Коратка аб жыцці і творчасці Янкі Сіпакова

Янка Сіпакоў

  Янка Сіпакоў нарадзіўся ў 1936 г. у вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Ён рана застаўся без бацькоў, якія былі закатаваныя ў вайну фашыстамі за сувязь з партызанамі. Пасля працы паштальёнам (паралельна з вучобай у школе) Сіпакоў паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, пасля заканчэння якога спачатку працаваў у рэдакцыі гумарыстычнага часопіса «Вожык», а пазней – у часопісе «Маладосць». Першы ягоны верш быў надрукаваны ў 1953-м, а першы зборнік вершаў «Сонечны дождж» пабачыў свет у 1960 г., за ім выходзяць наступныя паэтычныя зборнікі: «Лірычны вырай» (1965), «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), «Веча славянскіх балад» (1973), за які Сіпакоў быў у 1976 г. узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, «У поўдзень да вады» (1976), «Усміхніся мне» (1984). Зборнік празаічных нарысаў «Па зялёную маланку», надрукаваны ў 1971 г., выявіў магутны публіцыстычны дар Сіпакова, а ў адным з твораў зборніка, «Там, дзе Сібір», аўтар паказвае вялікі энтузіязм у апісанні жыцця і дзейнасці Леніна. У 70-я паэт усё часцей – і вельмі паспяхова – звяртаецца да прозы. Сіпакоў зрабіў шмат выдатных мастацкіх перакладаў, у тым ліку Уолта Уітмена «Лісце травы» (1978) і «Турэмны дзённік» Хо Шы-Міна (1985). Аднак падобна, што менавіта сваёй паэзіяй ён зрабіў найбольш каштоўны ўнёсак у беларускую літаратуру.
 Першы ягоны зборнік вершаў быў, па вялікім рахунку, досыць традыцыйным. Асабісты досвед аўтара перададзены ў ім амаль толькі праз эмоцыі, а не інтэлектуальна, і прысвечаны пераважна тэме ваеннага пакалення. У наступным сваім зборніку, «Лірычны вырай», паэт пашырае тэматычнае кола і звяртаецца да такіх сфераў, як сучаснае жыццё з яго глыбокім задавальненнем ад фізічнай працы, шчасцем творчасці і важнасцю добрай волі ды здаровага сэнсу. Выбітны беларускі пісьменнік Міхась Стральцоў адзначаў, што Сіпакоў «таленавіта адмовіўся ад сябе, ад сваёй здольнасці пісаць вершы – у імя здольнасці мысліць імі». Гэта не азначае, што ягоныя вершы менш лірычныя, папросту эмацыянальны зарад вершаў нягнятаецца паступова, пры дапамозе асацыятыўнай вобразнасці. Вельмі характэрная асаблівасць лепшых вершаў Сіпакова – асэнсаванне інтэлектуальнай рэчаіснасці, якое б уздзейнічала на ўяўленні і эмоцыі чытача. Добрым прыкладам такой паэзіі можа служыць выдатны верш 1965 г. «Зялёнае воблака на рынку».
 Іншым узорам асацыятыўнай вобразнасці з’яўляецца верш «Лірычны ўспамін» (1965), у якім паэт як бы праводзіць сябе і сваіх дзяцей праз дабрабыт, беднасць і вайну. Падобныя творы служаць добрай ілюстрацыяй самабытнасці і значных лінгвістычных здольнасцяў Сіпакова. Тое магутнае ўздзеянне, што ён можа аказаць пра дапамозе сваёй тэхнікі, адначасова інтэлектуальнай і часам антрапаморфнай, ставіць ягоную паэзію ў адзін шэраг з выдатнейшымі творамі 60-х.
 Больш познія зборнікі «Дзень» і «З вясны ў лета» паказваюць рост цікавасці аўтара да гісторыі, а таксама вялікую схільнасць да эксперыментаў у галіне тэхнікі вершаскладання – на мяжы сілаба-тонікі і верлібра, з чаго так кпіў Васіль Зуёнак. Па меркаванню большасці крытыкаў, Сіпакоў дасягнуў сваёй творчай спеласці, напісаўшы «Веча славянскіх балад», у якіх дасягнуў мацнейшай выразнасці верша пры поўнай гармоніі формы і зместу.
 Характар пышнай фантазіі Сіпакова, відаць, прасцей можа быць праілюстраваны канкрэтнымі прыкладамі. У вершы «Пра стол» (1963) стол і тое, што на ім, асацыіруюцца з вобразамі прыроднага свету:

Марозікам пахне капуста,
Жаўруковаю песняй – яблык,
Вераснем – сопкая бульба,
Расой – агурок крамяны,
Селядец – глыбінёй акіяна,
Сонцам – акраец хлеба,
Ветрам і небам – піва…
А стол пахне добрай вячэрай.
Прыходзь да мяне, свет, вячэраць!

 Іншы верш – «Мова» (1963) багаты на цікавыя вобразы, якія перадаюць вялікую любоў да роднай мовы. Гэтая досыць стандартная для тых часоў тэма раскрываецца ў вершы арыгінальным чынам.
 У вершы «Песня» (1975) аўтар выкарыстаў і развіў вобраз, створаны С. Ясеніным: рукі каханай як пара лебедзяў, аднак якраз у 60-я ягоная фантазія працавала больш актыўна, па меншай меры, у плане параўнанняў і метафар. Наступны кароткі вершык можа паслужыць апошнім пацвярджэннем нашай думкі:

Дрэвы восенню – рэнтгенаўскія здымкі:
Як аголена глядзіцца кожны сук!
З вамі, дрэвы, сумаваць я пачынаю,
Калі вас нават птушкі абмінаюць, –
Баяцца вашых голых мокрых рук…

 Янка Сіпакоў, несумненна, зрабіў многае для развіцця беларускай паэзіі, у першую чаргу, для разбурэння звыштрадыцыйных вобразаў і вялікай прыхільнасці да найбольш элементарных паэтычных формаў. Ён сапраўды праявіў сябе як глыбакадумны і адораны багатым уяўленнем творца як у паэзіі, так пазней і ў прозе.
 

Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений