У апавяданні «Справа Віктара Лукашэвіча» (1929) раскрываецца сутнасць нікчэмны людзей, якія рвуцца да ўлады. Твор пабудаваны на вострым канфлікце, складаны па кампазіцыі.
Кузьма Чорны разбіў тэкст апавядання на фрагменты: тут лісты, тэлеграма, запіскі-успаміны Віктара, урыўкі са стэнаграмы следчага допыту, рэпліка ад аўтара…
Сюжэт: Марынковіч кінуў хворую жонку і сына. Ён лічыць сябе будаўніком новага жыцця, хоча быць вольным і шчаслівым. З «развітальнага» яго пісьма да жонкі: «У нашу хвалюючуюся эпоху, калі мы няўхільна змагаемся за новага чалавека, мы павінны ўжо і цяпер даваць расткі гэтага новага, ідучага ў жыццё чалавека. А ён павінен быць вольным, прыгожым, не звязаным нічым, у яго павінна быць мінімум няволі і максімум волі. Мы <…> цяпер павінны адкінуць ад сябе старыя мяшчанскія традыцыі. Жыві там сабе і не прыязджай, належачае па закону я табе буду беспракаслоўна высылаць».
У Маргарыцінай хваробе вінаваты муж, ён прымушаў жанчыну пазбаўляцца ад цяжарнасці. Брата Маргарыты, Віктара, з якім працаваў у адной установе, Марынковіч абняславіў у друку як контррэвалюцыянера. Віктар вымушаны абараняць сваю чалавечую і партыйную годнасць. Для Лукашэвіча паказаць сапраўднае аблічча Марынковіча – значыць, нейкім чынам, хоць запознена, але абараніць і сястру. Лукашэвіч перамагае, «камісія па чыстцы» паверыла яму і будзе «чысціць» Марынковіча, і таму ўжо, відаць, не выкруціцца. Марынковіч, адчуваючы сябе не на кані, прыкметна мяняецца: «цяпер ён адзяецца прасцей, скінуў гальштук і вельмі ветлівы з усімі на працы. З кожным загаворвае. Але цяжка з ім гаварыць – усё выходзіць няшчыра, холадна, штучна». Аднак твор на гэтай аптымістычнай ноце не заканчваецца. Віктар атрымлівае з вёскі тэлеграму, што Маргарыта пры смерці. Гэтым Кузьма Чорны падкрэсліваў небяспечнасць Марынковічаў.
Вобразам Марынковіча пісьменнік выкрывае дэмагогаў і прыстасаванцаў, якія любую жыццёвую з’яву выкарыстаюць ва ўласных прагматычных інтарэсах. «Для вас слова “рабочы” – гэта прылада да заробку. <…> Што для вас сама рэвалюцыя? Гэта такое ўстанаўленне на свеце, на якім вашаму брату вельмі зарабляць добра можна. Гэта сродак… зрабіцца добрым савецкім начальнікам… ушыцца ў партыю… жыць у вялікім горадзе, лавіраваць, каб не папасці куды-небудзь у глуш, кожны год ездзіць адпачываць на поўдзень (бо вы ж за год працы стоміцеся!), часта мяняць жонак (бо рэвалюцыя ж раскідала старую сям’ю і дала савецкаму грамадзяніну волю!), псаваць мову беларускай нацыі не вывучэннем яе, а канцылярскай “беларусізацыяй”… выслужвацца перад начальствам, трубіць усім у вушы сухія лозунгі, ператвараючы у іх жывое слова рэвалюцыі… От і існасць для вас рэвалюцыі». Кузьма Чорны разгледзеў нараджаючуюся савецкую бюракратыю, з’яву, якую паказаў у гэты час ж у сатырычным рамане і Андрэй Мрый. Характарыстыка трапная і на сённяшні час. Штосьці «архаічнае» адкінуць – і партрэт многіх сучасных кіраўнікоў.
Віктар Лукашэвіч суадносіць дзейнасць Марынковіча з жыццём, звяртаючыся пры гэтым да сатырычных сродкаў: «Тады ўжо ніхто ніколі не будзе перашкаджаць вам (Марынковіч імкнецца выжыць з установы), падфарбаваўшыся ў чырвоны колер, прыкрыўшыся рэвалюцыйнымі лозунгамі, сесці сваім шырокім задам на ўсякую жывую справу… Я каб быў карыкатурыстам, я намаляваў бы вас у нірване. Як-небудзь паказаў шмат усяго жывога, дзейнага, маладога, радаснага. І на ўсім гэтым паважна супачывае шырокі зад». І далей, пазіцыя Віктара: «Шырокаму заду я не дамся… І ў паход іду супраць шырокага хатняга зада. Бо рэвалюцыя не для таго, каб вызваліць раней прыгнечаны худы зад, выкарміць з яго зад шырокі і пасадзіць у “рэвалюцыйную нірвану”… Рэвалюцыя вызваліла не зад, а галаву. І наша бяда, што не ўсе ў нас навучыліся яшчэ бачыць, дзе галава, а дзе зад… Лепш быць выкінутаму на вуліцу, чым спавядацца шырокаму, падфарбаванаму начырвона заду». Вагу і ціск гэтага «шырокага зада» пісьменнік не аднойчы адчуе на сабе. Як у прыватным жыцці, так і ў творчасці. Кватэра, якую атрымаў хворы Кузьма Чорны па вяртанні на радзіму: «Бруд, цемень – вокны глядзяць у чорны трохкутнік з высозных муроў. Пісаць няма як і жыць няма як». А побач рамантуюць кватэру нейкаму Рыжыкаву. «Там светла і добра. Там Рыжыкаву можна будзе круціць патэфон і гуляць у “пульку”» (з дзённікаў).