У апавяданні "Семнаццатай вясной" аўтар разглядае праблемы вайны і міру, кахання і сумлення. Пісьменнік дае адказ на пытанне, ці магчыма асабістае шчасце ў той час, калі паўсюль льецца кроў і гінуць людзі. Яшчэ адна праблема ўзнімаецца аўтарам у гэтым творы — гэта адказнасць чалавека за свае ўчынкі.
Пісьменнік паказвае сталенне асобы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, усхваляе маладое пакаленне, якое ў небяспечных абставінах змагаецца супраць ворагаў. У артыкуле "Эпас народнага подзвігу" Іван Навуменка адзначыў: "У часы Айчыннай вайны вельмі адчувальна, калі можна так сказаць, рэльефна, праявілася адзінства асабістага і грамадскага ў чалавеку. Падпарадкаваўшы ўсе свае сілы адзінай патрыятычнай ідэі, чалавечая асоба робіцца яшчэ больш значнай і цэльнай". Героі твора сваімі паводзінамі ў суровых абставінах поўнасцю пацвярджаюць гэту думку пісьменніка.
Героі твора — Мікола Біцюг, Цішка Дрозд, Сымон Біцюг і Цімох — тыповыя юнакі з усімі асаблівасцямі ўзросту, але дзейнічаюць яны ў выключна складаных умовах. Знаёмячы з гэтымі юнакамі, аўтар паказаў на прыкладзе вобраза Міколы Біцюга юнацкі максімалізм і катэгарычнасць. Мікола лічыць, што ў час вайны трэба адмовіцца ад асабістага. Калі ён назірае за танцамі ў скверыку, то лічыць гэта здрадай справе на карысць перамогі: "Здраднікі… Знайшлі час весяліцца — гранату б сюды". Дыпламатам у названай чацвёрцы сяброў выступае Цішка Дрозд, ён знаходзіць словы і довады, каб памірыць сяброў. Самым адказным і разважлівым сярод усіх быў Сымон Біцюг: ён спрабуе наладзіць сувязі з партызанамі, папярэджвае пра недапушчальнасць такіх паводзін, якія ставяць пад пагрозу жыццё герояў і іх блізкіх. Героя-апавядальніка выдзяляе здольнасць кахаць у час ваеннага ліхалецця і берагчы гэтае каханне. Гэта пачуццё пакуль што падпарадкоўвацца "ў яго свядомасці абавязку барацьбы супраць ворагаў", але менавіта на прыкладзе вобраза Цімоха Іван Навуменка даў адказ на пытанне, ці магчыма каханне на вайне. I на занятай ворагам тэрыторыі працягвалася жыццё. Людзі кахалі, і гэта каханне дапамагала ім выжыць і стаць мацнейшымі.
У гады вайны адбываецца паскоранае фарміраванне асобы. Героі таксама хутка сталелі, і на многае ім прыйшлося паглядзець іншымі вачыма, крытычна ацаніць свае паводзіны, многае зразумець: не хадзіць "табуном", не кідацца ў вочы паліцаям, не дэманстраваць сваю варожасць да ворагаў, бяздумна не рызыкаваць, сваёй неабачлівасцю не ставіць пад пагрозу жыццё сваё і сваіх родных.
Прызнацца ў каханні да Стасі юнаку перашкаджае яго разуменне абавязку. Юнак хоча прысвяціць сябе поўнасцю адной толькі справе — змагацца за вызваленне сваёй зямлі. Ён не лічыць магчымым разменьвацца на іншае, нават на каханне. Але каханне да дзяўчыны жыве ў яго сэрцы, успыхнуўшы ў самым пачатку твора, яно напамінае пра сябе і ў фінале, калі ён узгадвае дзяўчыну, падобную да белай птушкі, з кветкамі ў руках. Гэты вобраз "дзяўчыны ў белай сукенцы" з яе "жывымі сінімі вачыма" не пакідае героя. Каханне, якое палохае героя і прыносіць яму асалоду, раскрывае стан душы героя, паказвае яго ўзнёслым і рамантычным. М. I. Мішчанчук адзначае, што на прыкладзе гэтага вобраза аўтар сцвярджае галоўную ідэю твора: "…на зямлі заўсёды ёсць месца каханню, яно квітнее нават і ў суровыя дні вайны і ўзвышае, натхняе людзей на подзвігі".
Твор пачынаецца вобразам квітнеючага бэзу: "Ён сінеў цэлымі азяркамі па садах, палісадніках, у нашым станцыйным скверыку". Так перададзены ў творы ўспамін героя пра мірнае жыццё, калі шчасце здавалася звычайнай з’явай. Пра яго ўзгадвае закаханы Цімох, калі ўяўляе Стасю ў "новым, казачным святле": "У гэту вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз". Так аўтар паказвае, як падобна бэзу расцвітае каханне Цімоха. Такім чынам, вобраз бэзу выступае ў творы сімвалам міру і шчасця і надзеі.
Завязка твора — пейзажныя сцэны і разважанне героя твора пра семнаццатую вясну.
Кульмінацыя — падрыў чыгункі і перастрэлка з паліцаем Сёхманам.
Развязка — галоўны герой даведваецца, што Стася дапамагала партызанам, перадавала ім медыкаменты.