Пачулі гэта французы, глянулі на афіцэра. Таму і не хочацца верыць, але ж цікаўнасць разбірае.
«Мо і праўда, – думае афіцэр, – народ дзікі, трэба пайсці паглядзець».
А каля возера ўжо людзей назбіралася, ні мала ні многа, а паўсотні будзе.
Запрог Несцерка каня ў барану і давай боўтаць ваду ў возеры ўдоўж і ўпоперак, балазе яно неглыбокае было.
– Падыходзьце бліжэй, – крычыць ён французам, – калі пашанцуе, вам пад ногі на бераг лінёк выскачыць.
Тут даверлівыя французы бліжэй да берага спускаюцца. Ці прыдуркаваты ён, ці сапраўды занадта разумны фокус ведае гэты дзіўны рыбак.
А Несцерка, не выходзячы з вады, просіць:
– Яшчэ бліжэй да вады, калі ласка. Эх, шкада, што мала люду, доўга боўтаць ваду прыйдзецца. А каб яшчэ якая паўсотня людзей, дык умомант усе лінькі на бераг выскачылі б. Паўнютка іх тут, аж нагамі тапчу.
Загадаў тады афіцэр клікнуць усіх грэнадзёраў і паставіць іх у ланцужок вакол возера. «Ну, – думае, – цяпер рыбе няма куды дзецца. Як толькі на бераг выскачыць, адразу нам пад ногі».
Стаяць грэнадзёры бы ўкопаныя, чакаюць гадзіну, другую, а Несцерка, бы чорт у балоце, каламуціць ваду. Яшчэ гадзіна мінула. Стаміліся грэнадзёры, згаладаліся. Нарэшце выходзіць з вады Несцерка, распрагае каня і кажа афіцэру:
– Работа зроблена. Цяпер і я сяду, буду чакаць. Не паспее месяц на неба выкаціцца, як пачне рыба на бераг выпаўзаць.
Грэнадзёры бурчаць пачалі на афіцэра свайго. А ён супакойвае, маўляў, стаялі больш, папільнуем і менш. Раптам бяжыць што мае сілы паранены ў руку грэнадзёр, якога пакінулі адрыну з аўсом вартаваць. Бяжыць і крычыць:
– Там, пакуль вы тут рыбу ловіце, партызаны ўвесь авёс з адрыны вывезлі!
Хапілі французы свае стрэльбы ды хутчэй да адрыны.
А Несцерка таго і чакаў. Скочыў на каня ды ў другі бок.
Скеміў афіцэр, што яго падманулі. Прыбег назад да возера, каб злавіць Несцерку. Толькі спазніўся: той ужо далёка быў.