Іван Навуменка — Смутак белых начэй

Іван Навуменка

  У рамане «Смутак белых начэй», апублікаваным у 1979 годзе, Іван Навуменка расказвае аб падзеях ваеннага часу. У героях рамана мы пазнаем ужо шмат у чым вядомых нам па ранейшых творах празаіка тых маладых патрыётаў, рыцараў свайго часу, якім суджана гартавацца і сталець у суровых абставінах вайны.
 Былыя местачкоўцы-падпольшчыкі і партызаны трапляюць на фронт, прымаюць удзел у баях на Карэльскім перашыйку летам 1944 года. Яшчэ, здаецца, не было ў I. Навуменкі такога драматычна напружанага, збалелага твора. У рамане не проста паказваецца, як прывыкаюць хлопцы да новых, нязвыклых для іх абставін.
 Праз безліч трапных, дзівосных па дакладнасці і пісьменніцкай памятлівасці падрабязнасцей раскрываецца свет чалавека на вайне, напаўняецца псіхалагічным зместам сам час, паўстае велічная і сурова-трагічная карціна змагання на тым этапе вайны, калі наша армія наносіла ворагу рашаючыя ўдары.
 Моцная плынь аўтарскага лірызму зліваецца з настроямі і перажываннямі герояў твора. Ва ўмовах жорсткіх баёў ледзьве не ўсім землякам-местачкоўцам, што разам пайшлі на вайну, наканавана загінуць. I яны амаль што адчуваюць непазбежнасць гэтай гібелі, з вялікай інтэнсіўнасцю перажываючы хараство, прывабнасць жыцця. Перамога, жаданы мір – так блізка! Свет для іх не звужаецца да межаў акопа і франтавой паласы. Наадварот: яны ўвесь час у думках, марах, снах вяртаюцца да родных мясцін і разважаюць аб агульнанародным і ўсечалавечым. Драматызм рамана ўзмацняецца тым, што ваенныя «кроў, гразь і бруд», якія ў творы паказваюцца ў іх сапраўдных, рэальных праявах, кантрастуюць з высокай адухоўленасцю юнакоў-патрыётаў, якія носяць у сабе «шырокі, мнагалучны свет».
 Лірызм і патэтычнасць не выроўніваюць характары герояў. Сяргей Каліноўскі, Косця Ціток, Васіль Лебедзь, Косця Русаковіч, Мялешка, Рагамед, Герасімовіч маюць сваё аблічча і характар, выразна адрозніваюцца ладам перажыванняў і паводзін. Амаль усе яны гінуць, і кожная новая смерць выклікае ў нас свой, непаўторны боль – як за людзей, якіх ведаеш  і любіш.
 Апісанні баёў, узаемадзеяння родаў войск, шматлікіх подзвігаў савецкіх салдат уражваюць выключнай праўдзівасцю. Аўтар умее не толькі паказаць, як разгараецца імпэт наступлення, «з нябачных, няўлоўных рухаў ствараецца пераможны дух зладжанасці, мэтазгоднасці дзеяння соцень людзей», але і баявы парыў Чубакова і Васіля Лебедзя, Адама Каліноўскага, Рагамеда, Косці Русаковіча і многіх іншых байцоў.
 Прачытаеш раман, і многія, на дзіва прадметныя, канкрэтныя апісанні, як намаляваныя, стаяць перад вачамі; асеўшы ў памяці, яны потым не раз узнікаюць перад унутраным зрокам. I выразна бачыш «вогненна-сінія палосы кінжальнага кулямётнага агню» з браніраванага дота-каўпака, дзе засеў «апанаваны крыважэрнасцю воўк», і «голы, як бубен, пляц», на якім залеглі наступаўшыя, і – ва ўсіх дэталях – рухі, дзеянні Адама Каліноўскага, Рагамеда і Косці Русаковіча ў адзін з момантаў, пра якія I. Навуменка піша, што такія часта бываюць на вайне, «калі, каб выратаваць другіх, астаецца некаму памерці». Вось Адам Каліноўскі, які «залёг трохі наўзбоч ад вогненных трас», кідае, прыўзняўшыся, гранату. Тут жа падае і не варушыцца. «Прыкмеціў яго воўк». Шукае зручнага моманту Рагамед, разумеючы, што іншага выйсця няма: «Такі, як пад каўпаком, воўк… выкасіць дашчэнту роту».
 Тонка, з выключнай псіхалагічнай праўдзівасцю, не парушаючы дынамікі падзей, «занатоўвае» пісьменнік апошнія думкі, успаміны герояў.
 «Рагамед ні страху, ні жалю да сябе не адчувае. Настала яго чарга. Трэці раз на Карэльскім перашыйку… Шчыльна прыціскаючыся да зямлі, Рагамед паўзе. Выбірае момант, калі кулямёт на імгненне змаўкае. Прыкідваецца забітым, затым зноў і зноў паціхеньку дзярэцца да каўпака.
 Цяпер ён успамінае, дзе такое было. Восенню першага года вялікай вайны. Пад Неўскай Дуброўкай… Біліся супроць дэсанта, выкінутага на пясчаную касу. Біў з-за каменя вогненна-сіні сноп кулямётнага агню. Рагамед поўз да каменя. Іншага выйсця не было. Як цяпер…»
 Рагамеду не ўдалося дацягнуцца да каўпака: кулі прашылі яго «ад грудзей да нізу жывата». I Косця Русаковіч, які з самага пачатку разгадаў намер Рагамеда, цяпер наважыўся сам. «Каму яшчэ? Ён бліжэй за астатніх падабраўся да каўпака. Думка працуе ясна, выразна. Галоўнае, трэба вылезці а-пад абстрэлу.
 Кулямёт па-ранейшаму захліпаецца вогненнымі пырскамі. На імгненне Косця бачыць заплаканы твар Насці… Насці дадуць пенсію, думае Косця…
 Кулямёт змаўкае. У гэтае імгненне Косця з усім спрытам матляецца ўбок… Вырваўшы чаку з лімонкі, Косця шпурляе гранату пад самы вогненны струмень. Выбуху не чуе – адчувае толькі, як штосьці гарачае, пранізлівае ўпіваецца яму ў ногі, грудзі, руку. Ён яшчэ добра валодае сабой, усё бачыць і чуе. Кулямёт змоўк. Але як толькі ад зямлі падымаюцца шынялі, гімнасцёркі, пачынае сячы яшчэ з большай сілай. Напружыўшы апошнія сілы, Косця ўстае… робіць два-тры крокі, затым падае сваім доўгім целам на вогненны струмень. Байцы падымаюцца, бягуць…» Чытаеш, і бачыш, і верыш: толькі так яно магло быць.
 Раман выклікае гарачы пратэст супраць вайны, раскрывае вытокі гераічнага ў савецкіх людзей, прымушае шмат над чым задумацца, уздымае нас да вышынь адказнага, напоўненага жыцця, каб быць вартымі гэтых цудоўных патрыётаў і жыццялюбаў.
 Мы глыбей, паўней усведамляем, што такое шчасце, чалавечнасць, абавязак, подзвіг, Радзіма – усё гэта было вялікай і важнай часткай унутранага свету герояў рамана.
 Трагізм рамана дасягае той мяжы, калі ледзьве не адзіны, хто застаўся жывым з галоўных герояў, – Сяргей Каліноўскі ў роспачы шукае сабе смерці. Гэты часовы яго стан раскрыты таксама надзвычай праўдзіва і дакладна. Але ўвесь твор прасякнуты аптымізмам, высокай верай у чалавека, у яго сілы і магчымасці. Смутак, журба не абязвольваюць нас, а ўзмацняюць сілу нашага суперажывання. Раман, канцэнтруючы асноўную ўвагу на маладых героях, трымае ў полі зроку вялікі абсяг народнай вайны І набывае маштабнасць аб’ёмнага мастацкага твора.
 Пакаленне Івана Навуменкі панесла вялікія страты. У суровых выпрабаваннях яно не разгубіла, а загартавала высокія ідэалы. Ёсць асаблівы сэнс у тым, што пісьменнік, прадстаўнік гэтага пакалення, так таленавіта і акрылена сцвярджае і адстойвае камуністычныя ідэалы чалавечнасці, шчырасці, патрыятызму ў творах, якія, узнімаючы самы розны жыццёвы матэрыял, прасякнуты ўнутраным адзінствам маральных і грамадзянскіх асноў.
 Сучасная беларуская проза багатая на моцныя таленты і яркія творчыя індывідуальнасці. Проза Івана Навуменкі займае сваё пачэснае месца ў беларускай літаратуры. Яе рамантычная прыўзнятасць, асаблівы лірызм, праніклівы псіхалагізм, адметнасць увасобленага жыццёвага матэрыялу, высокая маральнасць выклікаюць вялікі водгук ў чытачоў. Талент пісьменніка раскрываецца шырока і шчодра і дае падставы верыць у яго новы багаты плён.

Ларыса Кароткая

Крыніца: Навуменка I. Збор твораў. У 6-ці т. Т. I. Аповесці і апавяданні. – Мн.: Маст. літ., 1981.– 559 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений