Сафрон Дзядзюля, стоячы на сельсавецкім ганку, заўважыў жанчыну, якая зайшла на могілкі. Постаць і хада яе падаліся Сафрону знаёмымі і нагадалі адну асобу. Гадоў з дзесяць назад ён заляцаўся да Макаркавых Волькі, дачкі бежанца, што з’явіўся ў вёсцы ў гады першай сусветнай вайны. Ісці замуж дзяўчына не збіралася, бо хацела вучыцца. Да таго ж Сафрой ёй зусім не падабаўся. Каб адчапіцца ад назаллівага хлопца, Волька выказала яму ўсё, што пра яго думае. Назвала яго пустым ганарліўцам, які нікога і нічога не паважае, псуе ўсякую рэч, абы толькі да яе дакрануўся. Хоць дзяўчына гаварыла праўду, Дзядзюля пакрыўдзіўся і чакаў моманту адпомсціць.
Калі Волька паехала вучыцца на рабфак, ён напісаў першы ліст. Ён паведамляў у навучальную ўстанову, што Вольчын бацька — кулак. К гэтаму часу Сафрон стаў «вялікім актывістам». Хоць селянін «з ранку да вечара крукам вісеў у сельсавеце», даведку, што ён не кулак, атрымаць не змог. З рабфака Вольку адлічылі, аднак у вёску яна не вярнулася, уладкавалася ў горадзе на працу. У другім лісце (начальніку ўстановы) Дзядзюля характарызаваў Вольчынага бацьку не толькі як кулака, але і як спекулянта. Пасля смерці жонкі той прадаў купленае цяля, а грошы аддаў дачцы. Стары зноў не змог дастаць у сельсавеце патрэбную даведку.
Па тым, што дзяўчыну не знайшла тэлеграма і яна не прыехала на пахаванне бацькі, Сафрон зразумеў, што ў горадзе яе не было. Пра смерць блізкага чалавека Волька праз нейкі час даведалася з ліста суседзяў. У вёску яна больш не прыязджала. Усе гэтыя гады Дзядзюля цешыўся думкай, што адпомсціў за колішняе прыніжэнне.
Назаўтра ён даведаўся, што гэта сапраўды Макаркавых Волька. Яго ахапіла незразумелая трывога. У самым канцы рабочага дня жанчына зайшла ў кабінет і папрасіла адпусціць цвікоў", бо хоча абгарадзіць бацькоўскую магілу. Змяніўшы голас, каб яго нельга было пазнаць, Сафрон у просьбе адмовіў. З размовы ён даведаўся, што Волька скончыла інстытут і працуе доктарам. Гнеў і злосць ахапілі ўсю істоту Дзядзюлі.
Вечарам Сафрон трапіў пад халодны дождж і моцна застудзіўся. Па доктара ехаць было далёка, паклікалі Вольку. У Дзядзюлі пачыналася запаленне. Каб выпісаць лекі, Волька папрасіла паперу. Разгубленая Сафронава жонка выцягнула з шуфляды нейкія лісты. Узяўшы адзін з іх, Волька раптам убачыла сваё імя. Гэта былі чарнавікі пісьмаў, якія, помсцячы ёй, Дзядзюля пасылаў у горад. Доктар выпісала патрэбны рэцэпт, сама паставіла Сафрону банкі, але да яго больш не пайшла. Каб даведацца пра здароўе хворага, пасылала суседку.
Калі Дзядзюлю стала лепш, ён, абклаўшыся падушкамі, пачаў пісаць новы ліст. У ім скардзіўся на няўважлівасць маладога доктара, нагадваў пра яе кулацкае паходжанне. Вось толькі куды яго было пасылаць? Вольчынага адраса ён не ведаў. Аднак выйшаўшы на працу, Сафрон пачуў радасную для сябе навіну: Волька збіралася перавесціся ў родныя мясціны.
У тыя ж дні Волька ў лісце да сяброўкі расказвала пра сустрэчу з Дзядзюлем: «Я дазналася, праз каго я тады гэтулькі перацярпела знявагі і крыўды… Я гэтага чалавека лячыла. Як мне было агідна дакранацца да яго рукамі… Прыйшоўшы дадому, я доўга мыла рукі і думала: зусім можа быць, што ён зноў пачне займацца падобным шальмоўствам».
Аналіз апавядання
Адным з лепшых апавяданняў Кузьмы Чорнага 30-х гг. з’яўляецца “Макаркавых Волька” (1938), напісанае да арышту. Канфлікт звязаны з негатыўнымі з’явамі таго часу. Каб чалавека выключылі з навучальнай ўстановы, звольнілі з працы, дастаткова было недобразычліўцу напісаць паклёп. Сафрон Дзядзюля помсціць дзяўчыне за тое, што не прыняла яго каханне. Дзядзюля таксама “новы чалавек”, але з кагорты Марынковічаў. Празаік паказвае яго подласць, помслівасць, нікчэмнасць. Вобраз малюецца сатырычнымі фарбамі: “…Дзядзюля быў вялікім актывістам. Хоць работа ў яго дома і стаяла, але затое ён быў практыкам у тым, каб лезці ў цэнтр “вялікіх” спраў. Ён пакрысе лез у кааперацыю, у малочную арцель, а пасля і ў сельсавет… У гэтай справе Сафрон Дзядзюля быў сапраўдны талент, можна сказаць, глыбокі і тонкі… Вядома, з такога чалавека кпілі ў кожнай хаце, але за вочы. У вочы ж ніхто з ім не хацеў звязвацца”. Для кіраўніцтва ён быў “душой усіх спраў” і “цэнтрам усіх спраў”. Ад аднавяскоўцаў атрымаў (праз з’яднане слоў душа і цэнтр) недарэчна-іранічную мянушку “цэнтральная душа”.
Кузьма Чорны акцэнтуе ўвагу не на грамадска-сацыяльнай, а на маральнай сутнасці канфлікту. Сафрон не толькі пасылаў паклёпніцкія пісьмы ва ўстановы, дзе вучылася ці працавала Волька. “Улезшы ў сельсавет”, ён не даў магчымасці бацьку дзяўчыны атрымаць патрэбныя даведкі. Атрымліваецца, што ў тых цяжкасцях, якія зведала Волька і яе родныя, вінаваты толькі Сафрон. Але Волька ўсё пераадолела – стала, як таго хацела, урачом і прыехала працаваць у сваю вёску. Не страціла веру ў дабро і справядлівасць. Яе чалавечая вышыня асабліва выяўляецца ў сцэне, калі лечыць хворага Дзядзюлю, ужо ведаючы пра яго подласць. Хоць Сафронам падрыхтаваны новы паклёпніцкі ліст, які прынясе маладой жанчыне новыя непрыемнасці, апавяданне заканчваецца аптымістычна. Волька ў лісце да сяброўкі піша пра яснае надвор’е і познія восенскія кветкі. Аўтар праводзіў думку, што справядлівасць, праўда не могуць не перамагчы, Рэчаіснасць таго часу сведчыла, нават крычала, пра супрацьлеглае.