Леанід Дайнека — Дрыгавічы

Леанід Дайнека

Аляксею Пятрухну

Дрыгавічы — лясныя людзі.
Сыны вады. Сыны зары.
Шляхоў назад мне больш не будзе —
Я тут кідаю якары.
Бяжыць рака ў трыснёг зялёны.
Бліскоча месяц уначы.
То позірк ваш, пагляд бяссонны,
Дрыгавічы.
На сцежках веку навальнічных
Я чую ваш зазыўны кліч,
Бо я дзіця лясоў, язычнік,
Бо я таксама дрыгавіч.
Назло захопніку-забойцу
Вы ўмелі родны край любіць,
I сеяць хлеб, і ладзіць борці,
I на дубовым чоўне плыць.
Калі ж было чужынцу мала
Зямлі, паветра і вады,
Сцяной нязломнай вы ўздымалі
Свае чырвоныя шчыты.
Дрыгва ваш след не праглынула.
Мы чуем вашы галасы,
Калі з гарачым свістам, гулам
Віхор суровы гне лясы.
Калі ж метал зазвоніць строга,
Палезе звер у родны кут,
Мы вас паклічам на падмогу,
I вы адкажаце: «Мы тут!»
Няхай удалеч дні імчацца —
З крыніцы вашай будзем піць.
Бярозка, як дрыгавічанка,
Над той крыніцаю стаіць.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений