Іван Шамякін — Алёша-разведчык

Іван Шамякін

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Я служыў у арміі далёка на Поўначы. Калі пачалася вайна, наша зенітная батарэя стаяла недалёка ад Мурманска на абароне ваеннага аэрадрома.
 Удзень ішоў дождж, і фашысцкія самалёты не прыляцелі. Яны з’явіліся ўначы. Але ў чэрвені няма ў Запаляр’і ночы, доўга цягнецца палярны дзень, два месяцы не заходзіць сонца, і толькі ў снежні-студзені наступае палярная ноч.
 Прыляцела армада фашысцкіх самалётаў: «юнкерсы», «хенкелі», «месершміты». Бязлітасна бамбілі аэрадром, збівалі нашы самалёты, якія ўздымаліся ў паветра, бамбілі і абстрэльвалі з кулямётаў батарэю. Расстралялі людзей, якія будавалі аэрадром… О, гэта асабліва ўразіла і дало зразумець, што такое фашызм! Калі самалёты адляцелі, мы ўбачылі, як у шырокую раку Тулому, на беразе якой стаяла батарэя, з другога берага кідаюцца спалоханыя алені і тонуць. Пасля даведаліся, што фашысцкія нелюдзі расстралялі вялікі статак саўгасных аленяў, можа, галоў пяцьсот. Таму і кідаліся няшчасныя алені ў раку. Але пераплыў толькі адзін. Да нас. На батарэю. Чырвонаармейцы, камандзіры прынялі яго, як роднага чалавека. Абсушылі, накармілі хлебам. Адчуўшы людскую ласку і абарону, алень нікуды з батарэі не адыходзіў
 Пасвіўся паміж гармат. Дрыжэў і ціснуўся да людзей, калі прыляталі фашысцкія самалёты, бамбілі і стралялі.
 Мы далі аленю ласкавае імя – Алёша.
 Ён жыў у нас амаль паўтара года. І як мы яго любілі! І не толькі таму, што Алёша быў ласкавы, добры, паслухмяны, здавалася, усё разумеў, што яму казалі. Алёша стаў незаменным памочнікам, разведчыкам нашым. А хто такі разведчык на зенітнай батарэі? Гэта баец, які нязменна дзяжурыць на камандным пункце і пільна ўзіраецца праз бінокль у неба. Фашысцкія самалёты прыляталі не толькі з захаду – з Нарвегіі, але заходзілі і з усходу. У разведчыкі падбіралі байцоў з добрымі вачыма і тонкім слыхам. Калі неба зацягнута хмарамі ці калі наступала ноч, разведчык павінен быў пачуць далёкі шум матораў. Лепшым лічыўся той разведчык, які ўмеў пазнаваць варожыя самалёты не толькі па іх сілуэтах, але і па шуму іх матораў.
 Алёша ледзьве не з першага дня жыцця на батарэі, калі абвяшчалася баявая трывога крыкам разведчыка ці звонам у гільзу, ляцеў да каманднага пункта, станавіўся побач з камандзірам батарэі, дрыжэў, навастрыўшы вушы, слухаў. Спачатку, калі стралялі нашы гарматы, чамусьці падаў на пярэднія ногі і прыціскаўся пысай да зямлі. Але хутка перастаў рабіць так. А пасля… пасля адбыўся цуд, які вельмі здзівіў нас. Маўчыць разведчык, нічога не бачыць, нічога не чуе. А Алёша, які пасвіўся за пазіцыяй, далёка ён ад батарэі не адыходзіў, раптам бяжыць да каманднага пункта, напружваецца, услухоўваецца. Праходзіць хвіліна-дзве, і разведчык, пачуўшы шум, абвяшчае трывогу. Алёша пачуў гэты шум значна раней. І так паўтарылася разоў дзесяць. Не было сумнення: Алёша стаў лепшым разведчыкам.
 Правяраў нас камандзір корпуса, палкоўнік. Абвясціў вучэбную трывогу. Лятаюць нашы самалёты-знішчальнікі. Дальнамершчыкі, прыборшчыкі, гарматныя разлікі трэніруюцца на іх. І раптам да каманднага пункта бяжыць Алёша.
 Разведчык без каманды высокага начальства закрычаў:
 – Баявая трывога!
 Палкоўнік здзівіўся і нават узлаваўся:
 – Што такое? Нідзе ж не відаць, не чуваць варожых самалётаў.
 – Наш Алёшка не памыляецца, – адказаў камандзір батарэі.
 – Алень?! – здзівіўся і не паверыў палкоўнік. – Ну, вы тут хутка навучыце аленяў страляць.
 Але прайшло хвіліны дзве, і ўсе пачулі далёкі шум «юнкерсаў». Вельмі здзівіліся палкоўнік і афіцэры штаба. Да нас прыязджалі карэспандэнты, пра Алёшу напісалі ў газетах.
 Але вайна забірала лепшых. Забрала і нашага Алёшу.
 Калі стаяла другая ваенная зіма і ляжаў глыбокі снег, Алёша ў прыцемках палярнага дня пачуў шум «юнкерсаў», ляцеў да каманднага пункта, патрапіў нагой у расколіну скалы і зламаў нагу. Яго мусілі прыстрэліць. Якімі сумнымі вачамі ён глядзеў на нас! Дагэтуль помню іх.
 Плакалі ўсе байцы, асабліва дзяўчаты, якіх у той суровы час прызвалі ў войска. І ніхто не стаў есці мяса аленя – сябра нашага, хоць кармілі нас пераважна салёнай траской. Мусіў старшына памяняць мяса ў суседзяў-лётчыкаў на тую ж абрыдлую траску.

Сказать спасибо
( 10 оценок, среднее 4.5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений