Іван Навуменка — Сасна пры дарозе

Іван Навуменка

  Шмат гадоў Іван Навуменка працаваў над ваеннай трылогіяй, якая складаецца з раманаў "Сасна пры дарозе", "Вецер у соснах" і "Сорак трэці". У гэтых творах, апошні з якіх быў завершаны ў 1973 годзе, пісьменнік зноў выкарыстоўвае свой жыццёвы вопыт і назіранні часоў ваеннага ліхалецця. Ён адлюстроўвае складанасць барацьбы з ворагам на акупіраванай тэрыторыі, тое, што бачыў на ўласныя вочы і перажыў сам.
  Трылогія аб’яднаная вобразам галоўнага героя — Міці Птаха, які паводле свайго светаадчування вельмі блізкі да герояў ранніх апавяданняў празаіка. У біяграфіі героя, яго характары і паводзінах шмат аўтабіяграфічнага, але, як вядома, літаратурны персанаж ніколі не з’яўляецца дакладнай аўтарскай копіяй. Гэта ўвесь час у дачыненні да свайго героя падкрэсліваў Іван Навуменка. "Герой маіх… раманаў Міця Птах і я — розныя, ён — не копія мая, не пісаў я яго цалкам з сябе", — сцвярджаў празаік, даючы тым самым зразумець, што ў вобразе Міці Птаха ўвасобіліся тыповыя рысы беларускай моладзі.
  Раман "Сасна пры дарозе" быў напісаны ў 1962 годзе на хвалі прыўзнята аптымістычнай атмасферы "адлігі", якая панавала на той час у савецкай літаратуры. Твор з’яўляецца пачаткам будучай трылогіі і адначасова самым цэласным з усіх яе кампанентаў.
  "Мне хацелася зірнуць збоку на маё пакаленне, — гаварыў празаік. —Гэта было дзіўнае пакаленне, прыгожае. Нашу сямнаццатую вясну заспела вайна, з майго класа шаснаццаць хлопцаў пайшло на вайну, а вярнулася толькі чатыры… Рамантычнасць спалучалася ў нас з самаадданасцю і жыццёвай цвярозасцю. Я часта ў сваіх творах вяртаюся памяццю ў школьныя гады, таму што загартоўка нашых характараў пачыналася ў школе. Усё пачыналася са школы. Каханне таксама".
  Псіхалагічныя перажыванні Міці Птаха, няпросты шлях яго ў дарослае жыццё на фоне разгортвання ўсенароднай барацьбы з фашысцкімі акупантамі складаюць змест гэтага рамана. Станаўленне Міці як чалавека супадае па часе з вайной, з фашысцкай акупацыяй. Міця — учарашні школьнік, які вырас на кнігах пра подзвігі, марыць і сам стаць героем. У яго ўспрыманні вайны спачатку шмат наіўнага, дзіцячага. "Зразумеўшы, што пачалася вайна, ён узрадаваўся. Пачы-налася нешта вялікае, агромністае — яно будзе ісці на яго, Міцевых, вачах, яно — працяг той гераічнай хвалі, якая даўно захліснула яго грудзі".
  Юнацкі максімалізм і просталінейнасць перашкаджаюць хлопцу зразумець блізкіх, усвядоміць складанасць жыццёвых калізій. Ён імкнецца ўключыцца ў падпольную барацьбу, не ўсведамляючы драматычнасці гэтага ўчынку, адказнасці за тыя вынікі, якія ён можа мець і для яго самога, і для яго сям’і.
  Доўгі час хлопец не разумее нават уласнага бацьку Сцяпана Птаха, лічыць яго баязлівым і маладушным. Бацька Міці, вартаўнік чыгуначнага пераезда, чалавек асцярожны і ўдумлівы, ён забараняе Міцю рызыкаваць, бо ведае, што рэальнае жыццё не дае шансаў на выпраўленне памылак. Толькі тады, калі Міця трапіў за турэмныя краты і на ўласныя вочы ўбачыў жорсткасць і бязлітаснасць вайны, ён зразумеў, што бацькавы перасцярогі мелі пад сабой важкі грунт.
  Тым не менш ваенная сітуацыя вымагала дзеяння, усеагульнага яднання ў межах канкрэтнай мясцовасці і нават краіны. Дзеля таго, каб барацьба з фашызмам стала ўсенароднай з’явай, гэтую ісціну павінна была зразумець большасць цывільнага насельніцтва, якое, здавалася б, магло існаваць убаку ад вайны. На прыкладзе Міцевага бацькі Сцяпана Птаха, чалавека практычнага і прыземленага, які дапамагае партызанам рабіць дыверсіі на чыгунцы, нягледзячы на свой апраўданы страх за лёс сям’і, Івана Навуменка паказвае паступовае перарастанне Вялікай Айчыннай вайны ва ўсенароднае змаганне з фашызмам.
  Адным з першых у літаратуры празаік паказаў у рамане складанасць змагання на акупіраванай тэрыторыі. У адрозненне ад фронту партызаны і падпольшчыкі рызыкавалі не толькі ўласным жыццём, але і жыццём тых, каго найбольш любілі. Найчасцей гінулі нявінныя, старыя і дзеці, як паказала рэальная гісторыя спаленых фашыстамі беларускіх вёсак. Іван Навуменка падкрэслівае гэты трагічны момант у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адлюстраваўшы драматызм і неадназначнасць падпольнай і партызанскай дзейнасці.
  Характэрная у гэтым плане, адлюстраваная ў рамане, гісторыя маладой падпольшчыцы Дзянісавай, якая гіне, выдадзеная правакатарам у самым пачатку свайго змагарнага шляху. Перапоўненая эмоцыямі жанчына, не маючы жыццёвай мудрасці і вопыту падпольнай барацьбы, загубіла ўласнае жыццё, па сутнасці так і не выканаўшы сваёй геройскай місіі.
  Іншага кшталту другі герой рамана — былы ўдзельнік Грамадзянскай вайны і адзін з кіраўнікоў падполля — Іван Шэлег. Гэта разумны і дасведчаны чалавек, які імкнецца ўратаваць жыццё маладых падпольшчыкаў, засцерагае іх ад непатрэбнай рызыкі. Але жыццё настолькі складанае, што прадугледзець усе яго неспадзяванкі немагчыма, таму і сам Шэлег трапляе ў рукі гестапа. Шчаслівае выратаванне адтуль усё роўна пазней скончылася для яго трагічна, ён стаў ахвярай паліцэйскай засады.
  Мастацкім адкрыццём Івана Навуменкі з’яўляецца вобраз Крамера. Гэты персанаж — немец паводле паходжання, які даўно зжыўся з беларускай зямлёй. З надыходам вайны ён, як і многія яго супляменнікі, аказваецца ў няпростай сітуацыі. Крамер — чалавек сціплы і асцярожны. Ён працаваў у леспрамгасе прыёмшчыкам, таму добра ведаў многіх навакольных людзей. Як і большасць з іх, Крамер хоча застацца ўбаку ад вайны. Але не атрымліваецца. Суайчыннікі прызначаюць яго бургамістрам. Крамер і зараз імкнецца быць сумленным і чалавечным, аказваючы тую ці іншую дапамогу мясцоваму насельніцтву. Ён па-ранейшаму застаецца верным сваім поглядам, што "сядзець трэба ціха", бо перакананы, што ў такім выпадку найменш пральецца бязвіннай крыві.
  Героі рамана не разумеюць і не прымаюць гэтыя памкненні Крамера, расцэньваюць іх як здраду. Яны перакананыя, што знайсці сярэдзіну паміж дабром і злом немагчыма, што ва ўмовах бязлітаснай барацьбы двух супрацьлеглых лагераў адсядзецца не атрымаецца: трэба выбіраць той ці іншы бок. У выніку не толькі жорсткія гестапаўцы, але і памяркоўны Крамер успрымаюцца ў творы як прадстаўнікі аднаго варожага лагера.
Вялікае значэнне ў рамане адыгрывае пейзаж, ён адцяняе ўнутраныя перажыванні герояў, дапамагае лепш зразумець аўтарскую задуму. "Сасна расце на сухім грудку ля чыгуначнага пераезда. Тут, можна лічыць, развілка і скрыжаванне. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Вышэйшых дрэў паблізу — аж да самага лесу — няма, і сасна відаць здалёк. Купчастая, разгалістая яна мала падобна да гонкіх сваіх сясцёр дзе-небудзь у бары". Так пачынаецца раман "Сасна пры дарозе", у якім вобраз-сімвал самотнай сасны ўвасабляе спрадвечную мужнасць беларусаў, іх адданасць роднай зямлі. У творчасці І. Навуменкі вялікую ролю адыгрывае мастацкая традыцыя. У літаратуразнаўстве пад мастацкай традыцыяй разумеюць перадачу мастацкага вопыту з пакалення ў пакаленне, яго творчае пераўвасабленне ў гісторыі літаратуры. Традыцыя можа ўтрымлівацца ў літаратуры нядоўга, а можа трансфармавацца і жыць на працягу стагоддзяў. Напрыклад, асноўныя літаратурныя традыцыі Янкі Купалы, Яуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых класікаў — гэта адзінства патрыятычнага і гуманістычнага, глыбокая народнасць. Наследуючы традыцыі папярэднікаў, наступнікі імкнуцца па-наватарску іх развіць. Наватарства — гэта творчае развіццё пісьменнікам лепшых рыс мастацкай спадчыны. "Ніводны паэт, ніводны майстра ў любым з мастацтваў не вычэрпвае сваю значнасць сам па сабе. Яго значнасць ацэньваецца ў адносінах да паэтаў і мастакоў мінулага. Нельга ацаніць яго аднаго, не супаставіўшы яго па кантрасту з папярэднікамі ці не параўнаўшы яго з імі", — пісаў выдатны англійскі паэт і крытык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Томас Стэрнс Эліот у знакамітым эсэ "Традыцыя і індывідуальны талент". Калі творца, мастак імкнецца сцвярджаць высокія гуманістычныя ідэалы, тады яго мастакоўскія пошукі і памкненнні арганічна ўваходзяць у кантэкст зробленага папярэднікамі.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений