Спачатку ў беларусаў, як і ва ўсіх народаў свету, грошай не было. Іх ролю выконвалі тавары. Грашыма былі збожжа, футра і соль. Першыя грошы з солі былі выпушчаны яшчэ ў Старажытным Рыме.
У нашых продкаў старажытнай плацежнай адзінкай з’яўлялася звычайная звярыная шкурка. Ад доўгага выкарыстання нашы футравыя грошы зашмальцоўваліся. Яны старэлі, рабіліся непрыгожымі, аднак усё роўна заставаліся грашыма і мелі тую ж самую вартасць. Галоўнае, каб шкуркі куніц, вавёрак, гарнастаяў, собаляў былі з вусамі, кіпцюрамі, носам і хвастом. Мае ўсё гэта шкурка – яна сапраўдная.
Іншаземныя падарожнікі дзівіліся з нашых грошай: лысыя, непрыгожыя шкуркі; а за іх можна купіць што толькі хочаш.
Для ўнутранага рынку такіх грошай хапала. Аднак калі абмен пашырыўся, гандаль выйшаў за мясцовыя рамкі. Калі тавары давялося прадаваць за межамі, спатрэбіліся і новыя грошы.
I яны з’явіліся. Металічныя манеты з серабра, медзі, нікелю і іншых металаў.
(141 слова)
Паводле Я. Сіпакова.