Хмурыя, цёмныя гудзяць і шэпчуць елі.
Бор чырванее на яснай зары.
Грудзь вольна дыша, кроў калышацца ў целе, –
Ціха цалую мяккі мох на кары.
Сэрца гарачае да ствала прыжымаю,
Ясныя слёзы на смалу ціха лью,
Ў неба сінеючыя вочы падымаю, –
Дзіўнае нешта грудзь калыша маю.
Даўней цураўся я вас, сосны, елкі,
У месцы пыльным і душным праклятым жыццё прайшло,
А цяпер бачу я зялёныя іголкі,
Чую, як глуха стучыць дзяцел у дупло.
А цяпер бачу – неба борзда дагарае,
Сам у гэтым свеце ледзьве-ледзьве гарыш;
Ноч ідзе: месяц тонкі, белы выплывае
Там, дзе падняла ель зялёны свой крыж.
1908-1909