Увага! Поўны змест
I
Люблю фантазію і таямнічасць. Гэта з самых малых год. Усякаму падшыванцу, калі яму міне пяць вёснаў, хочацца, каб свет хадзіў дагары нагамі. А незвычайнае пачынае вабіць з калыскі. У праўдзівасці сказанага могуць лёгка пераканацца сённяшнія бацькі. Ляжыць, напрыклад, у люльцы сінявокі чалавек, які пражыў вясну, лета, восень і яшчэ зусім не ведае, што такое зіма. Падыдзі да яго звычайна, павітайся, назаві па імені — ніякага ўражання.
А надзьмі шчокі, вырачы вочы, прыцмокні ў дадатак языком — і маеш захапленне сінявокай істоты…
Цяга да выключнага, дзіўнага, мабыць, у самой прыродзе чалавечай. Той жа чалавек, калі яму стукне тры гады, лічыць за найвялікшае шчасце, калі бацька пераменіць сумнае вертыкальнае становішча і ўпадобіцца ў сродках перамяшчэння сваім далёкім продкам. Сын тады папаўзе за ім хоць на край свету. Ён забудзе пра цукерку, якую да гэтага канючыў цэлую гадзіну, забудзе нават на зялёнага каня, які ржэ, стоячы на сваіх драўляных колах. Хіба ж гэта часта здараецца, каб знаёмы, звычайны бацька разам з ім падаўся на ўсіх чатырох даследаваць самыя таямнічыя закуткі хаты. Можна ўрэшце і абсядлаць бацьку, тады ён адразу стане канём і будзе імчаць з кута ў кут, варта толькі добра паддаць яму шпорамі…
А калі споўніцца сыну сем гадоў, то чым заменіш яму казку? Неабавязкова памятаць, як запісана яна ў Афанасьева ці ў неразлучных братоў Грым. Проста пляці кашэль з ваўкамі, бабай-ягой, праставатым Іванкам, якому шчасце само лезе ў рукі. Галоўнае, каб не хутка быў канец. Акругленыя сынавы вочкі не зміргнуць, і чым спрытней снуе язык незвычайныя прыгоды, тым часцей і глыбей уздыхае вераб’інымі грудзьмі зачараваная істота.
Таямнічае — вабіць. Нястрымна хочацца зазірнуць за паласу невядомасці, дабрацца да самага кораня рэчаў. Мабыць, па гэтай прычыне ў сына доўга не залежваюцца цацкі. Купіш навейшай маркі аўтамабіль, які заводзіцца ключом і можа калясіць па хаце, колькі ты захочаш, а праз дзень ён ужо ляжыць разабраны, і цікавасці да яго ў сына абсалютна ніякай. Цікавасць ужо здаволена. Сын хацеў паглядзець, што ўсярэдзіне, ён падазраваў прытоенага маленькага чалавечка, які круціць гэтыя вінцікі і калёсікі, а там аказалася звычайная пружынка. Гліняны сабачка, які можа свістаць, калі дзьмуць яму ў дзюрачку, жыве яшчэ менш за аўтамабіль. Сын, насвістаўшыся, пад вечар разбівае яго малатком і ледзь не плача ад крыўды: ён думаў убачыць нешта дзіўнае, а ўнутры ўсяго толькі пустата…
ІІ
У дзяцінстве я быў хваравіты і вельмі баяўся холаду. Гэта давала поўную перавагу нада мной майму суседу, чырванашчокаму мацаку Кірылу, які лятаў зімой у расхрыстаным кажушку, а засопшыся, праганяў смагу кавалкам лёду. Ён грыз лёд, як цукар, а мяне прабіралі дрыжыкі. Мне здавалася, што Кірыла захварэе. Але ніякая хвароба яго не брала. Ён насіўся па замерзшай рачулцы на сваіх дзеравяшках з ранку да вечара і, здаецца, мог бы там і начаваць.
Але варочацца пад вечар дамоў Кірылу прымушалі некаторыя прычыны. Па-першае, трэба было пад’есці. Які б смачны ні быў сіняваты лёд са срабрыстымі вочкамі застыглых у ім бурбалак, але без падмацавання бульбай Кірылаў жывот ныў і бурчаў, а ногі пачыналі пруцянець. Акрамя таго, Кірыла яшчэ пабойваўся маці. Яна асабліва распякала за чаравікі. Пары чаравікаў на зіму Кірылу, вядома, не хапала, і таму на гэтым грунце ў хлопца штовечар былі непаразуменні з маткай.
Аднойчы маці схавала чаравікі, і тады Кірыла вылецеў на лёд босы. Ён коўзаўся на сваіх чырвоных, як у гусака, лапах, можа, цэлую гадзіну, а ўся вуліца, разявіўшы рот, дзівілася з гэтага яшчэ не бачанага відовішча. Паміж іншым Кірыла і пасля свайго босага коўзання па лёдзе не захварэў.
На навуку Кірыла налягаў не вельмі і ўрокі вучыў збольшага. Таму ў яго заўсёды было многа вольнага часу, якім ён распараджаўся як хацеў.
Я шчыра зайздросціў Кірылу і асабліва яго здароўю. У вачах жа майго суседа я быў чалавекам непаўнацэнным, і ён без лішняй далікатнасці заўсёды мне аб гэтым напамінаў. Яго словы і насмешкі, вядома, крыўдзілі, але супраць сілы не пойдзеш.
— Такіх, як ты, мне трэба пяць на аднаго,— выхваляўся сусед.— Я магу цябе адной рукой вобземлю ляснуць.
Ён не хлусіў, чырванашчокі мацак Кірыла…
Іншы раз, калі мы каталіся на рэчцы, Кірыла выклікаў мяне на спаборніцтва. Ён даваў мне магчымасць адбегчыся ад яго метраў на пяцьсот, а потым нязменна даганяў. Кірыла імчаўся на сваіх дзеравяшках як віхор і, дагнаўшы мяне, рагатаў на ўсё горла. Я ж стараўся ў такія хвіліны куды-небудзь збочыць, каб ніхто не бачыў майго сораму…
III
Ганарлівая Кірылава пагарда да мяне прымусіла шукаць новых сяброў. I я знайшоў іх — кнігі. Першая, якая трапіла ў рукі, называлася «Казкі і праўда аб небе». Казкі пра неба не здзівілі. Іх у збытку расказваў дзед, сівы, сухенькі, вечна чым-небудзь заняты. Ён любіў разважаць пра Бога, які жыве на небе, пра райскія кушчы, куды пасля смерці трапяць людзі святога жыцця, і пра пекла, прыгатаванае для грэшнікаў. Дзедавы казкі амаль нічым не адрозніваліся ад тых, якія я знайшоў у кнізе.
— Нараджаецца на свет чалавек,— гаварыў дзед,— у небе запальваецца зорачка, памірае — яна падае. Зорачка як свечка. Колькі на небе зорак, столькі на свеце людзей. Хто пад якой планідай нарадзіўся, той так свой век і пражыве. Усё ў волі Божай. Без Бога нават ніводзін волас з галавы не выпадзе.
— А ты, дзед, сваю зорачку ведаеш?
— Ніхто, акрамя Бога, гэтага не можа ведаць.
— То ты, дзед, як будзеш паміраць, скажы мне. Я выскачу на двор і пагляджу, як будзе падаць твая зорка.
— Смерць жа, унучак, не гаворыць, калі прыйдзе.
К таму часу, калі мне ў рукі трапіла кніжка пра неба, дзеда ўжо не было. Памёр ён у лесе, восенню, паехаўшы па дровы. Спуджаны конь, вырваўшыся з аглобляў, прыбег у двор без гаспадара. Ноч была цёмная, воблакі зацягнулі ўсё неба, на ім не блішчала ніводнай зоркі…
Першае пачуццё, якое прыйшло пасля кніжкі пра неба — жаль да дзеда. Ён памёр, і няма да яго ніякай справы ні небу, ні зоркам. Нікуды не паляціць яго душа. Мёртвыя не лётаюць…
I яшчэ было захапленне, перамешанае са страхам. Якое вялікае неба! Хто і калі пералічыць зоркі, рассыпаныя ў Сусвеце? Хто, які чалавек ступіць першым на бераг далёкай планеты? Неба, бясконцае неба… Як у гэта паверыць і як з гэтым згадзіцца?..
IV
Ноч. Зіма. У хаце ўсе спяць. Я адваяваў сабе печ. Цяпер ужо не па той прычыне, што вечна мерзну. Проста на печы больш выгадная пазіцыя для маскіроўкі. Лямпа з прыкручаным кнотам стаіць у самай шыйцы, і таму на хату падае толькі вузкая палоска святла. Мерна цікаюць на сцяне ходзікі, але з печы не ўбачыш, колькі часу. Гэта і добра, што не ўбачыш. Няхай спыніцца час, няхай забудуць пра свае абавязкі пеўні, няхай не цэдзіцца праз замерзшыя шыбіны сіняе зімовае світанне! Я чытаю…
Зашмальцаваны томік Жуля Верна, дадатак да старой «Нівы», мне адпушчан толькі на адну ноч. Заўтра кніжку будзе чытаць другі. Не скончыш за ноч — вінаваты сам. Ахвотнікаў многа, а кніга рэдкая, у бібліятэцы яе не возьмеш.
У коміне вые і стогне вецер, і гэта найлепшы акампанемент для чытання. У кнізе таксама шалее акіян, раз’юшаныя хвалі вось-вось перакінуць звязаны на жывую нітку з паламаных мачтаў плыт, на якім бясстрашныя падарожнікі. Але людзі плывуць. Іх вядзе ў нябачны свет нейкая нястрымная прага да новага, нязведанага, неапісанага. Вось ужо мрояцца ў сінім тумане няпэўныя абрысы далёкага берага. Што гэта? Востраў, мацярык ці, можа, проста міраж знясіленых ад голаду і смагі людзей?
Страшна перагарнуць наступную старонку. А што, калі зноў расчараванне, калі новыя сотні міль па салёных, бязлітасных хвалях, без пітва, без яды?
— Ты яшчэ не спіш? Зараз жа тушы лямпу! Другія пеўні праспявалі, а ён усё не начытаецца. Высах, счарнеў з-за гэтых кніг…
Гэта маці. Яна кніг не чытае. Яна не ведае радасцей, якія яны прыносяць. Яе галоўны клопат, каб мы, дзеці, былі сытыя, адзетыя, здаровыя…
— Я зараз, мама. Засталося толькі дзве старонкі. Ты спі, я зараз…
Цікаюць на сцяне ходзікі, вые ў коміне вецер, на разлезлым валёнку разлёгся стары паласаты, як тыгр, кот і ледзь чутна пяе «рулі» сваім заўсёды халодным носам. Час ад часу ён уздрыгвае, дзярэ кіпцямі поўсць валёнка і варушыць вушамі. Кату, мабыць, сняцца мышы. Наогул жа да мышэй ён даўно абыякавы, ён недачувае і недабачвае, і яны, ведаючы гэтыя старэчыя слабасці ката, ніколькі яго не баяцца. На жардзіне развешаны перавяслы цыбулі. У скупым святле, якое падае ад лямпы, яны здаюцца гронкамі нейкіх дзівосных заморскіх раслін.
За адну ноч можна перажыць некалькі жыццяў. I яны западуць у сэрца водгуллем сваіх радасцей і гора, сваіх узлётаў і падзенняў. Сіняваты зімовы ранак просіцца ў акно, і я развітваюся з героямі Жуля Верна. Я люблю іх, неспакойных бяссрэбранікаў, іх дапытлівы розум і добрае сэрца. Яны адкрылі новы востраў, і іх радасці мне хопіць на тое, каб, паспаўшы якую-небудзь гадзіну, ускочыць бадзёрым і вясёлым.
V
Дзякуючы Жулю Верну я рана пачаў вандраваць па свеце. Для гэтага не трэба было ні караблёў, ні цягнікоў, ні цягавітых мулаў. Хапала адной фантазіі. Пасля кожнай кнігі Жуля Верна я крочыў па тых самых сцежках, што і яго героі. Гэта было лёгка і ўдавалася ў любы час і ў любым месцы. Звычайная, тысячу разоў бачаная і зведаная вясковая вуліца магла стаць новай і незнаёмай, варта было толькі выключыцца з плыні паўсядзённага жыцця. Родныя бары і бярэзнікі ў залежнасці ад патрэбы маглі ператварыцца ў трапічныя зараснікі ці ў сібірскую тайгу. Невялікая, паўзарослая асакой і аерам рачулка Змейка, якая пятляла па сенажаці за агародамі, рабілася то блакітным Нілам, то імкліваю горнаю ракой.
Гэта было цудоўна — вандраваць па свеце. Знікала ўсё дробязнае, будзённае, душа поўнілася радасцю адкрыцця, самаахвярнасцю подзвігу. У часы такіх вандровак забываліся ўсе крыўды і згрызоты, і я адчуваў сябе найвялікшым уладаром, які раздае людзям толькі радасць і шчасце.
Пазней паявіліся жывыя чараўнікі, якія правялі па свеце з компасам і картай і прымусілі пільна прыгледзецца да таго, што ляжыць пад нагамі.
Геаграфію ў пятым і шостым класах выкладаў Антон Антонавіч Струк, нізенькі, чорны чалавек з глюгматым, як у турка, носам. Яго незвычайнасць праявілася з першага ўрока.
Географ таропка ўвайшоў у клас, шпурнуў на стол туга напакаваны жоўты партфель і, узяўшы рукі ў бокі, арліным позіркам акінуў прыціхлыя рады пяцікласнікаў.
— Кагты,— загадаў ён страшэнна картавым голасам.— Геаграфія — навука дакладная…
Дзяжурныя кінуліся за картамі.
I адразу пачалося нешта падобнае на магію. Антон Антонавіч не паварочваўся тварам да карты. Ён стаяў да яе спіной. Але яго ўказка, нібы разумная жывая істота, надзвычай дакладна апускалася на горныя хрыбты, плыла па рэчышчах ад вытокаў да вусця, адзначаючы ўсе звіліны, парогі і перакаты.
Пазней высветлілася, што Антон Антонавіч усюды быў і ўсё бачыў. Ён ніколі аб гэтым не казаў прама. Але гэта разумелася само сабой.
— Мы ідзём па Сахары,— гаварыў географ.— Вады трэба ўзяць не менш чым на пяць сутак, каб дайсці да бліжэйшага аазіса. На галаве ў нас пробкавыя шлемы, іначай мы не пройдзем і палавіны шляху — загінем ад сонечнага ўдару. Тэмпература — пяцьдзесят шэсць па Цэльсію. Пад нагамі гарачы, нібы прысак, пясок. Пакладзіце туды яйка, і яно праз паўгадзіны спячэцца, не трэба ні агню, ні кіпятку. На сотні кіламетраў вакол нас мёртвая шэрая пустыня. Пясок, пясок і пясок. Заўважце, у ім вельмі многа серы, але яе тут не здабываюць. Расліннасці амаль няма, толькі зрэдку ля падножжа бархана ўбачыш калючыя кусцікі той жа пароды, што і наш каракумскі саксаул. Прабяжыць яшчарка, можна наткнуцца на маленькую змейку, падобную на мядзянку. Яе ўкус смяртэльны.
Мы шукаем у Сахары нафту,— вёў нас далей Антон Антонавіч.— Нафта тут павінна быць. Аб гэтым сведчаць выветраныя рэшткі дэвона, якія трапляюцца на шляху. Некалі тут быў квітнеючы край, былі гарады і людныя паселішчы. А яшчэ раней, мільёны год назад, Сахара была дном акіяна.
Мы ідзём па Сахары за Антонам Антонавічам месяц, два, тры. Скура ў нас стала чорная. Мы загартаваліся і лягчэй пераносім страшэнную спёку. Слабыя і хворыя, вядома, адсталі. Яны вярнуліся назад…
Я бачыў сябе сярод тых, што загартаваліся. Назад я не вярнуўся б нават перад пагрозай смерці. Тыя, што адправіліся ў падарожжа, што адкрываюць невядомае, не павінны думаць аб смерці.
Але былі сярод нас і слабыя…
— Кірыла Бомзель,— выклікаў назаўтра майго суседа Антон Антонавіч.— Пакажы Сахару і раскажы, што ты пра яе ведаеш.
Кірыла ляніва ўставаў з самай задняй парты, за якой ён сядзеў, і медзведзяватай паходкай ішоў праз увесь клас да карты. Карта была нямая, і Кірылава ўказка ў пошуках Сахары блукала недзе па прасторах Ледавітага акіяна. Па класу поўз прыдушаны смех. Нарэшце Кірыла спыняў пошукі, апускаў кудлатую галаву і калупаў указкай насок чаравіка.
— Не можаш знайсці Сахары,— стараючыся быць ветлівым, гаварыў географ.— Ну, тады раскажы, што ты пра яе ведаеш…
— У Сахары горача,— пачынаў Кірыла і, насупліваючыся, змаўкаў. Пра Сахару ён болей нічога не памятаў. Ён стаяў абыякавы, прыціхлы і пазіраў некуды ў акно. Але так лёгка адступіцца ад някемлівага вучня географ не жадаў.
Ён хацеў разбудзіць яго інтарэс.
— Можа, ты ведаеш, што ёсць карыснага ў Сахары? — дапытваўся Антон Антонавіч.
— Там ёсць змеі. Яны вельмі кусучыя,— паведамляў Кірыла і цяпер ужо змаўкаў канчаткова.
Кірыла ў Сахару не збіраўся. Па свеце ён разам з намі не вандраваў. Гэта было ясна.
— Садзіся, вельмі дрэнна,— ужо злосна гаварыў географ.— Гэта твой пяты кол у чвэрці. Здаецца ж, нармальны чалавек: галава, рукі, ногі, як у людзей, а ведаў ніякіх. Завошта цябе бацька корміць хлебам? Што з цябе будзе?..
Кірылава няласка да навукі была дробяззю ў параўнанні з тым радасным, захапляючым, што прыносіў нам кожны ўрок. Свет быў вялікі, агромністы, разнастайны. Ён быў створаны для нас. З падземных глыбінь білі гарачыя ключы, яны маглі паставіць чалавека на ногі, калі ён знямогся ў дарозе. Зямля прыхавала для нас нафту, жалеза, вугаль, золата: гэта трэба толькі знайсці. Зямля шанавала тых, хто шукае, хто служыць ёй. Засмяглая Сахара бралася пракарміць усё чалавецтва, дай ёй толькі вады! Неспакойны вецер гатоў быў круціць усе млыны і рухавікі, толькі іх пабудуй! Упартыя рэкі маглі пацячы, куды хочаш — перасячы іх шлях плацінамі. Усё ў тваёй уладзе, чалавек!..
VI
Урокі геаграфіі былі святам. Але той, хто дае найвялікшую радасць, можа прынесці і самае вялікае гора. Я любіў Антона Антонавіча, для мяне ён быў незвычайным чалавекам. Я ставіў яго вышэй за ўсіх астатніх настаўнікаў, а да ўрокаў геаграфіі рыхтаваўся як да ўрачыстасці. Ні разу не запнуўся я гіры адказе, і, калі б мяне разбудзілі нават ноччу, я пералічыў бы ўсе рэкі, горы, нізіны любога кантынента. I ўсё-такі не я быў першым вучнем па геаграфіі. Не мяне выдзеліў Антон Антонавіч, і не мяне хваліў ён перад усім класам.
Шчасліўцам быў Андрэй Камінскі, скарочана — Рэй або Комін, як звалі яго мы. Нічога асаблівага не знаходзіў я ні ў яго знешнасці, ні ў адказах, ні нават у ведах. Рэй, на першы погляд, выглядаў бесклапотным рагатуном, якому проста шанцавала. Здаралася, што ён збіваўся, калі адказваў, мог пераблытаць назву ракі або гары. Мог нават не вывучыць урока. Але Антон Антонавіч яго хваліў і ўзносіў да неба. За што?
Цяпер, на адлегласці, якая аддзяляе ад тых далёкіх дзён, цяжка ўспомніць усе падрабязнасці. Хутчэй за ўсё географ выдзеліў нашага аднакласніка за яго нейкую нястрымную і ненасытную цікаўнасць. Комін не мог пражыць дня без якога-небудзь захаплення. Цяжка было ўгадаць, што яго зацікавіць заўтра. Ён мог захапіцца якой-небудзь драбязой і дакучаць ёй і нам, і настаўнікам хоць цэлы тыдзень.
Бацька Коміна працаваў цесляром і будаваў новыя дамы то ў нашым пасёлку, то ў суседнім саўгасе, то на торфазаводзе. Па гэтай прычыне і ў Рэя не было сталага жыхарства. Год ці паўтара ён жыў там, дзе працаваў бацька, але школы не мяняў. Адзін час, зімою, Рэй прыходзіў на заняткі з саўгаса за шэсць кіламетраў.
Можа, таму, што Комін болей за нас вандраваў па аколіцах, палях і лясах, у яго скапілася так многа цікаўнасці. Аднойчы ён запытаў у географа, за колькі часу можа нарасці на балоце метр торфу. Антон Антонавіч не здолеў адказаць. Такое з ім здарылася ўпершыню. Ён збянтэжыўся і паабяцаў расказаць пра торф у другі раз.
Антон Антонавіч споўніў абяцанне праз дзень. Тады Рэй устаў з-за парты і голасна заявіў, што балоту, якое называлася Багінскі Мох, дзесяць тысяч гадоў. Торфам з Багінскага Моху, дзе яго капалі на паліва, карысталіся ўсе, але ніхто не ведаў, што ён такі старажытны.
А ў хуткім часе Рэй прынёс у клас пачарнелае, цвёрдае як камень сцябло нейкай расліны. Ён здабыў яго з чатырохметровай балотнай глыбіні і выхваляўся, што яго знаходцы пяць тысяч гадоў.
З Рэем звязана старонка жыцця, пачатак якой не хацелася б успамінаць. Чамусьці, нягледзячы на тое, што Антон Антонавіч хваліў яго болей за ўсіх, у класе хлопца любілі не вельмі. Можа, у гэтым таілася самая звычайная зайздрасць, якой здольны паддавацца адразу многія, а можа, была якая-небудзь іншая прычына. Ва ўсякім разе,сам Рэй не крыўдзіў нікога. Ён любіў парагатаць, мог каго-небудзь злёгку падкалоць, але такія грахі меў за сабой кожны з нас.
Я не любіў Рэя таксама. Мяне ставілі ў прыклад многія настаўнікі, а той, перад кім я найбольш схіляўся і чыёй пахвалы гэтак прагнуў — Антон Антонавіч,— абраў сваім героем зусім другога. Хвілінамі мяне апаноўвала злосць на географа. Чаму ён не бачыць, што ў гэтага Рэя сем пятніц на тыдні, што ён — ветрагон і баламут, які заўтра ж забудзе геаграфію, калі стрэне што-небудзь цікавейшае.
Больш, чым каго з настаўнікаў, я любіў Антона Антонавіча, і больш, чым хто, прымушаў ён мяне пакутаваць…
Рэй не ўваходзіў у нашу спулку, якая абменьвалася рэдкімі кнігамі, і, вядома, не праглынуў столькі томікаў Жуля Верна, колькі мы. Але аднойчы мы дачуліся, што менавіта ён з’яўляецца ўладаром аповесці таго ж Жуля Верна пад назвай «З гарматы на Месяц». Мы ведалі, што такая кніга ёсць, але ніхто з нас нават не трымаў яе ў руках. Ад гэтага яшчэ больш распалілася жаданне завалодаць кнігай. Яна ўяўлялася самай цікавай з тых, што мы прачыталі. З гарматы на Месяц! Хіба ж у такой аповесці магла ісці гутарка пра звычайныя рэчы?
Рэй рашуча адмовіўся даць кнігу. Ён не ішоў ні на якія ўступкі, не хацеў абмену, не верыў у самыя шчырыя клятвы. Комін ведаў, з кім мае справу. I ён не памыляўся. У тым, што датычыла кніг, спулка не прызнавала ніякіх правіл сумлення. Абы завалодаць кнігай, а там трава не расці!.. Самыя цікавыя кнігі былі ў нас, і мы іх з рук не выпускалі…
Верхаводзілі ў спулцы сямікласнікі. Тыя ж, хто вучыўся ў шостым класе, былі на правах бедных родзічаў. Ім кніга давалася на адну ноч, а здаралася, што іх зусім абыходзілі. Мы, шасцікласнікі, вылазілі са скуры, каб выслужыцца.
Выкрасці ў Рэя Жуля Верна даручылі мне…
Першы план праваліўся. Перахапіць кнігу ў каго-небудзь з тых, каму Рэй яе даваў чытаць, не ўдалося. Комін адчуў, што за яго Жулем Вернам палююць, і трымаў кнігу дома.
Тады прыйшлося прасіць дапамогі Кірылы. Яму было напляваць на Жуля Верна, але ён згадзіўся здружыцца з Рэем, каб здабыць кнігу. Але і з гэтага нічога не выйшла. Кірыла швэндаўся на торфазавод, дзе жыў Комін, стараўся да яго паддобрыцца, нават удзельнічаў у нейкіх раскопках, але Рэй яму не верыў.
Усё ж Кірыла саслужыў нам сваю службу. Ён выведаў, што малодшы Рэеў брат Іван вельмі цікавіцца агнястрэльнай зброяй. Ён вучыўся ў другім класе, але ў яго вучобе якраз быў часовы перапынак. Іван знайшоў дынамітны патрон, якім узрывалі пні, і паспрабаваў ім вывернуць дуб. Дуба ён не паваліў, але сваё правае вока страціў назаўсёды, бо не ўмеў як след карыстацца дынамітам. Па гэтай прычыне Іван і не хадзіў у школу, яго вока яшчэ не зажыло.
Было ясна, што з такім хлопцам, як Іван, кашу зварыць можна. Нягледзячы на сваю няўдачу з дынамітам, Іван не страціў ваяўнічасці і страшэнна любіў страляць. За порах ён мог зрабіць усё, што хочаш.
Нядзельным майскім ранкам мы з Кірылам падышлі да Рэевага двара. Самога Коміна дома не было: гэта мы ведалі дакладна. Аднавокі Іван сядзеў на верхняй перакладзіне варот і боўтаў нагамі. Якой-небудзь разумнай прычыны сядзець у такі ранні час на варотах, вядома, не было, але ж не ўсё тое, што робіцца на свеце людзьмі, можна назваць разумным.
Мы прынеслі Івану васьмушку пораху, і, убачыўшы яго, ён аж задрыжаў ад узбуджэння. Без ніякіх ваганняў ён вынес нам кнігу Жуля Верна.
Рэю быў нанесен удар у самае сэрца…
VII
Але менавіта ўкрадзены Жуль Верн зблізіў мяне з Рэем.
Назаўтра я прыйшоў у клас з выглядам пераможцы. Мне вельмі хацелася паглядзець, як будзе трымаць сябе Рэй, будзе ён прасіцца, плакаць ці помсціць. Я гарэў нецярпеннем хутчэй сутыкнуцца са сваім праціўнікам і, вядома, убачыць яго прыніжаным і разбітым…
Рэй не даў поваду для радасці. Ён нікому не сказаў пра кнігу, і толькі па яго пахмурнаму твару можна было здагадацца, што ён усё ведае. Яго спецыяльна зачэплівалі, падкалвалі, але ён маўчаў, як быццам не было ні кнігі, ні палявання за ёй, ні гандлю з ахвочым да пораху яго братам Іванам. Пра такі канец ніхто з нас не думаў.
Так цягнулася тыдзень, другі, трэці. З усімі тымі, хто памагаў выкрадаць Жуля Верна, ён размаўляў, як і раней, і ў яго голасе не чулася ні пагрозы, ні злосці. Гэтая высакароднасць з боку Рэя неяк абяззбройвала.
Усё вырашылася пасля памятнага выпадку. Даведзеныя да шаленства маўчаннем Рэя, мы самі перайшлі ў адкрытае наступленне. Здаўшы апошні экзамен за шосты клас — геаграфію,— мы акружылі свайго праціўніка і на яго вачах пачалі лістаць украдзенага Жуля Верна. Рэй трымаўся мужна. Ён па-ранейшаму маўчаў. Толькі ледзь-ледзь задрыжала яго верхняя губа, і ён адвярнуўся, каб не паказаць сваіх слёз.
Гэтага не вытрымала спулка. Мы моўчкі аддалі Рэю Жуля Верна і, прыгнечаныя, пайшлі прэч…
А потым я цэлае лета хадзіў на торфазавод купацца. Там было безліч глыбокіх кар’ераў, запоўненых бурай, нібы ячменная кава, вадой. Пасля такога купання прыходзілася нанава абмывацца ў рачулцы Змейцы. Хадзіў я на торфазавод, вядома, не дзеля купання. Там жыў Рэй. З ім нарэшце мы сышліся.
Каб заваяваць давер Рэя, я першыя дні, пакуль яго не сустрэў, насіў пад пахай Жуля Верна. Гэта была ўжо мая кніжка, у ёй расказвалася пра падарожжа вакол зямлі за восемдзесят дзён, і я разлічваў, што Комін яе не чытаў. Спаткаўшы Рэя, я першы, без ніякіх умоў, даў яму кнігу…
I праляцела тое лета залатым карагодам незабыўных уражанняў. Рэй быў цудоўны хлопец з адкрытай і шчырай душой. Сваімі захапленнямі і радасцямі ён дзяліўся з кожным, хто ішоў да яго без каменя за пазухай. Нацэленыя Жулем Вернам вандраваць па ўсім свеце, адкрываць неадкрытае, мы пакуль што ажыццяўлялі адысею па блізкіх ваколіцах. Прырода не пакрыўдзіла родныя мясціны. Па лесе валяліся вялізныя валуны, аброслыя сівым мохам. Ляднік прынёс іх сюды, зрэзаўшы з гор Скандынавіі. Вёрст за восем ад мястэчка, ля невялікага чыгуначнага раз’езда, здабывалі вапну. А побач, у лагчынцы, атуленай вербалозам і ракітнікам, біла з зямлі крыніца. Вада яе была незвычайная, з рэзкім і непрыемным пахам. Ад яе выгарала трава навокал. Але па ваду прыязджалі з навакольных сёл і бралі яе бочкамі тыя, хто хварэў на раматус і на іншыя невядомыя нам хваробы.
На балоце ржавая вада сям-там зацягвалася вясёлкавымі кругамі. Аднекуль сюды прасочвалася нафта. Родная зямля таіла ў сваіх нетрах безліч скарбаў…
Але тым памятным летам нас найбольш узрушылі птушкі. Знаёмы даўганогі бусел, сіваграк, ластаўка былі не толькі нашымі, але і афрыканскімі. Баючыся холаду, яны на зіму ляцелі да берагоў Ніла.
Рэй выказаў здагадку, што ўсе гэтыя птушкі нашы. Бо калі б было інакш, то навошта б яны прыляталі вясной? У Афрыцы ж цэлы год лета, і птушкам няма ніякай разумнай патрэбы марна траціць сілы на пералёт. Проста іх вабіць родная зямля, дзе некалі таксама круглы год было горача, як у Афрыцы.
Думку, якую выказаў чатырнаццацігадовы. Рэй, я ні разу не сустрэў пасля ў кнігах. А яна і сёння здаецца мне справядлівай…
Незабыўны ўспамін тых далёкіх дзён — начлег у лесе. Па грыбы ў чужы незнаёмы бор мы адважыліся ісці ўтрох: Рэй, я і Кірыла. Дзень быў пахмурны, дажджлівы, сонца з самай раніцы схавалася за важкімі шэрымі воблакамі. Мы, вядома, маглі вярнуцца. Але заблудзіцца нам з Рэем, мабыць, проста хацелася. Бо навошта ж тады мы ўзялі з сабой запалкі, хлеба і сала на добрыя два дні? Мы прамоклі да ніткі і, вядома, заблудзіліся. I вось ноч у лесе, вялікі касцёр з яловых лапак і голля, завостраныя шпотыкі, на якіх мы пражым сала… Над намі кашлатая яловая навісь, а ў прагалах між вяршалін — знаёмыя зоркі — чарпак Вялікай Мядзведзіцы, Палярная, сузор’е Арыёна, бясконцы Млечны Шлях…
Ноччу распагодзілася. Арыентуючыся па зорках, мы маглі б знайсці патрэбны кірунак на поўнач і поўдзень, каб выйсці на шлях. Але не хацелася. Мабыць, упершыню ў жыцці мы ў збытку пілі перамешаную са страхам слодыч вялікага пачуцця самастойнасці. Вакол шумеў чужы, таямнічы лес, кігікала нейкая птушка, нешта ў кустах трашчала, а мы сядзелі вакол кастра і смажылі сала…
У поўнач Кірыла не вытрымаў і заплакаў. Ён быў удвая дужэйшы за кожнага з нас, але румзаў, не саромеючыся сваіх слёз. Мы з Рэем яго суцяшалі…
Той год нашага сумеснага навучання ў сёмым класе быў апошні. Дзесяцігодкі ў мястэчку яшчэ не было, і наступным летам усе разляцеліся, хто куды…
VIII
Расказанае — кавалачак дзяцінства далёкіх трыццатых гадоў.
Сёння мне столькі, колькі было майму бацьку, калі я захапляўся Жулем Вернам. I ў мяне ёсць дзеці. Старэйшаму сыну дванаццаць, малодшаму — сем. Старэйшы ўступіў у тую паласу жыцця, калі патрэбны незвычайныя прыгоды, вандроўкі і, вядома, Жуль Верн. Малодшы глытае казкі. I яны, наіўныя, думаюць, што ім першым адкрываецца вялікая неразгаданасць свету.
Я закончыў той самы геаграфічны факультэт, на якім гадоў на дванаццаць раней вучыўся Антон Антонавіч. Ведаю цяпер дасканала, што занадта вандраваць яму не прыйшлося. Як і ўсе студэнты, з’ездзіў ён на Урал, Каўказ, і ўсё. Але Жуль Верн таксама многа не ездзіў. I быў вялікім падарожнікам…
Кірыла, дужы мой сусед, працуе настаўнікам, як і я. Шляхі нашы разышліся даўно, і, зрэшты, я мала аб ім ведаю.
У нашым мястэчку цяпер дзесяцігодка. Паблізу здабываюць вапну, і ёсць меркаванне, што ў хуткім часе ля серавадароднай крыніцы пабудуюць лячэбніцу. Але не вапнай і не лячэбніцай славута сёння мястэчка. Славу яму зарабляе Андрэй Камінскі. Ён адзін з тых, хто будаваў і запускаў спадарожнікі Зямлі. Пра гэта ўжо напісана ў газетах…
I нешта новае адбываецца ў нас, чаго, мабыць, не было за ўсю гісторыю. Саўгас, торфазавод і мястэчка спрачаюцца за Андрэя. Прадстаўнікі кожнага з паселішчаў даказваюць адзін аднаму, што Андрэй Камінскі нарадзіўся іменна ў іх. Спрэчкі часта ўзнікаюць і ў школе, куды ходзяць дзеці з усіх гэтых месц. Калі дзеці звяртаюцца да мяне, як да суддзі, я заўсёды кажу, што Андрэй — местачковец. У саўгасе і на торфазаводзе ён жыў часова. У вачах местачкоўцаў ззяе радасць, саўгасаўцы і торфазаводцы маркоцяцца. I ўсім ім разам хочацца сказаць:
— Ідзі, чалавек!
Адказы на пытанні:
2. Аўтар-апавядальнік, быў дзяцінстве хваравітым, вельмі баяўся холаду. Ён старанна вучыўся, вельмі любіў чытаць. Кнігі для яго былі лепшымі сябрамі. Хлопчык любоў прыроду, цягнуўя да нязведанага. Адзіным захапленнем хлопчыка былі кнігі. Кнігі давалі яму магчымасць убачыць новыя краіны, адкрыць нязведаны свет.
«За адну ноч можна пражыць некалькі жыццяў. I яны западуць у сэрца водгуллем сваіх радасцей і гора, сваіх узлётаў і падзенняў».
Хлопчыку вельмі падабаліся кнігі пра падарожжы, у якіх герояў «вядзе ў нябачаны свет нейкая нястрымная прага да новага, нязведанага, неапісанага». Такімі былі кнігі французскага пісьменніка Жуля Верна.
Хлопчыку падабалася геаграфія, яна была працягам падарожжаў, пачатых з кніг Жуля Верна.
Характарыстыка Кірыла:
Суседскі Кірыла адрозніваўся моцным здароўем. Для яго вуліца была месцам, дзе ён бавіў увесь вольны час. Аўтар расказвае нам, што Кірыла «праганяў смагу кавалкам лёду», «грыз лёд як цукар», мог нават босым гадзіну гуляць па лёдзе і з ім нічога не здаралася. Вучоба хлопца асабліва не цікавіла. «На навуку Кірыла налягаў не вельмі і ўрокі вучыў збольшага. Таму ў яго заўсёды было многа вольнага часу, якім ён распараджаўся як хацеў». Кірыла лічыў слабейшых за сябе непаўнацэннымі і насміхаўся з іх.
Характарыстыка Андрэя Камінскага:
У школе яго клікалі скарочана Рэй, або Комін, як звалі яго дзеці. На першы погляд гэты хлопчык нічым не адрозніваўся ад іншых.
«Нічога асаблівага не знаходзіў я ні ў яго знешнасці, ні ў адказах, ні нават у ведах. Рэй, на першы погляд, выглядаў бесклапотным рагатуном, якому проста шанцавала».
Вылучала хлопца ад іншых «нястрымная і ненасытная цікаўнасць». Кожны дзень хлопец рабіў якія-небудзь уласныя адкрыцці і знаёміў з імі аднакласнікаў. Яго не вельмі любілі аднакласнікі, хутчэй за ўсё гэта была звычайная дзіцячая зайздрасць, бо Рэй быў самастойны і незалежны.
Андрэй «цудоўны хлопец з адкрытай і шчырай душой. Сваімі захапленнямі і радасцямі ён дзяліўся з кожным, хто ішоў да яго без камення за пазухай».
Характарыстыка настаўніка геаграфіі Антона Антонавіча Струка:
Ён добра ведаў свой прадмет і ўмеў захапіць вучняў звесткамі пра розныя краіны. У дзяцей лічыў лепшай якасцю нестандартны падыход да навучання, захопленасць вучобай.
3. Аповед у творы вядзецца ад імя аднаго з галоўных герояў апавядання, аўтара-апавядальніка.
4. Іван Навуменка назваў сваё апавяданне «Жуль Верн», каб паказаць, што кожны ў дзяцінстве марыць пра прыгоды, падарожжы, чытае прыгодніцкія і фантастычныя кнігі. Кнігі выхоўваюць сваіх чытачоў, аказваюць на іх уплыў, дапамагаюць у дарослым жыцці абраць прафесію. Так і Жуль Верн дапамог хлопцам у сяброўстве, зацікавіў адкрыццямі.
5. Выразы «дзякуючы Жулю Верну», «украдзены Жуль Верн», «захапляўся Жулем Вернам» ужываюцца ў пераносным значэнні, такі прыём называецца метанімія (ад грэч. – перайменаванне) – мастацкі троп, замена аднаго слова ці выразу іншым на аснове знешняй ці ўнутранай сувязі паміж з’явамі, якія яны абазначаюць.
6. Аўтар-апавядальнік стаў настаўнікам геаграфіі, каб, як і яго настаўнік, перадаць будучым пакалення прагу ведаў, таямнічага і нязведанага.
Таленавіты Андрэй Камінскі стаў будаваць і запускаць спадарожнікі Зямлі і такім чынам праявіў сваю прагу да разгадак таямніц сусвету.
7. План апавядання апавядання Івана Навуменкі «Жуль Верн»
1. Прага таямнічага;
2. Супрацьлегласці;
3. Дзедава знічка;
4. Сусвет Жуля Верна;
5. Вандроўкі разам з географам;
6. Шчаслівец Андрэй Камінскі;
7. Украдзены Жуль Верн і новае сяброўства;
8. Лёс герояў.
1. Пра фантазію і таямнічасць;
2. Кірыла і я;
3. У пошуках дзедавай знічкі;
4. Кніга – лепшы сябра;
5. Сусвет настаўніка геаграфіі;
6. Андрэй Камінскі – непадобны на іншых;
7. Нечаканае сяброўства;
8. Лёсы дружбакоў.
8. Кнігі выхоўваюць сваіх чытачоў, аказваюць на іх уплыў, дапамагаюць у дарослым жыцці абраць прафесію.