Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Як толькі Алёшка прыйшоў у свой трэці клас, ён адразу адчуў незвычайнае. Вучні гучна размаўлялі, і ніхто не вымаў з сумкі кніг.
Галіна Андрэеўна абвясціла, што школа сёння пойдзе на плошчу: там будзе выступаць Маршал Савецкага Саюза. Алёшка аж задрыжаў ад узбуджэння. Ён ведае гэтага маршала – чытаў у кнігах пра грамадзянскую вайну, дый партрэт ягоны змешчан у падручніку па гісторыі. I якое шчасце, што ён, Алёшка, убачыць на ўласныя вочы такога выдатнага чалавека!
Пасля другога ўрока Галіна Андрэеўна загадала выходзіць на двор – там вучняў ужо ставілі ў калону.
– Дзяжурны астанецца ў класе, – сказала Галіна Андрэеўна, і Алёшка ў першую хвіліну проста анямеў. Ён зусім забыў, што сёння дзяжурыць і што перад пачаткам урокаў сам памыў анучку і выцер дошку.
Бачачы замяшанне хлопчыка, настаўніца хацела яму памагчы. Галіна Андрэеўна паважала Алёшку, бо ён добра паводзіў сябе і старанна вучыўся.
– Можа, ты, Каця, астанешся? – звярнула яна да бялявай дзяўчынкі, якая сядзела побач з Алёшкам. – Ты прастудзілася, кашляеш, і доўга на вуліцы табе быць нельга. Алёшка заўтра за цябе падзяжурыць.
Каця ўткнулася тварам у парту і адразу заплакала. Алёшку зрабілася няёмка.
– Раз мая чарга, буду дзяжурыць, – сказаў ён і адышоўся да акна.
Ён стаяў, стараючыся не глядзець на шумлівую, галасістую калону, якая са сцягамі, транпарантамі ў хуткім часе выбралася са школьнага двара. Двор быў пусты і нязвычна ціхі. Доўгімі радамі стаялі голыя таполі, каля якіх кружкамі ляжала апалае жоўтае лісце.
Алёшка хутка супакоіўся. Яму нават стала прыемна ад думкі, што ён як бы служыць усяму класу. У партах ляжаць сумкі, партфелі, ранцы, і некаму трэба за іх адказваць.
Выцягнуўшы з парты кніжку і прымасціўшыся ля цёплай грубкі, Алёшка пачаў чытаць. Так прайшло з паўгадзіны ці, можа, трошкі болей.
Раптам у калідоры пачуліся крокі, дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшло некалькі чалавек. Наперадзе стаяў каржакаваты, немалады ўжо вайсковец. Яго твар падаўся Алёшку трохі знаёмы
Вайсковец агледзеў клас, рудыя падцёкі на сценах пад столлю, пабітую на дзіркі падлогу.
– Трэба новую школу будаваць, – сказаў ён, павярнуўшыся да старшыні сельсавета.
Яшчэ праз хвіліну вайсковец звярнуўся да Алёшкі:
– Чаму сядзіш адзін?
– Я дзяжурны. Школа пайшла маршала сустракаць.
– Я, брат, маршал і ёсць. Вось зайшоў паглядзець, якая ў вас школа. Сам некалі ў такой вучыўся.
У Алёшкі ад радасці перахапіла дыханне – будзе што расказаць хлопцам.
– Вучышся як? – спытаўся маршал.
– Чацвёркі толькі па пісьму і маляванню. А так пяцёркі.
– Малайчына. Старайся і надалей трымаць такі курс. Кніжкі любіш чытаць?
– Люблю. I яшчэ птушак умею лавіць. У мяне кожны дзень новая сініца.
Маршал зноў усміхнуўся:
– Вось гэта, брат, дарэмна. Птушкі любяць волю. Абяцай мне, што кінеш гэты занятак.
– Я іх і так выпускаю. Магу зусім не лавіць.
– Значыць, дамовіліся.
Маршал працягнуў Алёшку руку. Далонь у яго цвёрдая, пастава дужая, а твар звычайны, добразычлівы. Нават не верыцца, што маршалы могуць быць такія простыя.
Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.