Леанід Дайнека — Меч князя Вячкі

Леанід Дайнека

  Раман «Меч князя Вячкі» пераносіць нас на пачатак XIII ст., калі на Полацкае княства абрынулася крыжацкая навала. Тэўтоны імкнуліся падначаліць славянскія і прыбалтыйскія землі. Мужным абаронцам Полацкай зямлі, непрымірымым ворагам крыжакоў паўстае князь Вячка (Вячаслаў Барысавіч), вобраз якога ў рамане займае цэнтральнае месца. Ён — любімец народа і сам шчаслівы, што належыць да такога духоўна нязломнага, самаахвярнага народа.

  Пісьменнік паказвае князя Вячку як патрыёта роднай зямлі, багатую і свабодалюбівую натуру. Вячка бачыць, што варагаванне паміж князямі, іхнія амбіцыі нясуць бацькаўшчыне толькі шкоду, становяцца спрыяльнай глебай для крыжакоў у ажыццяўленні сваіх захопніцкіх намераў. Князь Уладзімір, паводле трактоўкі Леаніда Дайнекі, прамая процілегласць Вячку: ён турбуецца толькі пра «княжую ўладу», а не пра тое, як спыніць крыжацкую агрэсію. Вячка даводзіць яму аб неабходнасці прымірэння, яднання перад пагрозай каварнага, хітрага ворага, бо ўсведамляе, што галоўнае — гэта ўтрымаць незалежнасць, выратаваць свой народ ад рабства: «Трэба ахвяраваць, ахвяраваць шмат чым, каб заўтрашнія людзі на нашай зямлі мірна жылі…» У рамане вельмі шмат драматычна-трагедыйных сцэн і эпізодаў. Пісьменнік стварае яркі вобраз народнага героя — Якава Палачаніна. Менавіта ён пасля гібелі князя Вячкі выносіць ягоны меч, які сімвалізуе няскоранасць нашага народа. Епіскап Альберт, арганізатар крыжацкага паходу, узрадаваны перамогай, прыносіць вестку пра смерць князя Вячкі. Аднак храніст Генрых пасля жорсткай сечы працяты ўсведамленнем непераможнасці тых, у каго яны хочуць забраць зямлю і волю. Таму Генрых у роспачы-адчаі выкрыквае: «Ён перамог! Ён перамог!»

 

 

Адказы на пытанні:

  2. Аўтар змог наблізіць нас да тых мінулых вельмі ярка і пераканаўча. Гэтага ён дасягнуў праз разнастайныя прыёмы і сродкі: апісанне побыту тых часоў, стварэнне партрэтных вобразаў, выкарыстанне маналогаў і дыялогаў герояў з асаблівасцямі маўлення і мовы. У тэксце шмат эпітэтаў, метафар, параўнанняў і інш.
 3. Мастацкі паказ падзей ад апісання іх у навуковым плане адрозніваецца тым, што ён больш маляўнічы, зрокава-наглядны, поўны бытавых падрабязнасцей і дэталей. Усе гэтыя падрабязнасці створаны фантазіяй мастака, а мы ўспрымаем іх так, нібы яны рэальна існавалі. Напрыклад, аўтар не мог бачыць ці даведацца з якой-небудзь гістарычнай крыніцы, што "кропля ўдарыла Халадку, які стаяў на забаролах, па брыве, потым мякка спаўзла па вейку, але ён нават не міргнуў, толькі хітнуў галавою, скінуў кроплю з вейкі". У выяўленні галоўнай сутнасці падзей, што адбываліся ў далёкім мінулым, мастацкі паказ з навуковым не разыходзіцца.
 4. У творы супрацьпастаўляюцца вобразы абаронцаў Кукенойса на чале з Вячкам і іх ворагаў (рыцар Данііл, граф Пірмонт, епіскап Альберт, манашка Эльза і інш.).
 Вячка быў добрым бацькам, якога жыццё і выпадак прымусілі пакутліва шукаць выйсце, калі дачка Соф’я трапіла ў палон. Нёс Вячка адказнасць і за лёс краіны, бо быў ён "князем полацкага роду" і бачыў сваё прызначэнне ў тым, каб "зямлю, што прадзеды перадалі ў спадчыну", ад ворагаў бараніць. Князь – сумленны чалавек, які верыць у Бога. Сам пазбаўлены вераломства, ён не чакае яго і ад іншых. Ашуканствам апынуўся Вячка ў палоне, але і тады герой не разгубіўся. Ён выкарыстоўвае "навуку" крыжакоў, каб пазбавіцца палону і адпомсціць ворагам. Талёнавіты палкаводзец, Вячка дакладна ўсё разлічыў, вярнуўся ў крэпасць і знішчыў прыблудаў-тэўтонаў.
 Адпавядае Вячку і яго дружына. Смелыя воі, сапраўдныя багатыры змагаюцца побач з князем: Халадок, Мірошка, Якаў Палачанін, Грышка.
 Самыя адказныя заданні даручае князь свайму старшаму дружынніку Халадку. Чулае сэрца выдзяляе гэтага героя сярод іншых. Смелы, адданы князю, ён шчыра любіць сваю зямлю і ненавідзіць ворагаў.
 Супрацьпастаўляюцца абаронцам крэпасці ворагі-захопнікі.
 Жахлівым паўстае перад намі епіскап Альберт. За знешнім праяўленнем ветлівасці і клопату (ён загадаў раскаваць Вячку і на Вялікдзень шчодра частаваў князя) хаваецца страшны і жорсткі чалавек.
 Такі ж і Пірмонт. Каб захапіць Вячку ў палон, кідаецца на яго ззаду, ускідае князю на галаву торбу і валіць на зямлю.
 Адпавядае гэтым героям і Генрых, які "… больш года выкарчоўваў з дзіцячай няспелай душы валуны язычніцтва, святым словам здзіраў, выпальваў з яе каросту крывіцкай мовы". Гэта па яго загаду захапілі Соф’ю ў палон і прыкрываліся ёю, як шчытом, пад сценамі крэпасці, выкарыстоўвалі дзіця, як прыманку для князя.
 Падглядваюць (Генрых у палоне ўвесь час сочыць крадком за Вячкам), запалохваюць, дзейнічаюць хітрасцю і падманам, нават б’юць дзіця, як гэта робіць манашка Эльза, – далёка не ўсе метады, якімі дзейнічаюць тэўтоны.
 5. Несумненна, пра прадстаўнікоў двух лагераў у навуковым творы абазначана суха, лаканічна, адназначна. Больш яркімі і пранізлівымі перад намі паўстаюць вобразы герояў у рамане "Меч князя Вячкі", дзе аўтар з дапамогай вобразных сродкаў мовы стварае незабыўныя вобразы.
 6. Пейзажныя замалёўкі, успаміны, сны князя дапамагаюць нам глыбей уявіць яго вобраз, яго ўнутраны свет, думкі, пачуцці, адчуванні, клопаты, цвёрдасць натуры, самаадданасць і самаахвярнасць, мудрасць.
 7. Вобразу Соф’і, дачкі князя Вячкі, у творы адводзіцца значнае месца. Леанід Дайнека на прыкладзе гэтага вобраза паказаў, як уздзейнічалі тэўтоны на палачан, як прымушалі іх адракацца веры бацькоў і ўступаць у лона "апостальскай рымскай царквы".
 Узаемаадносіны з дачкою дапамагаюць глыбей раскрыць і характар Вячкі.
 Захапіўшы Соф’ю ў палон, тэўтоны выкарыстоўваюць дзяўчынку як прыманку для князя. Ён вымушаны рабіць выбар паміж бацькоўскім абавязкам бараніць сваё дзіця і адказнасцю перад краінай.
 Аўтар раскрывае стан Вячкі, якога з-за гэтага выбару разрываюць душэўныя пакуты. Мы бачым добрага бацьку, які ўсім сэрцам любіць Соф’ю і ў думках развітваецца з ёю назаўсёды: "Даруй мне, дочачка, даруй, ластавачка мая, – думаў князь. – Даруй свайму бацьку, што не можа вызваліць цябе са злыдневай апекі. Ножкі і ручкі твае цалую. Даруй".
 8. Для паказу з’яў даўняга часу аўтар ужывае архаізмы:
валка – бойка, бітва;
чалядніца – жанчына з чэлядзі, прыслуга князя;
ленныя сцягі – сімвалы васальнай залежнасці;
сядміца – тыдзень, сем дзён;
кнехт – тэўтонскі наёмны воін;
сонцаварот – мера часу, роўная аднаму году;
корд – доўгі нож;
карзно – накідка;
біла – прыстасаванне, каб падаць сігнал трывогі;
дзецкі – малодшы дружыннік;
паходня – факел;
рубон – баявы кліч быць гатовым да бітвы, атакі;
знузнікі – коннікі;
забаролы – умацаванні вакол крэпасці.

Сказать спасибо
( 9 оценок, среднее 4.44 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений