«Канец дружбы» — адзін з самых загадкавых твораў Кандрата Крапівы. Яму, як нікому іншаму, пашанцавала на самыя розныя, часам узаемавыключальныя, трактоўкі і ацэнкі. Асноўныя ж разыходжанні адбываліся пры вызначэнні ступені віны Карнейчыка і Лютынскага за пагібель дружбы. У гарачцы спрэчак многія даследчыкі не заўважалі, што п’еса ўсё ж не пра канец дружбы, што гісторыя ідэйнага разрыву двух сяброў — толькі сэнсавае ядро твора, а звышзадача аўтарскай задумы — паказаць трагічныя перыпетыі сацыяльна-палітычнага жыцця Беларусі пачатку 30-х гадоў. У пэўным сэнсе «Канец дружбы» можна разглядаць як другую частку рамана «Мядзведзічы». Тэма дружбы паслужыла прызмай, павелічальным шклом, праз якое ён больш ярка і пераканаўча паказаў праявы тагачаснай рэчаіснасці.
Сапраўды, дружба ў чалавечым асяроддзі ва ўсе часы лічылася пачуццём высакародным, з’явай пачэснай, а здрада ёй заўсёды расцэньвалася адназначна негатыўна. Калі ж дружба замацоўваецца кроўю, як гэта было ў выпадку з героямі драмы, яна набывае адзнакі святасці. Выратаваны ад немінучай смерці Лютынскім, Карнейчык зусім шчыра клянецца ахвяраваць сваё жыццё сябру, калі таму будзе пафажаць сур’ёзная небяспека. Каб парушыць такую клятву, патрэбны надзвычайныя прычыны. I Кандрат Крапіва адшукаў іх. Не дзеля апраўдання героя — дзеля разумення. Яму, сучасніку тых падзей, добра ўбачылася, што між сябрамі паўстала мярзотная фігура пад назвай Страх. У час грамадзянскай вайны мужны Карнейчык, які не раз глядзеў смерці ў вочы, пачуваў сябе больш упэўнена і бяспечна: калі ведаеш, адкуль, ад каго можаш атрымаць кулю, маеш магчымасць неяк засцерагчыся ад яе. У вайны была хай сабе і жорсткая, але пэўная логіка і «правілы гульні». Такой логікай абумоўлівалася «тэхналогія» размеркавання на «сваіх» і «чужых» унутры грамадства перамогшага сацыялізма, чым тлумачылася паспешлівасць, з якой аб’яўляліся ворагамі народа нядаўна яшчэ ўпаўне рэспектабельныя людзі. На многія жыццёвыя пытанні Карнейчыку, чалавеку не вельмі высокай адукацыі, адказаць было нялёгка. Затое ён бачыў, як дзяржаўная машына бязлітасна пераломвала, перамолвала нязгодных з яе палітыкай. I асабліва жорстка — на сяле, дзе людзі ад пераследу і страху страчвалі чалавечае аблічча. Лютынскі аказаўся сярод нязгодных. Намеснік наркома земляробства, ён лепш за многіх бачыў перагібы ў працэсе калектывізацыі, не ўхваляў іх, тым самым асудзіўшы сябе на нялёгкія, магчыма, нават на трагічныя жыццёвыя выпрабаванні. Становішча яго (раскулачванне бацькі, у нядаўнім мінулым рызманнага бедняка, ўсе расцанілі першым званочкам) было настолькі пагрозным, практычна безнадзейным, што Карнейчык, у натуры якога прага выжыць дамінавала над усім, вырашыў адступіцца ад яго, хоць выдатна ўсведамляў усю непрывабнасць уласнай здрады.
Праблема сюжэта, заснаванага на асэнсаванні рэвалюцыйных падзей або героіка-рэвалюцыйных здзяйсненняў, і сапраўды ў беларускай драматургіі стаяла даволі востра. А заключалася яна ў тым, што п’есы гэтай тэматыкі найчасцей набывалі жанравыя адзнакі, далёкія ад драматургічных. Са сцэны гучала дыялагічная проза — і з гэтым можна было яшчэ мірыцца, — але ж дэфектыўнасць формы негатыўна адбівалася на змесце. Схематызм, агульшчына, павярхоўнасць — гэтыя заганныя праявы творчасці можна было пераадолець шляхам рэзкай змены ракурсаў асвятлення, каб у структуры сюжэта цэнтральнае месца заняло волевыяўленне душы героя. Кандрат Крапіва не стаў рэзка ламаць традыцыю: падзейнаму антуражу, канкрэтыцы побыту персанажаў у п’есе «Канец дружбы» аддадзена належная ўвага. Прасвятляецца абумоўленасць псіхалагічных рэакцый герояў, логіка іх паводзін. Аўтару ўдалося напісаць такі твор, які, з аднаго боку, уздымаецца над прыземленым бытавізмам, а з другога — добра даносіць дыханне эпохі, асаблівасці ідэйна-палітычнай атмасферы часу, аб’ектыўныя ўмовы нараджэння новых узаемаадносін паміж людзьмі. Усе гэтыя працэсы Кандрат Крапіва стараўся адлюстраваць праўдзіва, без падладжвання пад ідэалагічную кан’юнктуру, таму «Канец дружбы» застаецца ў беларускай драматургіі яркім мастацкім дакументам, у якім з бязлітаснай шчырасцю прыводзяцца сведчанні аб раскручванні махавіка рэпрэсій 30-х гадоў.