Увага! Поўны змест
Да вайны яшчэ ў той школе, дзе вучыўся Косця Кветка, маляванне і чарчэнне выкладаў старамодны настаўнік Апалінарый Феактыставіч, па празванні Цыркуль. Гэтую мянушку Косця прыклаў свайму настаўніку, як толькі перайшоў у шосты клас, і яна прыжылася.
Высокі, тонкі, у чорным, яшчэ царскіх часоў, сурдуце, Апалінарый Феактыставіч знешне на самай справе апраўдваў дадзенае яму празванне. Але менш за ўсё гэтага абцягнутага чорным сукном чалавека можна было назваць сухім і чэрствым. Ён быў старамодным, крыху напышлівым, але толькі не сухім.
Прадмет свой Апалінарый Феактыставіч ведаў добра, але быў надзвычай мяккім чалавекам, і гэтай мяккасцю яго карысталіся не на карысць вучобе. Вучні ведалі, што да рэвалюцыі іх настаўнік выкладаў у гімназіі латынь. І хоць цікавасці да латыні шасцікласнікі, вядома, не праяўлялі абсалютна ніякай, тым не меней на ўроках Апалінарыя Феактыставіча часта гучала гэтая мёртвая, але прыгожая мова.
Аматарам лацінскай мовы часцей за ўсё прыкідваўся Косця. Можа, яму падабалася ўзрушанасць старога настаўніка, які, хвалюючыся, вымаўляў незразумелыя звонкія словы, магчыма, ім кіравала самае звычайнае самалюбства, але Косця часцей за другіх ішоў на свядомую правакацыю. Калі хто-небудзь не зрабіў чарцяжа і прадчуваў немінучую пагібель, яго нязменным выратавальнікам быў Косця.
Пры ўваходзе Апалінарыя Феактыставіча ў клас Косця, які сядзеў на першай парце, напускаў на свой твар цень задумлівасці і летуценнасці. Настаўнік раскрываў класны журнал, але ў гэты час Косця ўжо сядзеў з паднятаю рукой.
— Я слухаю цябе, Кветка, — дазваляў настаўнік выказацца.
— Апалінарый Феактыставіч, як будзе па-лацінску кніга?
Стары настаўнік адрываў свой позірк ад класнага журнала, і на твары яго паяўлялася ўсмешка. Ён, вядома, здагадваўся, што не прагай ведаць новае лацінскае слова гарыць яго яшчэ не сталы апанент. Але пераадолець спакусу і не адказаць на пытанне Апалінарый Феактыставіч не мог. Той, над кім павіс дамоклаў меч быць выкліканым і ісці са сваімі чарцяжамі да стала, на нейкі час быў выратаваны.
— Словы свабода, кніга і дзеці на лацінскай мове маюць блізкае гучанне, — натхняўся стары настаўнік, — лібэрас, лібэра, лібры… Гэта ж так лёгка запомніць…
Інтарэс шасцікласнікаў да мовы Авідзія і Гарацыя ўзрастаў па меры таго, як набліжалася доўгачаканая хвіліна збавення — званок на перапынак. Нарэшце вартаўніца дрэнькала ў стары вышчарблены званок, і стрыжаныя шасцікласнікі гаманлівай талакой зрываліся з месца. Апалінарый Феактыставіч з разгубленай усмешкай закрываў класны журнал, у які ён за ўвесь урок не паставіў ніводнай адзнакі…
Вучні падрасталі, станавіліся старшакласнікамі, заводзілі прычоскі. У дзесятым класе здольны і няўрымслівы Косця ўжо не дазваляў сабе карыстацца слабасцю старога настаўніка. У адносінах класа да Апалінарыя Феактыставіча паявілася нешта новае. Гэтае новае, бадай, можна было назваць прытоенай, схаванай недзе ў глыбіні юнацкіх душ павагай да свайго настаўніка. Маладосць нарэшце ацаніла вялікую, нязменную любоў і адданасць Апалінарыя Феактыставіча латыні — прадмету, які даўно можна было забыць…
Гэтую павагу класа адчуваў і сам настаўнік, хоць знешне, здавалася, яна не праяўлялася ні ў чым. Пасля ўдалага чарцяжа, зробленага кім-небудзь з дзесяцікласнікаў, Апалінарый Феактыставіч ставіў умельцу пяцёрку, закрываў журнал і, строгі, сур’ёзны, падымаўся над класам.
— Вам трэба думаць не толькі пра гэтыя чарцяжы, — заяўляў ён. — Пара ўжо кожнаму з вас зрабіць для сябе чарцёж усяго будучага жыцця. Але ў гэтым вам лепш за мяне дапаможа Авідзій…
Апалінарый Феактыставіч пачынаў чытаць Авідзія. Голас у яго быў слабы, прыглушаны, ён дрыжаў і зрываўся, але старога настаўніка слухалі з затоеным дыханнем. Ніхто не разумеў слоў лацінскага верша, які перажыў многія стагоддзі, але ўсе, здаецца, адчувалі магутнае, узнёслае пачуццё, схаванае ў далёкіх, урачыстых метрах.
— Авідзій любіў сваю зямлю, як можа яе любіць вялікі сын сваёй Айчыны, — натхняўся стары настаўнік. — Таму яго слова будзе жыць да таго часу, пакуль будзе ўладарыць чалавек на зямлі. Тыраны прымусілі паэта пакінуць родны край. Ён жыў ля берагоў нашага Чорнага мора, якое называлася тады Понтам Эўксінскім…
Апалінарый Феактыставіч заўсёды тлумачыў Авідзія напышліва, у прыўзнятым, урачыстым стылі. Але цяпер гэта дзесятаму класу падабалася.
Косця тайна ад сваіх сяброў хадзіў у раённую бібліятэку і прасіў Авідзія. Авідзія ў бібліятэцы не было.
Бібліятэкарка дзівілася:
— Навошта ён здаўся вам, гэты Авідзій? Чалавек дзесяць яго прасілі ўжо. Па праграме ж яго не праходзяць?..
Зрэдку класу ўдавалася ўцягнуць Апалінарыя Феактыставіча ў размову, далёкую ад яго любімай латыні. Ён быў не вялікі майстар адказваць на пытанні юнакоў і дзяўчат, якія праз некалькі месяцаў збіраліся пайсці ў новы, невядомы і цікавы для іх свет.
— Мы з вамі, маладыя сябры, людзі розных эпох, — звычайна заяўляў стары настаўнік. — Мае жыццёвыя прынцыпы не падыдуць для вас. У вас ёсць нешта новае, чаго не ведала маё пакаленне. Мне ўжо цяжка дагнаць вас і нават цяжка вас добра разумець. Але ў нас з вамі ёсць адна такая рэч, якую нельга адабраць ні ад вас, ні ад мяне. Гэта наша Радзіма. Беражыце яе чэсць, нясіце яе славу наперад. А я ўжо стары і слабы чалавек…
У сярэдзіне навучальнага года Косця Кветка паступіў у лётнае вучылішча. Яму трэба было ехаць у далёкі горад, аж за Волгу. Косця прыйшоў развітацца з сябрамі. Затаіўшы дыханне, глядзеў дзесяты клас на Косцю, які першым, не дачакаўшыся атэстата, пакідаў школу і родны гарадок. Заняткі ў той дзень адмянілі з трэцяга ўрока.
Дзесяцікласнікі, употай згаварыўшыся, склаліся па рублю і купілі Косцю ў якасці развітальнага падарунка табакерку са срэбраным вечкам. Усе ведалі, што Косця курыць яшчэ з восьмага класа, і цяпер гэта нават перад вачыма настаўнікаў не было парушэннем правіл, бо Косця забраў ужо свае школьныя дакументы. Трэба было напісаць нейкія словы на вечку табакеркі, каб Косця не забываў свайго класа і свайго гарадка. Гэтыя словы якраз і прыдумваў дзесяты клас, калі ў пакой увайшоў Апалінарый Феактыставіч. Ён яшчэ не ведаў, што яго ўрок адмянілі, і яму хутка ўсё растлумачылі. Расказалі настаўніку і пра падарунак для Косці — табакерку, і пра тое, што трэба нешта выгравіраваць на срэбраным вечку…
Вось тады і напісаў Апалінарый Феактыставіч на дошцы словы, якія ўсім спадабаліся і вастрыём цыркуля з лепшай класнай гатавальні былі перанесены на вечка Косцевай табакеркі: «Patriam nostram amare et defendere debemus…»
Гэтыя словы як найлепей падыходзілі для ўрачыстасці моманту, і сутнасць іх таксама поўнасцю адпавядала намерам дзесяцікласнікаў.
«Радзіму нашу любім і абараняць яе павінны» — значылі ўрачыстыя лацінскія словы.
Косця ж станавіўся вайскоўцам, яму трэба было ведаць гэтыя словы. Але ў той дзень гэты лацінскі сказ, які быў напісаны на дошцы, мабыць, запомніў не адзін толькі Косця.
Косця паехаў у далёкі горад і прыслаў адтуль толькі два лісты. Але ў іх абодвух ён прасіў перадаць гарачае лётнае прывітанне Апалінарыю Феактыставічу. Дзесяты клас закончыў школу без ніводнага другагодніка, і па гэтай прычыне ладзіўся ўрачысты выпускны вечар. Але вечара ў той год не было — пачалася вайна. Атэстаты выпускнікам аддалі без ніякіх цырымоній, і ніхто з іх не паступіў у інстытут. Хлопцаў на трэці дзень вайны мабілізавалі ў войска.
У гарадок прыйшлі фашысты. У школе размяшчаўся цяпер нейкі вайсковы штаб. У першыя ж дні нямецкага ўладарання былі арыштаваны мясцовы натарыус, старшыня абутковай арцелі і ляснічы. Яны лічыліся актывістамі і, на думку фашыстаў, уяўлялі сур’ёзную небяспеку для германскай імперыі. Апалінарыя Феактыставіча арыштавалі ў той жа дзень за знявагу нямецкай зброі. Адбылося гэта вось як. У гаспадыні, дзе кватараваў стары настаўнік, нямецкія салдаты рэквізавалі парасё. Свінчо не давалася ў рукі, і салдаты застрэлілі яго з аўтамата тут жа, на двары. Апалінарый Феактыставіч, які прысутнічаў пры гэтай баталіі, назваў салдат грабежнікамі. Яго, як злоснага бальшавіцкага агітатара, адвялі ў штаб на допыт к афіцэру. Але і там Апалінарый Феактыставіч не адступіўся ад сваіх слоў.
— Ёсць добрая лацінская пагаворка, якая ўзнікла да таго, як варвары разбурылі Рым, — ахвотна растлумачыў ён афіцэру. — «Aquila non captat muscas…» — «Арлы не ловяць мух». У вашых салдат на шапках арлы, але яны падобныя да злых гіен.
Гэта былі апошнія словы, якія сказаў стары настаўнік. Яго расстралялі разам з натарыусам, старшынёй абутковай арцелі і ляснічым у бярозавым гаі за гарадком. Насельніцтву было аб’яўлена, што гэтыя людзі з’яўляюцца камуністамі і партызанамі…
А на трэцім годзе вайны, калі фронт яшчэ стаяў пад Арлом і Белгарадам, вясновай зорнай ноччу над занятым фашыстамі палескім гарадком доўга кружыў самалёт. Лётчык спусціў дзве асвятляльныя ракеты і, карыстаючыся поўнай адсутнасцю ў тутэйшага гарнізона зенітнай артылерыі, зацята абстрэльваў з кулямёта чыгуначную станцыю. Ён «пачаставаў» фашыстаў і дзвюма бомбамі, якімі знёс вадакачку. Тады былі забіты чатыры фашысты і яшчэ некалькі паранена. Праз тыдні два пастушкі прынеслі ў гарадок цікавую знаходку — звычайны кашалёк, у якім ляжаў кавалачак шоўкавай парашутнай матэрыі. На матэрыі быў зроблен надпіс на чужой мове і стаяў подпіс «Косця».
Дзяўчаты, якія закончылі дзесяцігодку, прачыталі незразумелы надпіс. На шоўкавай матэрыі былі напісаны словы, якія некалі дзесяты клас выгравіраваў на вечку срэбранай табакеркі: «Patriam nostram amare et defendere debemus»… Да самага таго дня, пакуль з гарадка не прагналі немцаў, пад страшным сакрэтам з вуснаў у вусны перадавалася навіна, што немцаў вясной бамбіў Косця Кветка…
У сорак пятым годзе, калі ўжо ішлі баі за Берлін, Косця Кветка вярнуўся ў родны гарадок. У яго было тры ордэны на гімнасцёрцы і пусты правы рукаў. Косця пацвердзіў, што гэта сапраўды ён бамбіў тады гарадок і скінуў свае вымпелы. За гэтую бамбёжку Косця атрымаў ад свайго начальства вымову — ён адхіліўся ад маршруту… Косця прывёз з сабой і табакерку, якую некалі ў складчыну падараваў яму дзесяты клас.
Спачатку Косця працаваў фізруком у той жа школе, дзе выкладаў чарчэнне і маляванне Апалінарый Феактыставіч. Цяпер ён ужо завочна скончыў інстытут і выкладае фізіку. Расказваюць, што настаўнік з Косці атрымаўся добры і вучні яго любяць. І калі тлумачыць Косця закон Архімеда, ён гаворыць не толькі пра выцесненую целам вадкасць, а і пра жыццё самога Архімеда з Сіракузаў, які храбра абараняў свой горад ад ворагаў.
1957
Адказы на пытанні:
1. Галоўным героем апавядання Іван Навуменкі "Настаўнік чарчэння" з’яўляецца настаўнік Апалінарый Феакціставіч, бо менавіта яго вобраз і яго ўрокі аказалі ўплыў на Косцю Кветку. Твор названы "Настаўнік чарчэння", але ён выкладаў не проста чарчэнне, а сапраўдную навуку жыцця, сталення, якая паўплывала на яго вучняў, іх лёс і жыццё.
2. Апалінарый Феакціставіч – настаўнік чарчэння ў школе, але раней ён выкладаў лацінскую мову і літаратуру. Вось як яго малюе аўтар-апавядальнік:
"Высокі, тонкі, у чорным, яшчэ царскіх часоў, сурдуце, Апалінарый Феакціставіч знешне на самай справе апраўдваў дадзенае яму празванне. Але менш за ўсё гэтага абцягнутага чорным сукном чалавека можна было назваць сухім і чэрствым. Ён быў старамодным, крыху напышлівым, але толькі не сухім."
Мужчына быў выдатным настаўнікам, які любіў дзяцей. Яны часта, каб пазбегнуць праверкі хатняга задання, заводзілі размову пра лацінскую мову. Настаўнік захапляўся і так праходзіў урок. Ён разумеў, што дзеці хітруюуць, але тое, што ён расказваў мела на іх моцны ўплыў:
"Прадмет свой Апалінарый Феакціставіч ведаў добра, але быў надзвычай мяккім чалавекам, і гэтай мяккасцю яго карысталіся не на карысць вучобе. Вучні ведалі, што да рэвалюцыі іх настаўнік выкладаў у гімназіі латынь. I хоць цікавасці да латыні шасцікласнікі, вядома, не праяўлялі абсалютна ніякай, тым не меней на ўроках Апалінарыя Феакціставіча часта гучала тая мёртвая, але прыгожая мова."
Прайшоў час і дзеці пасталелі ацанілі веды і вопыт свайго настаўніка:
"У адносінах класа да Апалінарыя Феакціставіча паявілася нешта новае. Гэтае новае, бадай, можна было назваць прытоенай, схаванай недзе ў глыбіні юнацкіх душ павагай да свайго настаўніка. Маладосць нарэшце ацаніла вялікую, нязменную любоў і адданасць Апалінарыя Феакціставіча латыні – прадмету, які даўно можна было забыць…"
Яны атрымлівалі ад яго нашмат болей, чым проста ўрок па чарчэнні:
"Гэтую павагу класа адчуваў і сам настаўнік, хоць знешне, здавалася, яна не праяўлялася ні ў чым. Пасля ўдалага чарцяжа, зробленага кім-небудзь з дзесяцікласнікаў, Апалінарый Феакціставіч ставіў умельцу пяцёрку, закрываў журнал і, строгі, сур’ёзны, падымаўся над класам.
– Вам трэба думаць не толькі пра гэтыя чарцяжы, – заяўляў ён. – Пара ўжо кожнаму з вас зрабіць для сябе чарцёж усяго будучага жыцця."
Настаўнік вучыў дзяцей любіць Радзіму:
"Але ў нас з вамі ёсць адна такая рэч, якую нельга адабраць ні ад вас, ні ад мяне. Гэта наша Радзіма. Беражыце яе чэсць, нясіце яе славу наперад."
Гэту ісціну ён нёс да самага канца ў сэрцы, нават калі фашысты вялі яго на расстрэл. Ён быў старым слабым чалавекам, але не спужаўся выказаць свае прынцыпы гітлераўцам, прама ў твар сказаўшы ім, што яны "грабежнікі", а на допыце прывёў лацінскую пагаворку:
"– Ёсць добрая лацінская пагаворка, якая ўзнікла да таго, як варвары разбурылі Рым, – ахвотна растлумачыў ён афіцэру. – «Арлы не ловяць мух». У вашых салдат на шапках арлы, але яны падобныя да злых гіен."
Ён ведаў, што яго не пашкадуюць, але не спалохаўся смерці.
3. Папярэднія характарыстыкі Апалінарыя Феакціставіча сапраўды супярэчаць яго гераічнаму ўчынку. Хоць напачатку вучні павярхоўна ацэньвалі свайго настаўніка, з узростам яны зразумелі сутнасць яго цвёрдага і прынцыповага характару. Гэта было бачна па некаторым мастацкім дэталям.
Самае галоўнае, прынцыпы настаўніка:
"Але ў нас з вамі ёсць адна такая рэч, якую нельга адабраць ні ад вас, ні ад мяне. Гэта наша Радзіма. Беражыце яе чэсць, нясіце яе славу наперад."
Чалавек з такім жыццёвым поглядам не можа быць баязліўцам.
Менавіта ён падказаў аднакласнікам Косці, што напісаць на табакерцы:
"Гэтыя словы як найлепей падыходзілі для ўрачыстасці моманту, і сутнасць іх таксама поўнасцю адпавядала намерам дзесяцікласнікаў. – Радзіму нашу любім і абараняць яе павінны, – значылі ўрачыстыя лацінскія словы."
4. У апавяданні ёсць камічныя моманты, напрыклад, як Косця Кветка адцягваў увагу настаўніка чарчэння, альбо, як хлопчык, пасля аповеду пра Авідзія прыйшоў тайна ў бібліятэку, каб узяць гэту кнігу і даведаўся, што ён ужо дзясяты. Гэта не крыўдны смех, ён напоўнены добрым гумарам і дапамагае раскрыць характар узаемаадносін настаўніка і вучняў.
6. Косця Кветка – надзейны сябра, вясёлы хлопец, менавіта ён прыдумаў настаўніку чарчэння мянушку Цыркуль. У класе яго, відавочна, вельмі любілі, бо калі ён паступіў у лётнае вучылішча, яны вырашылі зрабіць яму памятны развітальны падарунак. З узростам Косця ўсё больш разумеў старога настаўніка, паважаў яго і прыслухоўваўся да яго слоў. Надпіс на табакерцы быў як запавет ад Апалінарыя Феакціставіча: "Радзіму нашу любім і абараняць яе павінны", – значылі ўрачыстыя лацінскія словы. Косця ж станавіўся вайскоўцам, яму трэба было ведаць гэтыя словы. Але ў той дзень гэты лацінскі сказ, які быў напісаны на дошцы, мабыць, запомніў не адзін толькі Косця."
7. Сапраўдныя патрыёты краіны бачаць сваё прызначэнне ў абароне роднай краіне перад тварам вайны. У гэтым вялікі грамадзянскі абавязак кожнага. Бо толькі вольная і незалежная краіна можа нараджаць здаровых, вольных сваіх сыноў.