Іван Шамякін — Кнігі

Іван Шамякін

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Была ў Пыхані ў мяне асаблівая радасць – кнігі. Але як я дабраўся да іх? Сям’ю нашу пасялілі ў новым доме з двума ганкамі. У адной палавіне жылі мы. Другая была накшталт клуба, там збіралі аб’ездчыкаў, леснікоў, пажарнікаў, рабочых, якія прачышчалі лес, вывозілі бярвенне і дровы на станцыю.
 Але ўсе яны збіраліся не часта, а пастаянна, удзень і ўвечары, у зальчыку тым сядзеў старшыня рабочага камітэта Цімох Цыкуноў, хлопец, як казалі, з галавой, адукаваны, але інвалід – моцна кульгаў, як бацька мой, паранены парубшчыкамі.
 Праз сцяну чуваць было, як ён рабіў даклады – адукоўваў малапісьменных леснікоў і рабочых. Часам там гучэў смех. Бацька яго, ляснік, жыў тут жа пры лясніцтве, з сястрой Цімоха я хадзіў у школу. Але якое магло быць у нас сяброўства, калі яна вунь дзе – у сёмым класе. Сямікласнікі з Пыхані, з Караліна ў школу і са школы ішлі асобна, не штурхаючыся з намі, малечай, не гуляючы ў снежкі. Я ім зайздросціў – калі сам стану такім? – але не любіў: задавакі!
 Як бы адчуваючы сваю віну, я баяўся Цімоха. Не, баяўся не за сястру яго – па іншай прычыне. Мяне што магнітам цягнула ў палавіну дома за сцяной, дзе размяшчаўся загадкавы рабачкам і якую называлі «клубам лясніцтва».
 Аднойчы, калі там сабраўся мнагалюдны сход, я за спінамі дарослых праціснуўся туды. Цімох угледзеў мяне, здзівіўся:
 – А ты чаго тут?
 – А ён – за бацьку, – пажартаваў ці сказаў сур’ёзна стары Цыкуноў: бацьку майго, крамніка, на сходы такія не запрашалі.
 Не выгналі мяне: «Сядзі».
 Пасля даклада ляснічага Войтава аб новых нормах выпрацоўкі выступіў Цімох, як я зразумеў, з дакладам аб міжнародным становішчы. Але перад выступленнем сваім адчыніў вялікую шафу, каб узяць паперы і газеты. І ў мяне, далібог жа, «разбегліся вочы», як казала маці, і закружылася галава: у шафе – паўнютка кніг, і не абы-якіх – некаторыя з залатымі карашкамі; я ведаў гэтыя кнігі – давала мне Валянціна Андрэеўна такія томікі – Пушкіна, Тургенева…
 І не мог я ў тую ноч доўга заснуць: стаялі перад вачамі кнігі. Як блізка яны – за сцяной! Але як дабрацца да іх? Дзіўна, але я сасніў – як. У першыя ж дні жыцця ў гэтым доме я выявіў, што ў тую другую палавіну – у клуб – ёсць шчыліна, толькі высока – паміж столлю і грубкай, якая пярэдняй палавінай, дзе была топка, грэла нашу хату, а задняй, глухой, ацяпляла клуб.
 На сходзе я выявіў, што казачная шафа стаіць побач з сіняй сцяной грубкі. І я сасніў, як лезу туды. Лазіць я ўмеў: мала было ў абходзе дрэў, на якія я не ўзбіраўся! Штаны ў пэўным месцы «гарэлі», здзіўляючы і засмучаючы маці.
 І вось я выбраў дзень, калі можна залезці. Цімох знаходзіўся на нейкай вучобе. Бацька паехаў у ОРС. Маці намачыла бялізну, пайшла на рэчку. Павел пайшоў у школу. Я не пайшоў – прыкінуўся, што баліць горла.
 Галю адаслаў да суседзяў гуляць. Двухгадовая Таня нічога яшчэ не разумела.
 Падсунуў да грубкі стол, на стол – табурэтку… І шмыгнуў, што вавёрка. З грубкі – на шафу, з шафы – на лаўку.
 Але во бяда – шафа была зачынена. На маё шчасце, на акне ляжалі цвікі, з іх дапамогай я адчыніў няхітры замочак. Але – во дурань! – не падумаў: у што ж забяру кніжкі? А забраць хацелася больш, часта ж не палезеш, з’явіцца Цімох – зловіць злодзея. Трэба было захапіць торбу, у якую клаў і кнігі, і хлеб, калі пасвіў каровы.
 Натаптаў кнігі за пазуху, але, раздзьмуты, як цельная карова, ледзьве ўзлез на шафу, на грубку, саскочыў з грубкі.
 Апынуўшыся дома, у бяспецы, раптам адчуў сябе злодзеем. Ведаў, што кнігі палажу назад. І аднак… Якое гэта пакутлівае, пачварнае пачуццё – адчуваць сябе злодзеем! Хацелася бязлітасна пакараць сябе! І зараз жа пакласці кнігі назад. Але час… хутка вернецца маці. Схаваў кнігі ў каморцы ў мяшок з жытам. Адну – за пазуху. І як толькі прыйшла маці, вырваўся з дому – на горла забыўся, хоць маці дзіўна пагразіла:
 – Глядзі ж, расхварэешся – не прыходзь дадому!
 Але мелася ў мяне месца, дзе я хаваўся ад хатняй працы, ад бацькавай крамы і чытаў, – сушылка, дзе сушылі шышкі, каб з іх высыпаліся зерні. Сушыльшчыкам рабіў стары дзед, цёзка мой – Іван Дзегцяроў. Чалавек неадукаваны – ні чытаць, ні пісаць, але майстра на ўсе рукі. І ён любіў мяне. Я чытаў яму кнігі ўголас. Слухач ён быў незвычайны. Нярэдка з вачэй яго каціліся слёзы, калі ён слухаў штось накшталт «Дуброўскага». І ён не саромеўся іх, слёз сваіх. Смутна ўздыхаў:
 – Не даў мне Бог граматы, усе кнігі перачытаў бы, – не ведаў дзядуля, колькі іх напісана, кніг; я ўжо, бадай, уяўляў, але не расчароўваў старога.
 Казачныя гадзіны, што правёў я ў сушылцы, на ўсё жыццё запомніліся. Цішыня ў люты мароз незвычайная. Гудзе ў топцы агонь, трашчаць бярозавыя і асінавыя паленні. А паветра – ажно густое ад смалістага паху шышак. Жыццятворнае паветра. І мы, два Іваны, стары і малы, сядзім каля замерзлага акенца і жывём незвычайным жыццём – на бязлюдным востраве разам з Рабінзонам і Пятніцам ці абодва плачам над няшчасным лёсам Герасіма з «Муму», і яго шкада, і шчанё.
 Не помню, колькі разоў удалося злазіць мне ў тую запаветную шафу. Няшмат. Можа, разы тры. Але кніг прачытаў многа.
 І вось надышоў канец майму «злачынству». Не горкі – шчаслівы.
 Выбраў неяк хвіліну пад вечар, калі бацькоў не было, а Павел злавіў мяне раней і я мусіў зрабіць яго хаўруснікам: хлопец ён быў верны, вартаўнік надзейны. Залез я знаёмым ходам, выбіраю кнігі пры святле вячэрняга сонца. І раптам – крокі на ганку. Галасы. О, жах! Цімох! І не адзін. Што рабіць? Куды схавацца? Злоўлены злодзей зашываецца ў любую шчыліну. Я не прыдумаў нічога лепшага, як залезці ў шафу, на ніжнюю паліцу, на падшыўкі газет.
 Цімох прыйшоў з сябрам. Распрануліся і селі… гуляць у шахматы. А хто не ведае, якая гэта марудная гульня. Во ўліп, дык уліп!
 Але нягледзячы на страх, ад недахопу паветра я заснуў і, відаць, захрапеў. Прачнуўся-ачухаўся толькі тады, калі мяне, як шчанюка з кануры, выцягнулі з шафы. Здзівіліся хлопцы вельмі, але зарагаталі:
 – Во з’яўленне Хрыста народу!
 Я хлюпнуў носам:
 – Дзядзечка Цімох, я кніжкі ў вас браў. Але, далібог, я іх ставіў назад.
 – Ды як ты лазіў сюды?
 Я паказаў угару:
 – Праз грубку.
 – Ну, цыркач! Праз дзверы не мог зайсці?
 – Думаў, дзецям вы не дасце кніг.
 – Дзівак! Насмяшыў ты нас. Выбірай кнігі – якія хочаш. І выходзь праз дзверы. І заходзь у дзверы.
 Во шчасце! Не думаў, што людзі такія добрыя. За нейкія чатыры месяцы жыцця ў Пыхані я прачытаў шафу кніг. Цэлую шафу. Хіба не шчасце?!

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений